— Давай з табой так дамовімся, — у гэтым самым сутарэнні прапанаваў мне маёр Гагарын. — Ты падрабязна расказваеш нам, вось на гэтай паперы вось гэтай асадкай пішаш пра тое, як твае старэйшыя… — ён памяў губу аб губу… — я хацеў сказаць: старэйшыя сябры, — але сябрамі іх назваць нельга, яны ворагі, нашы з табой ворагі, разумееш?.. як грамадзянін Сысой, браты Леднікі, Гарачы, Галушка, Клябанаў… хто там яшчэ?… ну, хто?..
— Болей нікога…
— Як нікога?.. А Воран?
— Дык ён…
— Што ён?.. Ну?.. Што ён?..
— Ён пазней прыйшоў…
— Куды пазней прыйшоў? Пазней за што?.. Чаго змоўк, га?.. Добра, пра гэта потым… Значыць, Сысой, браты Леднікі, Гарачы, Галушка, Клябанаў, Воран, які прыйшоў пазней, у змове з грамадзянінам ЗША… як яго?..
— Амерыканец…
— Зразумела, што амерыканец… Як яго?..
— Алік…
— Які ён Алік! Як яго зваць?
— Вы ж ведаеце…
— Ведаю! Але хачу, каб ты сказаў! Чым болей ты сам скажаш, тым для цябе самога лепей. Разумееш? Як яго зваць?
— Лі…
— Што: Лі? Лі — і ўсё?
— Харві. Лі Харві Освальд…
— Вось бачыш… Сказаў — і ўжо лепей… У змове з грамадзянінам Злучаных Штатаў Амерыкі Лі Харві Освальдам і грамадзянінам Канады… Ну, што маўчыш?
— А што казаць?
– Імя! У змове з грамадзянінам Амерыкі Лі Харві Освальдам і грамадзянінам Канады…
– Іх двое…
— Правільна, двое. Значыць, з грамадзянамі Канады… ну…
— Там толькі Джым быў. А Джон…
— Які Джым? Які Джон?
— Джым Калеснікаў. А Джон — Дак. Ён таксама пазней прыйшоў.
— З кім?
— З Воранам.
— Пазней з Воранам… Добра. Далей?
— Што далей?
— Далей што было?
— Нічога.