Вышэйшым за нас Амерыканец не выглядаў ні ў якім сэнсе, але што ж… Гарык у адрозненне ад Гурыка, які быў гэбістам, быў паэтам і любімцам Палкоўніка. Ці, калі па прыярытэтах, дык наадварот: любімцам Палкоўніка і паэтам. І яшчэ уфолагам, хоць слова гэткага ў той час мы не ведалі. Гарык першым і ў нашай кампаніі, і ў Мінску, і ва ўсёй Беларускай Савецкай Сацыялістычный Рэспубліцы дазнаўся, што ёсць дзіва яшчэ большае, чым джынсы: НЛА. Неапазнаныя лятаючыя талеркі.
Таямніцу гэтую ён адкрыў нам не дзе-небудзь, а ў найадпаведным для гэтага месцы: у нацыянальнай бібліятэцы. У “ленінцы”, як яе ўсе называлі, бо, канечне ж, галоўная бібліятэка БССР, як і галоўная плошча, і галоўны праспект, і галоўная вуліца павінны былі насіць і насіла імя сваяка Саламона Майсеевіча.
У “ленінцы” мы збіраліся нават часцей, чым у кавярні, абмяркоўваючы ўсё, што прачыталі. Знаёмыя бібліятэкаркі прыносілі нам кнігі нават з тых сховішчаў, адкуль іх нельга было браць без адпаведнага дазволу. Дзяўчаты рызыкавалі, але што ж: за гэта яны цалаваліся з Вілам, Бігам, Пілям, Гарыкам — стылягамі, найпершымі хлопцамі Мінску.
— Хто ведае Алена Хайнэка? — спытаў Гарык на чарговай нашай сходцы ў ленінцы.
Ніхто не ведаў.
– І пра Леанарда Стрынгфілда не чулі?..
Не чуў ніхто.
— А пра што яны пішуць? — пацікавіўся Біг, мяркуючы, як, зрэшты, і ўсе мы, што Хайнэк са Стрынгфілдам — літаратары кшталту Агаты Крысці, кнігу якой выкапалі Біг з Вілам у замежным аддзеле ленінкі, пераклалі, перадрукавалі на машынцы і яна, тая кніга, хадзіла ў Мінску па руках разам з пастэрнакаўскім “Доктарам Жывагам”, ахматаўскай паэмай “Рэквіем”, апавяданнямі Салжаніцына…
— Пра лятаючыя талеркі яны пішуць, — дастаў Гарык з кішэні пакамечаную газету. — Мне кружэлку нядаўна з Амерыкі даслалі, у гэтую газету загорнутую… Дзіўна ўвогуле: газету як газету перасылаць нельга, а калі ў яе загарнуць нешта — можна… Дык вось слухайце… Загаловак: “Прэзідэнта Кенэдзі забілі іншапланецяне!” Нішто сабе?.. І далей тэкст амаль на дзве паласы, я ўсё не буду перакладаць… “Ад першага дня свайго знаходжання ў Белым Доме Ліндан Джонсан, на якога пасля трагедыі ў Даласе былі ўскладзеныя абавязкі прэзідэнта, распачаў актыўную і даволі дзіўную дзейнасць. Пятага снежня ён сустрэўся з Бары Галдуотэрам, сенатарам ад штата Арызона, былым генералам ваенна-паветраных сіл, куратарам звышсакрэтных праектаў Пентагона. Праз дзень пасля сустрэчы Галдуотэр выпраўляецца ў сваю штаб-кватэру ў Арызону, у пустэчах якой над базамі ВПС адразу ж назіраецца ўсплёск актыўнасці лятаючых талерак: 9 снежня — Чайна-Лэйк, 15 снежня — Нагалес і Бісбі, 18 снежня — Рыа-Грандэ. Пад канец снежня разведупраўленне міністэрства абароны (РУМА) атрымлівае калядны падарунак: 200 мільёнаў даляраў дадатковых асігнаванняў “на мэты, звязаныя з новымі касмічнымі аб’ектамі”.
Якімі “новымі”? Неапазнанымі?..
Як вынікае з нядаўна надрукаваных дакументаў, прысвечаных дзейнасці таямнічай групы “Маджэстык-12”, хросным бацькам якой быў прэзідэнт Гары Трумэн і ў якую, апроч вярхоўкі амерыканскай уладнай эліты, уваходзілі іншапланецяне, Джон Кенэдзі меў намеры рассакрэціць усё, што звязана з НЛА. Ён лічыў, што грамадзяне Злучаных Штатаў Амерыкі прымуць факт іншапланетнай прысутнасці без страху і панікі, што народ у любым выпадку мае права ведаць праўду. Але так лічылі не ўсе, у тым ліку самі іншапланецяне, якімі, альбо па настойлівым патрабаванні якіх, прэзідэнт Кенэдзі і быў забіты. Прычым, не толькі ён сам, але і ўсе тыя, хто праз яго быў далучаны да іншапланетнай таямніцы: ягоны брат, міністр юстыцыі Роберт Кенэдзі, ягоная палюбоўніца акторка Мэрылін Манро, міністр абароны пры прэзідэнце Трумэне… і далей, — Гарык прагартаў газету, — пералік знішчаных людзей, пасля чаго самае цікавае… Калі ў ЗША быў запрошаны савецкі лідар Мікіта Хрушчоў, на здымках фільма “Канкан” у Галівудзе яго пазнаёмілі з Мэрылін Манро, праз якую падчас іх кароткага, але бурнага рамана, Хрушчову наўмысна была перададзеная інфармацыя пра кантакты з НЛА ды іншапланецянамі. Вярнуўшыся ў СССР, Хрушчоў загадаў пашырыць сакрэтныя даследванні ў гэтым накірунку, збіраючыся, як і Кенэдзі, сказаць праўду народу, таму лагічна чакаць, што менавіта ён неўзабаве папоўніць прыведзены спіс” — склаў газету Гурык. — Ну, як вам гэта?..
Усе агаломшана маўчалі. Дапусціць, што ў газеце, няхай амерыканскай, напісана няпраўда, мы, няхай стылягі, але стылягі савецкія, не маглі. Бо газета — не кніга, не дэтэктыў Агаты Крысці.
Амерыканец — іншапланецянін? Ён, канечне, дзіўнаваты быў, не без таго, але… Але ўсё адно выходзіла, што ў СССР яго паслалі, каб ён забіў Першага сакратара ЦК КПСС, Старшыню Савета Міністраў СССР Мікіту Сяргеевіча Хрушчова, які, сказаўшы народу праўду пра культ асобы, збіраўся сказаць праўду пра іншапланецян. Тады чаму ўсё ж ён забіў не Хрушчова, а Кенэдзі? Хоць мусіў забіць абодвух. Хрушчоў раздумаў праўду казаць?..
— А памятаеце, — перапыніў нашыя сутаргавыя развагі Гарык, — як Палкоўнік пры першай сустрэчы спытаўся ў Аліка, чаго ён з Амерыкі да нас прыпёрся? І што той адказаў, памятаеце?.. “З чаго вы ўзялі, — ён спытаў, — што я з Амерыкі? Я не з Амерыкі зусім…” Хоць пасля ўжо казаў, што з Амерыкі… Ну, што вы пра ўсё гэта думаеце?
— Перш чым думаць, трэба падумаць, — сказаў Косця Воран, і ніхто ў яго не запытаў, што гэта ён сказаў, з чаго вынікала: аніякіх думак наконт гэтага ані ў каго з нас няма.
Вуліца Няміга, былая рака
Жыццё ў Мінску цякло ціхае, павольнае, як вада ў Свіслачы. Косця Воран казаў: “І гэткае ж мелкае! Мястэчка габрэйскае, а не горад!..” — на што Саламон Майсеевіч толькі ўздыхаў самотна: “Каб жа яно было, габрэйскае мястэчка…”
Косця жыў непадалёк ад былой яткі, у якой цяпер круціў кранікі Саламон Майсеевіч. На Нямізе, на гарышчы трохпавярховага дома Косця меў больш падобны на галубятню, чым на чалавечае жытло, пакой з гаўбцом, які скошана навісаў над вулачкай, парыпваў над ёй, нібы збіраўся вось-вось абрынуцца сам па сабе, а на ім таўклося іншым разам паўтузіна людзей — і ён не падаў. Няміга тады не была яшчэ зруйнаваная, і ў яе лабірынтных, саміх у сабе заблытаных дворыках, у якія старонняму чалавеку можна было забрысці і не выйсці, слупамі стаяў сонечны пыл, прывідна лунала тое, па чым, мусібыць, і ўздыхаў самотна Саламон Майсеевіч.
Мне здаецца, што я чую ягоныя ўздыхі, мне мроіцца, нібы йдзем мы з ім у тым залатым пыле па той, яшчэ старой, Нямізе, шукаючы месца, на якое найлепш перанесці ятку, калі старшыня Мінгарвыканкама таварыш Шарапаў дазволіць яе перанесці.
— Ты ведаеш, — раптам спыняецца Саламон Майсеевіч, — чаму я хачу, каб ятка стаяла менавіта на Нямізе, а не дзе-небудзь яшчэ? — І тлумачыць, не чакаючы майго адказу. — Бо ўсе ведаюць, што на Нямізе — гэта на Нямізе. А калі дзе-небудзь на Кастрычніцкай ці на Гастэла, дык кожны другі перапытае: гэта дзе? На Лекерта?
— А дзе гэта на Лекерта? — пытаю я, і Саламон Майсеевіч кажа:
— Дык на Кастрычніцкай ці на Гастэла.
Я намагаюся ўцяміць, як такое можа быць, каб “на Лекерта” было адразу і на Кастрычніцкай, і на Гастэла, па розныя бакі Нямігі, але ўцяміць не магу, бо Косця Воран яшчэ не распавёў мне, што імем Гіршы Лекерта, які няўдала замахнуўся некалі на жыццё Віленскага генерал-губернатара фон Валя, называлася ў Мінску спачатку адна вуліца, цяперашняя Кастрычніцкая, колішняя Ніжне-Ляхаўская, а пасля другая, цяперашняя Гастэлы, колішняя Правіянцкая. Не ведаю я пакуль і пра тое, што імем гэтага шаўца-тэрарыста не толькі вуліцы ў Мінску называліся, але і помнік яму стаяў, і не дзе-небудзь “на Лекерта”, а на пляцы Волі, і не на спуску да Нямігі, дзе мясцілася ятка Саламона Майсеевіча, а ў цэнтры — на месцы помніка імператару Аляксандру ІІ. Косця Воран яшчэ не сказаў мне, што дарма я гэтак замілоўваюся Мінскам, бо ціхі, правінцыйны Мінск — любімы горад бандытаў і тэрарыстаў: ад Лекерта з Пуліхававым да Лі Гарві Освальда.
Я пра многае пакуль не ведаю… І нават не ўяўляю, што дажыву да часоў, калі з’явяцца ў Мінску новыя тэрарысты — і выбухне бомба ў метро. Дый як можна ўявіць такое, калі яшчэ няма метро ў Мінску?
З пляца Волі, дзе Саламон Майсеевіч паказвае мне месца, на якім стаяў спачатку помнік імператару, а потым тэрарысту, мы ідзем па вуліцы Рэвалюцыйнай, былой Койданаўскай, паўз колішні дом Мінскага віцэ-губернатара, банкірскую кантору Ліўшыца і хірургічную лякарню Шапіры, гатэлі “Нова-Варшава” і “Лівадыя”; ідзем паўз дзве камяніцы былога Інбелкульта, Інстытута беларускай культуры, у адной з якіх працаваў брат Саламона Майсеевіча Ізя, а ў другой, пазней, калі Інбелкульт ператварыўся ў Беларускую акадэмію навук і перабраўся ў дом на рагу вуліц Леніна і Кірава, размясціўся следчы ізалятар НКУС, Народнага камісарыята ўнутраных спраў, куды 17 лістапада 1937 года брата Саламона Майсеевіча Ізю забралі і невядома дзе падзелі, і, нарэшце, Саламон Майсеевіч прыпыняецца насупраць колішняга дома Залкінда, на вокны якога любіць ён хвілінку-другую паглядзець ды сёе-тое паўспамінаць. Калісьці ў доме гэтым мясцілася прыватная жаночая гімназія мадам Рэйман, дзе ў класе Алексютовіча, знакамітага балетмайстара, вучылася Сонечка Лямпель — будучая маці Асі…
— Ой… ёй-ёй… ёй-ёй-ёй, як яна танчыла… — тройчы ўздыхае Саламон Майсеевіч і доўга маўчыць. Пасля кажа ціха, неяк недаўменна: — Ізю — камуністы, Соню — фашысты… — і зноў маўчыць, пакуль зноў не выходзім мы на Нямігу, дзе ён пытае. — А ведаеш, як немцы ў час вайны Нямігу называлі?.. Хаімштрасе… Мы тут жылі, на Нямізе, а яны зрабілі тут гета на Хаімштрасе, забілі маю Соню, асірацілі маю Асю… А цяпер ятку зносяць, — сканчае ён, нібы забыўшыся, што тых немцаў, якія Нямігу Хаімштрасе называлі, у Мінску даўно няма. — І Нямігу знясуць, пабачыш. Як знеслі помнік бітве на Нямізе: вось тут ён стаяў, дзе зараз мы стаім — на пустым месцы… Можа, сюды ятку перанесці, калі таварыш Шарапаў дазволіць?.. Каб месца такое не было пустое.
Чамусьці я ўпэўнены, што ятку перанесці Саламону Майсеевічу не дазволіць ніхто і нікуды, але казаць пра гэта яму не хачу, ды ён пра гэта мяне й не пытае, вітаючыся з чалавекам у чорным гарнітуры, у акулярах і з газетай пад пахай:
— Дзень добры, Яша, як жывеш, куды йдзеш, ты таварыша Шарапава ведаеш?..
Я пакуль не ведаю, што Яша, Якаў Барысавіч Мельцэрзон, выкладае фізіку ў 42-й школе на вуліцы Камсамольскай, дзе вучылася Ася і дзе раней, да рэвалюцыі, калі Камсамольская называлася Багадзельнай, а перад тым — Феліцыянскай, была на месцы школы прыватная чатырохкласная габрэйская жаночая гімназія мадам Лявідавай-Нейфах, якую скончыла цётка Асі, сястра Саламона Майсеевіча прыгажуня Ада, у час вайны павешаная ў гестапа на вуліцы Ракаўскай, якая ў савецкія часы стала вуліцай Астроўскага, дзе жыве цяпер Якаў Барысавіч. І не ведаю я пакуль пра тое, што ўжо ад пачатку вуліцы Астроўскага ў вокнах дома № 7, таго самага, дзе мясцілася гестапа, відаць было, як Ада і яшчэ чатары чалавекі, разам з ёю павешаныя, вісяць… Яны некалькі дзён віселі, і кожны дзень Саламон Майсеевіч бачыў сястру, калі яго вялі з гета на працу і пасля працы ў гета.
— Туды іду, дзе жыву, а Шарапава не ведаю, — адказвае Саламону Майсеевічу Якаў Барысавіч, у якога, апроч Асі, вучыліся і Косця Воран, і Ігар Гурковіч, і шмат хто яшчэ, але на фізіка вывучыўся толькі Жарэс Алфёраў, які стаў доктарам навук і нават Нобелеўскім лаўрэатам, хоць быў стылягам, насіў порткі-дудачкі ды стракатую кашулю з малпамі.