— А трое... Большаму пятнаццаць споўнілася, — паказала на мяне: — Такі, як ён. I ростам, і складам.
— Не, мой на тры гады маладзейшы, — гэта ўжо бацька азваўся, і мне тады гэтае яго нясціплае ўдакладненне не спадабалася; затое цяпер я дакладна ведаю, які то быў час: 1949 год.
— А ў мяне — дочкі, дзве. — Жалудкоў, быццам прымагнічаны, трымаўся жанчыны, стаяў блізка пры ёй. — Скажы, хочаш дочку?
— Або-о... Які ж ты, кучаравенькі, ветрагон!.. — смяялася, прадавала зубы жанчына.
— Не так мяне зразумела — я прапаную абмен.
Ды Сахвея гэтыя яго словы як не пачула — крутка мітнулася да запаветнага акенца, дзе зноў чыніўся вэрхал і стаяла неўразумслая тузатня. Аказалася, скончыўся запас хлеба і прадаўшчыца знервавана адбрэхвалася:
— Будзе шчэ хлеб, будзе!.. Не лезьце!.. Кажу ж, прывязуць. Ранішняй выпечкі... Ой, людзі — няма хлеба... Няма, кажу!
Першы гаспадар гэтай прыдарожнай, на пачатку стагоддзя ўзведзенай камяніцы гандляваў пушнінай. Апрача іншага футра, ён употай скупляў (золатам плаціў) у тутэйшых паляўнічых бабровыя шкуркі, вёз у замежжа і там выгадна іх збываў. З чырвонай цэглы, дабротная крамка камерсанта-гандляра нагадвала акурат маленькую крэпасць. Здзіўлялі не толькі дзверы, тоўстыя, металічныя, але і тое, што акенца было ўсяго адно-адзінае, прадаўгавата-нізкае, без рамы й шкла, праз якое і вёўся гандаль. Не ведаю, як раней, а цяпер акенца зачынялася проста і лёгка: варта адшчыкнуць верхні кручок — і, абабітая бляхай, тоўстая закрыўка з прымацаванай звонку фанеркай з двума словамі «ХЛЕБА НЯМА» гулка падала ўніз, скалынаючы вузкі прылавак. Іменна так усё і было зроблена гэты раз. Крамка ў адзін момант закупорылася. Цяпер, калі б хто і пажадаў учыніць прадаўшчыцы якое кепства, удалося б яму такое хіба толькі пры дапамозе гарматы. Дык вось... Жалудкоў, мабыць, знарок марудзіў, не ішоў дахаты, каб на свае вочы ўбачыць, ці дастанецца Сахвеі хлеба. Не дасталася. I ён аддаў свае дзве буханкі. Сахвея доўга адмаўлялася, нарэшце ўзяла і гэтак жа доўга дзякавала. Са свайго боку бацька хацеў падзяліцца з Жалудковым:
— Вазьмі-тка хоць буханку — усё ж не з пустымі рукамі двору прыйдзеш.
— Не гавары, Герасім, абы-што — у цябе многа сдакоў... Не разбазарвай набытае. Мне тут прасцей — вечарам падыду, Галя ў бядзе не пакіне.
Ловы пачаліся
Малінін аж павесялеў — пачынаў верыць у поспех. I таму спяшаўся абсталяваць базу. З Масквы якраз прыбыў вагон з драўлянымі рэйкамі, фанерай і бляхай для стацыянарных клетак; было таксама ў вагоне тым і некалькі мяхоў белых сухарыкаў, вотруб'я (сухары — для баброў-сяголеткаў, а вотруб'е меркавалася даваць упрымешку з вярбовым лісцем дарослым бабрам). былі ў вагоне таксама гумовыя боты для паляўнічых, плашчы, ліхтары, брызент, іншая драбяза.
Як рабіць клеткі для стацыянарнага ўтрымання баброў, Малінін ведаў — бачыў усё гэта на Варонежскай звераферме. I дзядзька Мікіта за якія тры дні назбіваў клетак на цэлую партыю баброў (колькасць першай адпраўкі была невялікая — 36 звяркоў; гэта значыць, якраз на пульман, дзе ўмяшчалася васемнаццаць клетак). Малінін нават і начальства на крычаўскай чыгуначнай станцыі папярэдзіў, каб пасля не мурыжылі, адразу ж, па яго званку, выдзелілі чысты пульман. Усё было падрыхтавана належным чынам. А яшчэ — Малінін аванс выдаў. Не вельмі спадзеючыся на паляўнічае шчасце, мы бралі дармовыя грошы з асцярогай. Маці нават устрымалася траціць іх, каб пасля, калі раптам спасцігне няўдача, можна было вярнуць.
Бабровыя ловы пачаліся ў прызначаны час. Восем чалавек, са мною, складалі чатыры бабралавецкія брыгады: па два паляўнічыя ў кожнай.
Дзядзьку Мікіту, Дзяміду і Міхалькову з Маргуном — ім было значна прасцей, чым нам. У іх паблізу — Сож, прымкнутыя на ланцугах свае ўласныя лодкі. Нам жа, каб трапіць на бабровае возера, трэба пешкаваць у лугі, а гэта няблізка.
Прыхапіўшы сваю адзіную пакуль лавушку, выправіліся на Глупку — там, на балацявіне, была бабровая хатка. Дарогай цешылі сябе надзеяй зачураць бабра адразу ж, як прыйдзем, — з ходу, так сказаць, каб і аголтацца (бацькава слоўца) не паспеў. Але скора зразумелі, што не так проста гэта зрабіць без сабакі, і першы дзень прапаў марна, вярнуліся дахаты ні з чым.
Назаўтра з намі ўжо быў і сабака. Зноў пачалі спадзявацца на ўдачу: думалася, Пірат не падкачае, нос у яго чуйны — бабру не дасць уцячы. Не, гэтага не атрымалася: Пірат, як толькі ўбачыў бабровую хатку і тое, што бацька закінуў лавушку на ход, уявіў нешта выключна сваё, сабачае, пудліва падтуліў хвост і на ўсякі выпадак адбегся — не разумеў ён нашых намераў. Бацька як ні ўблагаў яго, як ні клікаў — і блізка не падступаўся. Таму самі ўзяліся гнаць бабра. Гэты раз у нас ужо меўся такі-сякі вопыт, дапаможны рыштунак — таксама: лапатка, тапорык і алюмініевая лыжная палка, якой лёгка прапаролі верх хаткі, зрабіўшы пралаз для сабакі. Бабровае лежыва было шырока-акруглае, з сухімі лазовымі стружкамі на сподзе. Не перастаючы тупацець па хатцы, бацька клікаў-падбадзёрваў сабаку:
— Тут!.. Пірат, давай сюды, ну?!. Шукай!.. Тут, тут!
Пірат наўздзіў борзда падбег і нават загаўкаў. Потым і да лёха наблізіўся, панюхаў і насцярожана, як баючыся, адступіўся і матануў наўходы. Адбегся ладнага, знерухомеў і стаў пазіраць у бок лесу, куды вяла пакручастая лугавая сцежка, якой мы й прыйшлі сюды.
Бацька тым часам знайшоў яшчэ адно лежава і зноў стаў клікаць Пірата. Гэты раз ён ужо найбольш мацюкаў яго, называў няўдаліцай і пустабрэхам, барахлом. I Пірат не вытрымаў абразы — галопам памчаў дахаты. Пакінуў нас, здрадзіў.
— Эйш, падмазаў пяты, — не мог супакоіцца бацька.
— Цішэй вы!.. — Я ўчуў спасцярожліва-лёгкі плёскат якраз у карчавежжы паваленай вольхі. — Бабёр выйшаў з хаткі!
— Не бубні — спужаеш! — шапянуў бацька.
I раптам ля пасткі калыхнулася вада, захадзіла туд-сюд, потым і зусім бруйна, успеніста завіравала ўскаламучаная багна.
— Злавіўся!.. — голасна ўсклікнуў я і кінуўся даставаць бабра.
Аднак радасць мая аказалася дачаснай — лавушка лёгка скранулася з месца, была пустая.
— Уцёк, радзімец!.. — расчаравана выгукнуў бацька. — Эх, паспяшаўся ты. — I страпянуўся нечага, ажыў: — Глядзі — вуна бурдулі па канаве бягуць! — Падхапіў лавушку. — Бяжым напярэймы, перакрыем ход!
Канаву перакрылі, аднак бабёр і блізка не падышоў да нас. I на вадзе ўжо не было відаць пацеркава-пакручастай дарожкі.
— Лаўкач, зашыўся ў карчэўе! — Бацька надзіва рухавы, лёгка скача-гэпае па купінах.
Праверылі канаву за хаткай і ўпэўніліся, што там бабру няма дзе схавацца — берагі без кустоўя і старых пнёў, рэчышча не надта каб і глыбокае, вузкае. I ўсё ж знайшоў сабе прытулак наш уцякач, удала недзе асеў. Што ж, будзем шукаць.