— Эге... Значыць, лавок трэба? — Малінін працягла глядзіць на бацьку. — Правільна! Вот і прыдумай, Андрэевіч, такі лавок... Драцяны!
— А што? — заахвоціўся бацька. — Рызыкну, займуся лаўком. А не выгарыць — як сустрэліся, так і разыдземся. — Нешта ж вельмі пажвавеў мой бацька — як ёсць паверыў Малініну. Сам сабе паверыў!
— То ж мы й да Мікіты заедзем — там, Аляксандравіч, бабра праз гадзіну прынясуць... Толькі загадай, — запэўніў Міхалькоў. — Мікіта самаруч гармошку змайстраваў, а лавок і падаўна склепіць. Любога калібру.
— Але ж, калі не ў нас тут, пры доме, баброў лавіць, то, відаць, трэба, каб мяне адпусцілі на які час... Самавольна я не магу пакінуць старажоўства. — Бацька, выходзіць, глыбока глядзіць, у корань, не думае зрывацца з калгаса.
— Прыдумай толькі лавок — адпусцяць!.. Аб гэтым я паклапачуся. — Малінін паклікаў мяне і папрасіў, каб прынёс вады.
Бацька пачуў яго просьбу, прапанаваў:
— Дык пастой, Аляксандравіч, бярозавік ёсць — халодненькі, самы раз.
— То давай... Люблю бярозавік, — пагадзіўся Малінін. Якраз ля пограба сустрэўся мне Пецька. Ён ужо глядзець не мог на ягады — сахвоціўся, і шукаў ход з гарода на падворак. Я прапанаваў і яму бярозавіку. Ён пажадаў зазірнуць у пограб. I як жа быў здзіўлены, калі ўбачыў у дубовай кадушцы не накрыўку, а густую бараду зеляніны. Раней мы, як і ўсе нашы ходараўцы, не ведалі, што такая накрыўка куды выгоднейшая, чым, скажам, дубовая. Нядаўна толькі бацька пачуў недзе, што ў бочку з бярозавікам лепш за ўсё сеяць авёс. Ён трымаецца на паверхні, прарастае, кусціцца і закупорвае жарало. Сакрэт усёй гэтай кемнасці, уласна, у тым, што бярозавік доўгі час не псуецца і захоўвае ўсю сваю лекавую гойнасць. Так думаюць людзі, вераць у гэта. Значыць, нейкая доля праўды ёсць. Нават калі й не папярэджвае хваробу, — а ў нас тут лічаць, што бярозавік вылечвае рак, — дык напой гэты ў спякотны дзень, бы рукой, знімае смагу, гаюча ўздзейнічае на страўнік, павышае апетыт. Гэтага ўсяго, думаецца, дастаткова, каб піць бярозавік.
Я запусціў пальцы ў край зеляніны й прыўзняў падатна-ўвільжаны дзёран. Пецька трымаў аберуч алюмініевы бітончык, пакуль я чэрпаў бярозавік з бочкі. Конаўка вялікая, з латуні, зробленая з гарматнай гільзы. Апошнім заходам поўную як вока конаўку працягнуў Пецьку, і ён тут жа, пры бочцы, асушыў яе.
— О цё-цё-цё!.. — зацёкаў ухвальна. — Не пітво — панацэя! Ім жа толькі й вяртаць бадзёрасць: хлабыснуў — і смела садзіся за баранку, круці-газуй.
Вярнуліся на падворак. Я паставіў бітончык на край услонца. Малінін, не спяшаючыся, спакваля смакуе добраўквашаны бярозавы сок, хваліць і — у што цяжка паверыць — кажа, нібыта ніколі яшчэ такога незвычайнага напітку і не каштаваў.
Пецька стаяў пасярэдзіне падворка. Ад няма чаго рабіць аглядаў усе закуткі, вывучаў наш побыт. Нарэшце падступіўся да будкі — пачаў даймаць сабаку. Той спачатку паводзіў сябе даволі насцярожана — касавурыўся і нязлосна пагыркваў, затым супакоіўся і адно лена павільваў бухматым, як памяло, хвастом на ўсе дзівацтвы незнаёмца.
— Лапу дай!.. Ну, лахмач, дай мне сваю лапу. Смялей, — не адступаў Пецька. — Герасім Андрэевіч, як сабаку зваць?
— Піратам, — адказаў бацька. — Не дазаляй — укусіць.
— Пірат, кажуць, ты кусаешся? — Пецька паднёс далонь да самае пысы — не баіцца, смелы надта. — Дай мне лапу, ну?!.
Пірат хітруе — чужы забаўляецца з ім, госць. Укусіць навязлівага незнаёмца не рашаўся, цярпеў. Нарэшце і зусім схаваўся ў будку. Пецька наступіў ботам на ланцуг, падняў і асцярожна пацягнуў на сябе. Сабака не ўпіраўся — выйшаў з будкі й даў-такі лапу, скарыўся, чым вельмі здзівіў мяне: які прыстасаванец, чужога слухаецца! Пецька задаволены — націснуў пальцам на зашчапку, спусціў сабаку з прывязі. Адчуўшы волю, Пірат тут жа адскочыў ад Пецькі ўбок і праз падваротню выхапіўся на вуліцу.
— Не прыйдзе да вечара, — заўважыў бацыса.
— Дык ён у вас разумнік! — Пецька думае, што Пірат не прыйдзе, бо дужа назаліў яму, патурбаваў. — Хітрун!
— Пакуль не аблахае ўсе сметнішчы — двору не заявіцца, — мусіў патлумачыць бацька. — Я спецыяльна паставіў на прывязь, каб не забіў хто. Былі ў мяне сабакі не брэдня гэтаму. Ды неяк племя тое на ўбыт пайшло. Ваўкі разарвалі Жучку — добрая была сучэнцыя. Букета суседка мухаморамі атруціла — прыпарку сабе варыла ад расцяжэння жыл. Варыва гэта, атруту, не закапала, а падпёрла акурат нам пад самае прасла. Сумысля так зрабіла — вядзьмарскія замашкі ў чалавека! Букет, як пакаштаваў «смятанкі» Гапулінай, так і злёг. Што ні рабілі — не адхаялі. А Бекаса — воўк схапіў. Патрона, апошняга з пароды Жучкі, застрэліў Вугальнікаў, заатэхнік. Патрон быў — ай, дужа добры! — сабака панятлівы! Быкоў любіў са мной пасвіць, калгасных. Калі адлучыцца каторы, ён і панёсся заварочваць. Дагоніць — і цап яго за хвост! А сам тут жа — брык, ляжыць. Бык нагой — тах! Міма... Калі б цяпер ён быў у мяне, то мы й гора не зналі б — усе бабры нашы былі б! А Пірат — няўдаліца. Во, калі нясуць чарапок з ядою — ён ах як віляе хвастом, ажно зад закідвае, стараецца. Паўпрыца гэты ад лені ледзь ходзіць ужо, быдта хворы.
Пецька падаўся на вуліцу, каб паглядзець, куды пабег Пірат.
— Стой!.. Стой! — голасна залямантаваў ён адразу, як толькі выйшаў за вароты, і мы падумалі, што на Пірата крычыць.
— Ну, знайшоў сабе занятак... Абы нешта рабіць — не любіць сядзець склаўшы рукі, — пасміхнуўся Малінін.
— Не ўцячэш, даганю!.. Стой!.. — чулася з вуліцы.
— Э не-е, гэта не на Пірата... — Бацька подбегам патрусіў з падворака.
Мы ўсе падаліся следам. I што ж?.. Перад намі адкрылася такое відовішча: Пецька гоніцца за Лодзікам Мядзюхам, ахвотнікам да ўсяго, што дрэнна ляжыць. Праўда, гэты раз нельга сказаць, што машына стаяла не так, як трэба, і не там. Цікава, што ж Лодзік украў? Нешта важнае сцягнуў, калі Пецька мусіў даганяць.
Лодзік, мінуўшы краму, крута павярнуў налева і памчаў сцежкаю, што вяла на лугавіну — тую самую, дзе некалі быў дзеда Андрэя пчэльнік. Ён, гэты пракуда Лодзік, не збіраўся трапляць у рукі чужога чалавека — вытужваў з сябе ўсе свае сілы, нёсся здорава. Пецька, дарма што і каратыш, і нават з жыватком такім-сякім, таксама не адставаў. Яшчэ троху — і ўцякач схаваўся б у хмызнячок, дзе, можа, і не даўся б у палон, заблытаў бы сляды. Ён прыткі, Лодзік, кемлівы. Ды якраз ля студні, мінаючы камягу, пакаўзнуўся на мокрым і, перакуліўшыся цераз галаву, выцягся збоч сцежкі. Тут жа і быў схоплены за каўнер. Пры вобыску Пецька дастаў з-за пазухі злодзея нейкі скрутак, паспрабаваў весці Лодзіка з сабой, але той пачаў вылузвацца з рук, упарціўся, а потым і зусім лёг.
— Чый гэта малец шукае турму? — спытаў Малінін у бацькі.
— Аднаго тут... Сын у радзіцеля ўдаўся. Падобна, што і яго добрыя людзі адвучаць красці, дурыкі выб'юць. Бацьку залавілі ў клеці — сала краў. Абрэзалі за гэта вуха, пазначылі, каб помніў свой правінак. Ен недзе ў Закарпацці служыў, у будатрадзе. Кармілі слаба, відаць, то прыкрадвалі.
— Хахла ўзлуеш — дабра не чакай, — пасміхнуўся Малінін і ўсё працягваў назіраць, як Пецька абыдзецца з Лодзікам. — Эйш, лёг пастрэл, баіцца, што і яму вуха абрэжуць, як бацьку, хітруе.
Пецька не стаў учыняць самасуд, адпусціў Лодзіка. I той зайцам падхапіўся з зямлі — забліскаў босымі нагамі па загуменні.