Я пакуль не ведаю, што Якаў Барысавіч зратаваў Асю. У адным з пагромаў у мінскім гета Асіну маці застрэлілі на Юбілейнай плошчы. Саламона Майсеевіча ў той дзень, як заўсёды, пагналі на працу, а Якаў Барысавіч, у пагроме ўцалеўшы, прыбіраў забітых. Ён і знайшоў Асю, якую накрыла сабой яе маці. Ася амаль не дыхала. Якаў Барысавіч паклаў яе разам з маці на вазок і, не ведаючы, што рабіць, бо карнікі і дзяцей дабівалі, пацягнуў вазок да габрэйскіх могілкаў. Там, за агароджай, стаяла жанчына, з якой ён быў знаёмы. Звалі яе Вера Леанардаўна, яна працавала ў дзіцячым доме, і Якаў Барысавіч скінуў Асю з вазка пад агароджу… Пасля вайны ў тым дзіцячым доме, дзе працавала тая жанчына, Ася і знайшлася…
Раздумаўшы ставіць ятку на месцы, дзе высіўся некалі помнік бітве на Нямізе, Саламон Майсеевіч ідзе з Якавам Барысавічам туды, дзе той жыве, бо яны даўно, з учора, не бачыліся — і ёсць ім пра што паразмаўляць сам-насам, без мяне, бо што я ведаю?..
Я нават не ведаю, як яны самі ў гета зратаваліся. Ас распавядае гісторыю пра маладую габрэйку, якую звалі Ліна. Яна была прыгажуня, гуляла з тымі, каго габрэі называлі газлонім, бандыты. Усе лічылі яе прастытуткай. “А Ліна была савецкай разведчыцай і працавала на аэрадроме!” — кажа Ас так, нібы савецкай разведчыцай прастытутка неяк яшчэ можа быць, але на аэрадроме працаваць ніяк не можа. — І была звязаная з партызанамі, да якіх вывела з гета амаль трыццаць чалавек — сярод іх і Саламона Майсеевіча з Якавам Барысавічам”.
Калі б на тым Ас спыняўся, дык гісторыя была б праўдападобная. Але Ас не спыняўся, расказваў, як з Крыма, у небе над якім ён ваяваў, яго выклікаў Сталін і загадаў ляцець у Мінск, каб забраць разведчыцу, якой удалося займець сакрэтныя дакументы, нядаўна падпісаныя Гітлерам: новы план вайны. “Ляці, сокал!” — сказаў Сталін, і Ас пераляцеў лінію фронта, сеў на аэрадроме ў Мінску і забраў разведчыцу Ліну, якую Саламон Майсеевіч з Якавам Барысавічам прыкрывалі агнём, пакуль яна бегла да самалёта. “Азохэн вэй!” — заўсёды ўсклікваў у гэтым месцы аповеду Саламон Майсеевіч і наліваў Асу газіроўкі з сіропам…
Калі ад месца, дзе некалі помнік бітве на Нямізе стаяў, падняцца ўверх па вуліцы Калектарнай, дык можна выйсці якраз да габрэйскіх могілкаў, дзе ляжыць Асіна маці, і куды некалькі разоў я хадзіў з Асяй, але зараз я адзін — і што мне там рабіць? Таму, пастаяўшы на месцы помніка, я паварочваю назад, іду па Нямізе проста для таго, каб па ёй ісці.
Старая Няміга — нават не вуліца, а даўжэзны калідор вялізнай камунальнай кватэры. Справа і злева — драўляныя і жалезныя, каваныя брамы і брамкі, што вядуцьу двары і дворыкі, у якія проста так не зойдзеш, бо нехта, седзячы пры керагазе ці дыван выбіваючы, абавязкова спытае: “А вы да каго будзеце?..” “Да Косці Ворана…” “Косця-я-я!.. — адразу ж прагалёкае на ўвесь двор, на ўсю Нямігу той, хто спытаў. — Шпэндрык да цябе нейкі!..” — і зноў зоймецца керагазам ці дываном, залаты пыл з яго выбіваючы, і нават не спрабуй даводзіць некаму ў тым пыле, што ты не шпэндрык. Не ведаюць цябе на Нямізе, значыць, шпэндрык.
А пад вуліцай Нямігай бяжыць Няміга-рака… Хоць і схаваная ў трубу, але тая самая, бітве на якой — помнік. Не толькі той, каменны, які знеслі. Ёсць помнікі, якія не знясеш. Не каменныя. “Нямізе крывавы брэзе не балагам бяхуць пасеяны, пасеяны касцьмі…”
Косця кажа, што зусім не на Мінскай Нямізе была тая бітва, бо не было тут за што і каму біцца. І што ўвогуле не б’юцца на рэках даўжынёю ў тры вярсты. Можа, яно і так, але, давяраючы Ворану ва ўсім, у гэтым я не веру яму. Біцца заўсёды ёсць за што і ёсць каму ў любым месцы. А тым больш на Нямізе…
На Нямізе, на гаўбцы, скошана навіслым над вуліцай, я ўпершыню ўбачыў Асю. Ускінуўшы рукі, стрункаю цягнучыся ўвышыню, яна стаяла ў белай сукенцы, на якой золатам плавіўся пажар яе валасоў, і, здавалася, над Нямігай, якая была і вуліцай, і ракой, плыла ў нябёсах разам з асветленымі вечаровым сонцам аблачынамі… Я забыўся, куды і па што іду лабірынтамі Нямігі, стаяў аслупянела, як пыл у дворыку, пакуль яна не апусціла адну руку на парэнчы гаўбца і не ўзмахнула другой рукой уздоўж вуліцы, у мой бок — я падумаў: мне! Сэрца ўдарыла пад горла, ёкнула і ўпала, але з-за спіны маёй імклівым, пругкім крокам вымкнуў нехта, хто быў вышэйшы за мяне, мацнейшы, прыгажэйшы — і, вымыкаючы з-за маёй спіны, ён адной рукой, у якой нёс скручаны ліст ватману, прыабняў мяне за плечы, а другую руку, у якой было шампанскае, ускінуў і крыкнуў: “Стань маёй — і горад гэты я кіну да ног тваіх!..”
Шампанскае, з корка якога загадзя была скручаная драціна, пеніста стрэліла ўгору — у нябёсы, адкуль рассыпаўся смех, нібы кінулі адтуль жменю срэбных манет…
Так я пазнаёміўся з Асяй, якая жыла ў нябёсах, і з Косцем, які жыў на зямлі. А заадно і з Гурыкам, які жыў паміж Косцем і Асяй, паміж зямлёю і небам, паміж усімі і ўсім… Ну, так, як жывуць гэбісты.
Як я ні ўпіраўся, Косця, які зразумеў, што я сканаю, калі зблізку не ўбачу тое, з чаго аслупянеў здаля, зацягнуў мяне на сваю галубятню, якая была і ягонай майстэрняй, і кватэрай, дзверы ў якую амаль ніколі не замыкаліся, і, калі гаспадара не было дома, госці ягоныя не чакалі ў парозе. Гэтым разам, апроч Асі, не чакаў гаспадара ў парозе і Гурык, які ў куце, адгароджаным кавалкам фанеры пад кухню, гатаваў каву, і сказаў, як толькі Воран ўпіхнуў мяне ў дзверы: “Стаўшы тваёй, яна варонай стане”.
— Няміга можа не стаць Нямігай, — кінуў Косця на канапу скручаны ліст ватману і ў рознакаляровыя, пафарбаваныя слоікі, што стаялі на заваленым кнігамі і малюнкамі стале, пачаў разліваць шампанскае. — Чуць не хочуць пра рэканструкцыю. Знесці ўсё збіраюцца, магістраль ім патрэбная. “Мы разгладзім старыя маршчыны!..” — перадражніў ён некага. — Ды д’ябла ім лысага! Хрушчоў прыязджае, да Хрушчова прарвемся! Калі ў Маскве перамены, чаму ў Мінску без перамен?..
— Якія перамены?.. — прамуркаў Гурык, асцярожна несучы кубачак кавы на гаўбец. — Што на што мяняюць?.. — паставіў ён кубачак перад Асяй, якая з гаўбца спытала: “Косця, а што на што ў Менску мянялі?..” — і Косця даціснуў з бутэлькі апошнія кроплі шампанскага: “Шыла на мыла”.
Назва Менск, даводзіў Косця, паходзіць не ад славянскіх слоў мяняць ці мена, а ад лацінскага, якое перайшло да балтаў, гэта значыць, да нас, слова menkas, што азначае мелкі, маленькі. Таму і мелкую рэчку назвалі некалі Менкай, і заснаванае на ёй паселішча — Менскам. І было гэта не тут, дзе сённяшні Мінск, а за 15 вёрст адсюль на захад, дзе тая Менка цячэ…
“Вось з таго часу, — сказаў Гурык, — у Менску без перамен…” “Пара вершы слухаць! — дапіла каву і ступіла з гаўбца Ася, толькі тут, нарэшце, убачыўшы мяне, лысага, сёння з раніцы пад шар пастрыжанага. — А гэта хто?..” “Паэт, — нібы падцягнуў мяне да сябе ўчэпістым позіркам Гурык. — У заклад, што паэт…” “Скуль ты ведаеш?” — спытала Ася, прашумеўшы белай шоўкавай сукенкай, праплыўшы белым пахам ландышаў, і Гурык адказаў, кінуўшыся дзверы перад ёй адчыняць: “Па вушах бачу”. “Па вушах? Якія ў яго вушы?” “Зрыфмаваныя”. “А шампанскае? — вярнуў іх Косця, і яны паднялі слоікі: Косця зялёны, Ася жоўты, Гурык чырвоны… — Гэта ўнук Хрушчова, — падаў мне, скамянела-лысаму, сіні слоік Косця. — Так што глядзі, Гурык… За перамены!..”
Было лета, з вуліцы пахла ліпамі і нагрэтай чарапіцай, шырока біла ў акно сонца, рознакаляровым святлом насычаючы ў слоіках, нібы ў кожным рознае, у каго якое, віно, і я, аслупянелы, але такі шчаслівы, якім ні раней не быў, ні потым, упершыню ў жыцці п’ю шампанскае, і мне ўсміхаецца найпершая ў Мінску прыгажуня, і са мной, з падшыванцам, як з роўным, выпіваюць найпершыя ў Мінску хлопцы… і я дасюль, як толькі падыходжу да светлафора, на якім міргаюць зялёны, жоўты і чырвоны колеры, згадваю тое рознакаляровае шампанскае, той дзень, тое лета, тое сонца, тое свята, тое жыццё… і слупянею… і мяне ніводнага разу не аштрафавалі за парушэнне правілаў пераходу вуліцы… бо як перайсці тую вуліцу, якой няма?..
У любым месцы ёсць за што і ёсць каму біцца.
Вуліца Энгельса, колішняя Дамініканская, былая Петрапаўлаўская
У павольнай плыні Мінскага жыцця пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя бывалі і ўсплёскі. Двойчы на тыдзень, вечарамі, Косця Воран падымаўся ўвесь у белым на прыступкі тэатра Юнага гледача, ставаў, як патрыцый, паміж псеўдаантычнымі калонамі, азіраў вольных менчукоў, што сабраліся ўнізе, і абрушваў на іх густы, быццам гул на званарні, голас.
— Кожны горад, які хоча застацца ў вечнасці, павінен мець свайго гарадскога вар’ята! У Афінах — Сакрат, у нас — Ас! У Рыме ўсе былі ненармальнымі, таму ён і вечны горад! Дагонім Рым па вечнасці! Першым даганяе Гарык Клябанаў…
На прыступкі таэтра Юнага гледача ўскокваў рэдкавалосы, кораткастрыжаны, каб не надта заўважным было рэдкавалоссе, хударлявы юнак з гітарай і па-беларуску пачынаў спяваць тое, што ўсе звыклі слухаць па-руску:
Гарык Клябанаў і ў нашай кампаніі, і ў Мінску, і ва ўсёй Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы быў першы, хто песні рускіх бардаў заспяваў па-беларуску — і спяваў ён так, што камісары, якія схілялі над ім галовы, былі падобныя не на тых, перацягнутых кулямётнымі стужкамі, людзей у скуранках, якіх паказвалі ў фільмах пра Грамадзянскую вайну, а на касіянераў Каліноўскага.
Вечарамі на прыступках тэатра Юнага гледача спяваліся песні і чыталіся вершы. Ас у шынялі з пагонамі генерал-маёра авіяцыі стаяў сярод бардаў і паэтаў, Гурык у цывільным — насупраць. Апроч Гурыка, сноўдалі сярод вольных менчукоў яшчэ з дзясятак ягоных калег. Яны ўчэпіста ўзіраліся і ў тых, хто чытаў і спяваў, даганяючы Рым па вечнасці, і ў тых, хто слухаў, не даганяючы.
— ускідваў руку ў фінальным жэсце цыбаты, прыхарошаны ў мадняцкую вадалазку і шыракаплечы пінжак, паэт, і незразумела як і з чаго ад гэтых радкоў пра паўсталага рымскага раба павявала з-за псеўдаантычных калонаў тэатра скразняком крамолы… А ўжо ад верша не пра раба, а пра маршала — і не пра рымскага — цягнула сіберам.
— сціскаючы ўскінутыя ўгору кулачкі, крычаў так, што рэха тузалася ў калонах, пасляваеннага вырабу хлапчук, і ніхто не мог зразумець, чаму маніў маршал менавіта трыста тысяч разоў?..
— Час прабіў! — ускінуў, паўтараючы жэст хлапчука, кулакі ўгору Ас, як толькі хлапчук дачытаў верш пра маршала. — Ваш час, Палкоўнік!
Палкоўнік падняўся і стаў побач з Асам.
Вершы Палкоўнік не чытаў і песні не спяваў, але на прыступкі тэатра Юнага гледача, каб нешта сказаць, падымаўся. І калі ён падымаўся, каб нешта сказаць, дык тое, што ён казаў, больш за вершы з песнямі напружвала і вольных менчукоў, і Гурыка з дзясяткам ягоных калег у цывільным.
— Трыста тысяч!.. Вас тут і трохсот не набярэцца, а там — трыста тысяч! Трыста тысяч салдацікаў паклаў маршал Жукаў па загадзе генералісімуса Сталіна пры штурме Берліна вясной сорак пятага года! Трыццаць тысяч іх палягло ў адзін дзень на Зеелаўскіх вышынях! Штурм нічога не вырашаў, Берлін быў абкружаны! Дык дзеля чаго кінулі на смерць столькі людзей? Якія маглі вярнуцца з вайны, будаваць дамы, гадаваць дзяцей! Толькі дзеля таго, каб не амерыканскія, а савецкія войскі першымі ўвайшлі ў Берлін! Толькі дзеля задавальнення сталінскай фанабэрыі! А хто палёг на Зеелаўскіх вышынях? Мінскія хлопчыкі, мабілізаваныя на фронт пад самы канец вайны! Таму Мінск — вечны горад загубленых геніяў!..