Косця кінуў кулакі ўніз, расціснуў іх і бязвольна абсеў на крэсле…
Амерыканец, пэўна, таксама ведаў, што і тэлефон ягоны, і кватэру ягоную праслухоўваюць, таму паспрабаваў заспрачацца з Палкоўнікам: “Гэта амерыканскія газеты для натуральных патрэб, не савецкія”, — на што Палкоўнік заявіў, што ўсе газеты ва ўсім свеце выключна для натуральных патрэб, ні для чаго болей, а тут Ася сказала:
— Мой бацька не антысаветчык.
— Антысаветчык! — гнуў сваё Палкоўнік, які, прайшоўшы турму, ведаў, што такое людзі, і не меў да іх ні асаблівай павагі, ні спагады. — Хто ж яшчэ, калі не антысаветчык? Габрэй, значыць, антысаветчык. Быў бы напалову габрэй — быў бы напалову антысаветчык. Як я. А ён цалкам. І нават больш…
Ас, які, не скінуўшы шыняля з генеральскімі пагонамі, стаяў у дзвярах, нібы мы былі ўжо арыштаваныя, і ён на такім высокім, на генеральскім узроўні нас вартаваў, спытаў нечакана:
— Як можа быць больш, калі цалкам? Такога не можа быць.
— Не антысаветчык! — раптам коратка ўсхліпнула Ася. — Гэта ўсё праз мяне, гэта Гурык… старшы лейтэнант Ігар Гурковіч… — цвёрда прагаварыла яна ў столь, праглынуўшы ўсхліп… — калі бацьку яшчэ тады, за Леніна арыштавалі, сказаў, каб я падумала, з кім быць, з ім ці з Косцем, калі хачу…
Косця ўскочыў: “Што?!. Поскудзь!..” — і перакуліў, ускокваючы, шклянку з гарбатай, якую толькі што наліла Марына, на жывот Палкоўніку і ніжэй… а Палкоўнік нават не войкнуў, нібы нічога ў яго там, спераду, не было — гэтак у турме загартаваўся, толькі сказаў, порткі атрасаючы: “У-ё-бі-шча.”
— …каб бацьку адпусцілі і не чапалі, радню чэкіста чапаць не будуць, — здзівіўшыся з вытрымкі Палкоўніка і пасядзеўшы хвіліну з разяўленым ротам, дагаварыла Ася, а Палкоўнік зноў сказаў, хакнуўшы: “Ха! У-ё-бі-шча!” — і незразумела было, пра каго ён, пра Гурыка, ці пра Косцю, які таксама незразумела каго назваў поскуддзю: Гурыка ці Асю?
— Як больш, калі цалкам?.. — паўтарыў сваё пытанне Ас, адзіны, хто, мусіць, не ўцяміў нічога з таго, што зараз тут адбылося, а я стаяў каля акна, гледзячы з якога на павольную раку, на мост цераз яе і парк за ёю, на горад, што падымаўся ўверх ад парку, зайздросціў Аліку, які прыпёрся з Амерыкі — і адразу яму такую кватэру, якой мне ніколі не мець… ды гары яна гарам, кватэра, няхай прападае ўсё, бо, канечне ж, не Ася, а Гурык, увесь у бліскучых пагонах, поскудзь, і, канечне ж, ён, а не Косця “ўё-бі-шча”, толькі як такое можа быць?..
— Як можа быць больш, калі цалкам? — трэцім разам спытаў Ас, мазгі якога, і без таго звернутыя, на гэтым “цалкам” заклініла, а Марына паднялася і пачала прыбіраць са стала: “Выбачайце, тут не вар’ятня…”
Пазней, калі мы насамрэч апынуліся ў вар’ятні, я ўспомніў, што першай пра яе сказала менавіта Марына, якая толькі год пабыла за Амерыканцам, а ўжо паводзілася, як амерыканка, хоць я ні тады не ведаў, ні цяпер не ведаю, як яны ў такіх выпадках паводзяцца, амерыканцы…
Мы дык так сабе…
Аліку стала няёмка праз тое, што жонка ягоная гасцей ягоных пратурыла, і ён пайшоў нас праводзіць.
— Як мне ўсё гэта разумець?.. — спытаў, калі мы спусціліся ў двор і рушылі да Круглай плошчы, Палкоўнік, і калі Косця сказаў яму, што гэта быў спектакль для гэбістаў, уздыхнуў. — Тады квіткі трэба было прадаваць, прыдуркі… Ты, Ася, не цягайся з гэтымі ўбогімі, ты за Гурыка трымайся. Замуж за яго выходзь. Марына за Аліка, а ты за Гурыка, і яшчэ невядома, каму лепш будзе…
– І выйду! — раптам скочыла Ася ў аўтобус, мы якраз да аўтобуснага прыпынку выйшлі, і тут жа дзверы за ёй зачыніліся. Косця грукнуў у іх, ды без толку. Ася крыкнула кіроўцу, каб не адчыняў, і той, раз такая прыгажуня папрасіла, не адчыніў, паехаў, а Косця схапіўся за задні бампер і, з усіх сіл упіраючыся, трымаў аўтобус, які газаваў, газаваў, пакуль бампер… — за які ўжо ўчапіліся і Ас, і я, і Амерыканец, і, невядома скуль узяўшыся, Віл са сваімі сябрукамі, канадцамі Джымам і Джонам… — пакуль бампер са скрыгатам не адарваўся. Кіроўца заўважыў у люстэрку, што бампер адарвалі, прытармазіў, каб спыніцца, ды раптам Ас рвануўся ўслед за аўтобусам — і кіроўца, убачыўшы, што за ім гоніцца генерал з бамперам наперавес, вырашыў не звязвацца, халера з ім, з тым бамперам, і зноў газануў, звозячы Асю ад Косці да Гурыка… А ад Вечнага агню на Круглай плошчы, давячыся свістком, бег да нас паставы міліцыянт.
Пастарунак быў недалёка, на плошчы Якуба Коласа, таму нас не павезлі, а пагналі па Ленінскім праспекце, як палонных немцаў. Усе, нават Амерыканец з канадцамі, ішлі рукі за спіну, моўчкі, толькі Палкоўнік дабіваўся справядлівасці: грозна грукаў кавенькай, даводзячы, што ён не ўдзельнічаў, як пасля запісалі ў пратаколе, “у хуліганскіх дзеяннях па адрыванні задняга бампера гарадскога аўтобуса маршрута № 1”, — але яго ніхто не слухаў…
Калі б хто-небудзь мне сказаў, што праз гады ў пратаколе майго затрымання напішуць, што я ўдзельнічаў у хуліганскіх дзеяннях, якія выклікалі масавыя беспарадкі, і мне будзе пагражаць за гэта не 15 сутак, а пятнаццаць гадоў, я б падумаў, што чую такое ад куды большага вар’ята, чым Ас, які бяжыць і бяжыць у маёй памяці ад плошчы Перамогі да маста цераз Свіслач — і ветразем развяваецца ў прыцемках бліскуча чырвонае крысо ягонага генеральскага шыняля.
— Цікавая кампанія… — зрабіўшы націск і на першым, і на другім слове, задуменна сказаў, прачытаўшы нашы паказанні, міліцэйскі капітан, які, мусібыць, быў у той дзень у тым пастарунку за галоўнага. — І спытаў Аліка. — Лі Гарві Освальд?.. Вы сапраўды амерыканец?
Алік кіўнуў. Маўляў, так, амерыканец.
— Джым… Джон… хто з вас Джым? — перагартаў капітан паперкі, і Джым, як у арміі, ступіў крок наперад:
— Я!
— Канадзец?
— Канадзец!
Капітан зірнуў на яго ўважліва.
— А чаму прозвішча рускае? Калеснікаў…
— З рускіх эмігрантаў!
— Значыць, з белых?
— Не! З ранейшых!
Капітан не зразумеў.