З намаганнем, сабраўшы астатнія сілы, Міця абапёрся аб вастраватую раму жалезнага ложка і нарэшце ўстаў. Цяжкімі, нязрушна-вялымі нагамі дайшоў да шарэнгі, знайшоў сваё месца.
Камашыла з чырвона-азызлым, падпухлым тварам прашнураваў узад-уперад уздоўж строю, нарэшце хрыпата гаркнуў:
— Узвод, падрыхтавацца да сняданку!
На пляцы, калі яны ўжо стаялі ў поўным рыштунку — з вінтоўкамі, падсумкамі, каскамі, абхамучаныя скручанымі шынялямі,— Міцю зрабілася нібыта лягчэй. Халадок шараватай раніцы краўся за карак, чуйна студзіў плечы.
На ўсходзе над буравата-зялёнай паласою ў густой халаднаватай сінечы неба пералівалася, ломячы тонка-калючыя промні, «ютранка» — зорка Венера.
Яна і паплыла з левага боку, блытаючыся ў тэлеграфных правадах, чапляючыся за негустое, яшчэ ў дробным гаркавата-клейкім лісці голле сцішаных бярэзін, калі ўзвод, для перасцярогі паслаўшы дазорных, рушыў на дварчанскую шашу.
Чуючы пад мноствам акутых чаравікоў крохкае шапаценне жвірыстага пяску, Міця ішоў, загледзеўшыся на сінявата-ружовую зорку, і думаў пра тое, што яе святло з’яднала людзей, што жылі, што жывуць і што будуць жыць на зямлі. Яна ж вечная, гэтая вялікая і калючая зорка, што пырскае на зямлю сваімі тонкімі промнямі. Як і вечны гэты жвірысты белаваты пясок, што густа рыпіць і шахкае пад нагамі.
Белая з цёмна-вільготнымі выбоінамі шаша, убраная абапал зялёнымі канавамі, завіўшыся вужом, папаўзла на ўзгорак, у дуброву, што трымала яшчэ зімовы холад. Прадрогшы за ноч, там падсвіствалі дразды і чулася мяккае, прыглушанае глыбінёю лесу, куванне зязюлькі. Праз голыя кроны старых замшэлых дубоў прасвечвалася і дрыжала ўжо рэдзенькая ружовасць. I ў ясным небе слязілася і растала «ютранка».
Уздоўж шашы цягнуліся шырокія палосы спілаванага лесу — стаялі толькі шэрыя, з аблушчанаю карою пні ў маладой зараслі карычняватых дубцоў асіннікаў, крывавата нізкага грабу і чубкоў пераплеценага малінніку.
Парушаючы аднастайны шоргат ног, тонкае падсвістванне драздоў, і ранішні чуткі лес, нават з водгаласам, вырваўся з калоны нечы здзіўлены голас: «Хлопцы, а во дзікая свіння!»
I праўда, на разбітай у чорна-кіслых лужынах дарозе, што, пераскокваючы вужаватыя карэнні, з далекаватай сцяны лесу выбягала на шашу, каля куста брызгліны, абкіданай ліловым лісцем, перапуджана спыніўся, угінаючы лычатую з малымі вочкамі голаў, цёмна-буры калматы дзік, худы, з востраю, як пілка, спіною.
Ззаду да яго, перавальваючыся і падляскваючы коламі, блізілася ранняя фурманка. Але, выехаўшы з-пад навісі цёмных, пераплеценых лапамі елак, яна таксама нервова турзанулася і стала. Чорны з нястрыжанаю грываю конь, задзіраючы голаў, пачаў нечакана зварочвацца ўпоперак дарогі. Нехта, мусіць, з перапуду спрабаваў вярнуцца назад у лес.
— Хлопцы, дальбог, яны...
— Хто?
— Няўжо не бачыш? Партызаны!
— Ага, праўда, у фуражцы адзін.
— I баба з імі...
Але тут нечакана прахрыпеў, перапыніўшы жарты і смех, Камашылаў голас:
— Узвод, да бою!
Калона, зашуршэўшы жвірам, рассыпалася, салдаты паспешна здымалі з пляча вінтоўкі.
— Сяржант Якута, чаго звесіў лоб паміж яяў?! Дагнаць фурманку! Давай у абход!
— Хлопцы, але ж там можа быць засада!
— Не бойся, Падліпскі, заходзь з левага боку! — загадаў Камашыла худаватаму з паўпаданымі шчокамі салдату.
Цыбаты Якута ўміг сігануў праз нешырокую, з застоенай вадой канаву, і ўслед за ім сінявата-радужную з плевачкай ваду пераскоквалі, трымаючы ў правай руцэ вінтоўкі, трохі непаваротліва-ацяжэлыя ад скруткаў шынялёў і прычэпленых сапёрных лапатак недаспаныя салдаты.
Счуўшы нарэшце блізкі тупат ног і сухі востры трэск зламанага галля, дзік рохкнуў і пудка адскочыўся ўбок, замільгаў востраю гарбатаю спіною між шарых аблушчаных пнёў, заросшых леташнім счарнелым асотам і крапіваю.
— Вашыва яго маць, яшчэ і ён тут гэльцае,— на карычняватым слізкім канцы мурашніку Камашыла паслізнуўся. Ён бег з іхнім, трэцім адзяленнем, што, рассыпаўшыся ланцугом, наўпрасты спяшалася да фурманкі.
Міцю за ногі чапляўся нізкі карчаваты грабняк і сцёбалі гнуткія дубцы маладога асінніку. Грудзі натыкаліся на высокі і ломкі леташні асот.
Пад цёмнаю густою, падсвечанаю знізу чырванаватым сонцам навіссю елак, тупавата забахалі, аддаючыся далёкім рэхам, расцяжныя стрэлы. То з аднаго, то з другога боку.
Спуджаны стралянінай конь, чуйна стрыг вушамі, уздымаў голаў і стараўся вырваць сцялежаны воз з глыбокіх, поўных разбоўтанай гразі каляін. На саломе між драбін рахмана парохкваў і трэпаў звязанымі кароткімі нагамі бела-ружаваты, пудкоў на тры-чатыры, лапавухі парсюк.
— Свежаваць сабраліся. Ну, заразы, маць ваша! — Камашыла абышоў воз, пераступіўшы тонкі дубок, што сагнуўся дугою і ткнуўся верхавінаю ў дол, загадаў дзюбаносаму, з чырванаватымі вачмі салдату: — Бусько, выводзь каня на шашу і скажы батальённаму, што захапілі трафеі. Хай там не трапечацца. А астатнія за мною.