Мая дзяўчынка…"
Ларыса З., маці
Маналог пра месяцавы пейзаж
"Я раптам стаў сумнявацца, што лепей: памятаць ці забыць? Распытаў знаёмых. Адны забылі, іншыя не хочуць успамінаць, бо нічога не можам змяніць, нават паехаць адсюль…
Што я запомніў… У першыя ж дні пасля аварыі з бібліятэк зніклі кнігі пра радыяцыю, пра Хірасіму і Нагасакі, нават пра рэнтген. Пранесліся чуткі, што гэта загад начальства, каб не было панікі. Быў нават жарт, што калі б Чарнобыль узарваўся ў папуасаў, увесь бы свет спалохаўся, акрамя саміх папуасаў. Ніякіх медыцынскіх рэкамендацый, ніякай інфармацыі. Хто мог, даставаў таблеткі ёдзістага калію (у аптэках нашага горада ў продажы іх не было, даставалі па вялікім блаце). Здаралася, што з'ядалі гэтых таблетак жменю і запівалі шклянкай спірту. "Хуткая дапамога" адкачвала.
Пасля паявілася прыкмета, усе за ёю сачылі: пакуль у горадзе ці вёсцы ёсць вераб'і і галубы, там можна жыць і чалавеку. Ехаў у таксі, вадзіцель здзіўляўся, чаму птушкі, як сляпыя, ляцяць на шкло, разбіваюцца. Як ненармальныя… Нешта падобнае на самазабойства…
Запомніў, як вяртаўся з камандзіроўкі. Сапраўдны месячны пейзаж… Паабапал дарогі да самага небакраю доўжыліся засыпаныя белым даламітам палі. Верхні забруджаны пласт зямлі зняты і пахаваны, замест яго насыпалі даламітавага пяску… Як не зямля… Доўга пакутаваў ад гэтага месяцавага прывіду і паспрабаваў напісаць аповед. Уявіў, што тут адбудзецца, будзе праз сто гадоў: ці то чалавек, ці то яшчэ штосьці імчыцца на чацвярэньках, выкідваючы доўгія заднія ногі каленямі назад, уначы ён бачыць усё трэцім вокам, а адзінае вуха, на макаўцы, чуе нават крок мураша. Засталіся толькі мурашы, усё астатняе на зямлі і ў небе пагінула…
Паслаў аповед у часопіс. Прыслалі адказ, што гэта не літаратурны твор, а пераказ жахаў. Вядома, у мяне не хапіла таленту. Але тут, мяркую, яшчэ адна прычына. Я задумаўся, чаму пра Чарнобыль маўчаць, мала пішуць нашы пісьменнікі, працягваюць пісаць пра вайну, пра лагеры, а тут маўчаць? Думаеце, выпадковасць? Калі б мы адолелі Чарнобыль, пра яго гаварылі і пісалі б больш. Ці калі б мы яго зразумелі. Мы не ведаем, як здабыць з гэтага жаху сэнс. Не здольныя. Бо яго нельга прымераць ні да нашага чалавечага вопыту, ні да нашага чалавечага часу…
Дык што ж лепей: памятаць ці забыць?"
Яўген Аляксандравіч Броўкін, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
"Тады я думаў пра іншае… Вам падасца дзіўным… Якраз у той час я разводзіўся з жонкай.
Раптам прыходзяць, уручаюць позву і кажуць, што ўнізе ўжо чакае машына. Такі "варанок" спецыяльны. Як у трыццаць сёмым годзе… Бралі начамі. З пасцелі, цёпленькіх. Пасля гэтага схема перастала працаваць: жонкі не адчынялі дзвярэй альбо хлусілі, што мужы ў камандзіроўцы, на курорце, у вёсцы ў бацькоў. Ім спрабавалі ўручыць позвы, яны не бралі. Пачалі хапаць людзей на рабоце, на вуліцы, у часе абедзеннага перапынку ў заводскіх сталовых. Як у трыццаць сёмым… А я быў тады амаль ашалелы… Мне здрадзіла жонка, усё астатняе выдавала глупствам. Сеў у гэты "варанок"… Вялі мяне двое ў цывільным, але з вайсковай выпраўкай, ішлі абапал, пэўна, баяліся, каб не ўцёк. Калі сеў у машыну, чамусьці прыгадаў амерыканскіх касманаўтаў, якія ляталі на Месяц, і адзін з іх пазней стаў свяшчэннікам, а другі быццам бы звар'яцеў? Чытаў, што ім падалося, быццам там ёсць гарады, нейкія чалавечыя сляды. Мільганулі ў памяці абрыўкі газет: нашы атамныя станцыі цалкам бяспечныя, можна будаваць на Краснай плошчы. Больш бяспечныя, чым самавар. Але ад мяне пайшла жонка… Я здольны быў думаць толькі пра гэта… Некалькі разоў спрабаваў парашыць сябе… Мы хадзілі ў адзін дзіцячы сад, вучыліся ў адной школе… У адным інстытуце… (Маўчыць. Закурвае.)
Я вас папярэджваў… Нічога гераічнага для пісьменніцкага пяра. Былі думкі, што, быццам бы, не ваенны час, чаму я павінен рызыкаваць, калі нехта будзе спаць з маёй жонкай. Чаму зноў я, а не ён? Па праўдзе кажучы, не бачыў я там герояў. Вар'ятаў бачыў, якім начхаць на ўласнае жыццё, і ліхацтва хапала, але патрэбы ў ім не было… У мяне таксама ёсць граматы і падзякі… Але гэта таму, што мне не боязна было паміраць. Напляваць! Гэта было нават выйсцем. Пахавалі б з пашанаю… I на казённы кошт…
… Там ты адразу трапляў у фантастычны свет, дзе спалучыліся канец свету і каменны век. А ўва мне ўсё яшчэ абвострана… Аголена… Жылі ў лесе. У палатках. За дваццаць кіламетраў ад рэактара. "Партызанілі". "Партызаны" — гэта тыя, каго бяруць на вучэбныя вайсковыя зборы. Узрост — ад дваццаці пяці да сарака гадоў, многія — з вышэйшай адукацыяй, сярэднетэхнічнай, я, да слова, настаўнік гісторыі. Замест аўтаматаў выдалі рыдлёўкі. Перакопвалі сметнікавыя звалкі, гароды. Жанчыны ў вёсках глядзелі і хрысціліся. Мы ў пальчатках, рэспіратарах, маскхалатах… Смаліць сонца… Паяўляемся на іхніх гародах, як чэрці. Яны не разумелі, навошта мы перакопваем іхнія грады, вырываем іхні часнок, капусту, калі часнок як часнок, капуста як капуста. Бабулі хрысцяцца і галосяць: "Салдацікі, гэта што — канец свету?"
У хаце печ паліцца, сала сквірчыць. Дазіметр прыставіш: не печ, а маленькі рэактар. "Сядайце, хлопчыкі, за стол", — клічуць. Прывячаюць. Адмаўляемся. Просяць: "Сто грамаў знойдзем. Сядайце. Раскажыце". А што расказваць? На самім рэактары пажарнікі тапталі мяккае паліва, яно свяцілася, а яны не ведалі, што гэта такое. Дзе ўжо нам ведаць?
Ідзём аддзяленнем. На ўсіх — адзін дазіметр. А ў розных месцах — розны ўзровень: адзін з нас працуе, дзе два рэнтгены, а другі там, дзе дзесяць рэнтгенаў. З аднаго боку, бяспраўе, як у зэкаў, з другога — страх. Але ў мяне страху не было. Глядзеў на ўсё збоку…
На верталёце прыляцела група вучоных. У гумавым спецадзенні, высокіх ботах, засцерагальных акулярах… Як на Месяц… Падыходзіць да аднаго бабуля: "Ты хто?" — "Я — вучоны". — "Ах, ты вучоны, паглядзіце на яго, як разадзеўся. Замаскаваўся. А мы?" I за ім — з кіем. У мяне не аднойчы мільгала, што калі-небудзь вучоных будуць вылоўліваць, як у сярэднявеччы лавілі ўрачоў і тапілі.
Я бачыў чалавека, на вачах у якога хавалі ягоную хату… (Перапыняецца.) Хавалі хаты, калодзежы, дрэвы… Хавалі зямлю… Зразалі, скручвалі яе вялікімі пластамі… Я вас папярэджваў… Нічога гераічнага…
Вяртаемся позна вечарам, бо працавалі па дванаццаць гадзін у суткі. Без выхадных. На адпачынак толькі ноч. Значыць, едзем на бэтээры. Ідзе па пустой вёсцы чалавек. Бліжэй: малады хлопец з дываном на плячах… Непадалёк "Жыгулі"… Тармозім. Багажнік забіты тэлевізарам і абрэзанымі тэлефонамі. Бэтээр разварочваецца і таранам: "Жыгулі" — у гармонік, як бляшанка з-пад кансерваў. Ніхто слова не прамовіў…
Хавалі лес. Дрэвы пілавалі па паўтара метра, упакоўвалі ў цэлафан і завальвалі ў магільнік. Уначы не мог заснуць. Заплюшчу вочы: нешта чорнае варушыцца, пераварочваецца… як жывое… Жывыя пласты зямлі… З жукамі, павукамі, чарвякамі… Я нікога з іх не ведаў, не ведаў, як іх завуць… Проста жукі, павукі. Мурашы. А яны маленькія і вялікія, жоўтыя і чорныя. Такія разнаколерныя. У кагосьці з паэтаў чытаў, што жывёліны — гэта асобны народ. Я забіваў іх дзесяткамі, сотнямі, тысячамі, не ведаючы нават, як іх завуць. Знішчаў іх хаціны. Іхнія тайны. Хаваў… Закопваў у магільнікі…
У Леаніда Андрэева, якога я вельмі люблю, ёсць прытча пра Лазара, які зазірнуў за рысу забароненага. Ён ужо чужы, ён ужо ніколі не будзе сваім сярод людзей, хоць яго Хрыстос і ўваскрасіў…
Можа, досыць? Вам, разумею, цікава, тым, хто там не пабываў, заўсёды цікава. А гэта быў усё той жа чалавечы свет. Нельга ўвесь час жыць у палоне страху, чалавек не можа, мінаецца нейкі час і пачынаецца звычайнае чалавечае жыццё. (Захапляецца і працягвае далей.) Мужчыны пілі гарэлку. Гулялі ў карты. Заляцаліся да жанчын. Зачыналі дзяцей. Шмат гаварылі пра грошы. Але не за грошы там працавалі. Мала хто толькі за грошы. Працавалі таму, што трэба працаваць. Сказалі — працаваць. I не задавалі пытанняў. Марылі пра павышэнне на службе. Хітравалі, кралі. Спадзяваліся на абяцаныя льготы: атрымаць па-за чаргою кватэру і выехаць з барака, уладкаваць дзіця ў дзіцячы садок, купіць машыну. Адзін у нас спалохаўся, баяўся вылазіць з палаткі, у гумавым касцюме спаў. Баязлівец! Яго выключылі з партыі. Ён крычаў: "Я хачу жыць!" Усё ўперамешку… Спатыкаў там жанчын, што добраахвотна прыехалі. Ірваліся. Ім адмаўлялі, тлумачылі, што патрэбны шафёры, слесары, пажарнікі, але яны прыехалі… Усё ўперамешку… Тысячы добраахвотнікаў і спецыяльны "варанок", які начамі пільнаваў запаснікоў… Студэнцкія атрады, грашовыя пераводы ў фонд пацярпелых… Сотні людзей, якія бясплатна прапаноўвалі кроў і касцявы мозг… I ў той жа момант усё можна было купіць за пляшку гарэлкі. Ганаровую грамату, водпуск дадому… Адзін старшыня калгаса прывязе ў атрад дазіметрыстаў скрынку гарэлкі, каб ягоную вёску не запісвалі ў спіс на эвакуацыю, другі аддасць тую ж скрынку гарэлкі, каб ягоны калгас выселілі. Яму ўжо трохпакаёвую кватэру ў Мінску паабяцалі. Радыезамеры ніхто не правяраў. Нармальны рускі хаос. Мы так жывём… Штосьці спісвалі, прадавалі… З аднаго боку агідна, з другога — ідзіце вы ўсе к чорту ў балота!
Прыслалі студэнтаў. Яны вырывалі ў полі лебяду. Зграбалі сена. Некалькі пар было зусім маладзенькіх. Муж і жонка. Яны яшчэ за рукі хадзілі. Гэта немагчыма было бачыць.
Штодня прывозілі газеты. Я чытаў толькі загалоўкі: "Чарнобыль — месца подзвігу", "Рэактар пераможаны", "А жыццё працягваецца". Былі ў нас нампаліты, праводзілі палітгутаркі. Нам гаварылі, што мы павінны перамагчы. Каго? Атам? Фізіку? Космас? Перамога ў нас не падзея, а працэс. Жыццё — барацьба. Пераадоленне. Адсюль такая любоў да паводак, пажараў, стыхій. Патрэбна месца дзеяння, каб "праявіць мужнасць і гераізм". I ўстанавіць сцяг. Нампаліт чытаў заметкі ў газетах аб "высокай свядомасці і дакладнай арганізаванасці", аб тым, што праз некалькі дзён пасля катастрофы над чацвёртым рэактарам ужо лунаў чырвоны сцяг. Палаў. Праз месяц яго зжэрла высокая радыяцыя. Сцяг зноў узнялі. Праз месяц новы… Я ў думках спрабаваў уявіць, як салдаты падымаюцца на дах… Смяротнікі… Скажаце: савецкае язычніцтва? Ахвярапрынашэнне? Але ж справа ў тым, што далі б мне сцяг у рукі, я таксама б туды палез. Чаму? Не адкажу. Мне тады не страшна было памерці… Жонка нават пісьма не прыслала… За паўгода ніводнага пісьма… (Перапыняецца.)
Хочаце анекдот? Уцёк з турмы зняволены. Схаваўся ў трыццацікіламетровай зоне. Спаймалі. Завялі да дазіметрыстаў. Гэтак "свеціцца", што яго ні ў турму, ні ў бальніцу, ні да людзей. Чаму вы не смеяцеся? (Смяецца.)
Прыбыў я туды, калі птушкі сядзелі ў гнёздах, ад'язджаў — яблыкі ляжалі на снезе… Не ўсё мы паспелі пахаваць… Хавалі зямлю ў зямлі… З жукамі, павукамі, лічынкамі… З гэтым асобным народам… Светам… Самае моцнае маё ўражанне адтуль… Пра іх…
Нічога я вам не распавёў… Абрыўкі… У таго ж Леаніда Андрэева ёсць апавяданне: адзін жыхар Іерусаліма, міма дома якога вялі Хрыста, усё бачыў і ўсё чуў, але ў яго ў гэты час балеў зуб. На яго вачах Хрыстос упаў, як нёс крыж, упаў і пачаў крычаць, ён усё гэта бачыў, але ў яго балеў зуб, і ён не выбег на вуліцу. Праз два дні, калі зуб перастаў балець, яму распавялі, як Хрыстос уваскрэс, тады ён падумаў: "Я ж мог быць гэтага сведкам, але ў мяне балеў зуб".
Няўжо гэтак заўсёды? Мой бацька абараняў Маскву ў сорак другім. Тое, што ўдзельнічаў у вялікай падзеі, ён зразумеў праз дзесяткі гадоў. З кніг, з фільмаў. А сам успамінаў: "Сядзеў у акопе. Страляў. Выбухам засыпала. Паўмёртвага санітары вывалаклі". I ўсё…
А мяне тады пакінула жонка…"