— Самалёты, верталёты — гул стаяў. КамАЗы з прычэпамі… Салдаты. Ну, думаю, пачалася вайна. З кітайцамі ці амерыканцамі.
— Гаспадар прыйшоў з калгаснага сходу і кажа: "Заўтра нас эвакуіруюць". А я: "Як жа бульбачка? Не выбралі. Не паспелі". Стукае ў дзверы сусед, і селі яны з маім выпіваць. Выпілі і давай сварыцца на старшыню: "Не паедзем і кропка. Вайну перажылі, а тут радыяцыя. Хоць закопвайся ў гэтую зямлю. Не паедзем!"
— Спачатку думалі, што ўсе памром праз два-тры месяцы. Так нам гаварылі. Агітавалі. Запалохвалі. Дзякаваць Богу — жывём!
— Слава Богу! Слава Богу!
— Ніхто не ведае, што на тым свеце. Тут лепей… Знаёмае ўсё. Як мая мама прыгаворвала: красуешся, радуешся і самавольнічаеш.
— Пойдзем у царкву, памолімся.
— Выязджалі… Узяла зямлі з мамінай магілкі ў мяшэчак. Пастаяла на каленях: "Даруй, што мы цябе пакідаем". Ноччу пайшла да яе і не баялася. Людзі свае прозвішчы пісалі на хатах. На бярвеннях. На плоце. На асфальце.
— Сабак салдаты забівалі. Стралялі. Бах-бах! Пасля гэтага я не магу чуць, як крычыць жывое.
— Я тут брыгадзірнічаў. Сорак пяць гадоў… Шкадаваў людзей… У Маскву на выстаўку мы свой лён вазілі, калгас пасылаў. Значок адтуль прывёз і чырвоную грамату. Тут да мяне з павагаю: "Васіль Мікалаевіч. Мікалаевіч…" А хто я там, на новым месцы? Стары дзед у брылі. Тут буду паміраць, жанчынкі мне вады прынясуць, у хаце нацепляць. Шкадаваў я людзей… Увечары ідуць бабы з поля і спяваюць, а я ведаю, што яны нічога не палучаць. Адны палачкі на працадні. А спяваюць…
— У вёсцы людзі жывуць разам… Адным гуртам…
— Сніцца мне сон, гэта я ўжо ў горадзе ў сына жыла. Сон… Што чакаю смерці, падчэкваю. I сынам наказваю: "Павязеце мяне на нашы могілкі, хоць пяць хвілінак пастойце са мною ля роднай хаты". I зверху бачу, як сыны мяне туды вязуць…
— Хай яна атручаная, з радыяцыяй, але гэта мая радзіма. Нідзе мы больш не патрэбныя. Нават птушцы сваё гняздо люба…
— Даскажу… Жыла ў сына на сёмым паверсе, падыду да вакна, гляну ўніз і жагнаюся. Здаецца, што каня чую. Пеўня… I такая шкадоба… А то сасню свой двор: карову прывязваю і даю, даю… Прачынаюся. Не хачу падымацца. Я яшчэ там. Я то тут, то там.
— Удзень мы жылі на новым месцы, а ўначы на бацькаўшчыне. У сне.
— Зімой у нас тут ночы доўгія, сядзім, бывае, і лічым: хто памёр ужо?
— Мой гаспадар два месяцы ляжаў… Маўчаў, не адказваў мне. Як пакрыўдзіўся. Хаджу па двары, вярнуся: "Бацька, як ты?" Вочы толькі на голас падыме, а мне ўжо лягчэй. Хай бы ляжаў, маўчаў, а быў у хаце. Як чалавек памірае, плакаць няможна. Перапыніш яму смерць, будзе доўга адыходзіць. Я ў шафцы свечку ўзяла і ў рукі яму ўставіла. Ён узяў і дыхае… Вочы, бачу, мутныя… Не плакала… Аб адным прасіла: "Перадай там прывітанне нашай дачушцы і маёй любай мамачцы". Малілася, каб нам разам… Хто Бога і ўпросіць, а мне ён смерці не даў. Жыву…
— А я паміраць не баюся. Ніхто два разы не жыве. I ліст аблятае, і дрэва падае.
— Бабачкі! Не плачце. У перадавіках усе гады хадзілі. Стаханаўкі. Сталіна перажылі. Вайну! Каб не смяяліся і не цешыліся, дык даўно павесіліся б. Значыцца, гамоняць дзве чарнобыльскія бабы. Адна: "Чула, у нас ува ўсіх цяпер белакроўе?" Другая: "Не слухай ты! Я ўчора палец парэзала, кроў цякла чырвоная".
— У родным краю, як у раю. А на чужыне і сонца не свеціць.
— А мая мама калісьці мяне вучыла, што вазьмі абразок і перавярні яго, і каб ён гэтак тры дні павісеў. Дзе б ты ні была, абавязкова дадому вернешся. У мяне было дзве каровы і дзве цялушкі, пяць свіней, гусі, куры, сабака. Рукамі галаву абхаплю і хаджу па садзе. А яблыкаў, яблыкаў — процьма! Прапала ўсё, прапала!
— Памыла ў хаце, печ пабяліла… Трэба пакінуць хлеб на стале і соль, міску і тры лыжачкі… Лыжак столькі, колькі душ у хаце… Усё, каб вярнуцца…
— А грабеньчыкі ў курэй былі чорныя, а не чырвоныя. Радыяцыя…
— Гэтая радыяцыя ў мяне на гародзе была. Гарод увесь пабялеў, бялюткі-бялюткі, як чымсьці пасыпаны. Шматочкамі нейкімі… Я думала, можа, чаго з лесу нанесла…
— Не хацелі мы ад'язджаць. Ой, не хацелі! Мужчыны выпіўшы. Пад колы кідаліся. Начальства хадзіла па хатах і кожнага ўгаворвала. Наказ: "Маёмасць не браць!"
— Скаціна тры дні няпоеная, някормленая. На забой! Прыехаў карэспандэнт з газеты. П'яныя даяркі ледзь яго не забілі.
— Старшыня з салдатамі кружляе вакол маёй хаты… Палохаюць: "Выходзь ці будзем падпальваць. А ну, сюды каністры з бензінам". Забегала — то ручнік схаплю, то падушку…
— А ў вайну ўсю ноч гарматы гахаюць-гахаюць, вухаюць-вухаюць. Мы зямляначку ў лесе выкалупалі. Бамбяць і бамбяць. Усё спалілі, сказаць бы хаты, а то і гарод, і вішанькі пагарэлі. Толькі б не было вайны… Як я баюся яе!
— У армянскага радыё пытаюцца: "Ці можна есці чарнобыльскія яблыкі?" Адказ: "Можна, толькі агрызкі трэба глыбока ў зямлю закопваць".
— Далі мне новы дамок. Цагаяны. Дык, ведаеце, за сем гадоў не забілі ніводнага цвіка. Чужына. Усё чужое. Мой гаспадар плакаў і плакаў. Тыдзень робіць у калгасе на трактары, чакае нядзелькі, а ў нядзельку ляжа ля сценкі і галосіць…
— Больш нас ніхто не падмане, нікуды мы са свайго месца не рушым. Крамы няма, бальніцы няма. Святла няма. Сядзім пры карасінавай лямпе і пры лучыне. А нам добра! Бо дома…