Доктар Марцінус Лютэр сказаў аднойчы: добра, што Бог увёў шлюб, інакш бацькі ня мелі б клопату за дзяцей, хатняя гаспадарка запусьцелася б, развалілася; тое самае й з паліцыяй і сьвецкімі ўладамі, падобна занядбалася б і рэлігія; такім чынам усё пайшло б на глум, і ў сьвеце настала б пустэча й дзікасьць.
Гэтае выказваньне зноў і зноў прыходзіць у галаву магістру фон Айцэну, калі ён глядзіць на дзеву Барбару Штэдэр, якая так верна чакала яго, гэтаксама й іншыя выслоўі таго ж самага зьместу й сэнсу; і гэтак жа яму мог спатрэбіцца й пасаг, які тата Штэдэр, карабельны маклер і падрадчык, адпісвае за дачкою, бо яго доля спадчыны свайго роднага бацькі пакуль што закладзена ў гешэфт і мала чаго дае, а ў спадзяванай парафіі адмаўляе гер галоўны пастар Эпінус, усё яшчэ напалоханы жыдам каля сьмяротнага ложка; канечне, пры выпадку ён можа заскочыць у сьв. Якава альбо Марыю Магдалену ў якасьці падсобнага прапаведніка, але гэта не напаўняе ні кашалька, ні сэрца, якое імкнецца да вышэйшага.
— Ах, Ганс, — кажа ён свайму прыяцелю Лёйхтэнтрагеру, калі яны ўвечары заселі ў «Залатым якары», — дзева Барбара будзе то бялець, то чырванець, убачыўшы мяне, і хацела б за мяне й толькі чакае, калі я закіну слова маці й бацьку, яно й грошай не бракавацьме, я пэўны, стары тысячы каштуе ў золаце, амаль без даўгоў і мае долю ў многіх караблях у гандлі з Расеяй; але чым больш думаю, што ўсё сваё жыцьцё я мушу ляжаць каля яе, мацаць яе й шпокаць, тым больш мне здаецца, што не патраплю ўздатніцца на тое, што павінен рабіць мужчына з даверанай яму жонкай, бо ўсе мае помыслы зусім з другою, але яна з тым зачуханым жыдком і для мяне прапала.
— Ведаю, ведаю, — кажа прыяцель, бавячыся сваім ножыкам, ставячы яго кончыкам ляза на стол і падушачкай указальнага пальца лёгка націскаючы на канец тронкі, прымушаючы каралавую бабку павольна паварочвацца вакол сябе, пакуль магістру ў галаве не закруціла. — Але адкуль ты ведаеш, што дзева Барбара ня дасьць рады твайму клопату, не разьвее яго? Бог стварыў жанчын, будзь яны высокія ці нізкія, тоўстыя ці кашчавыя, гладкія ці вісласкурыя, усіх з аднолькавай дзіркай і для аднолькавых мэт.
— Ах, Ганс, — кажа Айцэн і зноў зьдзіўляецца, што Лёйхтэнтрагер ўсё яшчэ ўпраўляецца ў Гамбургу хто яго ведае зь якімі гешэфтамі, — я ж зьняў пробу, па ўсёй сумленнасьці, зразумела, але дзева была сухая і пляскатая, як дошка, і халодная, як крыга, і ўсё толькі стагнала, быццам ад страху, і шчаміла задніцу, быццам баялася, каб я не запусьціў туды тузін мышэй; і тое нямногае, што я меў на яе, зусім прайшло, і такі ў яе быў востры нос, і такія былі сухія губы, а ў самой, дзе ў іншае цыцкі — як грыфельная табліца. І я мусіў сказаць бацькам, што хацеў бы крыху счакаць, занадта ж нядоўга прайшло, як памёр бацька, і сэрца маё пры ўсім каханьні да дзевы, яшчэ поўнае скрухі й жалю.
Лёйхтэнтаргер задумліва пачэсвае гарбок.
— Нічога, прыйдзе час, і пойдзеш пад чапец, Паўль, — кажа, — бо ва ўсім павінен быць свой лад і парадак, а сьвятар бяз бабы гэта як пастух бяз кія, самага галоўнага бракуе; а як што ты пакліканы на вялікае, сьпярша ў тваім родным горадзе, а пасьля вышэй і далей, дык мы павінны будзем памазгаваць, як табе й тваёй дзеве ў гэтых штуках нейкай рады даць.
Такія прадказаньні з вуснаў прыяцеля радуюць дух і асьвяжаюць душу, асабліва ж таму, што Айцэн прыгадвае, як тады ў Вітэнбэргу Лёйхтэнтрагер напрарочыў, што яго будуць экзаменаваць па анёлах, і ўсё спраўдзілася. Тут ужо толькі згаджайся, калі сябар прапануе: сустрэцца ў нядзелю папалудні, калі надвор'е паспрыяе, на сумесным шпацыры ўздоўж Райхенштрас і Альстэра, дзе сябар Лёйхтэнтрагер учыніць дзеве агледзіны й, можа, нават зробіць на яе ўплыў на карысьць сябру Айцэну, натуральна, і бяз жоднай іншай мэты; магчыма, кажа Лёйхтэнтрагер, ён прыхопіць каго-небудзь яшчэ з сабою, скажам, даму, якая сваёй істотай і вопытам уздольніцца даць дзеве сякія-такія парады й расклеіць ёй рот.
Айцэну адразу горача робіцца, але ён не адважваецца спадзявацца, на што вельмі хоча спадзявацца, і таму выганяе панадны той вобраз з сэрца і ўжо на другі дзень ідзе ў Штэдэраў дом перадаць дзеве запрашэньне, што апошнюю дужа хвалюе, і ў найярчэйшых фарбах апісаць ёй свайго прыяцеля, які ён разумны й знаходлівы, які заможны й нават не сказаць каб несымпатычны зь яго востра паднятымі брывамі й бародкай-эспаньёлкай; нават горбіка ён мудра не маскіруе гэтаксама як і кульгавую нагу, але падкрэсьлівае, што менавіта гэта ўсё дадае геру Лёйхтэнтрагеру своеасаблівага шарму, з прычыны чаго нярэдка дамы потайкам кладуць на яго вока, як, напрыклад, дзьве ці тое тры паненкі Міхаэліса ў Магдэбургу, Лізбэт і Юта, дочкі гера саборнага прапаведніка, і разам з тым думае, колькі вэрхалу было б у таго ў мазгах, калі б і дзева Барбара не засталася беспачуцьцёвая да ягонага сябра.
У нядзельку ў Гамбургу было пагодліва як мала калі, глыбока блакітнае неба выгінаецца над мешанінай дахаў і шпіцамі кірхаў, а як што перадпалуднем выдаўся моцны дождж, дык усё сьмецьце й бруд з вуліц сплыло ў Эльбу, вада ў Альстэры абнавілася і амаль што ўжо больш не сьмярдзіць. Дзева Барбара строіцца ў свой самы лепшы прыкід, цёмназялёнае, праз якое яе твар набывае цікавую бледнасьць, футраная палярына, якая хавае пляскатасьці сьпераду й ззаду; да таго ж карункавы каптурык і залатая акраса з матчынай шкатулкі. І Айцэнава сутана, хоць адпаведна духоўнаму сану цёмная, з тонкага сукна й адмысловага крою, і магістарскі капялюш на галаве прыцягваюць да сябе поўныя рышпекту позіркі народу, аж Штэдэрыха была пляснула рукамі і ўголас заявіла, ба! — якая здатная пара, гер Паўль і яе Барбара, нават калі магістр пакуль што й ня мае месца й пасады ў вялікай кірсе, усё гэта знойдзецца, усё гэта яшчэ не забавіцца, ужо ж такі муж яе, карабельны маклер і падрадчык закіне каму трэба слоўца-другое ў гарадзкой радзе.
І вось яны шпацыруюць, разьмераным крокам, ня ведаючы добра, што каму трэба гаварыць, дзева, таму што страх абняў сэрца, і Айцэн, таму што нутрынаю чуе, як зноў апанавалі яго варожыя сілы. І падыходзячы да моста, які вядзе да Сьвятога Духа, бачыць нарэшце Лёйхтэнтрагера, але гэты не адзін, і гер магістр слупянее, нібы маланкай сьперазаны.
А Лёйхтэнтрагер, на якім чырвоная шапачка з пяром, срэбраная шпага, да таго ж чырвоныя панчохі й кароткая чырвоная накідка, схіляецца перад дзевай, бярэ яе руку й цалуе на гішпанскі манер і адразу кажа, як ён рады цяпер вось сустрэцца зь дзевай пасьля ўсяго нагаворанага герам магістрам, і ўсё толькі найлепшага, пахвальнага яе прыгажосьці і ўсім дарам і даброцям, шчодра адмераным ёй прыродай і Госпадам Богам.
Дзеве Барбары як бы прыемная казытка прабягае па сьпіне ўгору і ўніз, аж выскоквае сэрца з грудзей: такога яна яшчэ не сустракала, каб ужо за першым словам кроў забушавала. А яе Паўль усё стаіць яшчэ як пень; яму адняло мову, калі ўбачыў Маргрыт альбо прынцэсу Трапезундзкую, выштукаваную, выстраеную, як усё роўна табе герцагіня якая, на руцэ залатая торбачка й шаўковая хусьцінка ў руцэ, а поплеч зь ёю жыд, ледзь пазнаць яго, апрануты, як ёсьць, па самай тонкай ангельскай модзе, са шліцаванымі рукавамі на наплечніку, вострая рыжаватая бародка падстрыжана, расчасана.
— Сэр Агасфэр, — кажа Лёйхтэнтрагер, прадстаўляючы гэткім манерам дзеве свайго прыяцеля, — сэр Агасфэр і лэдзі Маргарэт.
Сэр Агасфэр, думае Айцэн, і лэдзі Маргарэт; і бачачы, што лэдзі складзена зусім ня так, як яго Барбара, і яе губкі — адна суцэльная смаката, і цёмны бляск яе вачэй з затоенай у іх пажадай, пра што ён і думаць ня важыцца; і яго забірае шал, бо што такое магістр бязь месца й пасады супроць нейкага жыдка, які раптам узьбіўся на вялікія барышы й зрабіўся ангельскім сэрам, і ён думае, як яму пазбыцца ад гэтага апостала, чаго сваім часам не ўдалося ў Гэльмштэце.
Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, аднак, пасьля таго сэр Агасфэр і лэдзі Маргарэт з аднагло боку й фройляйн Штэдэр з другога прыстойна абкланяліся, апыталіся, абрэверансіліся кніксамі, праменадзіць апошнюю пад ўсялякага роду далікатныя словы ўгору па Райхенштрас, трымаючы левую руку на тронцы срэбранай шпагі, правую пад локцік нашай зусім зьбязволенай дзевы; сэр і лэдзі йдуць сьледам; небарака Айцэн замыкае шэсьце параў. І ўжо ж ведае, што ён робіць, Лёйхтэнтрагер; бо пяшчотна лашчачы локцік дзевы, толькі й гаворыць, што пра яе Паўля, яго цноты й пабожнасьць, і якім сьвяцілам царквы абяцае стацца гер магістр, ужо ж напэўна біскупам; і лёгенька, каб не падумала дзева, што яму заходзіцца толькі хваліць яе ненахвальнага, паціраецца горбікам аб яе плечыка, аж ёй робіцца неяк ня так, крыху канфузьліва, крыху бянтэжліва; пасьля ён расказвае, мяняючы аб'ект, самымі вышуканымі, самымі даборнымі словамі пра сэра Агасфэра й яго лэдзі, і што сэр, мала што жыд, але ж сярод немцаў такіх пашукай, — магутны старафамільны вяльможа, і што сабе й лэдзі здымае тут цэлы дом на час сваіх гамбургскіх гешэфтаў, багата абстаўлены самай дарагой мэбляй і самымі мяккімі дыванамі, і што дзева Барбара й яе магістр Паўль яго, Лёйхтэнтрагеравай, дружбай і клопатам туды запрошаны на сёньняшні вечар перакусіць і асьвяжыцца й на ўсякія вясёлыя бавы апасьля, вой што будзе апасьля, што будзе!
Магістр Паўль, яшчэ амаль бяздыханны пасьля сьпешнай хады, якою ён патрапляў за невялічкай кампаніяй, ловіць апошнія словы Лёйхтэнтрагера й бачыць, як энтузіясьціцца яго Барбара на прапанову; ён па ўсёй форме дзякуе сэру й лэдзі за іх куртуазнасьць і акцэптуе гэта запрашэньне, ад сябе і ад імя сваёй дзевы; але ж і з затоеным клопатам думае, якія ж д'ябальскія бавы там будуць зь жыдком і яго сябрам Гансам, як цырымоніймайстрам, і да глыбіні сэрца прыемна ўзрушаны, што Маргрыт, пасьля ўсяго, што стрэслася паміж імі, яшчэ сёньня будзе зь ім, можа нават трохі зблізіцца. І сама лэдзі ня дужа запазычваецца на дробныя знакі й намёкі, якія толькі падмацоўваюць яго спадзяваньні, шматзначны позірк тут, лёгкі ківок, паклончык там, адзін раз нават незнарок губляе хусьцінку ды ў такім зручным месцы, што ён пасьпявае падхапіць яе раней, чым сэр варухнуўся; аж ён пачынае марыць, далоў тытулы й багацьці, далоў строі й акрасы, застаецца ж яшчэ нештачкі з таго часу, калі яна вытрасала блох зь яго пасьцелі, і нават самы даўгавечны жыд не патрапіць патушыць пажар, які бушуе пад яе кашлатай мохняўкай.
Толькі жыд глядзіць удоўж і ўпоперак на ўсё, што тут напінаецца, з поўнай абыякавасьцю, рыхтык так, быццам ён самы чыстакроўны, чыстапародны джэнтльмен, які вось ідзе сабе, і да аднаго месца яму ўся гэтая мітусьня паганай сьмердзі й зважае толькі тады, калі магістр Паўль загаворвае зь ім пра Гэльмштэцкае дзіва й пра яго сьведчаньне за жывога Ісуса Хрыста.
— Што з Вамі, гер магістр? — кажа жыд, — Ужо ці не хацелі б Вы, каб я ў галечы й брудзе пранэндзіў сваё жыцьцё, як большасьць майго народу?
Айцэн з гарачым абурэньнем адвяргае нават подумку такую; ён, кажа, мае сваю думку, што да жыдоў і іх карыснасьці, нават сям-там, кажа, датачыў пра гэта ў казанях; калі б аднак, падкрэсьлена кажа далей, калі б аднак усе жыды былі такія, як сэр Агасфэр, такія велікадушныя і датклівыя духам у спагадзе сваёй, тады пытаньне стаяла б інакш, і многія-многія з гояў прымірыліся б з прысутнасьцю жыдоў у Германіі, а нават давалі б ім сваю абарону на дарогах і ў гарадах, замест каб нападаць на іх і адбіраць у іх тое, што яны нахапалі сваім ліхвярствам, замест таго каб адпякаць ім куханы й тузаць за бароды. І гэта, дадае ён, нягледзячы на тое, што сэр Агасфэр больш за тысячу пяцьсот гадоў таму назад прагнаў нашага Госпада Ісуса ад сваіх дзьвярэй; бо ясна ж відаць, што ён за доўгі бадзяжны свой час ачысьціўся і сардэчна раскаяўся ў сваім ганебным учынку й гатовы, як гэта зрабіў у Гэльмштэце, скласьці сьведчаньне пра вялікія пакуты Ісуса Хрыста, якія ён панёс за нашыя грахі.
Сэр Агасфэр разумнымі вачыма глядзіць на магістра, які ідзе поруч з лэдзі і ўсё прымае блізка да сэрца, і гэты, крыху няўпэўнены, ці не адгадаў жыд, куды хіліць ён, Паўлюс фон Айцэн, сваімі словамі, доўга й шумна высморкваецца, пасьля аднак рашае каваць жалеза, пакуль гарачае, і кажа:
— У Вітэнбэргу, калі яшчэ там я вывучаў тэалёгію, мой настаўнік Мэланхтон меў дыспут з добрым доктарам Марцінусам у дачынках да вашай пярсоны; гер Піліп Мэланхтон лічыў, што як што вы былі сьведка, як наш Гасподзь Ісус ішоў на Галгофу з крыжам на плячах, дык вы маглі б выказаць пэўныя сумненьні й адносна таго, што а ці быў ён сапраўдны мэсія, і тым самым памагчы навярнуць іншых жыдоў у адзінашчасьцедайную веру; але Лютэр аспрэчыў гэта й сказаў, што жыды ад прыроды сваёй заганныя і перавучыць іх, навярнуць немагчыма.
Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, палка падбіваючы клінкі дзеве Барбары, разам з тым у такой меры мала заняты ёю, што мог бы й не пачуць слоў Айцэна, з ухмылкай пацьвярджае, што так яно й было, і што ён на свае жывыя вушы чуў, як абодва вучоныя мужы за ядою схапіліся за чубы з-за гэтага, толькі пад канец магістр Мэланхтон замоўк, бо доктар Лютэр такі халерычны й заўсёды трэба апасацца, каб за гарачай спрэчкай яго паляруш не дастаў.
Ці тое акрылены падтрымкай Лёйхтэнтрагера, ці тое ад блізкасьці лэдзі, якая з прыемнасьцю даецца яму падказытваць сябе, Айцэнавы думкі адлятаюць зь ім; рэдка калі ён бачыў сьвет так выразна й так просталінейна аргумэнтавана: менавіта, што ён, карыстаючыся ідэяй свайго настаўніка Мэланхтона, мог бы так і так ушыць крымінал Агасфэру, тым часам як сэр ці як яшчэ там сябе ён назаве, выступае перад вялікай абшчынай жыдоў і іншых, сьведчачы за мэсію, і тым самым усіх жыдоў разам робіць ворагамі й тым самым прычыняе вялікую шкоду гешэфту, калі ж ён аднак адмаўляе гэта й выказваецца, што наш Гасподзь Ісус ня быў мэсія, ня быў сапраўдны Сын Божы, які за нашыя грахі узяў на сябе пакуты ўсяго сьвету, мудрай радай горада Гамбурга альбо герцагам Гаторпскім, у залежнасьці ад месца дыспутацыі, выкрываецца як махляр і фальшыўшчык праўды й з ганьбай праганяецца, калі ня будзе ўвогуле ўтоплены альбо спалены, пасьля чаго Маргрыт мела б толькі адзін прытулак і аднаго абаронцу, менавіта магістра Паўля.
Праўда, на жаль пакуль што ў яго няма пасады й аўтарытэту, каб інстытуяваць такі spectaculum, і гер галоўны пастар Эпінус, у гэтым ён пэўны, у сваёй зацятасьці супроць жыдоў і супроць яго самога таксама ня зробіць гэтага; але яшчэ ня вечар, думае ён, і чаго сёньня нямаш, можа заўтра трымаш, і таму ён сьвідруе далей і кажа жыду:
— Ці можна на вас разьлічваць, сэр Агасфэр, што вы пасьведчыце, як вы ў Гэльмштэце перад прынцэсай Трапезундзкай і перад усім народам зрабілі, што бачылі нашага Госпада Ісуса ў плоці й што ён быў тым, кім быў?
Тут лэдзі, мабыць таму што сёньня яна ня хоча нічога чуць пра прынцэсу Трапезундзкую, закіпае гневам і кажа:
— Што вам такое ў галаву завярнула, гер магістр! Вы ж бачыце, сэр Агасфэр тут па справах гешэфту, а ня рэлігіі, зь якою кожны можа абыходзіцца, як сам хоча, будзь ён жыд ці хрысьціянін.
Але гэта ўжо ўпоперак усяму, чаго ён навучыўся ў добрага доктара Марцінуса й іншых вучоных гераў, і ён кажа:
— Барані Божа, лэдзі, каб кожнае верыла, як яму ў галаве заверне, каб хрысьціла дзяцей альбо не, як яму зручней, каб прымала сьвятое прычасьце пад адным альбо двума відамі, як яму, бач, смачней; у большай меры рэлігія гэта справа начальстваў і агульнага парадку, інакш тут будзе кішэць рознымі баламутамі, чмутамі, чарадзеямі й ліхадзеямі, ератыкамі й бунтаўшчыкамі, што царкве й законам — амба; ёсьць толькі адна праўда, і яна зразумела выкладзена таксама й жанчынам у катэхізісе доктара Марцінуса Лютэра, і таму было б вельмі пахвальна, калі б сэр устаў перад усімі жыдамі й сказаў пра тое, як ён сам гутарыў з Госпадам Ісусам, які быў наканаваны збаўца альбо мэсія і што жыдам з гэтай прычыны няма чаго чакаць нейкага іншага мэсіі і яны з добрым і чыстым сумленьнем могуць навярнуцца ў адзінашчасьцедайную веру.