— Ну як? — убачыўшы Міцю, махнуў вялікаю з адтапыранымі вушамі галавою спацелы і зеленаваты-нездароўчы ў твары Камашыла.
— Здаецца, лепш яму,— засмяяўся Міця.— Доктар сказаў, каб трохі адпачыў.
— Параскісалі, як чарвівыя лупякі. А думаюць, мне лёгка? — Камашыла нахмурыўся, перакруціў Міцеў рэмень, паказваючы, што слабка зашпілены, адвёў свае вочы: — А нешта ж меўся табе сказаць... Але хібя потым... Даю да вечара звальнення. Ідзі пахадзі...
I Міця, не чуючы стомы, нават подбегам пад чорна-гузаватымі ясенямі пашыбаваў назад у горад, каб зайсці ўжо недалёка ад гарадскога пляца на Замкавай вуліцы ў цесную, не павярнуцца, з высокімі, ажно да столі, паліцамі беларускую кнігарню з тымі простымі, у жоўтых ці шэрых вокладках, але мілых, шчымлівых сваім непадкупна-родным словам кніжак. Як ён даўно не чуў шэлесту іхніх старонак, як даўно не задыхаўся ад шчасця, трымаючы ў руках танюткі і невядомы зборнік вершаў, што таіў у сабе неразгаданае хараство слова, ад якога, як ад касцельнага звону, ішоў мілагучны, што заміраў у вышыні, гук.
Як ён даўно не бачыў газет, не чуў іхняга свежага, што прыемна аддае газаю, паху.
Перасёкшы наўскос гарадскі пляц, дзе нядаўна маршыравалі навабранцы і дзе ў тахт мноству салдацкіх но'г бухаў пусты барабан і грымела аркестра, а цяпер млела распараная цішыня ды падцвіркваў каля конскіх куч верабей, Міця спыніўся перад тратуарам, дзе нязрушна ўрос у выбоісты брук шара-цэмянтовы з вастраверхім капелюшом слуп, на якім стракацелі старыя, парваныя ветрам, і новыя, нядаўна наклееныя афішы.
Сутулы мужчына ў шырокай пляскатай кепачцы, з падвязанаю да нагі выструганаю драўлянаю калодкаю і ружова-шчокая ў чорнай сутане манашка з акулярамі на задзірыстым носе, з белым, як снег, краёчкам хусткі, што шчыльна прылягала да лоба, уважна ўтаропілася ў наклеены на шурпатым слупе аркуш паперы з вялікімі чорнымі літарамі. Манашка раптам замахала перад грудзьмі жаўтлява-худою рукою і бязгучна заварушыла маршчаватымі губамі.
Чалавек нават міжволі гляне туды, куды пазіраюць іншыя. I Міця, абыходзячы шары цэмянтовы слуп у ласкутах абарваных афіш, павёў вачмі на чорныя і немалыя літары абвесткі, што, нібы градавая хмара, няслі нешта страшнае. На які міг спаткнуўся, замёр, як ад блізкага ўдару перуна. Нарэшце паволі, перасільваючы нешта нядобрае, перамешанае са страхам, падышоў бліжай да слупа.
Манашка, бліснуўшы чыстымі шкельцамі, падняла чорную голаў на Міцю і ціхенька пастаранілася. Закрактаў і, парыпваючы рэменем, які абвіваў калодку, адступіўся ад слупа немалады, бязногі мужчына ў пляскатай кепачцы, а Міця, чуючы, як падступае пад грудзі млявая гарачыня, пачаў душыцца ад чорных тлустых слоў: «З прычыны актаў сабатажу супраць нямецкае вайсковае ўлады (зносіны з бандытамі) расстраляны і спалены разам з будынкамі жыхары вёскі Верасава Дварчанскай воласці. Абавязак кожнага паведамляць аб бандытах.
Наваградак. 2З красавіка 1944 г. Гебітскамісар Бушман».
Міця адвёў вочы ад чорных тлустых літар. Доўга пазіраў на ружаваты брук, зацярушаны ў рыштоку каля тратуара сенам і сухім конскім памётам. Нарэшце падняў голаў і памалу пайшоў уздоўж белых мураванак, уяўляючы спаленае Верасава: на месцы хат чорныя пажарышчы, з якіх курыўся і смуродзіў сіні чадны дым, абгаранае прысаддзе каля вуліцы, недапалены шара-зялёны плот... Убачыўшы свой двор з дымным пажарышчам, з белай грубкай, што стаяла, як горкі помнік усяму, што тут жыло, існавала. Каля паграбка, упёршыся локцямі ў калена і паклаўшы на далонь шчаку, сядзеў задуманы бацька і цяжка глядзеў на белую грубку з чыгуннымі ружавата-чорнымі палопанымі ад агню дзверцамі, і плечы яго трасліся, як трасліся тады, калі закопвалі ашалелага каня.
Нечая пільная ўвага ачуціла Міцю ад цяжкіх, як непраглядная хмара, думак. Перад Міцем стаяла і цікавала на яго, схаваўшы пад чорнаю вуалькаю з белымі мушкамі свае вочы, знаёмая сваёй высокай статнай постаццю маладзіца. Міця доўга ўгадваў і нарэшце пазнаў па смеху. Паказваючы залатую каронку, пасмехвалася Чэсіна сястра Анця — паўнявая, памаладзелая з твару ці мо ад пудры, што лёгкім ружаватым пылком ляжала на шчоках, і ад чырвані напамаджаных губак. Яе адной рукою лёгенька трымаў нахмураны, у шарым даўгаполым плашчыку, дантыст, другою асцерагаў падпухлую шчаку.
— Дзень добры, жолнеж! — Анця адкінула з вачэй густую чорную вуальку ў белых мушках.
Міця аддаў «добры дзень» і паглядзеў ім за плечы, спадзеючыся ўбачыць яшчэ Чэсю.
— Яе няма,— дагадалася Анця, каго ён выцікоўвае.— Яна сёння на дзіжурстве,— і падала руку ў чорнай шоўкавай пальчатцы, лёгенька сціснула Міцевы пальцы: — А чаго ты такі смутны? У яго дык хоць вырвалі зуб. Сам дантыста, а баязлівы. Ну і крычаў, убачыўшы клешчы...
— Ешчэ як. О влос былэм ад сьмерці[22],— засмяяўся, крывячы з аднаго боку падпухлы перакошаны рот дантыст.
— А ў мяне ці не бяда,— перабіў іхнія жарты і смех устрывожаны Міця, ківаючы галавою назад на шары, спярэшчаны абрыўкамі афішаў, цэмянтовы слуп.— Вунь паведамляюць, што спалілі наша Верасава.
— Я чула... Але, здаецца, хутары,— Анця, злосна патузаўшы, вызваліла руку, за якую трымаўся дантыст, і абцягнула на сабе шары ў дробную клетачку жакет з чорным аксамітавым каўняром.
— Вёска стаіць. Казакаў, здаецца, там раскватаравалі,— дантыст скасіў вочы на чорную шыльду з белымі літарамі: «Рамонт гадзіннікаў» і падняўся па цэмянтовых сходцах з жалезнымі фігурнымі поручнямі.— Пачакайце, я забягу сюды, мо нарэшце направяць майго «Паўла Бурэ»? — Ён вылушчыў з пярэдняй кішэнькі штаноў і, бліснуўшы перламутравым цыферблатам, паказаў круглы немалы, на срэбным ланцужку, гадзіннік з кружком чорных рымскіх лічбаў.
Калі белыя з выштукаванымі планкамі дзверы рыпнулі, схаваўшы дантыста, Анця, чамусьці спяшаючыся і нават з’ядаючы словы, загаварыла:
— Чэся прыедзе да цябе,— і па-польску ўжо: — На разе ешчэ не вем, а цось, еднак, хыба вымыслем[23].
— Што? — сцішыў голас Міця, яшчэ кепска дагадваючыся, пра што ідзе гутарка.
— Моген ці улатвіць спаткане[24].
— З кім? — Міця азірнуўся на двух казакаў, што прайшлі, ганарыста пабразгваючы шпорамі і злёгку прытрымліваючы пры боку шаблі.
— З Рыськем.
— Што за ён?
— Ці гэта так важна... Адным словам, ён паможа перайсці табе да польскіх партызантаў.
— Я чуў, яны нашых прывязваюць да дрэва ў мурашніку,— трохі здзекліва ўсміхнуўся Міця.
— Можа, і праўда. Не ведаю,— вуалька спаўзла з капялюшыка і закрыла Анціны вочы.— Але табе трэба берагчыся і ўцякаць адсюль.— I трасянула гэтаю чорнаю ў белых мушках вуалькаю.— Нема іннэй дрогі[25].
— Што чуваць у Дварчанах? — перапытаў у яе Міця, бачачы над каўнерыкам яе белую ў двух зморшчыках-кольцах шыю.
[22] — Яшчэ як. На валасок быў ад смерці (польск.).
[23] — Яшчэ не ведаю, але нешта прыдумаем (польск.).
[24] — Магу табе паспрыяць у спатканні (польск.).
[25] — Няма іншай дарогі (польск.).