— З якіх ранейшых?.. — У ягоным разуменні, мусібыць, да белай эміграцыі з Расіі ніякіх эмігрантаў не было і быць не магло. — Ну ды разбярэмся… І вы, Джон, белы?
У Джона, які прыехаў з Канады ў беларускую кансерваторыю вучыцца граць на рускім баяне і зараз не цяміў, дзе ён знаходзіцца і што з ім адбываецца, маці была мурынкай, таму ні на белага эмігранта, ні проста на белага ён ніяк не выглядаў, але з капітанам згадзіўся:
— Белы. На баяне…
— Гэта потым! — перапыніў ягоныя спробы растлумачыць, што ён культурны чалавек і грае на белым баяне, капітан. — Найграешся на Калыме. — І Палкоўнік, успомніўшы, мусібыць, Эдзі Рознэра, хакнуў: “Ха!”
— На чым?.. — зморшчыў лоб, намагаючыся зразумець, на чым яму граць прапануюць, Джон, але капітан ужо перагарнуў паперку. — А вы… — павярнуўся ён да Віла, які выпадкова апынуўся на Круглай плошчы з Джонам і Джымам якраз у той момант, калі мы бампер адрывалі… — радыст?
— Не, — як нешта адчуўшы, не захацеў быць радыстам Віл. — Маё прозвішча Леднік. А радыстам мяне называюць, бо…
— Бо вы радыст! — лагічна заключыў капітан. — Хоць, можа быць, і Леднік. Вось жа тут, у паказаннях грамадзяніна Ворана, напісана: “… і зусім выпадкова з намі аказаўся Радыст з канадцамі”. Дык вы і з імі выпадкова аказаліся, і выпадкова з канадцамі, і выпадкова называецеся радыстам?..
Віл разгубіўся.
— Гэта мянушка… Вунь у яго, — ён паказаў на мяне, — мянушка Князь, хоць ён малы і непадобны… А ў мяне яшчэ адна ёсць: Віл… Мы, я і Воран, разам у школе вучыліся, дык у ёй… — і капітан рэзка перапыніў яго, твар у твар нахіліўшыся:
— У якой? Нямецкай, амерыканскай? ЦРУ? Ну!..
— У 42-й сярэдняй… — ледзьве прамямліў, насмерць не рады, што звязаўся з намі, Віл, а капітан, у вачах якога хай, можа, і не генеральскія, як на пагонах Аса, але ўсё ж зоркі засвяціліся, перакінуўся на Палкоўніка:
“І вы, грамадзянін Сысой Кім Іванавіч, аднойчы ўжо асуджаны за антысавецкую дзейнасць, таксама зусім выпадкова ў гэтай кампаніі?..”
У сутарэннях дома на рагу вуліцы Чырвонай з праспектам Леніна, на плошчы Якуба Коласа, у каменным, даволі вялікім пакоі анікога, апроч нас і капітана, не было. Допыт шпіёна амерыканскага і двух канадскіх шпіёнаў, радыста, антысаветчыка і яшчэ трох завербаваных агентаў, адзін з якіх хоць адстаўны і не зусім здаровы, але генерал авіяцыі, капітан вырашыў правесці без сведкаў — ці мала што?..
Цяжка сказаць, якія фантазіі блукалі ў ягонай галаве, калі, загадаўшы нам выстраіцца ўздоўж сцяны па росце, ён падыходзіў да кожнага блізка-блізка, ставаў твар у твар, доўга і пранізліва глядзеў вочы ў вочы, пасля адступаў паволі — спінай да процілеглай сцяны — і яшчэ раз узіраўся ў кожнага па чарзе: у Косцю, у Аса, у Віла, у абодвух канадцаў, у Амерыканца, у мяне і, нарэшце, у Палкоўніка, які стаяў апошнім, і які раптам сказаў капітану вочы ў вочы: “Слухай, у-ё-біш-ча! Ты арыштаваў таварыша Лі Гарві Освальда, першага сакратара камуністычнай партыі Злучаных Штатаў, якому сёння ўвечары ехаць у Маскву, каб заўтра ўраніцы сустракацца з першым сакратаром ЦК КПСС таварышам Хрушчовым. Падумай, што табе за гэта будзе”.
І ўсё, больш нічога не сказаў Палкоўнік. Мусібыць, вырашыў, што гэтага дастаткова, каб капітан спалохаўся і першага сакратара кампартыі ЗША разам з канадцамі і ўсімі намі адпусціў.
Капітан савецкай міліцыі глядзеў на маленькага, лядашчага антысаветчыка і прыкідваў, што яму рабіць?.. З аднаго боку — зоркі… пагоны… З іншага — калі б нешта, невядома, што, за ўсім гэтым не стаяла, ды так нахабна абазваць яго, начальніка, былы зэк не мог бы. Гэта маглі быць, канечне, і зэкаўскія панты, але ж быў і амерыканец, сапраўдны амерыканец, і канадцы, няхай адзін з іх белы, а другі чорны. Павагаўшыся, капітан усё ж забаяўся, але не так моцна, каб нас адпусціць, а роўна настолькі, каб дакласціся ў КДБ — і праз дзесяць хвілін па нас прыехалі. Гурыка сярод тых, хто прыехаў, не было…
Плошча Якуба Коласа, былая Камароўская
Дзе тое лета пачатку 60-х?.. Праз трыццаць гадоў, летам напачатку 90-х, у былым міліцэйскім пастарунку на плошчы Якуба Коласа, які стаў рэстаранам “На ростанях”, я сустрэў Асю.
Тварам да акна і спінай да залы яна сядзела адна за сталом — і я пазнаў яе са спіны. На яе плячах гарэў, рассыпаны па белай блузцы, пажар валасоў. Прытушаны, але пажар…
Я падышоў і, баючыся таго, што будзе, калі яна павернецца, павітаўся.
Плечы ўздрыгнулі, пажар хіснуўся — яна павярнулася. Глядзела, не пазнаючы, і я глядзеў, не пазнаючы, хоць ведаў, што гэта Ася. Бязлітасны час ні да чаго гэтак не бязлітасны, як да прыгажосці, і ні да каго ён не бязлітасны так, як да прыгажунь з гарачай, як кіпень, крывёй…
— Я пастарэла? — спытала яна, яшчэ не ўспомніўшы, хто я, і праз прастору ў трыццаць гадоў, праз час, у якім столькі ўсяго спласталася: жарсці, здрады, страты, смерці — пытанне гэтае было і самым банальным з усіх, якія магла яна задаць, і самым для яе важным.
Мая колішняя аднакурсніца, з якой я вучыўся ў электратэхнікуме сувязі, спраўляла дзень народзінаў. Я прыйшоў у рэстаран з лілеямі — з кветкамі, якія любіў, бо помніў, што іх любіла Ася, і ніякіх іншых кветак для мяне не існавала. Белыя лілеі я дарыў ёй аднойчы, стоячы на каленях, таму і цяпер не прыдумаў нічога іншага, як укленчыць… але тады я стаў на абодва калены, а цяпер на адно, на адно…
— Ася, не выходзь ні за Гурыка, ні за Косцю, я адзін цябе кахаю больш за ўсіх, і клянуся, што зраблю цябе шчаслівай, толькі ты пачакай… — падаў я ёй лілеі, якія яна, нахіліўшыся, абняла разам са мной, і хутка-хутка сляза з яе шчакі скацілася на маю шчаку: “А я цябе не пазнала, жыдоўка старая…”
“Хлопчык, ты яшчэ знойдзеш сваё каханне, а я для цябе жыдоўка старая… — сказала яна ў той дзень, калі выходзіла за Гурыка, і Косця выправіў мяне, каб я перадаў ёй, што ён пляваць на яе хацеў, посцілку гэбісцкую, во так, цьфу, але я нічога не перадаў, я прынёс ёй белыя лілеі, бо ведаў, што яна іх любіць, і папрасіў пачакаць, пакуль я змагу па законе з ёй ажаніцца… — і пры чым тут, дурненькі, закон?..”
“Ты бацьку ратуеш?..” — спытаў я тады, і яна адказала: “Усіх”.
“Ды падсцялілі яе пад Гурыка!” — махаў перада мной рукамі Віл. Рукі ягоныя, якімі ён цэмент грузіў, каб на джынсы зарабіць, былі з такімі мазалямі, што ён на далоні, як на цёрцы, моркву дзёр. “Хто падсцяліў?” “Жыды!”
Віл не быў антысемітам, ён быў братам карэспандэнта Усесаюзнага радыё, які нядаўна даў яму прачытаць кнігу пра тое, як габрэі заваёўваюць свет.
“У іх палітыка такая масонская: кожнага, хто ў органах, ва ўладзе, павязваць са сваімі. Вось Гурыка і павязалі! І пабачыш: высока ўзляціць, тут масоны пастараюцца”.
Ася дазволіла сабе толькі адну слязу…