— І вам раю…
Дзверы рыпнулі, і ў карчму зайшоў ангелец. Той самы, учарашні. Ён агледзеўся, убачыў спраўніка і жандара, стрымана кіўнуў, сеў за незаняты стол. Карчмар спытаўся спачатку па-польску, потым — па-нямецку. Ангелец круціў галавой, нешта тлумачыў.
— Ды прынясі ты яму піва… — параіў карчмару спраўнік. — Ты што, не разумееш: бір — ён усюды бір! Ён біра хоча, а не тваёй гарэлкі… У Англіі піва найлепшае. Расказвалі, ёсць такое піва — Гінеса… На пене трэсачкай напішуць слова, піва выпіваюць, а надпіс застаецца… Во якое піва… Нам такое не піць.
Жандар і спраўнік асалавелі. Ангелец нават не пазіркваў на прадстаўнікоў улады, цморкаў піва, рыхтык для яго нічога больш не існавала.
— Бачыш, півахлёб, — незадаволена сказаў прыстаў. — Быццам і не ведае нас.
5. «Kastuś»
На вуліцы пачуліся крыкі фурманоў. Да пастаялага двара з аднаго боку пад'ехала карэта, а з другога брычка. Хутка ў карчму ўвайшлі маладыя, багата апранутыя людзі. Адзін высокі, голабароды, а другі нізенькі, з пушыстымі бакенбардамі. Высокі быў апрануты як студэнт — у сурдуце і высокіх ботах, невысокі — у пыльніку паверх адзення і франтаватым кацялку набакір.
Гаварылі яны па-польску і не звярталі ўвагі на прысутных. Яны нават не паздароўкаліся, як рабіў гэта кожны, хто заходзіў у карчму, — такі быў звычай. Прыезджыя ўсю сваю ўвагу накіравалі на ўласныя персоны. Праўда, у карчме было досыць цёмна, каб прыбышы маглі з яснага надворка ўгледзець тут за сталамі зусім не апошніх людзей.
— Адкуль ты? — спытаўся высокі ў невысокага.
— Проста з Парыжа, — неспадзявана адказаў невысокі. Але адказ ягоны прагучаў хутчэй стомлена, чым з фанабэрыяй.
— Чаго? Што ты там рабіў? — здзівіўся высокі.
— Чаго? Прабіў час скідаць з радзімы кайданы. А ты куды?
— Я? У Пінск… Ёсць пільная справа.
— Фамільная? — спытаўся невысокі і скінуў пыльнік. Пад ім аказаўся фрак гранатавага колеру. Шыю закрываў ясна-блакітны гальштук.
— Фамільныя? — перапытаўся высокі. — Якой халеры! Душыць хутчэй гэтую гадзіну. Колькі можна цярпець? Але і камізэлька ў цябе ганаровая. У Парыжы купляў?
— У Парыжы, — згадзіўся невысокі і расшпіліў некалькі жоўтых гузікаў, каб паказаць франтаватую камізэльку канарэйкавага колеру з бурштынавымі гузікамі.
Спраўнік нахіліўся да жандара, шапнуў:
— Чуеце, што кажуць? Разумееце?
— Няхай сабе кажуць, — адмахнуўся жандарскі афіцэр. Ад выпітага памякчэла на душы і лезці ў чужое жыццё не хацелася.
— Крамола, васпане, — шапнуў спраўнік. — Баюся я, загарыцца ўвесь край…
— Ну і няхай. Ці мала бунтаў па Расеі было?
— Дык яны, гэта, у польскі бок цягнуць. Што вы, васпане, на гэта скажаце?
— Ніводзін з іх не падобны на Каліноўскага… — вымавіў жандар. — А мне толькі гэты і патрэбен. Вось хто небяспечны.
— Як вы кажаце? Каліноўскі? — гучна перапытаў спраўнік.
Абое маладых, і высокі, і нізкі, зірнулі на спраўніка. Іхныя вочы прывыклі да карчомнага прыцемку, і цяпер яны бачылі ўсю кампанію.
— Kalinowski? — здзівіўся маладзейшы. — Pan wie Kalinowskiego?
— Не, — шчыра адказаў спраўнік. — Можа, вы, спадар капітан, ведаеце?
— Каб жа ведаў! — махнуў рукой жандар. — Маладыя людзі, лепей спытайце ў гэтага ангельскамоўнага ёлупня, які сядзіць вунь у тым кутку, як яму наша піва…
— Але з якой нагоды? — перапытаўся малады.
— Мы лічым, што тутэйшае піва не горшае ад ангельскага… У нас пятак ляжыць на пене…