(Пакорліва і нават паспешліва прыносіць штаны, бубніць.) З парваным сэрцам на вуліцу яму захацелася… Доктарка вунь казала, каб ляжаў і не варушыўся… Давай памагу…
Васіль. Сам. (Адзяваецца, нерашуча злазіць з палка. Выпрамляецца. Пастаяў, аддыхаўся. Зрабіў першы крок. Пайшоў па хаце. Зірнуў у акно.)
Чуваць капёж.
(Расчулена.) Капае… (Падышоў да жонкі.) Накінь мне кажух на плечы… Рукі цяжка падымаць…
Ганна апранае Васіля. Гастрыт падняў галаву, глядзіць.
Ганна. Давай я цябе выведу…
Васіль. Сам… (Выходзіць.)
Гастрыт. Ганна!
Ганна. Га? Што, Мікіта?
Гастрыт. Хадзі сюды.
Ганна падыходзіць.
(Паказвае рукой на дзверы.) Ты яму… яму не давай паміраць… Не пускай яго туды… Што хочаш рабі, сама заместа яго ляж, а не пускай. Ён тут павінен быць… Там яму няма чаго рабіць…
Ганна. Ляжы ты, Мікіта, ляжы…
Гастрыт. Прытуліся да мяне… Калі можаш…
Ганна (сагнулася да яго, прытулілася, пагладзіла па валасах). Мікіта…
Гастрыт. Лягчэй стала… Саўсім лёгка… Памятаеш, ты хадзіла ў Піліпа свайго дазволу прасіць… каб жыць з Васілём?
Ганна. Ага…
Гастрыт. Схадзі і яшчэ раз… На кладзішча… Ва ўсіх, хто там, прабачэння папрасі… За мяне… Сам не паспею… Сходзіш?
Ганна. Добра, Мікіта, добра… Ты не… не трэба.
Гастрыт. А лепей цяпер схадзі… Зараз ідзі… Ідзі, Ганна, а то я раней… Ідзі…
Ганна. Добра, добра…
Гастрыт. І скажы… Васілю скажы… каб… Ён ведае. Усё… Даруй… Ідзі…
Ганна спалохана падыходзіць да дзвярэй, але не выйшла, а толькі сцішылася ля парога. Гастрыт выпаўз з-пад коўдры, стаў на калені.
Дзе ты, хто ты, ці ёсць ты — не ведаю… Калі ёсць, на зямлю гэту ты мяне ўжо не пусціш… Я не слухаў цябе… І не пачуў… Дай здароўя Васілю… Ты на ім тут яшчэ і трымаешся… Калі б можна… Калі б другое жыццё… Я б… У мяне б нічога не было… Я здуру людзей жыць вучыў, а мне б дзяцей няньчыць, хлеб расціць і глядзець на Сонца… Гэта святое… Гэта ўсё… (Падымаецца, узлез на палок, знік за посцілкай.)
Ціхая-ціхая паўза.
Ганна (ледзь чутна). Мікіта… (Зразумела ўсё, усхліпнула.) А-а-а Божачкі-і-і… А Мікітухна-а-а…
Ляпнулі дзверы. Увайшоў Васіль. Ганна хуценька выцерла слёзы.
Васіль. Капае… Ужо не прымарозіць… Цёплы вецер наваліўся… Вясна за дзела ўзялася…
Ганна. Ідзі ляж, Вася… На ложак, каля акна…
Васіль. Няма калі разлежвацца… Гной хутка вывозіць… Каб з цёплым дажджом у зямлю… Развіднее — пайду за сваім канём…