І вось падышлі некаторыя з добрых анёлаў, з шырокімі плячыма й дужымі рукамі й кулакамі, як у мясьніка, і пастанавіліся каля мяне. Але Бог кіўнуў ім, каб адышліся ўбок, і спытаўся ў мяне: І многа такіх супярэчнасьцяў ты бачыш, Агасфэр?
І я глыбока пакланіўся і сказаў: О так, Госпадзе, іх шмат, і яны як соль у кашы й як дрожджы ў цесьце, і душа нашага гешэфту, Твайго й майго.
І Бог сказаў: Я стварыў цябе на другі дзень, і ня з пылу, як чалавека, а з агню й подыху бясконцасьці. Але гэта зусім не дае табе права на тваё жыдоўскае нахабства.
А я сказаў: Можна будзе яшчэ папытацца, Госпадзе. Ты адкінуў мяне ў шосты дзень а трэцяй гадзіне й асудзіў мяне бадзяцца па глыбінях аж да суднага дня, а пасьля падыходзіць Твой Сын па дарозе на Галгофу й праклінае мяне таксама. Ці ж аднаго разу было мала? Альбо ж, калі ўжо Вы трыадзіныя, Ты й Твой Сын і Дух, пра якога мала гаворыцца, Ты думаеш, двайное больш надзейнае?
І вось падняўся Бог са свайго трона й падышоў да мяне, бліскучыя вочы, у гневе сваім, як у славе, але я раскінуў рукі, каб прыняць яго ў абдымкі, як той, хто любіць, бо я любіў яго сапраўды, і тут Ён нарэшце страціў свой боскі спакой, і я дараваў бы яму, калі б ён пракляў мяне трэйці раз. Але ён раптам павагаўся і ўсьміхнуўся, а пасьля растварыўся ў паласу туману, і пасьля расплыўся, і толькі трон стаяў у сваёй пустой раскошасьці.
Я ведаю, што я ведаю. І Бог ёсьць, што Ён ёсьць, і Яго парадак гэтак жа поўны супярэчнасьцяў, як і Ён сам.
Разьдзел чатырнаццаты. У якім Вечны Жыд пасабляе шчасна памерці аднаму купцу-хрысьціяніну, даючы яму пэўнасьць
Каб толькі ён вярнуўся, думае хворы з палёгкай; пастар у сям'і куды лепей, чым лекар, лекар патрэбен толькі ў зямным жыцьці, якое доўжыцца шэсьцьдзесят гадоў альбо, калі чалавеку пашанцуе, семдзесят, а пастар дапамагае дзеля вечнасьці.
І ўсё-такі, думае хворы, такая вось штука са сьмерцю. Мы, думае ён, хто цэлы час вёў богабаязнае жыцьцё й слухаўся начальстваў і кожны па некалькі дзетак выпускаў ў сьвет зь вернай жонкай і ні зь якою іншаю бабаю, хто, як вядома, заўсёды трымаўся далей ад грахоўнай гардыні й пажадлівасьці, не мардаваў, ня краў і вёў свае гешэфты сумленна й непаквапіста, у строгай меры й паводле канонаў, — так і так шмат процантаў на капітал, уключаючы рызыку — ці ж ня нам ісьці насустрач сьмерці ў суцешанасьці, умацаванымі ў веры ў дабрашчаснасьць, якое мы спадобімся.
Але разам з болем, які зноў раскідаецца па ўсіх грудзях, сэрца хворага точыць паняверка: як жа так, калі ўсё толькі чад і туман і чыстая прымара й калі ад чалавека не застаецца нічога, толькі грудачка зямлі, зь якое мы зробленыя?
— А ці праўду-такі ведае чалавек пра душу? — кажа ён свайму сыну, які край ложка сядзіць з пакутлівай мінай і замглёным позіркам. — Ці ведае хто, калі яе Бог удыхнуў у яго, а зараз яна павінна вяртацца назад да свайго шчодрадаўцы, як пазычаны гульдэн? Ці бачыў хто калі яе, ці мацаў пальцамі? Праз якую дзірку ў маёй сьмяротнай плоці яна вышмульне, праз нос, праз рот, праз вуха ці, можа, праз што? І ці можа яно быць так, што я той, хто я быў, вось так вазьму і ўжо ня буду?
Сын кажа:
— Але напісана, спадару тата, што Бог стварыў людзей для вечнага жыцьця.
Хворы лёгка стогне.
— Страх, — кажа ён, — у мяне страх перад Нічым. Раней, пры папістах, тады панаваў добры купецкі парадак: столькі а столькі срэбраных гамбургскіх пфенігаў за столькі а столькі гадоў сьпісаньня пякельнага агню й іншых плягаў, і ты адпушчаны самім сьвятым Айцом. А цяпер, пасьля таго, як твой доктр Лютэр узьмяцежыўся супроць? Хто сёньня той, што дасьць мне адпушчэньне паперай зь пячаткай, хто запэўніць, як яно пойдзе далей пасьля сьмерці альбо ў дзень паўстаньня зь мёртвых, калі сатлелыя косткі зноў складуцца разам і адуховяць згнілае цела, і мёртвыя вочы засьвецяцца зноў, каб сузіраць бляск і вялікую лепнасьць? Хто гарантуе гэта, і які жыд пазычыць мне на тое хоць адзін заваляшчы зашмуляны грош?
Сын кажа:
— Але апостал Ян абвяшчае, што ўсе, хто верыць у Госпада, атрымаюць вечнае жыцьцё. Вы павінны верыць, спадару тата.
Я паслаў хлопца вучыцца, думае хворы, ён павінен вучыцца, растапырыўшы вушы, каб уведаць, як там яно з апошнімі таемнасьцямі й неўміручай душой; хто яшчэ павінен у гэтым разьбірацца, як ня вучоныя геры дактары зь Вітэнбэрга? І што ж ён мне цяпер кажа, сам ходзячы ў магістарстве й шукаючы царкоўнай службы, каб усю тую пачэрпнутую мудрасьць вытрасьці на галовы грамадзян нашага горада? У што я павінен верыць?
— Верыць, так, — кажа ён. — Але крэдыт, сынку, даецца толькі пад пэўнасьць. Чым жа можаш запэўніць мяне ты?
Гэта ўжо пацэлена трапна. Наколькі юны магістр, сын дома Айцэн, палатно й шэрсьць, разумее ў гандлі-шмандлі, дык гэта што той, каму залежыць на веры й вернасьці, вельмі нават лёгка можа страціць тавар і ўсю маёмасьць, яшчэ й штаны да таго ж. А яно як у гешэфце, так і ў рэлігіі.
— Вы абяцаеце нам вечнае жыцьцё, — кажа хворы. — Вы духоўныя айцы. Ах, як бы я хацеў прыняць яго й ахвяраваў бы за яго ўсё, і грошы й дабро, я на каленях папоўз бы да самага сабора сьв. Пятра, а геру галоўнаму пастару Эпінусу пацалаваў бы край яго мантыі альбо й край тваёй. Але ж дзе яна, тая пэўнасьць?
Сын ведае многія выслоўі зь Сьвятога Пісаньня й зь іншых вучоных кніг і мог бы файненька іх прамовіць, гэтаму ён навучаўся ў Піліпа Мэланхтона і ў добрага доктара Марцінуса; але якая карысьць ад тых суцешлівых слоў чалавеку, які шэсьць разоў на тыдзень разгортвае разьліковую канторскую кнігу, а малітоўнік толькі раз і які прывык узважваць Мець супраць Павінен? Такому досыць жывога сьведкі, які выказваецца надзейна, думае сын і адразу ўжо ведае, што гэтая думка даўно засела яму ў галаве; сьпяваньне меднага пеўня ў Гэльмштэце ўразіла яго да глыбіні душы й мітрэнжыла ўсю дарогу да самага Гамбурга, і ён разважае сам у сабе, што праклён, які аднаго асуджае на векі вечныя, да вечнага ж дабраславеньня можа абярнуцца другому.
— Пэўнасьць, — кажа ён, — я хачу даць Вам пэўнасьць, спадару тата. Я хачу расказаць Вам пра жыда Агасфэра, якога я сустракаў шмат разоў, і як тры разы закукарэкаў певень на вежы кірхі.
Хворы прыслухоўваецца да сынавых слоў. Яны — бальзам на нябогае сэрца, якое адчувае, быццам вакол яго сьціскаецца жалезнае колца; ён хоча да Бога, ён мог бы разарваць тое колца, але ведае, што калі разарвецца яно, разарвецца й сэрца. А гэты жыд, думае ён, а што, калі б тое было праўдай, што ён ёсьць, кім хоча быць, быў бы самы неабвержны доказ і добрая пэўнасьць, і калі хлопец не выпрабоўваў памянёных жыдоў і сам чуў, як тройчы закукарэкаў медны певень на рыначным пляцы і як маланка й гром джыганулі зь яснага неба? І калі б яно было, тое вечнае жыцьцё, на якое нехта асуджаны праклёнам, як жа тады, каб другі паміраў, хай сабе й дабраславёным і ў міры з самім сабою й із Богам?
— І дзе ж, мой сыне, — кажа ён, — той Вечны Жыд цяпер?
Гер магістр забыўся падумаць, а гэта магло б прывесьці хворага, як Банадыка да «аману», што ён будзе мусіць таго памянёнага Агасфэра валачы сюды на суцяшэньне й на зьмёртвыхустаньне. Але йсьці шукаць жыда на вузкіх вулічках, сярод гэтага людзкога тлуму, ды яшчэ, магчыма, прасіць ласкі ў таго, не, на такое ён ня можацца хоць бы ўжо праз тую прынцэсу Трапезундзкую, чыіх кпінаў ён баіцца, і таму, што хацеў нацкаваць на іх абаіх людзей у Гэльмштэце, каб іх там пабілі.
— Дзе той жыд сёньня? — кажа ён. — А чорт яго ведае дзе, чорт дзірку знойдзе, куды ўшыцца.
Хворы бачыць, як малады магістр юрзае задніцай па крэсьле, думае пра ягоную долю ў гешэфце, але менавіта цяпер якраз і забывае распытацца пра жыда, ці насамвоч ён бачыў нашага Госпада Ісуса жывым і гаварыў зь ім і пасьля тысячу пяцьсот гадоў зь лішкам бадзяўся па сьвеце. Певень туды, певень сюды, жыда клянуць, а жыд — як ягада, але гэты жыд не ашукае мяне, у мяне нюх на людзей, інакш бы я ўжо тройчы збанкрутаваў, гэта моцны гешэфт, палатно й шэрсьць, у ім махляроў, шмугляроў і прайдзісьветаў больш, чым сумленных людзей.
— Мой сынку, — кажа ён, — прывядзі мне сюды твайго жыда. Мне мус паталкаваць зь ім.
Хлопец хоча запратэставаць, але хворы са стогнам падводзіцца й кажа: