Айцэн думае, што гэта зусім ня той задзірлівы тон, у якім Маргрыт цэлы час гаварыла зь ім, ня тая мова, якой яна карысталася; па ўсім адчуваецца, што тая, хто так свабодна, не заікаючыся, не запінаючыся, прамаўляе прыгожы вершык, паводле вымаўкі й складу, паводле таго, як спрытна хлешча языком, яна хутчэй за ўсё знатная дама, хай сабе прынцэса з Трапезунда, хай скуль бы там ні была. Тым больш гэта хвалюе яго, ён азіраецца, шукаючы свайго сябрука Лёйхтэнтрагера, бо той лепш за каго другога патрапіць сказаць яму, якія такія акалічнасьці павязваюць яго з усім гэтым; але таго зноў дух прастыў, а турчанка Гэлена тым часам выставіла новую табліцу, пасярэдзіне якой зноў-такі Гасподзь Ісус, гэтым разам у белай сарочцы, і сакавітыя пурпуровыя кроплі крыві адна за адной зьбягаюць па скажоным ад болю твары, між тым як ён, угнуўшыся пад цяжарам, нясе крыж пад мілаўбольнымі позіркамі заплаканых жанчын, якія заломваюць рукі каторыя перад грудзьмі, каторыя за галавой. Прынцэса Трапезундзкая, указваючы левай рукой на карціну, правую малітоўна ўзносячы ў неба, прасякаецца яшчэ больш палкай пабожнасьцю.
Калі толькі Айцэн нешта ведае зь Бібліі, дык менавіта гэтую гісторыю, якую сёньня ведаюць усе людзі; тым ня меней яны стаяць, як прыкаваныя, у клубах чаднага поту й цыбулі, яны амаль ня дыхаюць, у таго вунь старога сьліна цячэ па барадзе, а ён і не зважае, другі, забыўшыся, іста чухае задніцу; але прыгажуня Гэлена хуценька мяняе табліцу, новая побач з пакутнікам Ісусам паказвае чалавека ў залацістажоўтым шаломе з чырвонымі нашчочнікамі, які марна спрабуе падаць Ісусу руку. І тут жа яна гаворыць дрыготкім голасам:
Як заўсёды, калі Айцэн чуе два падрад лацінскія словы, а гэтым разам асабліва, пры еcce homo яму мароз дзярэ па скуры, ён упэўнены, што прыгожая красамоўніца заўважыла яго падчас сваёй мастацкай дэклямацыі; бліснула вока, невялікая паўза, можа, усяго на адзін перавод духу, але ён выразна адчуў — пазнала; Маргрыт, якую ён ведае, і прынцэса Трапезундзкая сплываюцца ў ягоным мазгу ў адно; еcce homo, думае, з храпы гэтай чорта-жыдоўскай лярвы, аж галава неяк пайшла, а пасьля думае, ну, хто я такі, каб быць стражэйшым за самаго Госпада Ісуса Хрыста, які, пасьля таго як грэшніца ўмыла яму ногі сьлязьмі й пацалавала іх і абсушыла іх сваімі валасамі й памазала алеем, сказаў пра яе: многія грахі ёй даруюцца, бо яна многа любіла; толькі што Маргрыт ня мела ніякай схільнасьці да ўсіх пералічаных параметраў і ног яму ня мыла, каб аблашчыць іх, але ж такі яшчэ далёка ня вечар. І вось там на памосьце ўжо вісіць новая табліца, і на ёй зьлева відаць нашага Госпада Ісуса зь ягоным цяжарам, як ён дрогка падгінаецца ў каленях, а справа ад яго жыд у чорным каптане, вельмі, здаецца, падобны на таго, зь якім Айцэн пазнаёміўся ў той лёсавызначальны вечар, а за жыдам дом з каланадай, і паміж касымі калонамі выпірае нейкая штанга, на якой прымацаваная таблічка, дакладней, зялёны вянок і ўсярэдзіне яго прыгожы пурпуровы бот. Прынцэса Гэлена прыматкабожылася каля карціны, і па ёй відаць, што яе гісторыя набліжаецца да таго пункту, дзе вузел, які яна з такім дбаньнем завязала, разьвязваецца й сьледуе магутны ўдар грому; грудзі ў яе ўздымаюцца й апускаюцца, касмач на турбане дыбіцца ўгору, і яна паглядае паверх людзкіх галоў, быццам там удалячыні бачыць ясную ўяву, і кажа:
І тут, натоўп ахае як з адных грудзей, — той ужо стаіць каля прынцэсы, у сваім заношаным лапсярдаку й круглай ярмолцы на галаве, такой самай фарбы, што і ў Госпада Ісуса на табліцы й на вялікай карціне, дзе ён вісіць на крыжы. Стаіць вось, як з каноплі выскачыўшы, не, думае Айцэн, — як зь пекла выскачыўшы, Вечны Агасфэр, які ня можа ні адпачыць, ні памерці, а павінен бадзяцца па сьвеце ўдоўж і ўпоперак, у холад і ў сьпёку, угору праз горы і ўніз праз пустыні, праз зарасьлі цярноўніку й чартапалоху, па скалах і кручах, праз таросы й валуны, праз рэкі й моры, бясконца, бясконца, і восека ён ужо тут, на рынку ў Гэльмштэце, гатовы да пытаньняў і адказаў пра тое, як яно было насамрэч зь ім і нашым Госпадам Ісусам і чаму ён так жудасна пракляты.
— І тады кажа мне рабі, — гаворыць ён у цішыні рыначнага пляца, — дазволь мне адпачыць, кажа ён, мне муляе ў плечы, гэта больш чым добрых трыста фунтаў, думаю я, і ўсё цьвёрдая драўніна, з кантамі. Так, кажу я яму, муляе. А як ты сабе думаў, ня муляе нам ярмо, накладзенае на нас рымлянамі? Дазволь мне адпачыць, кажа ён, дарога тут угору камяністая, а яны бічавалі мяне. Так, кажу я яму, дарога камяністая й крутая. А як ты сабе думаў, ці камяністая, ці крутая дарога, якою ідзе народ Ізраіля? Дазволь мне адпачыць, прашу цябе, кажа ён, я павінен сабрацца зь сілаю, каб пайсьці да майго бацькі на неба. І так кажу я яму, твайму бацьку на небе, хочаш…
— Утні язык! Ня хлусі!
Айцэн жахаецца. Гэта ж ён сам крыкнуў, гэта ж ён сам і палохаецца, уціскае галаву й хуценька азіраецца вакол сябе, ці не падыме хто кулака, каб учасаць яму ў пысак, з чаго чалавеку вялікая шкода становіцца. Але людзі вакол яго, здаецца, гэтаксама спалохаліся, як і ён альбо як той жыд на памосьце, у якога слова пад грудзі падвярнула й засела ў горле, ледзь не ўдавіўся, — тыц-мыц, сказаць няма чаго, аж потам упацеў. І калі Айцэн бачыць, што ніхто яму не пярэчыць, ніхто не падымае на яго руку, больш за тое, усе вочы паставілі на яго, вылупіліся, як вырачкі якія, быццам тут цудадзей ня жыд, а ён, і, набраўшыся адвагі, адчуваючы сябе ледзь ня блюзьнерам, ён кажа сабе, вось зараз пакажу таму жыду, набірае паветра й крычыць на ўсе грудзі:
— Усё гэта бздуры й балбатня, усё гэта чмур, падман і круцельства! Так улоўліваюць дурную сьмердзь і выцягваюць з кішэняў грошы, а ня геры студэнты й дактары й шаноўныя грамадзяне Гэльмштэта! Ён не Агасфэр і ніколі ня бачыў нашага Госпада Ісуса Хрыста, нават ценю яго валасінкі ня бачыў! Ён жыд Ахаў, якога я сустракаў у Вітэнбэргу, як ён тады там пачукваў на каленях фраў прынцэсу, а сам думае, што тут можа на дурніцу купіць сумленных хрысьціян.
Падымаецца гнеўнае вурчаньне, і Айцэн ведае, супроць каго яно, супроць жыдоў, ня супроць яго, вурчаньне мацнее, робіцца ўсё больш пагрозьлівым, і Айцэн чакае, што яму адкажа жыд, ці не зарве яму назусім, і разважае сабе, як даказаць красуні Гэлене, што яна павінна вышчаміцца з гэтага памоста й праціснуцца да яго, пад ягоную аслону, але не знаходзіць спосабу гэта зрабіць. І вось тут якраз каля яго азываецца ягоны сябар Лёйхтэнтрагер і так дзіўна глядзіць на яго і, скрывіўшы рот, сьмяецца й кажа:
— Ну ж, уцінай далей Паўль, брава, Бог табе сплаціць, калі яны кінуцца-рынуцца на жыда й разьдзяруць яго разам з прынцэсай Трапезундзкай.
Тым часам неба пацямнела, завалаклося чорнымі хмарамі, што насунуліся справа й зьлева, і толькі паласа сьвятла яшчэ заставалася пасярэдзіне, дзе якраз стаіць жыд, а за ім вялікі партрэт рыжага ўкрыжаванца, як ён там вісіць паміж шахраяў, а яшчэ далей ззаду высокая вежа кірхі з вострым дахам і залатым пеўнікам-флюгерам наверсе. Сяму-таму робіцца вусьцішна, і ён думае, што вось зараз настане божая кара таму, хто тут, над душою стоячы, гаварыў падлыжна, жыду зь ягонай прынцэсай ці маладому чалавеку ў магістарскай шапачцы зь першага раду.
Але жыд, як прарок, уздымае рукі. Апошні гул галасоў аціхае. Вочы ў жыда, як два каменьчыкі, бліскуча-шэрыя і цьвёрдыя, і ён кажа:
— І будзе калі-небудзь нехта ашуканы кімсьці, хто лепш абазнаны. А я кажу вам, сапраўды, я Вечны Жыд, завуся Агасфэрам, і пракляты нашым рабі, бо я прагнаў яго ад сваіх дзьвярэй, калі ён хацеў адпачыць у мяне ад цяжару крыжа, і калі гэта чыстая праўда, дык той залаты певень угары на вежы тры разы кукарэкне, перш чым усмаліць першая божая маланка.
Айцэн ведае, што цяпер яму трэба на поўнае горла зарагатаць, каб усе чулі й каб паламалася вядзьмарства; певень на шпіцы вежы мог паказваць надвор'е, але каб на кукарэкі ўспасобіцца, — яшчэ ў ніводнага пеўня-флюгера ня было такога горла й сапраўднай дзюбы. Ён азіраецца на свайго сябра Лёйхтэнтрагера й шукае ў ягоных вачах і на твары запэўненьня, вядома, певень ёсьць певень, а бляха ёсьць бляха; але той падымае руку да вуха й кажа:
— Слухай!
І тады, спачатку ціха й нясьмела, як з маладога пеўніка, які яшчэ ня верыць у самаго сябе й спрабуе галасок, а пасьля ўжо гучней і гучней і ўжо ўпэўнена, і трэйці раз залівіста й далёкачутна: пеўнеў крык, ён разганяе цені й сутнасьць цёмных шалаў.
Усё як скамянела. Толкі ўкрыжаваны, здаецца, як бы варушыцца, але гэта ад ветру й непагадзі, што налятае парывамі й шавеліць карціну, на якой ён намяляваны. Маланка, якая за гэтым перыць, яркая, шыпучая, разрывае здранцьвеньне; яна цаляе ў драўляныя рыштаваньні й падпальвае іх, полымя шугае ўгору й паліць іх разам з выявай укрыжаванага й дэманстрацыйнымі табліцамі й іншымі прычындаламі, а тым часам, з выцьцём і лямантам люд сьцебануў на ўсе бакі, толькі спадніцы й полы лапаталі.
Айцэн адчувае, як яго схапілі за локаць і пацягнулі прэч.
— Давай хутчэй адгэтуль, — чуе Лёйхтэнтрагераў голас, — бо людзям можа стрэліць у галаву забіць цябе.
Разьдзел дванаццаты. У якім разьдзіраецца вялікая заслона ў храме, і Агасфэр тлумачыць Іскарыёту, як чалавек, хоць ягоны лёс і вызначаны наперад, тым ня меней сам ім распараджаецца
Праўды ня ведае ніхто, апрача мяне самога й рабі, але ён мёртвы ўсе гэтыя доўгія гады, а мёртвыя маўчаць.
А дзень быў як ніколі прыгожы; зямля, яшчэ вільготная ад зімовага дажджу, пахла ўзаранай ральлёю, лілеі стаялі ва ўсёй сваёй раскошы, і неба яшчэ не паблякла ад летняй сьпёкі, а цёмным блакітам скляпенілася над горадам і храмам. Дзень для жыцьця, а не для сьмерці; але гэта быў дзень, пярэдадзень сабата, і што павінна было быць зроблена, павінна рабіцца сёньня, бо ў дзень сёмы Бог спачываў, і ні адна рука ў Ізраілі ў гэты дзень не павінна нават варухнуцца.
Таму такі сьпех. Таму такая бегатня паміж домам Каяфы й домам Ірада й домам Пілата й раптоўнае народнае апытаньне, хто павінен жыць, а хто павінен быць пакараны сьмерцю, гвэрыльера Варава, ці гэты звар'яцелы цар юдэйскі; таму й сьпешныя канфэрэнцыі вучоных законьнікаў, на іх ішлося пра кампэтэнтнасьць, хто агалосіць прысуд, хто выканае яго, пра нацыянальнае й рэлігійнае значэньне, тут сьвятарства, тут тэтрарх, тут акупацыйныя ўлады й да таго ж тая ўпарцістая зацятасьць рэбэ Ёшуа, бадай нават, татальнае неразуменьне працэсаў у сьвеце, ён бачыў толькі сваё пакліканьне на месца праваруч Бога, і разам з тым сэрца яго было поўнае прадчуваньня й страху. І таму такое цкаваньне, такая падгонка на гару, што давала вельмі мала шанцаў натоўпу пацешыцца зь відовішча. Нейкі дзівак, які сам сябе абвясьціў царом і цяпер мусіць несьці на сабе свой крыж, якая выдатная нагода для ўсякага роду кпінаў, тут гумар народа можа выбухнуць беспакарана й стацца прадметам гамонак на многіх вясёлых застольлях, але не, ледзь паяўляецца гэты чалавек, задыханы, спацелы, падганяны кіямі эскорту, вось ужо ён амаль прашкандыбаў, і толькі там, дзе ў яго падгінаюцца калені як у перанагружанага асла, можна выкрыкнуць пакеплівае «асанна!» альбо «слава цару!» альбо: «як ты хочаш выбавіць нас, ты, сын Божы, калі сам сабе памагчы ня можаш!»
І пашкадаваў я цябе, рэбэ Ёшуа, нягледзячы на тваё вялікае вар'яцтва, і сэрца ў мяне сьціснулася ў грудзях, калі я ўбачыў, як ты йдзеш да мяне з крыжам на плячах.
І ўбачыў я твой позірк, калі ты пазнаў мяне каля майго дома, і як дрыжалі твае вузкія губы, а ты спрабаваў загаварыць, але ўспасобіўся толькі на хрыплы шэпт.
І я падышоў да цябе й сказаў: Як ты бачыш, я з табою ў тваю цяжкую гадзіну.
Ён кіўнуў і прамовіў: Ты сказаў, што я змагу адпачыць у цябе.
А я нахіліўся да яго, бо ён стаяў, нізка прыгнуты цяжкім крыжам, і я сказаў: У мяне пад вопраткай ёсьць меч Божы, і я хачу агаліць яго за цябе, і ўсе твае перасьмешнікі й твае ворагі і ўсе жаўнеры да сьмерці перапалохаюцца й паразьбягаюцца ад бляску яго.
Ён маўчаў.
А ты, рэбэ Ёшуа, сказаў я далей, скінеш зь сябе крыж і выпрастаешся, і згуртуеш народ Ізраіля вакол сябе й павядзеш яго, як напісана, бо твая барацьба, о княжа, і твая перамога, о цару!