Крычалі ластаўкі, Карлуша кружыў і кружыў у вышыні, вакол чорнай хмары, а полымя ўжо дабіралася да шыфернага даху, гудзела і завывала раз'ятраным віхрам. Нібы вырваўся з-пад зямлі вогненны смерч нейкай неўтаймоўнай дзікай сілы.
I тут з дымных дзвярэй сенцаў выскачыў Апанас Сяргеевіч. Выгляд у яго быў страшны: учарнелы твар, абсмаленыя валасы, невідушчыя заплаканыя вочы. Ён увесь дыміўся, здавалася, гатовы вось-вось успыхнуць зыркім факелам. Дырэктар нёс на руках Веру, беспрытомную і абвялую.
— Ва-ды, ва-ды! — толькі і прастагнаў Апанас Сяргеевіч. Насустрач паспяшаўся ўчастковы: вось і спатрэбілася вядро вады.
— Ліце, хутчэй! — крыкнуў следчы, які таксама кінуўся наперад.
Вада выратавальнай прахалодай абрынулася на Апанаса Сяргеевіча і Веру, асвяжыла іх, збіла дым. Дырэктар зрабіў два крокі, захістаўся і прашаптаў:
— Там... Ластаўка... Павел...
Падбег следчы, падхапіў Веру, якую ўжо не мог трымаць Апанас Сяргеевіч. Тут жа падаспелі археолаг і дзядзька Макар. Узялі знясіленага дырэктара пад рукі і павялі да брамы. Наперадзе спяшаўся следчы з Верай на руках...
Як толькі яны апынуліся за веснічкамі, прагрымеў аглушальны выбух. Аж уздрыгнула зямля. Гэта ўзарваўся газавы балон. I разам з чорным дымам над хатай узвілося рыжае іскрыстае полымя. Натоўп спалохана адхіснуўся ад брамы, многія з лямантам пабеглі праз дарогу, падалей ад жудаснага вогнішча, у чаканні новага выбуху. Тут жа пачаў «страляць» шыфер...
Здаля, дзесьці за вёскай, завыла запозненай трывогай пранізлівая сірэна пажарнай машыны. Яна працінала сонечны прасцяг, набліжалася, мацнела. Толькі што магло змяніць з'яўленне пажарнікаў? Следам за пажарнай машынай імчала чырванакрыжая «хуткая дапамога».
Вера па-ранейшаму нічога не бачыла і не чула. Яе паклалі на ўзгорку, побач з маці і Паўлікам, які пазіраў на ўсіх здзіўленымі блакітнымі вачанятамі і ціха шаптаў:
— Ве-ра, ма-ма, Ве-ра, ма-ма...
Жанчыны стараліся вярнуць Веры і маці прытомнасць: абмахвалі іх твары хусцінкамі, пырскалі вадою, спрабавалі рабіць штучнае дыханне. Усё дарэмна...
Не бачыла Вера, як Карлуша, спуджаны выбухам, імкліва рвануў у бок ад вогненна-дымнага пекла і паляцеў да могілак, дзе кружыла грачыная чарада.
Не бачыла Вера, як перад самым выбухам з ластаўчынага гнязда, што прыляпілася пад вільчыкам страхі палаючай хаты, выкінуліся адна за адной тры маленькія ластавачкі і няўмела, часта-часта махаючы крыльцамі, паляцелі ў сад і яшчэ далей, а побач з імі планіравалі дзве дарослыя ластаўкі.
Не бачыла Вера, як ад ракі бег Сярожка, крычаў, плакаў з жахам назіраючы за страшным вогненным смерчам, што бушаваў над зялёнай верхавінай купчастага клёна. Яго слабы крык заглушалі пранізлівыя сірэны пажарнай машыны і «хуткай дапамогі». I жудасны лямант, што стаяў над вёскай...
I ніхто не ўбачыў, як на пагосце каля сасны з буслянкай узняўся белы прывід Алесі. I ніхто не пачуў яе ціхага няшчаснага голасу: — Людзі, людзі, што вы нарабілі?! Што-о-о?!
Алесь Масарэнка
На бабровых тонях
Вясновы неспакой
Ніхто, пэўна, не радуецца так вясне, як дзеці. Яны, бы птушкі, сквалчэлыя за зіму, развінаюць крылы, зрываюцца з седалаў і цалюткі дзень гатовыя тырчаць дзе-небудзь на загуменні ля бруістых раўчукоў.
Шчыруе сонца, на дварэ цяплынь — бяжы сабе, куды заўгодна. Нават калі ногі прамочыш, не страшна — вясна!
Я таксама жыў вясновымі радасцямі. Толькі прачынаўся — выпіваў, калі было, конаўку малака і, пакуль яшчэ трымаў лядок, ішоў да ручаін: глядзеў, як многа вады сышло за ноч і ці трымаюць яе, сабраную ў азерца, мае загароды (бацька наказаў адводзіць талую ваду ад копчыка з насеннай бульбай).
Звычайна ноччу падмарожвала. Храбусткая луста матавага лёду звонка трэскалася пада мной, з хрыпам асядала і адразу ж мутнела. Усе мае загароды былі ў парадку. Затое, калі са школы вяртаўся, па абедзе, не пазнаваў «умацаванняў» — іх надта размывала, і копчык з бульбай-семянкай быў значна падтоплены. Мне зноў хапала работы ажно да самага вечара.
Падчас вясновых канікулаў Жэнік, брат мой старэйшы, Бронік, сябра наш, і я недзе як не штодня прападалі на зазелянелым загуменні. Нязменнай гульнёй нашай была «вайна», часам ганялі рэхву альбо гулялі ў лапту. А калі ў ходараўскім клубе паказалі кінафільм «Прыгоды Робін Гуда», мы захапіліся стральбой з лука. Стрэлы парабілі адменныя, раўнюткія і доўгія. Жэнік сваю выстругаў з сасновай адшчэпіны-смаляка і на кончыку адштукаваў бадай такую ж булдовачку, як у верацяне, куды загнаў яшчэ і цвічок, каб вастрэйшая была. Мая страла атрымалася таксама нядрэнная — гэта быў звычайны пруток з арэшыны, абкораны, высушаны, з уздзетай на самы кончык выплаўленай куляй з рускага патрона.
Вызначыўшы абарончыя аб'екты, мы аддаліліся крокаў на дваццаць і давай «бамбіць» адзін аднаго: Жэнік, цэлячыся зусім як і Робін Гуд у кіно, пускаў сваю стралу ў мой бок, я сваю — у яго. Потым хуценька падбіралі стрэлы (я — Жэнікаву, ён — маю) і, ужо не цэлячыся, шпурлялі іх проста як мага вышэй, каб відаць было, дзе якая ўпадзе, і не траціць час на пошук. Захапіліся не на жарт, увайшлі ў ахвоту. I нават была атака. Праўда, мы праігнаравалі тактыку Робін Гуда — прымянілі сваю: адважныя, ваяўнічыя, пайшлі ў наступ, трымаючы напагатове перад сабою лукі. Вяровачкі, напятыя, аж звінелі.
Пасля сямігодкі Жэнік нічога больш, здаецца, і не хацеў, адно толькі б вывучыцца на кінамеханіка. Дзіва што — ён, будучы кінамеханік, якому, пэўна ж, давядзецца яшчэ не раз «круціць» фільм пра Робін Гуда, проста не мог прайграць такую атаку. Але ж і я не думаў адступаць — упарта трымаўся сваіх пазіцый: каржакаватага дубка, апаленага блізкім выбухам нямецкае бомбы, і глыбокай паніўкі — варонкі ад бомбы. I ўжо бадай што мы сышліся. Перада мною быў як і не родны брат, а самы сапраўдны праціўнік.
Жэнік, вядома ж, апярэдзіў — пусціў стралу першы, і яна не прамінула цэль: цвічок па самую булдавешачку ўпіўся ў маю верхнюю губу. З гарачкі я ўхапіў стралу і паламаў. Жэнік кінуўся да мяне з кулакамі, але ўбачыў кроў, спалохаўся і тут жа пачаў замываць рану — знарок халадзіў яе вадой, бо ведаў, што холад супыняе кроў. Умомант губа мая аддудурылася так, што я добра бачыў яе — зіхцела, бы лінза ў новым біноклі. Хоць я, здаецца, і мужна трымаўся, не плакаў, аднак слёзы ад болю самі каціліся з вачэй. Тым часам пераможца прыдумаў даволі слушнае апраўданне — нібыта я параніўся зусім проста: палез на дуб, абшаснуўся і выцяў злашчасную губу аб востры аскабалак хваставіка ад бомбы. Таго самага хваставіка, які — уся вёска аб гэтым ведае — так глыбока захрас у карнявішчы, што выдаліць яго можна хіба пры дапамозе молата.
Карацей, дамовіліся замазаць правінак і не гаварыць праўды. Ды ўсе войны, як відаць, каварныя яшчэ і тым, што плодзяць прадажнікаў: ужо назаўтра Бронік расказаў Ніне, нашай сястры, усё іменна так, як і было на самай справе.
Сапраўды, праз колькі гадоў Жэнік здзейсніў-такі сваю за-паветную мару — паехаў у Мінск і паступіў на курсы кінамеханікаў. Яго веласіпед «Арляня», амаль яшчэ новы, вішнёва-цёмнага колеру, дастаўся мне. Ездзіў я на ім у школу ажно ў далёкія Целяшы. I бадай як не кожны дзень мне сустракаўся па дарозе дзевяцікласнік Лёснаў, які нечага ўсё поркаўся ў сваім веласіпедзе: то ланцуг спадзе — надзяваў на шасцерні, то педаль адваліцца — увінчваў яе ў скрыўленую былку шатуна... Усё гэтае рабіў няўмела і абыякава. Я раз-другі дапамог яму, але пасля ўжо не звяртаў увагі — праносіўся міма, як віхор.
Лёснаў стаў зайздросціць мне. Ён, дзівак, быў чамусьці ўпэўнены, што мой «міні-велік» зручнейшы за яго, дарослы, а галоўнае — надзіва лёгкі на ход. Прапанаваў абмен. Пры гэтым паабяцаў сябраваць са мной, як з роўным: маўляў, будзе даваць чытаць такія кнігі, якіх і блізка няма ў школьнай бібліятэцы... Падобна, набіваўся ў дружбакі.
Я маўчаў. Сябраваць з братам настаўніцы, у якой сапраўды багата цікавых кніжак, яшчэ як хацелася. Але каму трэба гэты яго недаломак?..