На другі дзень пасля абеду ў карчму пры пастаялым двары заявілася тройца: капітан жандармерыі Фогель, спраўнік і прыстаў Вусаціха. Карчмар паставіў гліняныя кубкі, наліў са жбана піва. Жандарскі афіцэр пакаштаваў напою, скрывіўся.
— Лепшага няма?
— Лепшае — гарэлка, — адгукнуўся прыстаў.
— Не, гарэлка пачакае… — зморшчыўся капітан. — Тут у мяне сякія-такія справы. Эй, гаспадар, ці смачны ў цябе расол?
Занепакоены карчмар, лісліва ўсміхаючыся, прыгладжваючы пэйсы, падышоў да важных гасцей.
— Ёсць расол, паночкі, ёсць… Усё ёсць. І расол, і гарэлка, і віно — якое толькі пан пажадае: рэйнскае, да прыкладу…
— Прынясі, жыдзе, гарэлкі… — праказаў Вусаціха.
Фогель не стаў пярэчыць. Пасля ўчарашняга ён займеў вэрхал у галаве. Гэта ж трэба — зрабіцца непасрэдным не толькі сведкам, але і ўдзельнікам страшэннай крамолы. Належала нешта рабіць, некага арыштоўваць, словам, дзейнічаць. Але каго арыштоўваць? Спраўніка? Прыстава? Мо самога сябе?
Павярнуўся да прыстава, пацікавіўся:
— А што, пан Урбановіч напраўду гэткі бязбацькавіч, як прызнаваўся?
— А то не, — матлянуў галавой прыстаў. — Маці ягоная, народжаная Буевіч, каб выгадаваць ды вывучыць яго, мусіла выдаткаваць пасажныя грошы. Згалела… Шукала па суседзях капейчыну ўзяць дзеля вучобы сына. Надакучыла сваімі просьбамі… То тады змушана была пашлюбавацца з Кавальцом.
— Халопам?! — здзівіўся жандар.
— Кавалец са збяднелых аднадворцаў. Падчас чарговага складання рэвізскіх спісаў, не помню ўжо, у якім годзе, прыпісаны да мяшчан. Гэта і вывела яго са шляхотнага стану. Ну і шляхцянка, якая пабралася з недваранінам, адпаведна пазбаўляецца дваранства.
— Выходзіць, што Ўрбановіч бязродны-беспародны? — зіркнуў на прыстава Фогель.
— Уга. Толькі якраз тады Ўрбановічыха, пані Цэцыля, аўдавела. Ад гора ці ад якой іншай прымхі ўзяла і ўсынавіла Ежы. Не, і квас дрэнь, і гарэлка дрэнь… Што яны толькі падмешваюць у яе?
— А маці, Буевічыха? — распытваў Фогель. — Так і засталася сялянкай?
Распытваў Фогель не ад цікаўнасці. Належала рабіць хоць нешта, каб і спраўнік, і прыстаў не падумалі, што ўчарашняе — ісціна і ён насамрэч гатовы замахнуцца на святыню — імператарскі прастол.
— Гэта цёмная гісторыя. Кажуць, — стаў гаварыць прыстаў, — пані Цэцыля хацела ўзяць яе ў таварышкі, каб яна ў каталіцтва перайшла. Буевічыха не згадзілася…
— Пахвальна, пахвальна, — адгукнуўся спраўнік. — Ведаеце, панове, шмат будуць гаварыць пра рэлігійную талерантнасць у нашым краі, а калі глянуць гісторыю — то яна прасякнута рэлігійнай барацьбой. Тут Захад скрыжаваў мячы з Усходам. Хрысціянства ўнутры сябе ваявала…
Спраўнік таксама не ведаў, што рабіць. Выглядаў, быццам нічога асаблівага не адбылося. Пасядзелі, пагаварылі ўчора і забыліся, бо прыйшоў новы дзень з новымі клопатамі.
— Старэнькая маці Ежы Ўрбановіча жыва і дагэтуль, — працягваў свой расповед прыстаў. — У свой час яна нарадзіла новаму мужу дзіця, Ясіка Кавальца. Вось даўся гэты малец мне ў знакі.
— Выходзіць, Ясь — зводны брат пана аканома? — здзівіўся Фогель.
— Так. Задзірысты, скажу я вам, свет не бачыў. У пушчы гаспадаром сябе адчувае.
— Пагляджу, яны тут усе задзірлівыя… Учора той Артур, таксама Буевічавага роду, чаго толькі не казаў… — задуменна праказаў капітан Фогель. — Гэта ж гатовы польскі падбухторшчык. Вяжы — і наўпрост у Сібір.
— Мала таго, — казаў Вусаціха, — я ўпэўнены, што гэта ён на прычале агітацыю зладаваў.
— Дык чаго ж пан не арыштаваў яго? — глянуў на прыстава спраўнік.
— Вельмі яго арыштуеш. Уцёк… — скрывіўся прыстаў. — Каб мне хацелася, даўно яго арыштаваў бы… Ды тады са старым Буевічам разбірацца. Трэба мне гэта?
— Стары Буевіч надта страшны? — пацікавіўся Фогель.
— Ён у мяне ў прыяцелях ходзіць. Тут, у гэтым краі, служба такая. Рыхтык, як на Каўказе. Там кунакоў заводзяць, і тут куміцца належыць, — расшчыраваўся прыстаў. — Перад аднымі робім выгляд, што за цара-бацюхну паліцэйскую справу пільнуем, і сумленне не мучыць, што сваіх жа ў Сібір запраторваем, а перад другімі — па-людску жывём. Тут, васпане, вам не Расея, не.
— Мудрая палітыка, — згадзіўся жандар. — Так ты сто гадоў пражывеш.