— З пафарбаных слоікаў?.. У вас ёсць, — падазваў і спытаў я афіцыянта, — пафарбаваныя слоікі?
Той не зразумеў.
— Што?
— Слоікі, — паказала рукамі Ася. — Паўлітровыя пафарбаныя слоікі. Адзін жоўты і адзін… — яна вінавата зірнула на мяне…
— Сіні.
— Сініх сёння няма, — сказаў афіцыянт, які аказаўся з гумарам, што рэдкасць для афіцыянта. — А жоўтыя заўтра будуць. Будзеце чакаць?..
“Не, — не згадзіўся я чакаць, — я трыццаць год чакаў”, — на што афіцыянт сказаў: “Дык дзень туды, дзень сюды…”, — але пайшоў і вярнуўся хутка з шампанскім і двума бакаламі, абгорнутымі ў жоўтую і сінюю сурвэткі. — Так падыдзе?..”
Зусім як некалі, у кватэрцы Косці на Нямізе, падала з акна на стол вечаровае сонца, і мы паднялі рознакаляровыя бакалы з віном, кожны са сваім:
“За цябе”. “За цябе”. “За нас”. “За сустрэчу”. “За Саламона Майсеевіча”. “За Аса”. “За Палкоўніка”. “За Аліка”. “За Гурыка”. “За Косцю”. “За Нямігу”. “За калоны”. “За якія калоны?..” “Тэатра Юнага гледача”. “За калоны тэатра Юнага гледача”. “За Свіслач”. “За Мінск, у якім былі такія людзі”. “Чаму былі? Ёсць. За нашага афіцыянта”. “За Мінск, у якім ёсць такія людзі. Хоць ты не развітвайся і не з’язджай”. “А куды ты?..” “Туды, куды бацька не даехаў”. “У Ізраіль?” “Так, там нейкая цётка мая яшчэ жывая. Яна і раней клікала, але Гурык…” “Што Гурык?..” “Жонка генерала КДБ — і ў Ізраіль?” “А цяпер ты не жонка?” “Цяпер ён не генерал”. “А хто?” “Нябожчык”. “Чакай… Гурык памёр?..” “Не, але яго, як бы гэта сказаць… памёрлі”. “Як так?..” “А так, што адно наша ведамства на запыт аднаго амерыканскага ведамства афіцыйна адказала, што ён памёр”. “Чаму?” “Бо нейкі шпіён… карацей, знайшліся паперы. Копіі”. “Якія паперы?” “Па Аліку”. “Па якім Аліку?” “Па Амерыканцы. З іх вынікае, што Гурык рыхтаваў яго да забойства Кенэдзі”. “Глупства!” “Глупства, але праз гэта ў Гурыка і пайшла кар’ера. Пасля забойства яго амаль адразу перавялі ў Маскву, павысілі ў званні…” “Ды дурата!.. Яны, можа, выгляд хацелі зрабіць, што гэта іх работа. На ўсялякі выпадак”. “Можа быць. Але цяпер з амерыканскімі прэзідэнтамі цалуюцца, так што Гурык — генерал-нябожчык”. “І з табой едзе ў Ізраіль?” “Цябе і гэта цікавіць?” “А як ты думаеш?..” “А ты сам падумай: як нябожчык можа некуды ехаць?..”.
Афіцыянт падышоў:
— Яшчэ шампанскага?
Ася глянула на пустую бутэльку:
— Хутка мы….
— Пад размовы не заўважаем, — сказаў афіцыянт. — А пасля і размоў не помнім.
— Тады давайце, каб не помніць, — неяк адчайна рашылася Ася, і гэтак жа адчайна, як толькі прынёс і наліў афіцыянт шампанскае, выпіла і стала казаць, не перапыняючыся, нібыта баючыся, што, калі перапыніцца, дык не дагаворыць. — Я кахала Косцю, але не так, як Палкоўніка, якога любіла, разумееш, любіла, як, можа быць, Бога трэба любіць, ён адзін ведаў столькі, колькі ўсе, і адзін сярод усіх быў вольны ў той савецкай турме, тады, у той час не баяўся, роўных яму людзей я побач не бачыла, таму прыйшла да яго аднойчы пад ноч і сказала, што гатова аддаць яму, такая дурненькая была, гатова аддаць яму ўсё, што маю, а ён засмяяўся: “А што ў цябе ёсць, апроч пыткі?” — я ўпершыню слова такое пачула: пытка. “Дык яна ў любой лярвы ёсць, але што ж, даеш, дык вазьму, кладзіся…” — і я лягла, а ён сказаў, што яму некуды схадзіць трэба, пайшоў, я да раніцы чакала, мяне ўсю клапы скусалі, бо ў ягоным ложку, ды які там ложак, матрац падраны з падранай коўдрай на падлозе, можа, толькі скарпіёнаў не было, а ён недзе цягаўся ўсю ноч, вярнуўся п’яны і спытаў: “Ты што тут робіш?..” — і калі я паўтарыла, што ён для мяне, як Бог, і я гатова аддаць яму ўсё, што маю, закрычаў: “Ідзі Гурыку ўсё аддай, у-ё-біш-ча!..” — і выпіхнуў мяне, голую, у калідор, следам адзежу кінуўшы: “Гурыку!..” — і я ўся ў клапах, у блохах, у гнідах, у вошах, нават на лабку гэтыя вошы былі, хоць яны, кажуць, гэтак не перадаюцца, прыпёрлася раніцай да Гурыка і сказала, што згодная быць ягонай, калі ён абяцае, што бацьку адпусцяць і чапаць не будуць, і ён паабяцаў, і я заразіла яго тымі вошамі лабковымі, мандавошкамі, вось з чаго ў нас сумеснае жыццё пачалося, а бацька ў турме памёр, Гурык сказаў, што ўночы, дык хто ж вінаваты, і, можа быць, насамрэч ніхто, але я і адразу падумала на Гурыка, і потым, і цяпер думаю, што гэта ён памерці бацьку дапамог, бо не мог, канечне, бо хто ён такі, каб яго вызваліць, вось так я з ім жыццё і пражыла… ці, магчыма, не так ужо я пастарэла, нешта ў жыцці маім яшчэ можа быць, ці ўжо нічога быць не можа, як ты думаеш?..
Прамаўляючы ўсё гэта, яна сядзела роўна, нерухома, і рукі яе нерухома ляжалі на стале — далонь на далоні. Я нахіліўся і пацалаваў іх. Ася не торгнулася, не зрабіла выгляд, што ёй няёмка: прывыкла да таго, што ёй цалуюць рукі. Адну руку яна пакінула пад маімі губамі, другой пагладзіла па галаве:
— Хочаш, я ў Ізраіль цябе звязу, помніш, нам Віл расказваў… дарэчы, ён жывы?..
— Жывы…
— А Эдзік?
— Жывы.
— Дык яшчэ многа жывых? Біг? Гарык?.. Піля?
— Біг памёр, а Гарык і Піля жывыя. Многа яшчэ жывых…
— Дзякуй Богу… Дык помніш, як Віл, якому брат кніжкі антысеміцкія чытаць даваў, нам пра Ізраіль расказваў і расказваў, хоць там не быў, толькі з радыстамі нейкімі ізраільскімі звязваўся…
— Не з нейкімі. З міністрам…
— Так, з міністрам, я ўспомніла! І з каралём Кувэйта…
— Не Кувэйта, Іарданіі… З Хусэйнам.
— З Хусэйнам, так, і з Бары Галдуотэрам, гэтым, як яго…
— Сенатарам.
— Сенатарам-то сенатарам, але як яго ў нас тады называлі…
— Ястрабам.