Камашыла, не шкадуючы, набухаў поўную конаўку.
— Ці не зашмат будзе? — Міця доўга трымаў яе, доўга рашаўся, нарэшце глынуў і папярхнуўся, задушыўся кашлем.
— Э-э, чалавек з цябе,— Камашыла наліў сабе і адарваў адрэзаны кавалачак сала.— А пра Верасава чуў. Не хацеў вярэдзіць тваю душу. Ты там нічога не памог бы.
— Чуе маё сэрца — там бяда,— Міця адсунуў ад сябе зноў налітую конаўку.— Трэба было б хоць на дзень адлучыцца дадому.
— Загадалі трымаць усіх у кашарах. Скажы дзякуй, што на свой страх і рызыку пусціў цябе ў горад. А конаўку не адсоўвай, выпівай ды спаць.— Камашыла абцёр свае бліскуча-тлустыя ад сала губы.— Заўтра вялікая дарога, маршам ідзём ажно ў Дварчаны... Значыць, убачыш сваё Верасава.
— А там куды?
— Там?..— варухнуў плячом і перакрывіўся ў здзеклівым смяшку Камашыла.— Там ужо вайсковы сакрэт — не кажуць.
Камашыла, узяўшы ў Міці і набулькаўшы ў конаўку, доўга і маўкліва глядзеў у яе, разамрэлы, чырвоны твар яго перасмыкаўся, турзаўся і крывіўся ў п’янай міне. Нарэшце Камашыла перавярнуў у горла конаўку і, нават не скрывіўшыся, прыстукнуў ёю па стале.
— Вайна... Колькі згінула і колькі яшчэ згіне людзей. Але скажы, калі і хто шкадаваў чалавека?.. Ніхто! — і Камашыла зноў прыстукнуў конаўкай.— Ніхто не пашкадуе і нас! Чуеш?
— Чую,— Міця ап’янеў ужо і сам, бо перад вачмі перайначыўся, папрыгажэў свет. I ўжо з закратаванага акна ў нейкай вясёла-празрыстай, зыркай яснасці, як бывае гэтая чыстая прызрыстая яснасць толькі вясною, бачыўся далёкі белы гарадок, асвечаны залаціста-ружаватым сонцам, цёмна-ліловыя, са шчарбінамі проймаў, раскрышаныя вежы замка, ніжай за імі — чырвона-чарапічны дах касцёла, увесь шырокі свет з цёмнаю наміткаю лесу.
— I ведаеш, хто нас з табою заб’е? — учэпістая Камашылава рука адарвала Міцю ад закратаванага акна.
— Ды, мусіць, ведаю.
— Кожны другі. Чуеш? Людзі, як сабакі, рвуць адзін аднаго.
— А ты лепшы?..— перад Міцем нечакана пахіснуўся і паплыў стол, і ён ледзь паспеў злавіць яго.
— Хочаш, каб я быў добранькі? Дабрата — гэта дурата. У войску няма яе.
— Але заганяць у лужыну хлопцаў і загадваць лажыцца...
— Гэтакаму быдлу і карысна ў гнаі паляжаць.
— Быдлу, кажаш?..
— А каму ж ты думаў. Бо спраўнага войска мы з іх наўрад ці зробім. Гніды, яны толькі думаюць зашыцца пад бабскую спадніцу.
— Чаго ты так азвярэў? — Міцю помніцца, як ён схваціў загрудкі Камашылу.
Помніцца і другое, калі ён на міг працверазеў — ужо ад Камашылавага крыку:
— Пападзёмся мы ім, яны нас гарачым жалезам падпякаць будуць. Ты што, не знаеш беларусаў. Яны выпальваюць адзін аднаго жалезам.
— Іх змушалі вякамі выракацца саміх сябе,— Міця не ведае, сказаў гэта ці не, як не ведае, ці сам дайшоў да ложка, ці давёў Камашыла.
Ужо раніцай, учуўшы, як у вочы яму, нібы жарствою, востра і балюча пырснула электрыка, а ўслед за ёю пачуўся рэзкі Камашылаў крык, ён не мог разабрацца, дзе ён і што з ім.
— Па-буд-ка! — хрыгшаватым ад перапою голасам крычаў Камашыла.
Выплываючы нібы з-пад цяжкай, глыбокай вады, Міця толькі здужаў сесці на ложку, убачыўшы, як салдаты ўжо, збэрсаўшы нагамі з сябе коўдры, спехам усхопліваліся і тут жа ўздоўж ложкаў станавіліся ў строй.
— Варушыся, быдла! — прыплюшчваў ад злосці адно вока Камашыла.
Міця, чуючы, як ные і да кожнай костачкі баліць усё, як тугі, балючы абруч сціскае голаў, сядзеў на ложку. Млявасць адбірала сілы, блізкая да ванітаў агіднасць вурчала і пераварочвалася ў жываце.
— Корсак! — хрыпаты Камашылаў голас вярнуў нечакана ўчарашні вечар, той катух з хісткім столікам, паўтарак самагону. Міця нарэшце ўбачыў, што сядзіць адзеты, што спаў не распранаўшыся.
— Корсак! Каму сказана? Пад’ём!