Далёкім расцяжным рэхам тройчы адгукнуўся стрэл.
Вузкія плечы ў зеленаватай гімнасцёрцы пахіснуліся за крываваты, з балючай нарасцю ад маланкі камель абамшэлага дуба. Міця пругка прыпадняўся, трымаючы ў руках гарачую вінтоўку, ад якой адплывала, увачавідкі раставаючы, сіняватае воблачка дыму.
Павярнуўшыся назад, Бусько збянтэжана і ўтрапёна паглядаў то на Міцю, што ніякаваты і збялелы стаяў на шашы, то туды, у лес, дзе знікла, схавалася за дрэвамі дзяўчына.
— Раніў! Раніў! Не ўцякла! — закрычаў Бусько з раптоўным і шугатліва-ломкім трэскам, як дзік, скочыўшы ў лес, і пабег, выставіўшы наперад руку і ловячы ёю сухія ражны сукоў.
Міця, чуючы, як млеюць і дробна дрыжаць ад усяго нечаканага ногі, падышоў не адразу. Доўга стаяў за калматаю елкаю. Высунуўся з-за яе і сумеўся: збялелая, з перакрыўленым у пакутнай міне тварком, дзяўчына, квола і нямоцна трымаючыся рукамі за шурпаты, з наплывам нарасці тоўсты камель дуба і сутаргава, раскрытым ротам ловячы паветра, аб’язджала на леташняе чутка-шапаткое лісце. З разарванай на кішэньцы гімнасцёркі сачылася і цямнела вялікай плямай кроў.
— Гад поганый. И в сердце же...— яна сутаргава яшчэ здрыганулася і захрыпела, захлябнулася крывёю.
Міця заплюшчыў вочы, ліпучы пот абліваў усяго, млявая гарачыня падкочвалася пад сэрца: не чакаў, не спадзяваўся, не думаў, што калі-небудзь заб’е чалавека. Такі вялікі, такі непапраўны грэх! I далей перад табою чорная бясконцая яма...
XVIII
Зноў была школа і зноў да адчыненага акна то падыходзіў, то сплываў, як вада, мяккі, густы і такі знаёмы з дзяцінства шум гонкіх соснаў. Зноў быў чуваць едкі скрып прыцёртых галін і раптоўны, нібы спадцішка, лускат трухлявага сушняку. I зноў пасля шчодрага, з высокім вясновым громам навальнічнага дажджу сярод ночы ў пагодную сыравата-лёгкую раніцу па заберазі каламутных лужын у крэмавай пене кіпеў пылок, абцярушаны з непрыкметных свечак сасновага цвету.
Каля ашалёванага дошчачкамі з каптурыкам стрэшкі школьнага калодзеся зноў цвіла і гаркаватым цяплом пахла нахіленая грабінка. I ад ружавата-сіняй расы гнуліся жоўтыя, густа абкіданыя цветам, нізкія кусты акацый. I ўздоўж сцежкі вызіралі ўжо махрыстыя кружкі малачайніку. Учора самы старэйшы тут з іх — чарнявы, брывасты мужчына, з нязвыклым прозвішчам Даражэй, скінуўшы боты, рашыўся прабегчы босым да калодзеся, каб памыць ногі, і незнарок наступіў у ясна-жоўтых кветках на злую пчалу. Уджалены ў ступню, ён нема заенчыў, а потым ужо праз якое паўгадзіны надзіва ўсім пачаў траціць прытомнасць. Спярша, вядома, той-сёй пасмехваўся, што чалавек канае ад пчалінага джала, покуль ён не паказаў падпухлую і пасінелую да калена ногу.
Разумеючы, што тут ужо не да смеху і жартаў, Камашыла загадаў адправіць смяртэльна ўджаленага мужчыну ў нямецкі вайсковы шпіталь.
Там зрабілі некалькі ўколаў, але гэта не памагло — уночы Даражэй памёр.
Цяпер увесь іхні трэці ўзвод, што размясціўся ў бакавым, самым светлым класе, дзе заміж партаў стаялі збітыя з дошак двухпавярховыя нары, пазіраючы на пустое ніжняе месца, сцінаўся ад холаду, не верачы яшчэ ў гэтую неверагодную і дзіўную смерць.
Яна была ўжо другая: пазаўчора, уцёкшы ў самаволку і напіўшыся ў нейкай маладой бежанкі, што жыла ў чыгуначным доме недалёка ад моста, лічы, пад самым носам у чыгуначнай аховы, праз акно быў забіты іхні сяржант, памаўзлівы, як кот, брыдотлівы Жора Бакей. Чарнявую з вялікімі сінімі вачмі бежанку разам з мацераю, гарбатаю даўгарукаю кабетаю, збілі да паўсмерці і, укінуўшы ў грузавік, завязлі ў Навагрудак у камендатуру.
Перад сном, калі ўсё сцішылася, думаючы кожны пра сваё, блізкае і роднае — бацькоў, недалёкую адсюль вёску, дзяўчыну, з якой столькі праседзеў на прызбе, ці маладую жонку, з якою нават не паспеў нацешыцца пасля мясаедавага вяселля,— шапялявым бабскім голасам пачынаў падстрашваць усіх клышаногі, вуграваты Коля Маланка:
— Хлопцы, не спіце?
— Ціха ты, шапялявая м...
— Хто, не сцярпеўшы, лаяўся, а хто і пачынаў прыслухвацца да шапялявага голасу:
— Гэта толькі пачынаецца.
— Што пачынаецца?
— Ці сам не дагадваешся? Пачынаюць пуставаць ложкі... Так было ў нашай вёсцы.
— А пры чым твая вёска?
— А пры тым. Памёр летась у нас адзін чалавек і ледзьве не ўсю вёску павалок за сабою: у сямі хатах паўміралі людзі. Увесь канец адразу выкаціла.
— Можа, тыф быў?
— Ціф ці не ціф, а паўвёскі на той свет пайшло.
— Ды спі ты!..— узрываўся ўжо нехта злы і нервовы, і тады, паскрыпеўшы нарамі, павярнуўшыся на другі бок, сціхаў шапялявы Маланка і тут жа пачынаў храпці і тоненька падсвістваць, нібы цягнуў што густое з бутэлькі.
Учуўшы гэты тонка цягучы свіст, ад неўтрывалага смеху пачыналі душыцца растрывожаныя, выбітыя са сну салдаты. Нехта мацюкаўся і тоўстым голасам крычаў:
— Ды мазні яму па рылу. Чуеш, мазні!
— А ты ўжо святы — і не храпеш, і паветра не псуеш?
— Ды не магу заснуць, не дае гэты храпун.