— Так, Аксанка.
І толькі пасля гэтага слова ўбачыў, як загарэліся цікаўнасцю жончыны вочы, як яна беражна, як дзіцятка, узяла ваўчука на рукі, не гідзячыся, не грэбуючы ім.
«Няхай праяўляе клопат, — задаволена падумаў аканом. — Можа, не будзе гэтых заскокаў пра незалежнасць. Праўда, хто ведае, ці мог Буевіч гэтак нягжэчна знікнуць без развітання?..»
Ваўчаня і насамрэч аказалася чароўнай у сваёй пацешнасці істотай. Не адыходзіла ад чалавека ні на крок, блыталася ў нагах, спаць магло толькі тады, калі яго сагравалі ў руках, на грудзях, бо было нейкім мерзляком. Нават пачалі сумнявацца, ці ваўчаня гэта?!
Інсургент жыў у Аксаніным пакоі на старым кажусе, нанач зашываўся ў рукаў і выстаўляў толькі бліскучы чорны нос. Баязлівы, уздрыгваў ад кожнага новага гуку, баяўся пакінуць Аксанін пакой, палохаўся новых людзей… Але дзень ішоў за днём, ваўчаня спраўна ела, расло, дужэла, рабілася больш жвавым, абнюхвала пакой, стала гуляць з Аксанінымі пантофлямі, потым стала цягаць палавічкі; калі рабілася галодным, голасна паскугольвала. Кармілі яго малаком, давалі кавалачкі сырога мяса.
— Будзеце мяса даваць, — сказаў аднойчы Мондрык, — адгрызе, выбачайце, руку. Не карміце мясам…
Напраўду, калі Інсургент адчуваў пах мяса, пачынаў гырчэць і скаліў зубы. Мяса глытаў не перажоўваючы. Аксана не слухалася Мондрыка, карміла ўсім: і мясам, і яйкі сырыя давала. Няхай хутчэй расце. Хутка восень, а ён такі маленькі. Ягоныя суродзічы, народжаныя і выгадаваныя ў дзікай прыродзе, даўно бегаюць з маці, вучацца паляваць, а гэты з пакоя баіцца выйсці. Вядома — пабываў у сабачых зубах.
Раніцай ваўчук тросся ад холаду, паскавытваў, просячыся ў цяпло. Аксана брала яго да сябе. Потым навучыўся падскокваць, учэпвацца зубамі ў посцілку і залазіць на ложак. Тут, на ложку, ён пачуваўся гаспадаром, адлежваўся, адаграваўся, пачынаў дурэць і сваволіць, усё часцей і часцей хапаць у пашчу Аксаніну руку, ніколькі не шкадуючы, сціскаць зубамі. Даводзілася саштурхваць нягодніка на падлогу. Інсургент зноў ператвараўся ў жаласлівенькага шчанючка, які тоненька прасіўся на рукі. Але як толькі апынаўся на ложку, зноў рабіўся героем.
6. Ваўчаня расце
Дні ішлі за днямі, пра Артура Буевіча не было ніякіх звестак. Аксана цалкам аддалася выхаванню свайго пестунка — Інсургента. Ваўчаня з цельпукаватага цурбалка ператварылася ў даўгалапага свавольніка. Першым «подзвігам» ваўчаняці было тое, што ён разадраў, як кажуць, у пух і пер'е, падушку. Карціна выклікала і гнеў, і адначасова замілаванне: Аксана выйшла з пакоя, а як вярнулася, то ўбачыла, што Інсургент сцягнуў падушку на падлогу, разарваў зубамі наўлечку, занурыўся галавой у пер'е, зачмыхаў, засоп. Пэўна, пер'е здавалася яму здабычай. Ён гірчэў, забіваў пер'ем пашчу, кашляў, пырхаў і з раз'ятраным выглядам шукаў сярод пер'я ці то мыш, ці то птушку. Адабраць у яго разарваную наўлечку з парэшткамі пер'я было немагчыма — гірчэў і спрабаваў укусіць. Калі Аксана адпускала наўлечку, Інсургент клаўся на яе жыватом і выдаваў сваім выглядам найвялікшае задавальненне і шчасце.
Потым, як нацешыўся, падвалок наўлечку да ног сваёй гаспадыні, маўляў, на табе, вось я знайшоў здабычу, перамог яе, прынёс табе. Аксана ўзяла ваўчука за шкірку, доўга трэсла, выгаворваючы, што так рабіць нельга, потым шпурнула на кажух. Ваўчаня нічога не разумела, выглядала пакрыўджаным, схавалася пад крысо кажуха і баязліва адтуль пазірала.
Аксана клікнула Ганну, замянілі падраны напернік на новы, сталі збіраць пер'е. Ваўчаня падышло да Аксаны, прыткнулася да нагі, але Аксана адштурхнула яго.
— Ідзі, раздуронец, ці можна ж падушкі рваць?!
Прыбралі ў пакоі, выйшлі, каб вынесці пер'е, і тут Аксана абярнулася і ўбачыла, як ваўчук сігануў да ложка. Няўжо навука прайшла дарэмна?!
— Ах ты, няўрымснік! — ускрыкнула Аксана і размахнулася венікам.
Ваўчаня схавалася пад ложак, з вінаватай мордай вызірала адтуль.
— Трэ дабрэй адперыць, — параіла Ганна.
— Не, — сказала Аксана. — Ён думае, што гэта падушка вінаватая, што я трэсла яго за шкірку. Вось і захацеў паквітацца з ёю… Эх ты, — звярнулася яна да ваўчаняці павучальным тонам, рыхтык звер мог яе разумець. — Падушка не вінаватая, пакінь яе ў спакоі.
Яна накрыла пасцель цяжкай капай, і яны з Ганнай выйшлі. Да вечара ваўчаня касілася на Аксану, рабіла пакрыўджаны выгляд, сядзела то на кажусе, то абнюхвала куткі з такім выглядам, быццам ложак яго абсалютна не цікавіў. Інсургент расправіўся з падушкай на другі дзень, калі Аксана завінулася варыць варэнне. Не ўратавалі бедную падушку ні капа, ні коўдра. Паслала Ганну па рэцэпт, а тая раптам падняла крык. Прыбегла Аксана ў пакой, глянула, а ваўчук усё тым займаецца: раздзёр наўлечку, улез у пер'е і сядзіць, задаволены, рыхтык перамог звера. Тут ужо ў ход пайшоў венік. Лупцавала Інсургента Ганна, прычым так моцна, што Аксана адабрала няшчаснае шчанё, узяла на рукі. Ваўчука трэсла, ён так і не зразумеў, за што яго білі.
— Няможна біць, належыць толькі словам, ласкай… — сказала Ганне Аксана, ашчаперыла Інсургента за карак, пачала тыцкаць у пер'е.
— Во табе, во… Няможна чапаць падушкі, няможна…
Ваўчук упіраўся лапамі, гырчэў, урэшце паспрабаваў агрызнуцца. Як толькі Аксана выпусціла звера, ён з месца рвануў і не каб сігануць пад ложак, але напаследак даў нырца ў гурбу пер'я, якое так цудоўна пахла дзічынай. Выгляд меў ваўчук такі: маўляў, біце мяне, трасіце за шкірку, таўчыце, а я жыць не магу без гэтага пер'я.
— Звяруга, ён толькі дрын і разумее, — з уздыхам сказала Ганна, падступаючыся да ваўчаняці. — Зараз я адперу яго венікам, будзе ведаць. Дзесятаму закажа.
— Ты паглядзі, чаранок веніка таўсцейшы за ягоную шыйку, як можна яго біць?
— Усё роўна даць лупня трэ, — сказала Ганна і паспрабавала дастаць ваўчука венікам з-пад ложка.
Той люнуў з-пад ложка пад стол, ды так спрытна, што Ганна не паспела выцяць нягодніка.
На валтузню з'явіўся Ўрбановіч. Ён выслухаў, што да чаго, і важна, і ў той жа час ціха, нягучным голасам сказаў:
— Памыслім катэгорыямі гэтага стварэння. Ён бачыць у падушцы здабычу. Біць яго напраўду нельга. Катам, каб не дралі шпалераў, ставяць часалку для кіпцюроў, шчанюку ваўка, які вырас не ў лесе, а ў пакоі, варта даць мажлівіну выявіцца ягонай паляўнічай жарсці.
Пан аканом выйшаў і неўзабаве прынёс сваю старую паляўнічую кайстру, пашытую з барсуковых выпаўзкаў — хваста, адрэзкаў скуры на лапах. Першыя хвіліны Інсургент, нюхнуўшы кайстру, спалохаўся, настыбурчыўся, некаторы час хадзіў вакол яе, потым атакаваў тую кайстру, як жывую істоту, ухапіў у зубы, пачаў з заядлым гірчэннем трыбушыць.
— Бачыце, вось яму і занятак, — сказаў аканом.