— I якая ж у вас патрэба да майго старога?
Малінін, падаючы маці руку, нечага раптам, бы заяц, пацешна і часта заторгаў носам і губамі, гучна спытаў:
— На ўсё лета гаспадара свайго ўступіш нам? — I — да бацькі: — Герасім Андрэевіч, тваёй жоначцы й сямнаццаці не дасі — цыганачка-царэўна! Вось няхай і едзе з табой — бабры самі будуць сулодку скакаць.
Насцярожана-ветлівая, маці як і не пачула Малініна, памяркоўна звярнулася да мяне:
— Сынок, ідзі з хаты ўслончык прынясі, няхай госцікі ў цянёчку пагамоняць. А я... Ой, мяне заругаюць бабы — на работу трэба, пазнюся. — Занепакоена: — Ты ж, Граська, і напраўду не з'едзь... Дык я пабегла.
— Не бойся, Мікалаеўна, бяжы, — Малінін заспакоіў маці. — Сёння не забярэм... Мы ў розгляды прыехалі, знаёміцца.
Я прынёс услончык і чакаў, пакуль Малінін сядзе. Тады ён абавязкова, падумалася, зніме свой капялюш, а я тым часам паназіраю: можа, і чуб яго, і вушы гэтаксама торгаюцца? Здавалася, ён знарок такое вытварае, абы пасмяшыць. «Ну і лаўкач — артыст!»
Трэба ж, Малінін і на ўслонец сеў і капялюш зняў Але ж і капялюш — увесь пасечаны шротам, асабліва макушка: відаць, трапны быў стрэл, шрот кучна лёг.
Колькі ні цікаваў, а чуб ягоны ні разу не варухнуўся, і вушы не торгаліся. I я падумаў: а ці не ад кантузіі гэта ўсё? Помню, бацька расказваў што іменна ад кантузіі бывае такое — цік.
— Спадзяюся, Герасім, памяркуемся. — Малінін прытушыў папяросу. — Мне трэба твая дапамога.
— Ты толькі падумай, Андрэевіч: ажно з Масквы па нашых баброў прыкацілі!.. — сказаў, бы дарогу перабег, Міхалькоў.
— Масква тут ні пры чым. Ёй і без нас клопату стае. — Малінін засяроджана-ўважны. — Бабрамі Сібір трэба засяляць... Мясціны там цудоўныя, раскошныя.
— Мудра прыдумана, — хітнуў галавой бацька. — То ўсё людзей нашых туды ссылалі, каб раскошна жылі. Цяпер за баброў узяліся... А зімна ім не будзе ў Сібіры?
— Гэты звер холаду не баіцца, — паясніў стрымана Малінін. — Жылі бабры здавён у сібірскіх рэках, ды іх выбілі... Завязём беларускіх — няхай множацца на прыволлі.
— Ён жа, чорт гэты, бабёр, дужа хітрушчы: баюся, жывым яго не ўзяць, — засумняваўся бацька.
— Герасім праўду кажа. — Міхалькоў пазіраў то на Малініна, то на бацьку. — Скрытны звер, нюх у яго востры, слых адменны.
— I тым не менш, хлопцы, у Амерыцы баброў ловяць памногу і жывымі-здаровымі. А вы што — слабакі?
— I мы зможам, чаго ж, — ахвотна пагадзіўся бацька. — Стае баброў і ў Проні, і ў Сажы, і ў азёрах... Прызнацца, я дык і не звяртаў на іх увагі: жывуць — і добра. Спакойны звер. I не шкоднік — не замінае чалавеку.
— Вот і пачнём, Андрээвіч, лавіць гэтага звера жывым, — Малінін бліжэй падсунуўся да бацькі. — I ведай: злоўлены бабёр павінен быць у поўным здравіі, без сабачых пакусаў, падзёртасцей і вывіхаў. Да таго ж, мне трэба эфектыўныя ловы: за месяц каб сотня была, а то і больш.
— За месяц — сотня? — Бацька пачухаў патыліцу, памуляў губамі, хмыкнуў: — Толькі ў Маскве і маглі такое прыдумаць. Бабры па заказу не плодзяцца.
— А ў наступным годзе іх утрая больш спатрэбіцца!.. Так Што прашу сур'ёзна паставіцца да маёй прапановы. Гэта не часовая прыдумка — план адлову і рэакліматызацыі баброў у Савеце Міністраў разглядалі. Трэба, значыць, бабры.
— Жывыя? — нечага зноў перапытаў бацька.
— А за мёртвага, дарагі ты мой, трыста рублёў штрапяка схопіш! — ваяўніча закругліў Малінін.
— I што, рублёў дзесяць за аднаго спайманага будзе? — Бацька глядзіць на Малініна з недаверам, насцярожана.
Міхалькова ўзарваў смех:
— Дзесяць?.. А паўсотню не хацеў?!. — I ажно падскочыў на ўслонцы. — За чырвонец хто б стаў у вадзе боўтацца? Хіба ты, можа, з цікаўнасці.
— За дарослага буду па пяцьдзесят цалковых даваць, за сяголетка — напалавіну меней. Грошы на рукі атрымаеце адразу ж, як злоўлены бабёр адужае карацін. — Зноў нос і губы Малініна пачынаюць торгацца. Ён глядзіць у вочы бацьку і, заікаючыся, дадае: — С-сотню з-зловіш — пяць тысяч у к-кішэню па-ак-кладзеш! Ну як, Анд-дрэевіч, асіліш такі з-занятак?
— Яно, як вы кажаце, грошы добрыя. Але ж гэтага радзімца, балацяніка, нялёгка будзе аб'ягорыць, — задумліва разважае бацька. — Яго забітым і то цяжка ўзяць — наплыву стральнеш, схаваецца ў нару і там сканае... Хаця — можна і жыўцом, калі на хады лаўкоў драцяных панастаўляць і сачыць, га?.. Як зойдзе — хоп яго з вады, на бераг!
— Які шчэ лавок?!. — засяроджваецца ў роздуме Міхалькоў. — Распоркі ў мех уторкнуў — на ход, і пайшоў гнаць. — Узрушліва дадаў: — Трэба ён, лавок-хварабок!
— Не, Сямён, мяшком бабра не зловіш. А хоць і ўдасца каторага зачураць — ён жа ў мяшку тваім затхнецца. Дый уцячы з ходу — што яму мяшок прадраць?