— У горадзе нявестка хадзіла за мною па кватэры з анучкай і выцірала ручку ад дзвярэй, крэсла… А ўсё за мае грошы куплена, уся мэбля і "Жыгулі". За тыя, што мне аддалі за хату, за кароўку. Грошы скончыліся, і мама не патрэбная.
— Грошы нашы дзеці забралі… А што засталося, інфляцыя з'ела. Можа, кілаграм добрых цукерак на іх цяпер купіш, а можа, і не хопіць, тое, што нам аддалі за гаспадарку, за хаты…
— Два тыдні я ішла пешкі… I кароўку сваю вяла… Людзі не пускалі ў хату… У лесе начавала…
— Баяцца нас… Заразныя, кажуць. За што Бог пакараў? Усердаваў на нас? Жывём не па-людску, не па боскіх законах. Грызем адзін аднаго. За гэта.
— Мае ўнукі ўлетку прыязджалі… Першыя гады не ехалі… Таксама баяліся… А цяпер адведваюць, прадукгы ўжо бяруць, усё бяруць, што дасі. "Бабуля, — пыталіся, — а чытала ты кніжку пра Рабінзона?" Жыў адзін гэтак, як і мы. Без людзей. Я з сабой паўмеха запалак прывезла… Сякеру і рыдлёўку… А цяпер у мяне сала, яйкі, малако, — усё сваё. Адно што — цукар не пасееш. Зямлі тут колькі хочаш! Хоць сто гектараў заворвай. А ўлады ніякай. Тут чалавеку ніхто не замінае… Ні начальства, ніхто…
— З намі і каты вярнуліся. I сабакі. Вярталіся разам. Салдаты не пускалі. Амонаўцы. Дык мы ўначы… Ляснымі дарогамі… Партызанскімі…
— Нічога ад дзяржавы нам не трэба. Нічога не просім. Не чапайце толькі нас! Ні крамы не трэба, ні аўтобуса. Па хлеб ходзім пешкі… Дваццаць кіламетраў. Не чапайце толькі нас! Мы самі сабе.
— Табарам вярнуліся. Тры сям'і… А тут ўсё разрабавана: печ разбілі, вокны, дзверы знялі. Падлогу. Лямпачкі, выключальнікі, разеткі, — усё выкруцілі. Нічога жывога. Вось гэтымі рукамі ўсё нанава, вось гэтымі рукамі. А як жа!
— Дзікія гусі крычаць — вясна надышла. Сеяць пара. А мы ў пустых хатах… Адно — стрэхі цэлыя…
— Міліцыя сварылася. Прыедуць на машынах, а мы — у лес. Як ад немцаў. Адноечы наваліліся на нас з пракурорам, дык ён гразіўся, што будуць судзіць па дзесятай стацці… Я кажу: "Хай мне дадуць хоць год турмы, я адбуду і сюды вярнуся". Іх клопат пакрычаць, а наш памаўчаць. Я ордэн маю, як перадавы камбайнер, а ён мне гразіцца — "па дзесятай стацце пайдзёш"…
— Кожан дзень мне мая хата снілася. Я вярталася: то гарод капаю, то пасцель прыбіраю… I заўсёды што-небудзь знайду: то туфель, то куранят… Да дабраўсё, да радасці. Навяртанне…
— Уначы Бога просім, а ўдзень міліцыянера. Спытаеце вы ў мяне: "Чаго ты плачаш?" А я не ведаю, чаго я плачу. Я радая, што ў сваім двары жыву.
— I перажылі ўсё, ператрывалі…
— Дадыбала я да доктара: "Любенькі, ножкі не ходзяць. Сустаўчыкі баляць". — "Кароўку трэба здаць, бабка, малако атручанае". — "Ой не, — плачу, — ножкі баляць, каленькі баляць, а кароўку не аддам. Мая карміцелька".
— У мяне сямёра дзяцей. Усе ў гарадах жывуць. Я тут адна. Замаркочуся, сяду пад іхнімі фатаграфіямі… Гаманю. Сама з сабою. Усё, усё адна. Хату адна пафарбавала, шэсць бляшанак фарбы выклала. Так вось і жыву. Выгадавала чатырох сыноў і трох дочак. А муж рана памёр. Адна.
— Я з ваўком спатыкаўся вось гэтак: ён стаіць, і я стаю. Паглядзелі адзін на аднаго… Ён убок адскочыў… Паімчаўся. Дык у мяне шапка паднялася ад страху.
— Любы звер баіцца чалавека. Ты звера не чапай, і ён цябе абыдзе. Раней ходзіш па лесе, пачуеш галасы, бяжыш да людзей, а цяпер чалавек ад чалавека хаваецца. Не давядзі Бог напаткаць у лесе чалавека!
— Усё, што ў Бібліі напісана, усё спраўджваецца. Там і пра наш калгас напісана… I пра Гарбачова… Што будзе вялікі начальнік з кляймом і вялікая дзяржава рассыплецца. А пасля надыдзе Божы суд… Хто ў гарадах жыве, усе пагінуць, а ў вёсцы адзін чалавек ацалее. Чалавек будзе рады чалавечаму следу! Не чалавеку, а толькі следу ягонаму…
— А святло ў нас — лямпа. Карасінка. А-а… Бабы ўжо выменцілі вам. Заколем парсюка, дык у пограб нясем і ў зямлю закопваем. У зямлі мяса тры дні ляжыць. Гарэлка ў нас са свайго жыта.
— У мяне два мяхі солі… Не прападзём без дзяржавы! Дроў поўна — вакол лес. Хата цёплая. Лямпа гарыць. Любата! Казу трымаю, козліка, трое свіней, чатырнаццаць курэй. Зямлі — хапае, травы — хапае. Вада ёсць у калодзежы. Воля! Нам добра! У нас тут не калгас, а камуна. Яшчэ аднаго коніка купім. I тады ніхто нам болей не трэба. Аднаго коніка…
— Мы не дадому вярнуліся, як адзін карэспандэнт тут быў і здзіўляўся, а на сто гадоў назад. Сярпом жнём, касой косім. Малоцім цапамі збожжа проста на асфальце.
— У вайну нас спалілі, жылі ў зямлі. У зямлянках. Майго брата забілі і двух пляменнікаў. Усяго ў родзе загінула семнаццаць чалавек. Мама плача і плача. А хадзіла старая па вёсках, жабравала. "Маркоцішся? — кажа маме. — Не маркоцься. Хто аддаў жыццё за другіх, той святы чалавек". I я ўсё за Радзіму магу… Толькі забіваць не магу… Я — настаўніца, я вучыла — любіце чалавека. Толькі так вучыла: "Заўсёды адольвае дабро". Дзеці, яны малыя, душою чыстыя.
— Чарнобыль… Над войнамі вайна. Няма чалавеку нідзе паратунку. Ні на зямлі, ні ў вадзе, ні на небе.
— Тэлевізара ў нас няма і радыё. Аніякіх навін не ведаем, затое нам спакайней жыць. Не расстрайваемся. Прыязджаюць людзі, пераказваюць: усюды вайна. I нібыта сацыялізм скончыўся, жывём пры капіталізме. Цар вернецца. Праўда?
— То дзік з лесу ў сад зойдзе, то ласіха… Людзі рэдка. Адны міліцыянеры…
— А вы ў маю хату зайдзіце.
— I ў маю. Гэтак даўно ў мяне ў хаце госць не сядзеў.
— I жагнаюся, і малюся… Госпадзі! Два разы міліцыя мне печ бурыла… На трактары вывозілі… А я — назад! Пусцілі б людзей — яны ўсе на каленях бы дамоў папаўзлі. Разнеслі па свеце наша гора. Толькі мёртвыя назад вяртаюцца. Мёртвым дазваляюць вярнуцца. А жывыя — уначы. Лесам…
— На Радаўніцу ўсе сюды рвуцца. Да адзінага. Кожан хоча свайго памянуць. Міліцыя па спісках прапускае, а дзецям да васемнаццаці няможна. Прыедуць і гэтак рады ля сваёй хаты пастаяць… У сваім садку каля яблыні… Спачатку на могілках плачуць, пасля разыходзяцца па сваіх дварах. I там таксама плачуць і моляцца. Ставяць свечкі. Вісяць на сваіх платах… Як на агародках ля магілак… Бывае, што і вяночак пакладуць ля хаты… Павесяць белы ручнік на веснічках… Бацюшка малітву чытае: "Брацця і сестры! Будзьце церпялівымі!"
— На могілкі бяруць і яйкі, і булкі… У каго што ёсць… кожны сядае ля сваёй радні. Клічуць: "Сястра, прыйшла цябе праведаць. Ідзі да нас абедаць". Ці: "Мамачка ты наша. Татулька ты наш. Татуля". Клічуць душы з неба… У каго ў гэты год памёрлі, тыя плачуць, а ў каго раней, тыя не плачуць. Пагавораць, успомняць. Усе моляцца. Хто не ўмее, таксама моліцца.