— Што?.. Арыштам няма канца. Немцы забралі Пясэцкага, сядзіць тут, у Наваградку.
— Можа, і добра зрабілі, што пасадзілі гэтую брыду,— Міця павярнуўся на грукат дзвярэй за спіною.
Да іх ужо з ганка збягаў, паказваючы тыльным бокам срэбра-бліскучы, добра пацёрты па кішэньках гадзіннік, а другою хапаючыся за балячую падпухлую шчаку.
— Добжэ... На разе та размова позастане мендзы намі[26],— пад вуалькай бліснулі зеленаватыя Анціны вочы.
— Што за змовы ў вас? — дантыста лёгенька падсунуў Анці пад локаць сваю левую руку.
— Запрашаю яго во ў госці ў Дварчаны.
— А чаму не? — выпнуў таўставатую ніжнюю губу дантыста.— Чэся зачакалася нябось.
На гэты смяшок у Міці балюча і трывожна штурханулася сэрца. Але ён нічога не сказаў дантысту, учуўшы толькі даўнюю непрыязнь да яго.
Каля вялікага згарэлага, з абваленай вежай і падзёўбанага снарадамі, як ластаўчынымі гнёздамі, цаглянага касцёла, каля знявечанага з паламанымі яблынямі садка яны спусціліся па крутаватай, што рабіла закрут, вуліцы ўніз.
Міця правёў іх да чыгуначнага вакзала, дзе стаяў пад маладымі гонкімі ясенямі, што сыпалі з набухлых почак ружаватую луску, кароткі ў чатыры зялёныя вагончыкі састаў вузкакалейкі, пачакаў каля акна з адшморгнутай жоўтай фіранкай, покуль перасцярожліва не прысвісне, пачмыхаўшы белай парай, злосны і прыпознены паравозік, покуль не паківае, сцягнуўшы пальчатку, за закурэлай шыбай сваёю белай рукою з чырвонымі налакіраванымі пазногцямі радасна-вясёлая Анця.
У адкрытага, з доўгім прыстрэшкам і ручным тормазам тамбура ўсміхнуўся не то Міцю, не то курносай жанчыне, што трымала за рукі цыбатых, босых дзяўчатак-блізнят высокі, у чорнай з малінавым аколышам, яшчэ польскай рагатыўцы, з ганарыста падкручанымі вусамі немалады праваднік, і кароткі, нібы з дзіцячымі вагончыкамі, састаў, асцярожна і цяжка пагрукваючы коламі, пачаў аддаляцца ад жвірыстага перона.
Міцева душа балюча і соладка зашчымела, калі ён падумаў, што чорны паравозік з прысвістам прамчыць міма шарага ад старога дрэва і старых саламяных стрэх прытоенага Верасава, міма Алесінага двара з чорнаю дзікаю грушаю за гумном, міма бацькавай у глыб вёскі хаты, і нехта з іх, бацька ці Алеся, глянуўшы на паравозік, успомняць Наваградак і, напэўна, яго, Міцю. I думкі вярнуліся зноў да той страшнай весці, што чарнела вялікімі літарамі на белай афішы.
«Што ж сталася з Верасавам, з Прылуцкімі хутарамі? Няўжо спалілі ўсе хаты? А які ж лёс напаткаў людзей? Няўжо расстралялі альбо спалілі, як робіцца цяпер?»
Міця ішоў нямошчаным тратуарам уздоўж брукаванай вуліцы, на якую навальваўся і стракацеў у вачах пабелены плот. У дагледжаным, накрытым памутнелаю ўжо цынкаваю бляхаю драўляным доме з блакітнаю верандаю за чорнымі развесістымі яблынямі, што хавалі адчыненае акно, іграў патэфон, чулася нямецкая гутарка, мігітлівы дзявочы смех...
Тут па-вясноваму наўкруг усё было сцішнае, млява-соннае, аблітае невысокім, што схілілася на вечар, жаўтлявым, прымрэлым сонцам. Тут быў змораны, блізкі да вечара дзень, завешаны сіняватай смугою, што, як дымная плёнка на завоінцы, зацягнула далёкія сырыя лясы, пакатыя пагоркі з густым у сакавітым пер’і маладым жытам.
Лёгкі, яшчэ з вясновай халоднай вільгаццю, вецер астудзіў Міцю — ён быў ужо за прадмесцем. Блізка ў жаўтлявым, што свіціўся, рэдкім ад клейкага лісця бярэзніку падымаліся цагляныя гмахі казармаў. Туды Міцю не хацелася варочацца, а ісці, як у маленстве, да нізкага сонца, бясконца ісці, чуючы яго на вачах.
Над сіваватым ад невысокай асакі і вострага хвашчу балотцам, пакрапленым ясна-жоўтымі плямамі курынай слепаты, віліся і стрымгалоў падалі ўніз жалосна-пісклявыя кнігаўкі. А за сінім, зморшчаным азярцом, адбіваючыся ў вадзе, асцярожна ступаў і падымаў чырвоную дзюбу цыбаты бусел.
I раптам так нечакана і выразна Міцю ўбачылася свая старана, абмялелая пасля паводкі рэчачка, алешнік з начапляным брудам і галлём, старыя крывавата-калекія вербы ў зеляніне маладога лісця, Верасава, што высунулася на касагор карычняватымі ад моху стрэхамі, жоўтыя, як укроп, ад цвету кляны, чорна-ружовыя ад набрынялых, нібы дзявочыя саскі, пупышак старыя, яшчэ прадзедаўскія ліпы. I свая, са знаёмымі, паточанымі шашалем сценамі хата, і бацька на дрывотні каля казлоў з пілою-аднаручкаю, з ружаватымі пілавінамі, што насыпаліся ў закарвашы.
А ці жывы бацька? Гарачыня шуганула, абняла па самыя пахі Міцю. I няўжо няма Прылуцкіх хутароў. Няўжо ўсё так несправядліва, так жорстка і нелітасціва адышло? Дзе ж тая вялікая боская праўда на свеце? Няўжо няма? Але ж свет — гэта вечнасць, бясконцасць і неспазнанасць. Нехта ж будзе жыць. Хіба ж можна вынішчыць жыццё?
Можна рашыць, знявечыць сябе, забіць суседа і брата, але нельга змяніць большае — павярнуць вясну на зіму. Усё роўна для некага будзе распускацца дрэва, і будзе свяціць ласкавае сонца, і вернецца гора, і шчасце, і ўсё пачнецца спачатку... Але ў тым новым свеце не будзе нас, як няма і тых, хто жыў, радаваўся і пакутаваў перад намі. Час сцёр іхнія імёны, зруйнаваў магілы, але ж пакінуў хоць маўклівыя каменні, шчарбатыя муры будынкаў, старавечныя кнігі... Малы, але напамінак, што ўсё было... Няўжо сухі і жорсткі мох даўнасці няшчадна і няўмольна ўкрые нашы імёны? I ніхто не будзе думаць пра той вялікі грэх, што нас няма? А хто ж на старых надмагільных каменнях будзе шукаць праўду і няпраўду?
Наша праўда і няпраўда, дабро і зло жывуць толькі з намі і ў нас. У прышлых пакаленнях, што прыйдуць за намі, будзе свая сляпая радасць і цёмная бяда, што праясняе вочы. Але няўжо астанецца тая ж самая і вялікая несправядлівасць, што поруч лягуць і подлы забойца, і чысты душою і пясок вечнасці праглыне іх...
Увайшоўшы ў казарму, Міця ўчуў зноў той затхлаваты, нявыветраны пах чалавечага поту, аружэйнай змазкі, непрасушаных чаравікаў і шкарпэтак. Нізкарослы лупаваты днявальны са смешным прозвішчам Ложка і перайначаным ўжо на мянушку Апалонік, што стаяў з прыходу каля століка з тэлефонным апаратам, абапёрся зморана на вінтоўку і кіўнуў на Міцю шырокім задзірыстым носам:
— Цябе Камашыла шукае. Зайдзі, вунь у кладовачцы ён.
Мінуўшы ўмывальнік, Міця завярнуў у вузкі цемнаваты калідор, пастукаў у лёгкія з тонкіх дошчачак дзверы. I на той бок іх заскрыгатала жалезная засавачка. Чырванаваты, разамрэлы Камашыла дыхнуў на Міцю нязносным духам самагону.
— Я тут зачакаўся... Заходзь, пакажу свае апартамэнты. Бачыш, выкраіў сабе куток. Люкс. Не? — ён павёў рукою на абабітую жаўтаватай фанерай перагародку, палавіну якой засланяла доўгая, падобная да школьнай, з нішамі для абутку вешалка; на ёй віселі новыя шынялі і пахлі свежай, вырабленай скурай пазасоўваныя ў нішы чаравікі.— Прывязлі ўчора. Маюцца яшчэ браць людзей,— заўважыў Камашыла, прапускаючы паперадзе сябе Міцю.
Абапал прысунутага да тыльнай сцяны невысокага, на перакрыжаваных дашчаных ножках стала адкінуліся сваімі спінкамі два складныя, зробленыя з дубовых лясак, пацямнелыя крэслы.
За акном, закратаваным тоўстымі, нібы ў старадаўнім касцёле, жалезнымі прантамі, адкрывалася пагоркавая далечыня з ліловай, што ўсходзіла ярынаю, адзінокія хутары ў чорных, яшчэ не абкіданых лісцем, нізкіх садках, а за ёю непрыступна ўздымалася гара, залітая наўкруг паводкай сіняватай смугі, на якой бялеў, падсвечаны рахманым вечаровым сонцам, дробны, прыціхлы гарадок. I над ім двума ружаватымі зломкамі вытыркнуліся вежы, што бераглі таямніцу даўніх дзён: пажар, войны, чалавечыя пакуты — усё тое, што вярталася, прыходзіла зноў, каб зноў адысці ў нябыт, згінуць у вечнасці.
Міця, глянуўшы за акно і ўбачыўшы раскрышаныя, з’етыя, як старыя зубы, ружаватыя вежы, ціха ўздыхнуў — зноў успомнілася абвестка, перад вачмі прабеглі чорныя тлустыя літары.
— Ты чуў?... Спалілі маё Верасава.
— Нібы чуў,— Камашыла прысеў на крохка-рыпучае крэсла, нахіліўшыся леваю рукою, пашастаў пад сталом і выцягнуў паўтарак сіваватага самагону, а потым ужо алюмініевую конаўку, брусок сала і белавата-крохкі салдацкі хлеб.— На, прычасціся.
[26] — Добра... Няхай спачатку размова застанецца між намі (польск.).