— Хто даказаў, што не Бог удыхнуў душу ў чалавека, а прырода вырабіла яго з малпы?
— Чарльз Дарвін і даказаў, тата. Ангелец. Вялікі вучоны… Раней людзі думалі, што Зямля — цэнтр сусвету. Капернік давёў адваротнае. Зямля — усяго толькі звычайная планета, якая разам з прыкладна такімі ж планетамі круціцца вакол Сонца. Гэта перавярнула свядомасць мільёнаў людзей… Усяго чалавецтва. Ангельскі вучоны Дарвін зрабіў не меншае адкрыццё, чым паляк Капернік. Ён з навуковых пазіцый абгрунтаваў, што чалавек ёсць вынік эвалюцыі жыцця, а таму ні расейскі імператар, ні які румынскі спадар, турэцкі паша ці абісінскі кароль не маюць аніякіх правоў цараваць над людзьмі: расейцамі, румынамі, туркамі ці абісінцамі… Ні над намі, ліцвінамі, ні над якім другім народам — башкірамі, грузінамі, калмыкамі там ці адыгамі — расейскі цар панаваць не мае аніякага права…
— Хм… — яшчэ больш задумаўся стары пан. Ход думак сына азадачыў яго. Увесь ягоны добразычлівы настрой прапаў.
Артур радаваўся, што змог задаць бацьку падобную ламаніну галавы. Лацвей дасць угаварыць сябе на інсурэкцыю.
— Дарвін, кажаш? Пачакай, — сказаў стары Буевіч. — Ангелец? Усе людзі пайшлі ад малпаў, так?! Дапусцім. І таму мы роўныя перад Богам, так?!
Артур уздыхнуў.
— Ангельская каралева чытала Дарвіна? — спытаўся стары Буевіч.
— У тым-то і справа, што пэўна чытала. І разумее, што яе статус — архаіка. Раней ці пазней адмовіцца ад гэтых недарэчных устанаўленняў.
— І Брытанія ператворыцца ў рэспубліку?
— Мяркую, яшчэ пры нашым жыцці. Да канца XIX стагоддзя несумненна. Галоўнае — самахоць, без рэвалюцыі. А вось дзікім расейскім царам варта дапамагчы зразумець, што гэта пыха, гардыня — лічыць сябе богаабранымі…
Стары Буевіч схапіўся за галаву.
— Ой, што гэта са мной, — пан ускочыў на ногі. — Я вар'яцею… Чалавек пайшоў ад мартышкі… Цар — не Божы памазанік, але малпаў… Малпы памазалі Раманавых на імператарства… Ангельская каралева здае карону ў музеюм! Ха-ха-ха! Эй, дзеўка, — закрычаў Буевіч, — нясі хутчэй гарэлку, іначай згублю апошнія глузды…
2. Разуменне роўнасці
Стары Буевіч усхадзіўся. Ён падскочыў з крэсла і шырокім сягам стаў кружляць па пакоі. Як толькі сын спрабаваў яму нешта тлумачыць ці пярэчыць, Буевіч-бацька ўскідваў руку, даючы знак сыну маўчаць.
— Ты думаеш, я — адсталы чалавек? І не ведаю, што значыць роўнасць? — пагрозліва гаварыў ён. — Ты яшчэ не нарадзіўся, а я меў у бібліятэцы кнігі, якія былі забаронены, ведаеш дзе? — Бацька насунуўся на сына. — У Парыжы! У гэтым расадніку так званых ідэй вольнасці і брацтва. А ў мяне — былі, а я — чытаў.
— Тата, мы павінны адабраць у расейскага імператара права распараджацца намі, ліцвінамі, — Артур праводзіў сваю лінію, нягледзячы на бацькавы жэсты.
— Ліцвінамі! — усклікнуў бацька. — Гэта — анахранізм.
— Ну я ж не анахранізм! Я жывы чалавек. Я веру…
— Пачакай, пачакай… У што ты верыш? Ці не ў тое, што, скажам, мой новы распарадчык Цімох, у якога ў барадзе, выбачай, вошы вядуцца, калі ад гарэлкі не падохлі, мне роўня?
— Роўня, — няўпэўнена сказаў Артур. Памаўчаў і ўжо болей жвава дадаў: — Прыйдзе час, у расейскага імператара возьмуць права на свабоду, роўнасць і самі расейцы, і ўсе народы, якія насяляюць Расею. Самыя, выбачай, брудныя і вашывыя… Годзе нам маліцца на цара, як на абраз…
Стары Буевіч спыніўся пасярод пакоя, зірнуў на сына, перавёў позірк на алеадрук выявы імператара, узяты ў багетную раму, прашаптаў:
— Але ж — імператар! Якая малпа? Які Цімох?
— Імператар, імператар… — прабурчэў Артур. — Мы самі сабе імператары… Паўстаць, як вось-вось паўстануць палякі, і адваяваць сваю волю. Захочам, паставім сабе караля… Выберам з шляхты каго талковага… Не захочам караля, выберам прэзідэнта, канцлера.
Бацька маўчаў. Відаць, ён нешта думаў, бо не слухаў прапаганду Артура.
— Тут адназначна, тата, варта ўдзельнічаць у вайсковым рушанні… Разам з палякамі змагацца за волю, за нашу, краёвую волю…
— За волю… Так… — згадзіўся пачырванелы ад уражання нейкімі сваімі думкамі Буевіч-бацька.
Дзяўчына, іншая, не Хрысця, а каратканогая і крыху дуркаватая Волечка, прынесла ўжо вядомы чытачу спод.
— Яшчэ вось што, — з таямнічым выглядам прамовіў Артур. — Маю ідэю падтрымаў аканом. Манкевіцкі…
— Пан Урбановіч?
— Ён дасць грошы. На зброю…