— Скуль мне знаць? — мужчына паціснуў плячом, на якім раз’язджаўся незашпілены на чорныя гузікі сівы світэр.
— I шмат такіх каля твайго хутара ходзіць?
— Ці я лічу.
— Ладна,— Камашыла паправіў на шыі чорны рэмень цяжкаватага аўтамата.— Мусіць, прыдзецца ўзяць і цябе.
— А што ж я вінаваты?
— А там развяжуць твой язык і паглядзяць.
Міця, што дагэтуль цярпліва маўчаў, пераступаючы з нагі на нагу і чамусьці гідзячыся забітага з разарванаю, акрываўленаю шыяй хлопца, і чуючы ўжо нянавісць да Камашылы, няспешна падышоў да яго і засланіў мужчыну.
— Ці варт трывожыць чалавека. Хіба ён вінаваты, хто тут ходзіць. Каля парогу лес ды гасцінец.
— Корсак,— цяжка ўздыхнуў Камашыла.— Раз ты такі жаласлівы, тады з Буськом даставіш яе ў камендатуру.
— А япрука? — вырачыў сваё лупатае вока Бусько.
— Япрука, кажаш?..— Камашыла пашморгаў, павадзіў пальцамі па партупеі.— Варт было б вярнуць людзям. Але і нам скварка не зашкодзіць. Павязём з сабою. А вы пеша, да горада кіламетраў чатыры, не больш. Заўтра знойдзеце нас у Дварчанах.
...Па шапаткой жвірыстай дарозе, на якую наўскос клаліся доўгія цені ад старых карэла-шурпатых бярэзін, цяпер яны ішлі проці невысакаватага яшчэ сонца, што калюча мільгала за верхавінамі старых елак, абвешаных цэлымі прыгаршчамі верацёністых і спелых шышак.
Наперадзе, абмінаючы глыбокія, даўно непадсыпаныя рамонтнікамі выбоіны, клышанога і цяжка ступаў закарэлымі чаравікамі нізкаваты няскладны Бусько, і за ім, несучы на руцэ кажушок і застаўшыся ў гімнасцёрцы і тугавата-кароткай спаднічцы, якую распіралі гладкія бёдры, ішла яна, рослая прыгожая дзяўчына. Трэцім, трохі зводдаль, трымаючы ўсё ж напагатове нялёгкую мосінскую вінтоўку, панура ішоў Міця, вар’яцеючы ўжо ад злосці, што азызлы ад перапою Камашыла так і не дасць убачыць Верасава.
Што там сталася? Няўжо праўда спалілі толькі верасаўскія хутары? Няўжо кругом смерць? Няўжо паставяць на тую вузкую грэбельку між двух доўгіх равоў у іх за казармамі, дзе расстрэльвалі маладых яўрэек, што рабілі да астатняга часу перакладчыцамі, і, перад тым як выстраліць у патыліцу, распрануць, нават да брыдкасці, да знявагі, да агіды — нагола.
Міця прыглядзеўся да рослай дзяўчыны і раптам убачыў у ёй нешта блізкае: Чэсіна. Зрабілася не па сабе. Памкнуўся з ціхай непрытоенай радасцю і шкадаваннем нават загаварыць, але яго, насоўваючы з патыліцы на вочы шырокую пілотку і ўгінаючыся ад сонца, што пырснула на шашу сляпуча ружовымі промнямі, апярэдзіў Бусько:
— Ты скажы?
— Чего тебе?
Бусько абярнуўся ў гэткай шырокай насунутай на вочы пілотцы:
— Хто будзяш?
— Учительница я.
— Ты вучыла дзяцей? — паспешна перапытаў Міця.
— Да. Я окончила педагогическое училшце.
— Не марозь,— зноў абярнуўся і блізарука прыжмурыўся Бусько.— Ты скончыла нешта іншае. У войска ўчыцеляк не бяруць. Людзей вучылася страляць...
Шаша, крута спадаючы ў лагчыну, завілася каля старых, у нарасцях жаўтлявай смалы елак і крывых, вузлаватых дубоў, не ссечаных тут, з самага краю лесу. За імі праглядваўся, радасна бялеў на далекаватай, акружанай паводкаю сінечы, палогай гары невысокімі камяніцамі і бязверхім касцёлам цесны, збіты ў глухую купку гарадок.
Дзяўчына перакінула на другую руку кажушок і сказала ўжо пра тое, што, мусіць, думала:
— Нет, людей-то убивать я не училась. Разве что фашистов...
— Гэ-гэ! — зарагатаў, задзіраючы голаў, Бусько.— Ну во, я ж і казаў.
Міця спярша не паспеў нават разабраць, усвядоміць, што здарылася, чаму, засланіўшы свет, яму на голаў зваліўся кажушок, покуль не ўчуў, як палусквае, нібы агонь, трухлявае галле і як шоргае там, ужо ў лесе, сухое закурэлае лісце. Толькі Бусько, нічога яшчэ не ведаючы і не бачачы, дурнавата рагатаў.
Міця з размаху, адною рукою разам з пілоткаю здзёр з сябе кажух, убачыўшы, як ужо далекавата за старюю, аброслаю данізу густымі лапамі елкаю, збіўшы вушанку і трасучы караткаватымі валасамі, мільгае і зараз знікне з вачэй, схаваецца за шара-галубаватымі камлямі дубоў высокая, спрытная ў паставе дзяўчына.
«Ну, уцячэ. Ну, ліха з ім. Што зробіць Камашыла? Ну, пакрычыць, падзяўгае». Міця падняў вінтоўку, убачыў, як у маленькім прагале між камлёў дрэў варушацца худаватыя плечы, прыкленчыў на адну нагу, упёрся ў яе локцем і, не вельмі цэлячыся, націснуў на спуск.