Дзяўчаты запляскалі ў ладкі. Урбановіч толькі пасмейваўся, хоць у галаве важка і няхораша круцілася: «Былі б дзеткі…» Яму і сны нехарошыя сніліся: быццам ён падкрадваецца да жончынага пакоя, каб падгледзець, што яна робіць. Аксана сядзіць і прыкладае да грудзей гэтага ваўчука — корміць. Нехарошыя сніў сны, нядобрыя.
Раздзел XII. Звярынае і людскае
1. Абуджэнне паляўнічага азарту
Паляўнічай кайстры Інсургенту хапіла ненадоўга. Ён шкалупаў яе зубамі, валачыў па падлозе, адкідваў, наскокваў на яе, як на жывую істоту. Стаміўшыся, клаў кайстру паміж пярэдніх лапаў, лізаў, заплюшчваў вочы і нюхаў, немаведама што ўяўляючы. Але кайстра ляжала нежывым шматам. Інстынкт патрабаваў жывой, рухомай здабычы.
Яшчэ на пачатку лета на падаконне да Аксаны прыляталі голуб і галубка. Яны грэліся пад промнямі ласкавага сонейка, буркаталі песні кахання. Потым на нейкі час зніклі, бо, пэўна, выводзілі дзетак. Аксана любіла чытаць, седзячы пры акне, пад паэтычнае буркатанне закаханых галубоў. Гэтулькі спадзяванняў будзілі шызыя птушкі, іхныя замілаваныя галасы. Пад восень, калі залатое сонейка рыхтык у апошні раз шчодра лашчыла зямлю цёплымі, пяшчотнымі промнямі, птушкі з'явіліся зноў. Гэтым днём, па-летняму гарачым, акно было расчынена. Ваўчук наструніў вушы на незнаёмы гук, зірнуў на акно, убачыў птушак і… Іншае на свеце для яго перастала існаваць, акрамя гэтых двух галубоў. Аксана ўзяла ваўчаня на рукі, але яно ўпарта глядзела на птушак. Вачэй не спускала. Як зачараванае.
Аксана выпусціла Інсургента на падлогу, стала сачыць, што будзе далей. Пэўна, ён і раней слухаў галубоў, але праз шыбы не праходзілі ясныя, выразныя гукі буркатання.
Інсургент замёр на тым месцы, на якое яго паставілі. Не варушыўся, здавалася, не дыхаў. Быццам ператварыўся ў нежывы прадмет. Аксана міжволі залюбавалася ім. Ваўчук падрос за апошні час, ведама, гэтак карміць. Вочкі яго пільна сачылі за падаконнем. Не бачыў галубоў, але чуў іхняе буркатанне. Ведаў, каму належала песня. Скеміў, што з падлогі галубоў не дастане — уцякуць.
Ваўчаня глянула на Аксану, і ў вачах яго прачыталася просьба, маўляў, ты толькі мне не перашкаджай. Вось ваўчук ціхенька павярнуўся, пайшоў прэч паўз сцяну, завярнуў пад ложак і стаў паўзці да акна, прыпадаючы да плінтуса. Галубы не бачылі небяспекі, не чулі — буркаталі сабе.
«Ну, драпежнік, — падумала Аксана. — Адкуль у яго гэта? Хто навучыў… На вуліцу не выпусціць, баіцца…»
Напраўду, ваўчук страшэнна баяўся вуліцы, дрыжэў, калі Мондрык выносіў на падворак. А калі чуў віскатлівы брэх хартоў, проста абміраў. Мондрык тады казаў, што з ваўчаняці нічога не будзе. Маўляў, запалоханы насмерць, бо пабываў у сабачых зубах.
Аканом тлумачыў паводзіны ваўчука інакш. Казаў, што звер ёсць звер і ўспрымае дом, пакой Аксаны як сховішча, нару. Усе ваўчукі з нары да пары да часу баяцца вылазіць.
Тым часам Інсургент падпоўз да падаконня. Аксану забрала цікавасць: што далей? Далей належала разганяцца, каб скочыць на акно. Але калі разганяцца, значыць, паказваць сябе птушкам. Ваўчук пасядзеў пад акном, пакруціў галавой і раптам папоўз назад, па-змоўніцку пазіркваючы на Аксану, абышоў ложак, занурыўся галавой пад звіслы край капы і стаў спрабаваць падлезці пад яе.
«Ах, які разумнік!» — здзівілася Аксана. Ваўчук не мог сам узлезці на ложак пад капу, таму вызірнуў, умольна глянуў на Аксану, маўляў, падсадзі, чаго стаіш, мы ж з табой у адным хаўрусе?! Аксана ціхенька, каб не спудзіць галубоў, падсадзіла Інсургента на ложак. Той падлез пад капу і стаў марудна падпаўзаць да падаконня пад капай. Вось і ўзгаловак. Тут ваўчук стаў кешкацца, каб заняць зручную для нападу пазіцыю. Паміж галубамі і ім заставалася толькі фіранка ў дзірачках, край якой час ад часу варушыў ветрык. Чакаць доўга не прыйшлося. Скокнуў! Галубы лапатнулі крыламі і зніклі. Ваўчаня не ўтрымалася і вывалілася з пакоя.
Аксана вызірнула. Інсургент адплёўваўся ад пер'я. Усё ж у ягонай пашчы пабывала галубовае крыло ці хвост.
— Дурань! Аднаго трэба хапаць, а не адразу дваіх, — сказала Аксана.
Падумала яшчэ, што з ваўчуком належала нешта рабіць. Расце драпежнік, звер. У лес выпусціць, ці што?
2. На свабодзе
Інсургент вываліўся з акна і ўпершыню па ўласнай волі апынуўся на свежым і гэткім зманлівым паветры. Адзін. Раней ён туліўся да Аксаніных ці Мондрыкавых ног, баяўся кроку ступіць. Малы быў, зусім малы. А цяпер ён шмат чаго разумее, вопыту прыбавілася, сілаў.
Акно з Аксанінай спальні выходзіла ў агародчык, на вялікую клумбу з купамі восеньскіх кветак, кустамі дагледжаных ружаў. Ваўчук, як толькі падняўся на лапы, удыхнуў паветра. П'янкі водар кветніку ўскружыў галаву. І колькі іншых пахаў — і кожны пах — новы! Гудуць пчолы, недзе людзі гавораць, недзе на кухні бразгаюць посудам, стукаюць нажамі.
Першым чынам Інсургент абнюхаў ружу, накалоўся носам на шып, але ўсё ж яму захацелася пакаштаваць яе пялёсткаў. Выцягнуў з пупіха пук пялёсткаў і смачна счвякаў. Нічога вартага, так сабе. Вунь слімак рожкі наставіў. Ваўчаня лізнула ягоную хатку. Рожкі схаваліся. Падабраў слімака языком, хрумснуў, пакалоўся, выплюнуў, паварочаў лапай раздушанага слімака. Зноў ухапіў у пашчу, паспрабаваў расціснуць. Не, колецца. Зноў пакратаў лапай. Кінуць? Прыхаваць да наступнага разу, калі будзе галодны? Прыбіў лапай, пайшоў далей.
Сонца бліскучае і цёплае. Паветра, як бальсан, лёгкае і такое смачнае. І колькі пахаў! Ён і не падазраваў, што на свеце ёсць неабсяжная прастора, запоўненая тысячамі пахаў. Кожны мае свой настрой, нясе пагрозу, папярэджанне, напамін пра спажыву.
А гэта што за істота з дзіўным хвастом-веерам? Як падкрасціся ды ўхапіць за нагу? Здабыча! Схавацца, падкрасціся як мага бліжэй, а потым атакаваць.
Ваўчаня не разлічыла сілы. Калі падабралася да індычкі, якая прагульвалася каля агародчыка, падскочыла да яе і цапнула за лапу, індычка так дзюбанула ў лоб беднаму Інсургенту, што ў таго аж пацямнела ўваччу. Ён завішчаў, але лапы з пашчы не выпусціў. Індычка залапатала крыллем, пранізліва закрычала, пачала дзяўбці і драпаць свабоднай нагой нахабніка, каб вызваліцца.
Загаманілі, закрычалі людзі. Нехта з дворні свіснуў сабак. З'явіліся харты. Унюшкавалі ваўчаня, наляцелі, пагналі. Завішчаў ад страху, прытуліў хвост між нагамі, забіўся пад куст ружы. Хорт усунуў доўгую пашчу-шчыпец у куст, хацеў ухапіць ікламі, але Інсургент раз'ятрана ашчэрыўся, загірчэў, гатовы біцца. Хорт паспрабаваў ухапіць ваўчука вузкім шчыпцом, i ўхапіў бы, каб не Мондрык. Адагнаў хартоў, ухапіў ваўчаня за загрывак, аднёс да Аксаны. У гэты час у спальню ўскочыў разгневаны пан аканом. Яму далажылі, што пакусаная індычка кульгае. Ён хмурыўся, заікаўся, дакараў Аксану, прасіў, каб была больш асцярожная.
— Не ведаю, што мне з гэтым стварэннем рабіць? — развяла рукамі Аксана. — Не я лавіла ваўчанят, і не я прынесла яго сюды, васпан мне прынёс.
— Аднясі ў лес, — загадаў пан аканом Мондрыку. — Занясі і выпусці.
— Яно адразу прыбяжыць да людзей, — адказаў той. — Сабакі прыдушаць адразу. Давайце трэсну галавой аб вушак, каб не…
— Ты што! — Маладая пані выхапіла Інсургента ў Мондрыка.
Служка толькі ашчэрыўся.
— Добра, я загадаю не выпускаць свойскай птушкі, — сказаў аканом.