— Бяжыць ад людзей. — Бацька хітнуў параненым плячом, акурат забалела яму. — Хлопцу чатырнаццаты год пайшоў, а ён, быдта маленькі.
— Ваўчок, — дадаў Малінін. — Вырасце і, можа, не ўспомніць, як мы яго тут выхоўвалі.
Пецька нёс сумачку з наборам ключоў ад свае машыны. Твар яго быў чырвоны й потны, дыханне парывістае. Спыніўся і ўзрушна, але нязлосна сказаў:
— Гадзёныш — знёс бы ключы, а мне кукуй. Давялося б самому красці.
— Ты паслухай-ка: і яго бацька таксама краў, ды людзі ўсмірылі. — Малінін расказаў Пецьку пра «адрэзанае вуха», гагатнуў, бы гусак, і — да бацькі: — Герасім, як бы ты паступіў, каб залавіў такога вось, як Пятро, прыблуду са сваёй Мікалаеўнай?
— Па галоўцы пагладзіў бы... дубцом, — адказаў бацька і тым самым як бы паставіў кропку ў размове.
Здаецца, нагаварыліся. Першым Міхалькоў пабраўся ў кузаў. Малінін сеў у кабіну. Зачыняючы дзверцы, памахаў мне з бацькам рукой. Пецька завёў матор, бібікнуў і стаў разварочваць машыну, якая, выруліўшы на дарогу, стала быстра аддаляцца. Праз колькі хвілін нумар ужо далёка неновай палутаркі ўсё меншаў і меншаў, потым і зусім расплыўся ў белую палоску на заднім борце. Машына была ў грэбельцы — калывалася на сухім камлыжжы, пыліла.
— Бабры — бабрамі, а парасё скігіча... Давай, сын, хоць з двара зматаемся, пакуль матка не прыйшла, а то пападзе нам. Так і быць, касіць ужо сёння няма калі, а травы для парасёнка нарвём.
«Эксперты» ў захапленні
Пастку мы ўсё ж такі агоралі. Была яна напалавіну з лазовых дубчыкаў, бо не знайшлі тоўстага дроту. Меднымі, надта крохкімі ад частага прамлення драцінамі, што наадкручвалі з даўно забытага матраца, прымацавалі дубчыкі да абручоў і рэбраў — шасці металічных прутоў; дно зрабілі сятчатае, трывалае; дзверцы выштукавалі таксама з дроту. Гэтае наша вынаходства маці назвала «куралесай», а нас, бацьку і мяне, — малымі дзіцяняткамі, якія нарэшце знайшлі сабе забаўку па душы.
Знешне пастка нагадвала цыліндр даўжынёю недзе з метр, дыяметрам — траха не паўметра. Каб наснудзіць яе, неабходна дзверцы ўціснуць унутр і зачапіць за кручок, злучаны ста-лёвай жылкай з рагацінай-старожкаю. Звер натыкаўся на рагаціну, кручок адскокваў, тугая спружына адбівала дзверцы да першага абруча з кручкамі-штопарамі, і бабру ўжо ўцячы немагчыма.
Пастка атрымалася лёгкая, і, нам здавалася, зручная, надзейная. Лепшай не трэба. Хацелася паглядзець, што за снасці прыдумалі дзядзька Мікіта і астатнія паляўнічыя — іх жа таксама Малінін абавязаў «думаць».
Аднак мы такі сапраўды вызначыліся — першыя зрабілі пастку. Урэшце — гэта зусім і не пастка. Гэта — лавушка. Пастка звера траўміруе, а то і ўвогуле забівае. У нашай лавушцы звер цалёханькі і не церпіць аніякіх пакут. Ну пахвалюецца, уражаны палонам, панервуецца, што не можа ўцячы, а праз нейкі час і прыціхне. Агойтаецца.
I вось — сабраны да купы ўсе баброўнікі. З'ехаліся, каб ухваліць або зганіць нашу «куралесу». Дзядзька Мікіта і Дзямід — бадай самыя галоўныя «эксперты», уедліва-прынцыповыя, што і можна было заключыць па іх асаблівай Цікаўнасці.
Стукнула Пецьку праверыць сістэму аўтаспуску, і ён надумаў заманіць у пастку сабаку. I як? Паклаў між абручоў, якраз за рагацінай, мясную катлетку якую дастаў аднекуль з-за сядзення. Пірат упарціўся, не лез па катлетку. Пецька не адступаў, дамагаўся свайго, і Пірат хапіў яго за штаніну. «Эксперты» ў гэты момант вырашалі, колькі такіх лавушак спатрэбіцца адной брыгадзе, і, здавалася, ім было не да Пецькі з Піратам. Ажно — не, убачылі як аканфузіўся празука, зарагаталі, што Пецьку, пэўна, не спадабалася. Ён мусіў далучыцца да «экспертаў», стаў назло ім хваліць бацьку:
— Герасім Андрэевіч, бачыце, з адной рукой, а зрабіў лавок-універсал. Праўда, ён павінен з ацынкаванага дроту быць, каб не ржавеў. А так, скажу вам, штуковіна гэта хоць і простая, але такая ж надзейная, як і мая палутарка.
— Ну, канешне!.. — голасна кінуў Малінін. — Пакуль ты, Пятро, будзеш у «Заацэнтры», да тае пары й машына гэтая ў нас будзе. Звольнішся — спішуць тваю калымагу.
Лавушка, наструненая, ляжыць пасярэдзіне двара. Дзядзька Мікіта падсаджваецца да яе на кукішках, кажа:
— А калі во гэтую казюльку (на рагацінку) ды замяніць проста пяцелькай з дроту? — Пачаў нешта чарціць на торным двары запалкай.
— А што — зручней будзе. — Малінін зіркнуў на бацьку, спытаў: — Герасім, прымаеш прапанову?
— Куды ж мне дзецца, калі старшы брат дапаўняе, — жартуе ён. — Яшчэ як прымаю!
— Мне думаецца, каб смялей бабёр ішоў у лавок, трэ будзе дно лаўка са слюды рабіць, — пачаў даводзіць Дзямід. Ён трымаў у руках акуляры й старанна выціраў шкельцы хустачкай. — У мяне якраз і слюда ёсць, якраз на два лаўкі хопіць.
— Правільна, можна і са слюды... Бабры ў такі лавок будуць ахватней бегчы. Але з дроту ўсё ж лепей: бабёр учэпіцца разцамі ў пляцёнку, а яго тым часам і куляй у лодку... Слюду, калі дрэнна ўрабіць, з ходу, у разгоне, бабёр выб'е — лаві тады радзімца.
— Толькі б зацапаць, а там і перасадзіць можна, — стаяў на сваім Дзямід.
— Можна ўсё, Ісакавіч. Ды дзе ж гэтай слюды набярэмся?.. Да таго ж, я не ўпэўнены, што на разаку такі лавок можна будзе паставіць правільна — зрушыць плынню, пабачыш. Хіба ў слюдзе дзірак насвярдліць?
— Кажаш ты, Герасім, як вяжаш... Лавок пад вадой. Якая ж там плынь?
— Упэўнішся пасля, калі не верыш цяпер. — Во, бацька таксама ўмее даказваць, не адступае. — Рабі, Ісакавіч, са слюды, калі ў цябе яна ёсць... Ніхто ж не забараняе.
Заключнае слова ўзяў Малінін — ён проста абавязаў дзядзьку Мікіту наладзіць серыйны выпуск лавушак. За плату, канешне, і нарабіць іх трэба столькі, каб на кожную брыгаду трымалася не менш як па дзесяць.
Бацька быў у Слаўгарадзе, куды яго выклікалі на ўрачэбную працоўна-экспертную камісію.
Засмучаны вярнуўся, не ў настроі. Маці як найспакойней спытала: