— Вэ-эк! — пырснуў вадою з нявыцертай рукі немец, паказваючы, што ім трэба разысціся.
Гэтакага — у адной сподняй сарочцы, акрываўленага, не даўшы нават спаласнуць твар, яны і пагналі яго паперадзе сябе.
Хрысця ступіла да веснікаў і ціха хапілася абедзвюма рукамі за іх.
Вярнуўся ён ужо надвячоркам, калі Хрысця корчылася ад пякельна-балючых схватак — у яе пачаліся заўчасныя роды.
— Што з табою было? — спытала яна, стоячы на коленках каля ложка, калі яе на міг адпусціў боль.
— Пратрымалі во ў падвале пад вакзалам.
— Не білі больш?
— Не... Але трэба нам, мусіць, уцякаць.
— Куды ўцякаць, калі я во радзіцьму.
— Што ты, рана яшчэ...
— Звергла ад гэтага катавання.
— Тады пабягу, хоць Місаніху прывяду,— ён спешна пачаў нацягваць на сябе кашулю.
Але яна і ўсміхаючыся, і адначасна крывячыся ад болю, запыніла яго:
— Нікуды не бяжы, будзь са мною.
I сціснуўшы белыя зубы, скрыгочучы імі, пачала падымацца на ложак.
XVII
Міця ішоў тратуарам, яшчэ, здаецца, не верачы сабе, што нарэшце не чуе напружана-рытмічнага, нацятага, што аддаецца звонам у галаве, тупату салдацкіх ног, чужога гарачага дыху ў сябе за спіною... I астатняй бяссоннай ночы: іх ганялі на пляц за казармаю.
Кругом быў ясны, зыркі ад сляпучага сонца і парны дзень. З далёкіх гародаў пахла падпаранаю зямлёю. На чорнай трубе з белымі ізалятарамі, што стаяла між шарых комінаў на чарапічным даху, свіргатліва, як у спалавелым леташнім тросніку каля азярца, цвірчэла невялікая зграбна-тоненькая пташачка. Загледзеўшыся на яе, Міця нават спыніўся і ўздыхнуў — успомнілася свая за садам завоінка, перасвіст пташак.
За белымі двухпавярховымі камяніцамі, што адбіралі вочы, жаўтлява-зялёным цветам абсыпаліся старыя кляны, толькі чарнелі, працягваючы голыя, вілаватыя галіны, тоўстыя гузавата-шурпатыя ясені.
За імі падымала дзве вежы са злінялымі блакітнымі купаламі старая аблушчаная царква.
Сёння іх, батальён «навабранцаў», прыгналі спярша сюды, у царкву, а потым ужо на гарадскі брукаваны пляц, акружаны белымі двухпавярховымі камяніцамі. Яны, вясковыя хлопцы, так-сяк за два тыдні абвучаныя, не ўмеючы яшчэ як след адчаканіць вайсковы крок і аддаць чэсць, прымалі прысягу.
Выйшаўшы па чацвёра з шарэнгі, яны ставілі ў козлы вінтоўкі, падыходзілі да Камашылы і працягвалі ў купу рукі, над якімі трымаў паперу і, прыжмурваючы адно вока, чытаў з яе прысягу сам Камашыла.
Змучаны бяссонніцаю, недаяданнем, самы высокі і не толькі ў іхняй роце, а ва ўсім батальёне, Васіль Якута раптам пачаў бялець і хіліцца на Міцю. Леваю рукою Міця схапіў яго за рэмень і падпёр сваім плячом.
— Глядзі, якраз усю абедню сапсуе,— Камашыла спалохана падняў вочы ад паперы.— Ляснецца тут, як паненка.
— Мне кепска, цямнее ўсё ў вачах,— ледзьве паварушыў пасінелымі губамі Якута.
— I праўда самлее,— у Камашылавых працягнутых руках дрыжала папера.— Толькі ганьбы набяромся. Корсак, вядзі яго ў казарму.
Міця памаленьку, трымаючы з усяе моцы за рэмень і падпіраючы плячом, каб Якута не рухнуў, адвёў яго ўбок, а потым ужо і ў блізенькі завулак.
У халадку на цэментовых сходах цаглянай мураванкі, дзе была пошта і дзе шнураваў даўганосы ў чорнай пілотцы паліцыянт, Якута трохі акрыяў. Паліцыянт, паспагадаўшы, прынёс нават кубачак вады.
Міця, знайшоўшы спадарожную падводу з маўкліва-ўпартым і трохі зласнаватым фурманам, завёз Якуту да казармаў, а там ужо і завёў у санітарную часць, што займала невялікі аднапавярховы дамок з закратаванымі вокнамі.
Покуль з горада вярнуўся батальён, наседзеўся ў казарме і сам.