У Душанбе была я намеснікам начальніка вакзала, і быў яшчэ адзін намеснік, таджык. Нашы дзеці разам раслі, вучыліся, мы сядзелі за адным святочным сталом: Новы год, Першамай… Разам пілі віно, плоў елі. Ён да мяне звяртаўся: "Сястра. Сястрычка. Мая руская сястра". І от ён падыходзіць, а мы сядзелі ў адным кабінеце, спыняецца перад маім сталом і крычыць:
— Калі ты, нарэшце, у сваю Расію пакоцішся? Гэта — наша зямля!
У тую хвіліну я думала, што мой розум не вытрывае. Падскочыла да яго:
— Куртка на табе адкуль?
— Ленінградская, — адказаў ад нечаканасці.
— Скідай рускую куртку, гад! — зрываю з яго куртку. — Адкуль шапка? Хваліўся, што з Сібіры прыслалі! Здымай шапку, гад! Сарочку давай! Штаны! Іх на маскоўскай фабрыцы шылі! Яны таксама рускія!
Да трусоў бы распранула. Здаравіла мужчына, я яму па плячо, а тут аднекуль сіла ўзялася, усё б з яго здзёрла. Вакол ужо людзі сабраліся. Ён крычыць:
— Адыдзіся ад мяне, вар'ятка!
— Не, аддавай усё маё, рускае! Я ўсё сваё забяру! — Я сапраўды ледзь не звар'яцела. — Шкарпэткі здымай! Чаравікі!
Працавалі мы днём і ноччу. Саставы ідуць перапоўненыя — уцякаюць людзі… Шмат рускіх людзей кранулася з месца… Тысячы! Дзесяткі тысяч! Сотні! Яшчэ адна Расія. Адправіла я ў дзве гадзіны ночы маскоўскі цягнік, засталіся ў зале дзеці з горада Курган-Цюбе, не паспелі на маскоўскі. Я іх зачыніла, я іх схавала. Падыходзяць да мяне двое. З аўтаматамі.
— Ой, хлопцы, што вы тут робіце? — А ў самой сэрца закалацілася.
— Сама вінавата, у цябе ўсе дзверы насцеж.
— Я цягнік адпраўляла. Не паспела зачыніць.
— Што там за дзеці?
— Гэта нашы, душанбінскія.
— А можа, яны з Кургана? Кулябскія?
— Не-не. Нашы.
Пайшлі. А калі б адчынілі залу? Яны б усіх… I мне заадно — кулю ў лоб! Там адна ўлада — чалавек са стрэльбай. Пасадзіла раніцою дзяцей на Астрахань, загадала, каб іх везлі, як кавуны, дзвярэй не адчынялі. (Спачатку маўчыць. Пасля доўга плача.) Хіба ёсць што-небудзь страшнейшае за чалавека? (Зноў замаўкае.)
Ужо, як тут ішла па вуліцы, праз кожную хвіліну азіралася. Мне здавалася, што нехта за спіною напагатове… Чакае. Дня там не мінала, каб я пра смерць не думала… Заўсёды з дому ва ўсім чыстым выходзіла — у вымытай блюзцы, спадніцы, у чыстай бялізне. А раптам заб'юць. Цяпер па лесе хаджу адна і нікога не баюся. Людзей у лесе няма, ніводнага чалавека. Іду, прыгадваю: ці то было ўсё тое са мною, ці то не? Іншым разам паляўнічага напаткаеш: са стрэльбай, сабакам і дазіметрам. Гэта таксама людзі са зброяй, але не такія, яны за чалавекам не ганяюцца, Страляніну пачую, ведаю, што па варонах страляюць ці зайца гоняць. (Маўчыць.) Таму мне тут не страшна… Я не магу баяцца зямлі, вады… Я чалавека баюся… За сто долараў на рынку ён там купляе аўтамат…
Я ўспамінаю хлопца. Таджыка… Ён гнаўся за другім хлопцам… За чалавекам гнаўся!! Як ён бег, як дыхаў, я адразу зразумела, што ён хоча забіць… Але той схаваўся… Уцёк… I вось гэты вяртаецца, ідзе міма мяне і кажа: "Маці, дзе тут можна вады папіць?" Будзённа гэтак пытаецца, быццам нічога такога не было. У нас на вакзале бачок з вадой стаяў, я яму паказала. I от гляджу яму ў вочы і гавару-гавару: "Чаго вы адзін за адным ганяецеся? Навошта забіваеце?" I яму быццам нават сорамна стала. "Ну, маці, ты давай цішэй". А калі яны разам усе, яны іншыя. Было б іх трое ці хоць бы яны ўдвух, паставілі б мяне да сцяны. З адным чалавекам яшчэ можна гаварыць…
З Душанбе прыехалі ў Ташкент, а далей трэба — у Мінск. Няма білетаў — і ўсё! У іх хітра ўсё, пакуль у лапу не дасі, у самалёт не сядзеш, бясконцыя прыдзіркі — то да вагі, то да аб'ёму: гэтага няможна, гэта выкінь. Два разы на вагі ганялі, ледзь датумкала, грошы ўпіхнула… "Вось гэтак бы даўно, а то спрачаецца тут". Як усё проста! Кантэйнер у нас — дзве тоны, прымусілі разгрузіць. "Вы едзеце з гарачай кропкі, можа, зброю вязеце? Анашу?" Двое сутак тузалі. Я пайшла да начальніка і ў ягонай прыёмнай пазнаёмілася з добрай жанчынай, яна мяне ацверазіла: "Нічога вы тут не даможацеся, а будзеце патрабаваць справядлівасці, ваш кантэйнер выкінуць у полі і разрабуюць тое, што вы прывезлі". Ну, што рабіць? Ноч не спалі, разгрузіліся, што там у нас: транты, матрацы, стары халадзільнік, два мяхі кніг. "Вы, напэўна, каштоўныя кнігі вязеце?" Пасмяяліся. "А колькі ў вас халадзільнікаў?" — "Адзін, ды і той нам разбілі". — "Чаму не ўзялі дэкларацыю?" — "Адкуль жа нам было ведаць? Мы першы раз з вайны едзем…"
Хаджу па лесе, думаю. Нашы ўсе ля тэлевізара сядзяць: як там? Што там? А я не хачу.
Было жыццё… Зусім іншае жыццё… Я там лічылася вялікім чалавекам, ёсць у мяне вайсковае званне — падпалкоўнік чыгуначных войск. Тут сядзела беспрацоўнай, пакуль не ўладкавалася прыбіральшчыцай у гарсавеце. Падлогу мыю… Мінулася жыццё… А на другое ў мяне ўжо няма сілы… Адны нас тут шкадуюць, іншыя незадаволены: "Бежанцы бульбу крадуць. Начамі выкопваюць". У тую вайну, мая мама ўспамінала, людзі больш адно аднаго шкадавалі. Нядаўна пад лесам каня здзічэлага знайшлі. Дохлага. У другім месцы — зайца. Яны былі не забітыя, а дохлыя. З-за гэтага ўсе занепакоіліся. А знайшлі мёртвага бамжа, неяк непрыкметна прайшло. Чамусьці да мёртвага чалавека людзі ўсюды прывыклі…"
Лена М. — з Кіргізіі. На парозе дома, як для фатаграфавання, побач з ёю сядзелі яе пяцёра дзяцей і кот Мяцеліца, якога яны з сабой прывезлі.
"Мы ехалі, як з вайны… Ухапілі рэчы, кот за намі да вакзала ішоў след у след, ката забралі. Ехалі цягніком дванаццаць сутак, апошнія два дні заставалася ў нас толькі капуста кіслая ў слоіках і кіпень. Хто з ломам, хто з сякерай, хто з малатком дзяжурылі ля дзвярэй. Скажу вам, як… Аднае начы на нас напалі бандыты. Ледзь не забілі. За тэлевізар, за халадзільнік цяпер могуць забіць. Мы ехалі, як з вайны, хоць у Кіргізіі, дзе мы жылі, пакуль не страляюць. Была разня, дзікунская, яшчэ пры Гарбачове ў горадзе Ош… Кіргізаў з узбекамі… Неяк яно заціхла… Але нешта яшчэ ў паветры адчуваецца… На вуліцах… Скажу вам, як страшна… Ну, мы рускія, з намі ясна, але і самі кіргізы гэтага баяцца… У іх чэргі па хлеб, вось яны і крычаць: "Рускія, вымятайцеся дамоў! Кіргізія — для кіргізаў!" — і выкідваюць з чаргі. I яшчэ нешта па-кіргізску, ну, нешта такое, што, маўляў, ім самім хлеба не хапае, а трэба нас карміць. Я іхнюю мову кепска разумею, вывучыла некалькі слоў, каб на рынку патаргавацца, купіць што-небудзь.
У нас была Радзіма, цяпер яе няма. Хто я? Мама — украінка, тата рускі. Нарадзілася і вырасла ў Кіргізіі, выйшла замуж за татарына. Хто мае дзеці? Якая ў іх нацыянальнасць? Мы ўсе перамяшаліся, наша кроў перамяшалася. У пашпарце ў мяне і ў дзяцей запісана — рускія, а мы — не рускія. Мы — савецкія! Але той краіны, дзе я нарадзілася, няма. Няма і таго месца, што мы называлі радзімай, ні таго часу, які таксама быў нашай радзімай. Мы цяпер, як пералётныя птушкі. У мяне пяцёра дзяцей: старэйшы сын — у восьмым класе, малодшая дзяўчынка — у дзіцячым садку. Я іх сюды прывезла. Нашай краіны няма, а мы — ёсць.
Я там нарадзілася, вырасла. Будавала завод, рабіла на заводзе. "Едзь туды, дзе твая зямля, а тут усё наша". Нічога не далі ўзяць, акрамя дзяцей. "Тут усё наша". А дзе маё? Уцякаюць людзі. Едуць. Усё рускія людзі. Савецкія. Яны нідзе не патрэбныя… Іх ніхто не чакае…
А я калісьці шчаслівая была. Усе мае дзеці з любові… Я іх там раджала: хлопчык, хлопчык, хлопчык, пасля — дзяўчынка, дзяўчынка. Больш гаварыць не буду… Плакаць пачну… (Але дадае яшчэ некалькі слоў.) Мы будзем жыць у Чарнобылі. Цяпер тут — наш дом… Чарнобыль — наш дом, наша радзіма… (Знячэўку ўсміхаецца.) Птушкі тут такія, як і паўсюль. I помнік Леніну стаіць… (І ля весніцаў, ужо развітваючыся.) Ранічкою ў суседнім доме стукаюць малаткамі, дошкі з акон адбіваюць. Страчаю жанчыну: "Адкуль вы?" — "З Чачні". Нічога не кажа, толькі плача…
У мяне людзі пытаюцца… Здзіўляюцца… Адзін дык у вочы спытаў: "Прывезла б ты дзяцей туды, дзе чума ці халера?" Дык гэта ж чума і халера… А гэтага страху, пра які тут гавораць, я не ведаю. Няма яго ў маёй памяці…"
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові