— Дык узяць усім захочацца. Рабіць хто будзе? — паглядзеў дзядулька на Стася. — Калі паглядзець проста, панам і цяпер свабода. А за нашым братам мужыком належна глядзець. Дурню дай волю, гэта ж разбой, грабежніцтва, гульба… Ды і над вашым панам-братам наглядчык трэба, ой трэба. Калі не цар, то нашыя брухачы на карак так сядуць, што заездзяць, не раўнуючы, як заездзілі вунь гэтую кабылу, — стары паказаў кіем на маліннік.
Кабыла ў малінніку прачнулася і павярнула галаву да людзей з такім выразам, нібы чакала, што ёй вельмі цікава, што людзі скажуць далей. Курыца з выскубанай каршуном спінай падышла да Стасевага чаравіка і наўдачу клюнула праўзук.
— Ну, не вельмі мой бацька на сялянах наездзіў, — незадаволена праказаў Стасік.
— А я не кажу пра вашага бацьку, — не сунімаўся старэча. — Вазьмі вунь пана Налётку. Дачок, што называецца, у чорным целе трымае, не шкадуе ні сябе, ні іх. Праўда. Сам, як вол, цягне ярмо і ўдзень, і ўночы, а як парабка возьме — прадыхнуць не дае, пане Арце…
— Я не Артур… Я — Станіслаў, — нарэшце запярэчыў Буевіч, разумеючы, што агітацыя ў яго выйшла на пшык.
— …пане Артуру, — не слухаў паніча старэча. — Воля для тых, хто ведае, нашто яму тая воля. А нам нашто воля? З ласкі Божай сена на балоце нарабіў, вазоў пару прадаў, вось табе і воля. Дзе якую рыбіну на кірмаш занясеш ці качку ўпалюеш, жыду аддасі — усё грош, усё капейка. Вось і воля, так і жывеш…
— Ды вы не жывеце, вы марнееце! Не ведаеце, не бачыце свету… Не разумееце, што ёсць Парыж, Вена, Варшава…
— Нашто мне ваш Парыж і ваша Варшава? Я жыву дзеля сябе. Жыву ціха і спакойна, і слава Богу. Якой яшчэ трасцы?
Стасік пачухаў патыліцу. Нібыта і праўду кажа стары. Не, гэта — не матэрыял для агітацыі. Юнак нечакана развітаўся, павярнуўся і пашыбаваў прэч.
«Пашукаю каго з маладых, — надумаў Стасік. — Са старымі лепей не звязвацца…»
Яму было прыкра, бо даводзілася прызнаць, што ён не разумнейшы ад гэтага дзядка. Наадварот — дурань дурнем.
4. Нечаканы паварот справы
Але і з маладымі выйшла нявыкрутка. Ішоў па дарозе і натрапіў на маладзёнаў, якія секлі жардзіны. Сярод іх пазнаў сына царкоўнага старасты Максіма Дзеркача, Яўхіма. Той таксама адразу прызнаў панскага сына і стаў вітацца першым. Стась зрабіў змоўніцкі выгляд, паклікаў хлопцаў да сябе і стаў гаварыць пра незалежную рэспубліку, уласную дзяржаву, свой урад, свае грошы.
Дзяркач-меншы не вытрымаў і сказаў:
— Як хочаце, а я раскажу бацьку.
Стасік вылупіў на хлопца вочы.
— Вы — польскі звадыяш і падбухторшчык… Я раскажу бацьку, а ён данясе спраўніку…
Стася кінула ў чырвань. З цяжкасцю апанаваў сябе.
— Вось што, — роблена пасміхнуўся ён. — Многа ты ведаеш, я пагляджу. А мо і спраўнік — наш чалавек?
— Усё роўна раскажу, — стаяў на сваім Яўхім. — Знойдзецца і на спраўніка ўправа. Адзін спраўнік у губерні? Раскажу…
— Калі ласка, — уздыхнуў Стасік. — Кажы…
Крутнуўся — і пайшоў. Зразумеў, што ў агітатары яму яшчэ рана. Няма таленту пераконваць іншых людзей. Не паспеў адысціся, як пачуў крык:
— Панічу!
Абярнуўся. Да яго бег Яўхім.
— Калі ў паніча ёсць тытунь, то нічога не раскажу… — задыханы, праказаў, падбягаючы, маладзён.
— Што? — перапытаў Стасік.
— Мо, кажу, у паніча тытунь ёсць. Ніц не раскажу, як дасцё засмылець.
— Каб на табе шэрсць смылела, — агрызнуўся Стасік. — Гэта я бацьку твайму раскажу, што тытунь паліце…
Яўхім зніякавеў і пайшоў прэч.
Вечарам таго ж дня на сядзібу Буевічаў завітаў Максім Дзяркач. Стасік адразу зразумеў, з якой мэтай прыйшоў царкоўны стараста. Бацька спаў, а Артур, які мог дапамагчы, ездзіў з агітацыяй па шляхце. Будзіць бацьку пабаяліся, і Дзяркач сказаў Стасіку: