— За што, за што? — спытаўся дзядок.
У яго ўсё было сівое, аж жоўтае: вусы, барада, валасы. Толькі бровы русявыя. З-пад іх на Стася глядзелі мокрыя, але ўсё яшчэ ясна-блакітныя вочы.
— За волю. За нашу і вашу. Ведаеце, што такое свабода?
— Свабода? — перапытаў дзед, вінавата міргнуў, ацэньваючы прыхадня: хто ён такі — гэты далікатны малады чалавек у світцы, падпаясаны каляровам паяском.
— Трэба паўставаць супраць цара! — натхнёна праказаў Стась, дзівуючыся ўласнай смеласці. Такіх словаў ён раней не гаварыў. Нават думаць пра такое было страшнавата.
— Га? — падставіў вуха старэча. — Вы чые будзеце? Не Буевічавага пана сын? Арцік?
— Буевіча… — нецярпліва прагаварыў Стасік. — Толькі не Артур, а Стасік.
— Во-во, я і кажу, што Артур, бо меншага, дурнаватага Стася, я добра ведаю. Гады два, мусіць, прайшло, як паварочаў людзям копы. Нашто яму былі тыя копы? Гарцаваў перад дзеўкамі на кані, боўдзіла.
Стасік пачырванеў. Ну, дурнем быў, ну, пашалеў на грамадскім лузе. Сяляне прыходзілі скардзіцца на свавольства. Але стары прымае яго за Артура. Ну і няхай прымае.
— А дзе ўсе? — Стасік прайшоўся па надворку. — Належыць хутчэй збірацца на паўстанне, разумееце?! Свабоду ваяваць, незалежнасць. Супраць маскалёў…
— Слухайце, панічок. — Стары збіў кіем з прызбы мухамор і з крэхтам сеў. — Куды нам тая свабода? Трое сыноў у мяне. А зямлі з жабіны прыгаршчы. За работай свету белага не бачаць. Нам бы зямелькі, а не свабоды той.
— Зямля ўся — у цара. У расейскай дзяржавы… Цяпер самы час зваліць імперыю…
— Так-так. Лесу казённага валокі тры-чатыры нам бы не пашкодзіла.
— Усе народы роўныя, і людзі ўсе роўныя, мы — грамадзяне… — натхнёна гаварыў Стасік.
Чырвань ад сораму ў яго прайшла.
— Уга, — ківаў галавой дзед, — акурат хапіла б. Каб, як колісь, ляда высечы, выпаліць, выкапанічыць, засеяць, калі Бог паспрыяе з пагодай, дачакацца ўраджаю…
— Хопіць нам расейскага дэспатызму, — узмахнуў рукой Стасік, каб падкрэсліць важкасць словаў.
— …потым сабраць, змалаціць, прадаць, узяць капейчыну, во сюды, у шабету, — стары паляпаў па поясе, дзе, між іншым, ніякай шабеты не меў, — і тады ты сва-бод-ны!
— Звергнуць ненавіснае іга, тыранію, выйсці з рабства… — тарочыў малады пан.
— …і тады ты сва-бод-ны! Хочаш — ідзі ў карчму, хочаш — купляй каня, — казаў пра сваё дзядулька. — А то вунь кабыла ляжыць хворая…
— Годзе цярпець маскалёў…
— Ці лесу на новую хату. Праўду, праўду, пане Арцю, кажаце… Свабода вялікая рэч.
— І калі мы заваюем незалежнасць, будзем жыць у сваёй дзяржаве, то ў нас будзе ўсё — нашымі будуць усе лясы, палеткі, усе дубы і закоты. Усё будзе наша: і свае суды, і сваё войска, і свае грошы.
— Можа, і ваша, паночку, — згадзіўся дзядуля. Ён абапёрся на кій. — Вашымі будуць суды, войскі, грошы. Грошы рыхтык вашымі будуць. І зямля ваша, і лес, і луг, а нашымі застануцца граблі, вілы, рыдлёўкі.
Стасік разгубіўся перад такім паваротам справы. Стары яўна перайграваў яго. Спачатку з усім згаджаўся, а цяпер вось як павярнуў.
— У нас мова будзе свая… — выдыхнуў Стасік. — Мова, універсітэт, газета…
— Дык яна, мова, у нас і так свая, — здзівіўся стары. — У вас — польская, свая, а ў нас свая, мужычая, сялянская.
Стасік збянтэжыўся.
— Пасудзіце самі, пане Артуру, ці хочацца нам такой свабоды?
— Дзівак чалавек, — не сунімаўся Стасік, не зважаючы на тое, што стары ўпарта называе яго Артурам, — гэта яму было выгадна. — Калі вашыя сыны будуць свабодныя, вольныя, то возьмуць тое зямлі, колькі захочацца.