У той жа момант увайшла… тая самая дзяўчына, якую Фогель бачыў. Увайшла яна ў тым самым уборы, у якім яе бачыў Фогель на мастку. Зблізку гэты ўбор аказаўся бедным, але святочным. І што важна, у Марысі былі на нагах чаравічкі. Ножка ступала цвёрда, некалькі ганарыста. Высакародна-малінавыя плямы на мармурова-белай шыі нібыта пераліваліся: то з'яўляліся, то знікалі. Марыся глядзела ў вочы смела, крыху сціснуўшы вусны.
— Яна ў нас у Пецярбургу вучаная, — сказаў Налётка. — Прыехала на лета дахаты. Восенню паедзе месца шукаць, бо ў нашым балоце адныя чэрці водзяцца.
— Рыгор! — сурова паглядзела на мужа пані Чарняўская. — Сёння ты ўдруга чорта спамінаеш. Калі ласка, проша да столу. Выбачайце, калі што не так, у нас па-простаму.
«Марыся! Яе завуць Марыся, Марыя значыць, — думаў пра сваё Фогель. — І якая прыгожая… Шляхцянка…»
Прыбораў на стале аказалася тры — толькі дарослым. Адкуль мог афіцэр расейскай жандармерыі ведаць, што ў пана Налёткі ва ўжытку прадметаў засталося толькі на тры поўныя асобы. Мала таго, пасярэбраных відэльцаў было толькі два. І былі яны не надта каб вычышчаныя, бо, па ўсім было відаць, ужываліся рэдка.
Падавалі, а падавала ўсё тая ж Вольга, лізуху — вару з капуснага расолу і тоўчанага льнянога семені. Потым яна прынесла тушаную качку, далей — смажаныя карасі, потым прынеслі нешта ў гаршчэчках, але жандар папрасіў яшчэ лізухі. Спадабалася яму тая лізуха. Якраз гэта было тое, чаго яму хацелася. Еў і не мог наесціся. Як не мог наглядзецца на твар старэйшай дачкі.
— Як кажуць хлопы, пане афіцэр, гушча з хаты дзяцей не разганяе… — задаволена казаў гаспадар. — Дзякуй Богу, усяго досыць.
Нечакана пачуўся вокліч, у дзверы загрукалі. То прыйшоў адзін з падначаленых Фогеля, чымсьці моцна заклапочаны паручнік Скалабанаў. Фогель загадаў яму сесці побач, наліў чарку. Праўда, чацвёртага прыбора не хапіла. Паручніку налілі ў гліняную місу і падалі звычайную сялянскую драўляную лыжку. Паручнік нават не пасміхнуўся як чалавек выхаваны. Да ўсяго ж вачэй не спускаў з Марысі. Ён быў маладзейшы, і яна яму некалькі раз усміхнулася. Гэта закранула Фогеля за жывое — яму яна не пасміхалася, наадварот, ён адчуваў ад дзяўчыны нейкую варожасць. Некалькі разоў капітан спрабаваў прыцягнуць увагу дзяўчыны размовай, але без поспеху. Марыся і Скалабанаў балбаталі пра Тургенева, пра французскія раманы. Скалабанаў нават умудрыўся некалькі раз узяць дзяўчыну за ручку. Фогель чамусьці моцна, ледзь не да корчаў сашчапіў сківіцы, потым стаў частавацца гарэлкай розных гатункаў. Але гарэлка яго не брала.
Паколькі было вельмі горача, праз расчыненыя дзверы і вокны ў хату наляцела поўна мух. Гаспадар прапанаваў выйсці.
Пад старой грушай пасцялілі дзяружку, нанеслі бутэлек квадратовай формы.
— Панове, — казаў пан Налётка, — гарэлкі хопіць, а закусіць і хлебам закусім. Хлеб ёсць! Во гэтымі, выбачайце, уласнымі рукамі здабываю, хлебаробнічаю…
— Гм, нічога, мы разумеем, — казаў Фогель, пакручваючы галавой, бо не бачыў ні Скалабанава, ні Марысі, якія засталіся ў хаце.
— Не маю выгодаў вялікіх, валоку зямлі, і тую няпоўную. А каго наймаць, дык плаці, дзяліся ўраджаем… Дык я, панове, усё сам.
Фогель азадачыўся: нейкая няясная трывога расла ў ягоных грудзях.
— Вам скажуць у мястэчку, што які Налётка пан? — балбатаў тым часам гаспадар. — Што лугу ў мяне трэць валокі ды лесу няма. Дык не верце, мы самая сапраўдная шляхта. Пра род Налётак запісана ва ўсіх хроніках, паверце…
Пад грушкай Фогель месца не знаходзіў. Клікнуў Скалабанава. Той выскачыў з хаты, аблізваючыся і азіраючыся. Падзякавалі гаспадарам, паселі на коні, паехалі.
Было далёка за поўдзень. Ад стажкоў паабапал грунтовай вільготнай дарогі сонца адкідвала доўгія цені. Перад вачыма ў Фогеля стаяў спакуслівы тварык з лёгкім пушком на верхняй губе. Успомніліся словы старога Налёткі: «Яна ў мяне вучоная. Бяда — не хапіла грошай давучыць. Прыехала з таго Пецярбурга — засумавала. Я і мост перакінуў праз равок. Як у тым Пецярбургу, каб не бедавала. Дык яна возьме парасон, паходзіць па тым мосціку і павесялее, крывінка мая…»
Гм, трэба ж. Яшчэ нядаўна капітан Фогель не мог адарваць вачэй ад полькі і зацаніў яе найпярвейшай красуняй, якую бачыў у жыцці. Цішком пазіраў на зваблівы тварык маладой жонкі пана аканома — і яна яму здавалася таксама бясконца прыгожай. Нават тут, калі пазіркваў на дзяўчат, якія былі падобныя адна на другую, як гэтыя во духмяныя грушы ў вазе, яму здавалася, што прыгажэйшых не можа быць. Але ў кожнай Фогелю падабалася нешта адно: вочы, усмешка, прыязны позірк, вусны. А вось Марыся… Цяпер ён знайшоў, убачыў Божае стварэнне, у якім усе вабноты спалучыліся ў адно — і гэтае спалучэнне цапнула яго за сэрца і не адпускала.
Скалабанаў тлумачыў, чаго ён так спешна прыехаў. Пану Буевічу далажылі пра жандараў, і той патрабуе тлумачэнняў.
Фогель не слухаў падначаленага. У яго соладка ныла сэрца. Яму хацелася павярнуць каня, каб ехаць да сядзібы шляхцюка-аднадворца. Прыехаць і што сказаць?
Афіцэр расейскай жандармерыі зразумеў, што закахаўся. І гэта было невыносна балючае і радаснае пачуццё. Балючае, бо той чалавек, да якога так нечакана прыкіпела сэрца, дачка не генерал-губернатара ці якога магната, а ўсяго толькі «крывінка» аднадворца, які сам возіць гной і есць драўлянай лыжкай. Радаснае — што яна была, і не важна, чыя яна дачка і колькі тысячаў пасагу можна ўзяць за ёю.
3. Прапажа
Артур прыехаў дахаты вечарам і быў здзіўлены вэрхалам, які тварыўся ў доме, — бацька паварочаў усю мэблю.
— Гэта ты вінаваты, антыхрыст! — закрычаў ён, як убачыў Артура. — Рэвалюцыю табе падавай, паўстанне. Супраць асноў! Ды вы не паспелі толькі падумаць, як вас за шкірку ўхапілі. Добра, ты мондры! А гэтага дурня малога навошта ўблытаў? У яго ж яшчэ кісель у галаве!
Аказалася — жандары арыштавалі і некуды павезлі Стасіка. Не дабіўшыся толку ад бацькі з роспытамі, Артур выслухаў Цімоха. Той і расказаў, што пад абед наехалі жандары, прывялі царкоўнага старасту Дзеркача і ягонага сына, якія пасведчылі, што Стасік падбухторваў супраць уладаў, казаў самыя што ні ёсць зневажальныя словы на цара-імператара. Як Стась ні адпіраўся, яго забралі.
— А чаго мэбля паварочана?
— Дык жа вобыск. Жандары кніжкі шукалі. Яны, таго, акуратна, а гэта ваш тата параскідаў усё…
У вачах Цімоха быў і страх, і шкадаванне сваіх гаспадароў. Нават ён разумеў, што над Буевічамі навісла пагроза.
Артур нахмурыўся. Ён ведаў свайго брата і не сумняваўся, што ў самы бліжэйшы час Стасік прызнаецца пра зброю. Хутчэй ехаць на стары млын і перахоўваць скрынку са штуцэрамі. І збіраўся ж гэта зрабіць, нават з'ездзіў туды, але толькі пераканаўся, што ўсё на месцы.
Ускочыў на яшчэ не рассядланага каня і пакіраваўся да гаці, на якой стаяў млын. Яшчэ здалёк заўважыў верхнікаў, якія ад'язджалі ад парэшткаў млына. На падводзе сядзеў унураны чалавек, і Артур без цяжкасцей пазнаў брата.