I тут маці нечага стала наўпроць бацькі, схіліла голаў на левы бок, ледзь прыжмурылася і напаўжартам кажа:
— Думаеш, не знаю, хто надавумеў да Клімента Варашылава звярнуцца?
— I хто ж, па-твойму?
— А той, каму выдру на каўнер аддаў. Стругавец!
— Ну во, лішні раз пераконваюся, што жонку маю не дурнейшую за сябе.
Бацькі мае асабліва не ўтойвалі сваіх думак, хто б ні прысутнічаў падчас іхняй размовы: гаварылі роўна так, як і думалі, наўпрост, не баяліся, што іх шчырасць, а часам і яўна адкрытая грубасць зашкодзяць каму з нас, дзяцей. А што маці — дык яна ніколі не падлабуньвалася, не выдыгалася перад намі, абы толькі выклікаць да сябе прыхільнасць. Вяскова мараль — шматаспектная, хоць на першы погляд часам нагадвае больш дзікунства, чым нейкую сістэму паводзін, традыцыю.
Жыхароў вёскі было б няправільным лічыць нейкай аднароднай масай. Вяскоўцы больш звязаныя з прыродай, чым гарадчані. Тут, каго ні вазьмі, і бачыш: чалавек — глыба, духоўны калос, хоць і выдае макавым зярняткам. Нават калі ён хворы, нядужны — не лішні ў вёсцы. Не прыпылены, не скрыўджаны. З яго не смяюцца, ім не пагарджаюць. На яго глядзяць і разумеюць, што з кожным можа здарыцца ўсякае — лёс чалавека не перакуеш, які выпаў, такі й шануй.
Бадай няма такой вёскі, у якой не было б свайго недалэгі-пакутніка: калі не сляпога, дык нямко, а то і зусім прычумка — з парушанай псіхікай чалавека. У нас тут адзін час такім пакутнікам быў Пёклы Лустаўкі сын, Лёнік, хворы на галаву. I што? Ён мог дакладна сказаць, якая жанчына каго народзіць: хлапца ці дзяўчынку. Ні разу не памыліўся. Яго любілі, запрашалі на вяселлі й хрэсьбіны. Карацей, чалавек не лішні быў на відавоку. Загінуў ён недарэчна — заснуў на вуліцы ў каткавіне, уначы леспрамгасаўская машына пераехала нябогу. I што — недзе праз паўгода прыслалі да нас Ганю Гронаву, аку-шэрку. Ціхая, з выгляду — красуня. Гроніхай празвалі пазней, калі выявілася, што яна хворая на падучку. Аказалася, маці яе ссільнічаў нейкі бандзюк — непрыкметна падплыў (мыла на падоле бялізну), сцягнуў з памоста і злёгку прытапіў, каб не крычала. Пасля дачасных родаў — дзіця сямімесячным з'яві-лася на свет — маці й стала чаўрэць, кволілася на галаву, і памерла, калі дачцэ, змалку нібыта здаровай, ішоў дзясяты год. Ганька вывучылася, набыла спецыяльнасць, і вось — жыве, пакутуючы ад хранічнай хваробы, ды яшчэ і працуе нараўне са здаровымі. I выходзіць, што багатая на ўсякага роду кава-люкоў медыцына ў адносінах да сваіх пацыентаў асабліва часта трапляе ў крызісныя сітуацыі.
Ільготы? Не, слова гэтае ў нас не толькі ў бальніцах, але і ў шматлікіх іншых дзяржаўных установах лічыцца, бадай ці не крамольным. I бацька мой, прызнацца, ад інвалідства ніякіх выгод не чакаў і не чакае. Ніколі не браў ён у разлік і пенсійныя грошы, не глядзеў на іх, як на нешта заўсёднае і абавязковае. Хоць вярнуўся з вайны інвалідам, але, падобна, яшчэ не адваяваў сваё, не адзмагаўся: кожны новы дзень упарта патрабуе і нерваў, цярпення і клопату і штодзённага поту. Бацька не адчайваецца, на часовыя няўдачы глядзіць як на жыццёвую звычайнасць. Здаецца, нават калі б ён і зусім без рук быў, без ног, дык і тады знайшоў бы сабе занятак, і такі, з якога мог бы й сам жыць, і сям'ю сваю, калі не карміць, дык хоць збольшага памагаць ёй, падкармліваць.
Часцяком ён, помніцца, выпраўляўся з торбаю ў Слаўгарад па хлеб. Як заўсёды, браў з сабой Жэніка, і яны вярталіся двору хоць і без гузікаў у світках, затое не з пустымі рукамі. Было, што і я хадзіў з бацькам. Аднойчы пабудзіў ён мяне сярод ночы недзе, а досвіта мы ўжо былі ля крамы ў чарзе. Не ў пачатку, але і не ў канцы — на залатой сярэдзінцы. У восем гадзін сталі адпускаць хлеб. Божа, што рабілася: здушаныя, прыплешчаныя натоўпам да цаглянай сцяны, мы ледзьве трымаліся на нагах, знемажэла ўдыхаючы рэдкія павевы выратавальнага ветру. I, канешне, чулі, што і як гаварылі ў чарзе пра тых, хто працягваў да акенца свае пенсійныя кніжкі. Гэта былі менавіта інваліды. I пераважна — мясцовыя, гарадчане. На ваяўніча-настырную чаргу, як і на тыя праклёны ды мацюкі, што ляцелі ў іх адрас, яны не звярталі ўвагі; прадаўшчыца кожнага ведала ў твар і хлеб выдавала без затрымкі, праз галовы. Вось да акенца падступіўся бацькаў знаёмы — былы матрос Жалудкоў, інвалід другой групы. Меў ён і рукі, і ногі. Паглядзець на чалавека — мацак з прыгожай шавялюрай, зух. Не было, праўда, у гэтага «мацака» крыла лёгкага і, здаецца, ныркі. Узмахам рукі Жалудкоў прывітаўся з бацькам і гучна, каб усе чулі, прадудзеў густым барытонам:
— Чаго ты, ёлуп, сціпнічаеш?.. Мы ваявалі, кроў пралівалі не за тое, каб вось так у чэргах душылі нас! — I — да прадаўшчыцы: — Галя, ты гэтага во аднарукага дзядзьку з параненым носам запомні, — паказаў на бацьку (мы ўжо былі паблізу акенца). — Ён з Ходарава. Хлеб адпускай яму заўсёды без чаргі. — I шапнуў бацьку на вуха: — Мая добрая знаёмая.
Неасцярожны шэпт нашага дабрадзея проста ўскалыхнуў чаргу. Раз'юшаныя, як каршуннё, жанчыны наляцелі на Жалудкова з усіх бакоў і ўмомант адцёрлі ад акенца. Ахоўніцы парадку ўзвіхрыліся так, што і бацьку траха не выхліснулі з чаргі. Сярод іх была і жонка былога паліцая — нашага аднавяскоўца, Мітрэя.
Жалудкоў вырваўся ад жанчын, загаліўся раптам, выставіўшы голы бок, крыкнуў:
— Глядзіце!.. Ну, бачыце, га?!. Глядзіце! — Усё правае падпашша яго было як скінжалена ўсё роўна, спрэс пасечана — аж не верылася, што ён, гэты чалавек, застаўся пасля такога ранення жывы. Збоч пісягоў, акурат там, дзе павінны быць рэбры, — глыбілася ўпадзіна, уся чырвоная, быццам нядаўна апечаная.
Уражаныя, жанчыны насцярожана прымоўклі. I тут адна з іх, з ціхім плачам, пахватна і лёгка падбегла да Жалудкова, апусціла яму кашулю. Сказала:
— Дарма ўскіпеў, чалавеча, астынь. — I стала запраўляць яму кашулю. — Хопіць, кучаравенькі, хопіць — суйміся, — голас яе роўны, суцешлівы. — Мы — бабы бязмужнія, з таго і злыя. Ціперся прыйшлі, а хлеба шчэ не ўзялі, дый невядома ці дачакаемся. А ты, хохам, бліснуў цыганістымі вочкамі — і хлябок, як на сподачку, паплыў у працягнутыя рукі. Нас і ўзарвала, рашылі праверыць, што за кукарэка падпырхнуў да акенца.
— Сахвея, бясстыдніца!.. — пачуўся з чаргі жаночы покрык. — Ці й та ты з глузду з'ехала? Па локці ў порткі залезла ды шчэ і недавольная... Не спяшайся ўжо так, з шоку выйдзе — наструніцца!
У натоўпе выбухнуў рогат. Надзіва дружны, зладжаны. Заліўся гамерычным смехам і сам Жалудкоў. Яго ажно ў крук згінала і трэсла, бы ад ліхаманкі. Бацьку не было часу на смех — расплочваўся з прадаўшчыцай за хлеб. Дый пагаварыць давялося тым часам. Дакладней, гаварыла яна:
— У вас, дзядзька, як і ў Жалудкова, другая група?
— Другая, — кіўнуў бацька.
— Мне дазволена інвалідам першай і другой групы адпускаць хлеб без чаргі. Дзве буханкі: адну — чорнага, другую — белага. У наступны раз вы не ў чаргу, а сюды во, збоку, станавіцеся, і я вас убачу.
— Дзякуй табе, маладзічка. Не ведаў гэтага. — Падобна, бацька яшчэ не ўсвядоміў належным чынам пачутую інфармацыю і заставаўся, як заўсёды, спакойна-стрыманы, немітуслівы — не ўзрадаваўся, ані.
Толькі мы адступіліся ад крамкі, як прадаўшчыца блізка не да плеч высунулася з акенца і гукнула Жалудкова:
— Артыст, ідзі забірай свой хлеб!
Пасля Жалудкоў з бацькам адышліся ўбок, закурылі. А я пабег у прадмаг па цукеркі-падушачкі — даручэнне гэтае атрымаў ад маці. Вяртаючыся, яшчэ здалёк убачыў ужо знаёмую мне Сахвею ў кампаніі Жалудкова і бацькі. Падышоў да іх — і пачуў наступнае:
— I адкуль жа ты такая спагадная? — Жалудкоў глядзеў жанчыне ў вочы, пасміхаўся.
— З-пад кур...
— То ж гэта саўсім блізка. — Жалудкоў рахмана прыабняў Сахвею за стан. — От напрашуся ў фінагенты, пашыю з халявы начальніцкую папку — і гайда па раёне падаткі збіраць... Пусціш на начлег?
— Сыны дазволяць — пушчу.
— Сыны?.. Колькі ж іх у цябе?