— Пры мне былі.
— Не магло іх быць пры вас.
— Чаму?
— Бо іх не бывае.
— Па якой прычыне?
— Без прычыны. Не бывае — і ўсё!
— А хто бывае?..
— Лейтэнанты. Гурык вунь старшы…
Косця не служыў гэбістам, таму не ведаў, што пры Саламоне Майсеевічы старшыя маёры — два ромбы на пятліцах — усё ж былі, іх адмянілі ў 1943 годзе, зрабіўшы спачатку камісарамі, тры ромбы на пятліцах, а пасля генерал-маёрамі. Гурык у рэшце рэшт да генерал-маёра і даслужыўся.
Гурык, Ігар Гурковіч, вучыўся з Косцем Воранам у адной школе. Некалі яны хадзілі ў адзін клас, сядзелі за адной партай. Нават у войску разам служылі ў Нямеччыне. Ну, калі ў Нямеччыне савецкае войска стаяла… Але потым Косця Воран вывучыўся на скульптара, а Гурык — на гэбіста.
Я вучыўся ў электратэхнікуме сувязі, маладзейшы быў за іх на дзесяць гадоў, але гэтаксама, як і Косця з Гурыкам, быў закаханы ў Асю, толькі безнадзейна — і, можа, праз тую безнадзейную закаханасць, каб хоць неяк я суцешыўся, яны дазволілі мне сябраваць з імі. Я шчаслівіўся, што маю такіх сяброў, і сяброўствам з Гурыкам ганарыўся нават болей, чым сяброўствам с Косцем. Асабліва пасля таго, як убачыў Гурыка ў форме: увесь з бліскучымі пагонамі…
Было гэта на вуліцы Першамайскай у рэстаране “Лета”, які месціцца ў доме пры павароце на вуліцу тэрарыста Пуліхава. Калісьці Першамайская ад вуліцы Змітрака Бядулі да маста праз Свіслач і вуліца Ульянаўская ад гэтага маста да Чырвонаармейскай называліся вуліцай Вясёлай. Можа быць, праз тое і з’явіўся тут вясёлы рэстаран, які быў атабараны курсантамі і выпускнікамі вышэйшай школы Камітэта дзяржбяспекі.
На той час у Мінску ва ўсіх былі свае месцы для, як пазней сталі казаць, тусовак. Акторы збіраліся ў “мутным воку”, буфеце філармоніі, якую перанеслі з клуба імя Сталіна і якая пасля стала Домам мастацтваў, куды хадзіць акторам недалёка даводзілася: і беларускі Купалаўскі тэатр, і рускі тэатр Горкага, і Оперны, і тэатр Юнага гледача месціліся побач…
О, “мутнае вока!..” Гэты гул, гэты чад, гэты гам, у якім кожны чуе тое, што хоча чуць — найперш, зразумела, сябе. Тут кожны хоча сябе паказаць, бо не тут, не ў “мутным воку”, за сценамі ягонымі кожны з нас іншы, не той, кім ён напраўдзе ёсць — хоць на камсамольскім сходзе, хоць у спектаклі “Як гартавалася сталь”. Быць самім сабой нельга нідзе, а ў “мутным воку” можна — вось што цягнула сюды ўвечары, каб заставацца тут да ночы, а то й да раніцы, актораў.
Мастакі вечаравалі ці ў кавярні “Вясна”, бо і ў доме з кавярняй, і ў суседніх дамах былі іх майстэрні, ці ў цукерні “Ласунак”. Ад пачатку гэтая цукерня па-руску называлася “Лакомка” і была адзіным месцам у Мінску, дзе ў той час можна было выпіць не гарэлкі з віном, як у “Вясне”, а кавы, якую хоць і чэрпалі апалонікам з катла, але гэта была насамрэч кава… А вось чаму гэбісты аблюбавалі рэстаран “Лета”, ніхто як тады не ведаў, гэтак і цяпер не ведае. Косця Воран казаў: бо побач трамвайная лінія, можна вагоны падганяць — і адразу з “Лета” ў зіму, на Калыму, дзе Эдзі Рознэр восем гадоў граў у лагерах…
Так ён, Воран, і сказаў у той вечар, калі я ўбачыў Гурыка з бліскучымі пагонамі. Косця быў нападпітку і гучна гэта сказаў, на ўвесь рэстаран. Гэбісты там нешта спраўлялі, таксама былі не надта цвярозыя, накінуліся на Косцю. Не арыштоўваць, проста біць. Косця хоць і быў здаровы, але ж не супраць усіх… Мяне, як шчанюка, адкінулі, а Косцю — нагамі на падлозе… Вось тут Гурык і ўскочыў, вось тут ён мне і глянуўся, увесь у бліскучых пагонах: бутэльку аб стол — гах! “Стаяць! Усім — стаяць!..” І калі ўсе застылі, сплюнуў да Косці: “Вымятайся, сука, пакуль жывы…”
Ну, сукай ён Косцю абазваў так… бо трэба ж было, як я зразумеў, пры гэбістах сваіх нешта сказаць. А Косця мне на гэта кінуў: “Ні хрэна ты, шчанюк, не разумееш…”
— Ні хрэна ты не разумееш! — накінуўся Гурык на Косцю, калі Саламона Майсеевіча забралі ў другі раз і ўжо не выпусцілі ні праз дзень, ні праз тыдзень. — Жарты яму! Калі ён сваяк Леніну, дык хто тады Ленін?!.
— Скуль ты ведаеш, што ён сваяк? Хто табе сказаў? Хто?
— Ніхто! Ведаю!
— А хто Карл Маркс? — насядаў на Гурыка Косця. — Карл Маркс хто? Чаму ён можа быць, а Ленін…
— Не можа!
— Святы?
— Святы!
— А найпершы святы — хто?
— Хрыстос!
— Юда!..
І зноў яны загрудкі…
Тое, што біліся яны не праз Леніна і не праз Саламона Майсеевіча, не праз тое, што Гурык гэбіст, а Косця скульптар, і наогул не праз каго-небудзь ці праз што-небудзь іншае, а толькі праз Асю, я зразумеў пазней, калі спазнаў розніцу паміж летуценнай, лёгкай, няхай сабе і безнадзейна-безадказнай, юначай закаханасцю і пакутлівым, пякельным, дарослым каханнем.
Мне не падабалася, што Гурык і Косця б’юцца. Мне хацелася, каб яны сябравалі, і я пытаў Саламона Майсеевіча: што можна зрабіць, каб іх сяброўства не скончылася? Можа, Асю ўгаварыць выйсці замуж за абодвух?.. “Усё адно скончыцца, — сумна адказваў Саламон Майсеевіч. — Гурык пасадзіць Косцю — і скончыцца”.