— Любасныя! Ці бачыў хто калі з вас, каб жыд працаваў, як працуеце вы ў гарач і ў холад, ад рана да позьняга? Не, гэта, як самі жыды кажуць: мы не працуем, у нас добрыя, леныя дні, праклятыя гоі хай працуюць на нас, а мы мецьмем іхнія грошы; зь імі мы паны, а яны нашыя слугі. Так яны кажуць і гэтым самым сьледуюць свайму закону, як пра тое сказана ў Другім Законе 23:20: «Іншаземцу аддавай у ліхву, а брату твайму не аддавай у ліхву, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсім, што робіцца рукамі тваімі, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю». Іх дыханьне сьмярдзіць язычніцкім золатам і срэбрам, бо няма такога другога народу пад сонцам, каб быў прагнейшы й сквапнейшы за іх. І вось я чую, як кажуць, што жыды давалі вялікія грошы князям і панству й тым яны нібыта карысныя. Так, а з чаго яны давалі? З добраў тых самых панстваў і іх падданых, з таго, што ўкрадзена й нарабавана ліхазьдзірствам.
Ён азіраецца вакол і бачыць вочы сваіх слухачоў і як яны прыляпіліся да ягоных вуснаў, і заўважае раптам, якая вялікая сіла зыходзіць ад яго, калі ён, вось ён, стаіць на высокай катэдры ўгары й разумее, што сапраўдны прапаведнік павінен казаць толькі слушныя словы, у патрэбны час, каб усе яны падняліся і рушылі й рабілі тое, да чаго ён іх заклікае. І з гэтымі ўзьнёслымі думкамі ў сэрцы ён падводзіць увесь sermon да добрага канца, рупліва падагульняючы, чым дыферэнцыруюцца пракляты жыд і пабожны хрысьціянін.
— Жыды ж, менавіта, — абвяшчае ён, — хочуць мець мэсію з краіны дурняў і гультаёў, каб насычаў іх сьмярдзючыя гізунталы, сьвецкага караля, каб перабіў нас, хрысьціян, падзяліў сьвет паміж імі й зрабіў іх валадарамі. Але мы, хрысьціяне, маем свайго мэсію, які робіць так, каб мы не баяліся сьмерці й ня дрыжалі перад абліччам гневу Гасподняга й каб маглі ўшчаміць хваста д'яблу. Нават калі ён і не дае нам золата, срэбра й іншага багацьця, дык і ад такога мэсіі ў нас сэрца гатовае выскачыць з грудзей ад радасьці, бо сьвет ператвараецца ў рай. І за гэта мы дзякуем Богу, айцу ўсякай мілаты й дабрамыснасьці. Аман.
Кажа й асьцярожна патыкаецца ўніз з катэдры, чапляючыся за каменныя поручы, бо якраз цяпер ён і адчувае слабасьць ва ўсім целе; так адважна й шчырадушна мала хто калі тут гаварыў у сваёй першай казані, падобна таму, як бы леў паказаў пазуры, толькі ў сьвятарскай хабіце, зразумела. Пасьля ён ідзе да аўтара й схіляе калена й прамаўляе малітву Богу Ўсемагутнаму, але безь сьвядомасьці й разуменьня, механічна, толькі словы ў патрэбнай пасьлядоўнасьці, бо толькі цяпер, калі ён усё завяршыў, у душы яго паўстае поўная яснасьць таго, што такое казань, як і вучыў вялікі доктар Лютэр: прапаведнік павінен быць і воінам і пастухом, а гэта найцяжэйшае мастацтва. Пасьля ён паварочваецца да парафіянаў і падымае рукі, урачыста скіроўваючы позірк угору да скляпеньня храма, і прамаўляе дабраславеньне, якое калісьці сказаў сьвятар Аарон: «Хай Гасподзь дабраславіць цябе й ахавае цябе; Госпадзе, яві свой твар над табою ў зьзяньні й будзь мілажальны з табою», і жахаецца пры думцы, што з гэтага моманту ў ягонай сіле павінна быць права й моц выслоўліваць Божае дабраславеньне й раздаваць яго, быць сапраўдным пасрэднікам паміж гэтымі тут і тым там угары, і ён кажа: аман, і чуе, як зазваніў звон на званіцы, магутна й чыста, вітаючы сьвежасьпечанага гера пастара.
А на вуліцы каля брамы, як што ўжо паклаў свой таляр у скарбонку, ён сустракае Лютэра, які, здаецца, чакаў яго на замкавым двары й хоча пагутарыць зь ім.
— Малады чалавек, — кажа Лютэр і выпрабавальна зьмервае яго адным здаровым вокам ці тое з сумнівам, ці тое з прызнаньнем, — вы проста прачыталі з маёй галавы мае думкі, што вы сёньня выклалі пра жыдоўскі народ. Але слухаючы вас, я быў падумаў сабе: такі, як ён, як усё адно адмыслова створаны, каб падупадаць сатанінскім змустам; паверце мне, я маю досьвед у гэтым. Таму я раю вам, заставайцеся пастаянна ў скрусе духу й сэрца вашага й час ад часу акідайцеся вокам цераз плячо, ці не стаіць ён ужо ў вас за плячыма. І прыміце гэта; гэта пісямко, якое я хачу даць вам у дарогу.
З гэтымі словамі вялікі чалавек нахіляеццца да яго, быццам хочучы абняць; але ня робіць гэтага; толькі воблачка піўнога духу й цыбулі зыходзіць зь яго й абвалакае юнага Айцэна, тым часам як Лютэра ўжо й дух прастыў.
Разьдзел дзясяты. У якім прафэсар Лёйхтэнтрагер дакладвае пра дыялектыку ў боскім уяўленьні і дадае з Dead Sea Scrolls факты пра верагодную сустрэчу Агасфэра з рабі, а прафэсар Байфус атрымлівае дасьледчае заданьне
Разьдзел адзінаццаты. У якім удаецца зазірнуць у прыгожую душу Паўля фон Айцэна, а певень на вежы кірхі тры разы крычыць у доказ таго, што Агасфэр ёсьць той, хто ён ёсьць
Ліст, які доктар Лютэр сунуў у руку юнаму Айцэну, адрасаваны галоўнаму пастару Эпінусу ў саборы сьв. Пятра ў горадзе Гамбургу, добра заклеены й прыпячатаны асабістай пячаткай Лэтэра. Але Айцэну пячэ пісьмо ў кішэні, і чым далей ён ад'язджае, тым гарачэй. Да Рослава на Эльбе ён яшчэ трывае, расказваючы спадарожніку пра сваю ранішнюю казань; ён яшчэ выдатна трымае ўсё ў памяці, як жыды, поўныя гардыні, пыхі й нявер'я, жывуць сярод нас, і ня з працы, а з махлярства, пры гэтым з тых, з каго яны дзяруць, а менавіта з гояў, яшчэ й зьдзекуюцца й праклінаюць іх; і пра тое, што паводле права зь імі трэба было б зрабіць. Але ўжо ў Цэрбсьце, Ангальцкім, сядаючы на каня пасьля неспакойнай ночы, ён ў нясьцерпе кажа Лёйхтэнтрагеру:
— Скажы мне, Гансе, якая ў чалавека самая-самая дарагая даброць, якое ён павінен трымацца, нягледзячы на ўсе спакусы?
Лёйхтэнтрагер пачэсвае гарбок, мабыць набраўся-такі блох на цэрбсцкім начлезе, і сузірае ландшафт, зялёныя дрэвы, у якіх так весела грае гульлівае сьвятло, палеткі навокал, усе дагледжаныя, дабраславёная мясцовасьць, толькі людзі не выглядаюць на дабраславёных, якім добра жывецца на сьвеце; у прыстойнай дзяржве з прыстойнымі носьбітамі гонару, там народ водзяць на кароткай шворцы.
— Самая дарагая даброць людская? — кажа ён, хоць ужо добра ведае, куды хіліць сябар; ён ужо чакаў, з таго часу, як той расказаў яму, які разьвітальны дарунак атрымаў ад добрага доктара Марцінуса. Таму цяпер гаворыць у той самай годнаснай манеры, якую начапіў на сябе і Айцэн, набыўшы магістарскую годнасьць: — Самая дарагая чалавечая даброць, Паўль, гэта давер, якім цябе асяняе нехта іншы й каго ты не павінен расчараваць без пахібы тваёй несьмяротнай душы.
Айцэн чакаў пачуць нешта такое, хоць і спадзяваўся, што чалавек, падобны на яго сябра, пасобіць яму зламаць пячатку.
— А менавіта ж, а ў самы акурат, — уздыхае, — бо й куды ж мы зайшлі б, каб ня нашыя гонар і вернасьць; сьвет, сёньня такі сапсаваны, ператварыўся б у гадзючнік, у гнязьдзішча ўсякай нечысьці.
Але калі яны ўязджаюць у Магдэбург, раскошны біскупскі горад, дзе пераначуюць у доме гера саборнага прапаведніка Міхаэліса, Айцэна зноў разьбірае.
Геру саборнаму прапаведніку вельмі прыемна даць кватэру юнаму confrater, сабрату, у яго тры незамужнія дачкі, адна за адну худзейшая і ўсе разам як усё роўна назначаны ў будучыя пастарыхі; і ён прыступае да куплі кульгавага суправодніка, адразу пачынае лісьлівіць пра дзельных дзеў, аж у тых вушы агнём гараць. За вячэрай, якую любоўнымі рукамі ўшыкавала фраў саборная пастарыха з трыма юнымі асістэнткамі, Лёйхтэнтрагер падрабязна й шырока паведамляе пра магутную казань, якую сказаў яго сябар Айцэн у Вітэнбэргу ў пысутнасьці доктара Лютэра й Мэланхтона; пры гэтым пад абрусам ягоныя пальцы пагладжваюць кашчавыя калені то Лізбэт, сярэдняй, то худзюшчыя сьцёгны Юты, малодшай сястры. Старэйшая, Агнэс на імя, з пэўным сумыслам упляцавалася поплеч юнага Айцэна й вымушана абыходзіцца без тагоных пагладак і шчыкаў.
Гер саборны прапаведнік ня ведае, чым ён мусіць больш уразіцца, ці тое красамоўствам свайго толькі што ўзьведзенага ў прапаведніцкую чыннасьць сабрата, ці тое фабулёзнай памяцьцю гэтага дзіўнага спадарожніка, і кажа яму:
— Вы, мабыць, вельмі пільна слухалі, калі ўзгадваеце ўсё так дакладна. Дай Божа, каб у маёй абшчыне знайшліся такія, каму б так западалі мае словы зь нядзельнай казані!
Гэта была не ягоная заслуга, адказвае Лёйхтэнтрагер і строіцца пад сьціпленькага; з такой казаньню, з такой тэмаю, і выкладзенай у такім духу, — было такое адчуваньне, што слухаеш сапраўднага прарока, яно й ня дзіва, што кожнае слова, кажнюсенькае слоўца незабыўна ўелася ў памяць.
Юны магістр падносіць да вуснаў і адпівае глыток віна й папярхаецца; ён ведае, што яго сябра Ганса зусім нават і ня было ў саборы, калі ён бушаваў наконт прыбродаў-жыдоў. Дзева Агнэс ускоквае й паплясквае свайму застольніку па сьпіне; вой, гэта ўсё з самымі добрымі намерамі, але ён яшчэ некалькі дзён будзе насіць на сабе плямкі, — сатру, сатру! — і жарцік сябра, які ў яго, абсьледаваўшы ўначы ўсе самыя датклівыя месцы, выскаляючыся паведамляе, што тоненькія пальчкі пацаляюць найлепей куды сьлед.
Але пазьней, як што ён ня можа заснуць, бо яму заходзіць пра блізкую сьмерць бацькі куды больш, чым ён можа выказаць гэта, і таму, што ён адчувае, які слабы й бездапаможны чалавек бяз Божай аслоны альбо магутнага сябра, пра што яму мог бы даць поўнае тлумачэньне ліст у кішэні, ён паварочваецца да Лёйхтэнтрагера й пытаецца:
— Ганс, га? Ты яшчэ ня сьпіш, Ганс?
Той нешта мармыча пра шмат віна й пра кашчавых баб і адварочваецца.
Але Айцэн не даецца.
— Ганс, — кажа ён, — мне вельмі хацелася б ведаць, што напісаў доктар Лютэр у тым пісямку, якое ён даў мне.
— А не пераймайся, вазьмі ды прачытай, — раздражнёна буркае Лёйхтэнтрагер, быццам гэта такая дробязь — узяць і прачытаць.
Але якраз гэтага Айцэн і ня хоча рабіць, асабліва цяпер, калі ўжо ён амаль пастар, добры пастух, які павінен ісьці наперадзе хрысьціян, даючы прыклад сумленнасьці. Таму ён кажа:
— Ты ж усё так добра ведаеш, Ганс; можаш сказаць, хто якую задумаў карту, туз чарвовы ці старэйшы булковы валет, альбо, можа, жалудовая дзявятка, альбо ж ва ўсім, у чым толькі можа быць абазнаны чалавек, у сьвятым трыадзінстве альбо што плоць і кроў Хрыста a priori былі ў хлебе і ў вадзе, альбо пра добрых і ліхіх анёлаў.
— Усё правільна, усё ў правілах і норме, усё адпаведна, — кажа Лёйхтэнтрагер, бачачы, што так проста заснуць яму ня ўдасца, — гэта можаш ведаць і ты, калі сабе здор у чэрапе ўцісьнеш.