Васіль. Не буду…
Гастрыт. Баюся…
Васіль. Чаго?
Гастрыт. Баюся, што Бог ёсць ці Сонца тваё… Баюся, што спытае… А што мне сказаць яму?
Васіль бярэ кружку, зачэрпвае ваду.
Васіль. Выпі… Вада душу супакоіць… Выпі…
Гастрыт п'е. Васіль таксама.
Гастрыт. Ты пра мяне, Васіль, яшчэ што-небудзь скажы…
Васіль (уздыхнуў). Што казаць?
Гастрыт. Усё… Самае нядобрае, самае паганае… я цябе слухаю — душа спакайнее…
Васіль. Гэта ад вады…
Гастрыт. Ад цябе… Ну, пагавары… Туды ж нельга з неспакойнай душой ісці… Пагавары… Жыў, як усе… Шчасця хацеў… Чаго ж мне так млосна? Чаму ж цішыні ў душы няма?
Васіль. Ты любіў мала…
Гастрыт. Мала…
Васіль. Шкадаваў мала…
Гастрыт. Мала.
Васіль. Плакаў мала…
Гастрыт. Мала… (Нервова.) Яшчэ! Кажы яшчэ!
Васіль. Усё… Разумней любові, шкадавання і слёз людзі нічога не прыдумалі… І ці прыдумаюць?.. Спі…
Гастрыт. Не магу… Болей скажы… Пасудзі…
Васіль. Я не суддзя, Мікіта… Ды ты і сам усё ведаеш…
Гастрыт (заплакаў). Госпадзі! За што? Я ж чэсна працаваў, падтрымліваў, стараўся… Казалі ісці — ішоў, казалі рабіць — рабіў, гаварыць — гаварыў… Ой, Васіль! Свет, свет такі паганы…
Васіль. Свет добры… Чысты… Гэта мы яшчэ дрэнныя… Нам саміх сябе перарабіць трэба, а мы, дурні, усё свет перарабіць хочам, пад сябе падагнаць…
Гастрыт. На Андрэя вашага тады я… напісаў…
Васіль. Я ведаю…
Гастрыт. Але… Я праўду напісаў… Я не з-за Алёны… а таму, што сабатаж. (Нервова.) Не слухай! Зноў кручуся… З-за Алёны!
Васіль. Я ведаю…
Гастрыт. Дык любіў жа…
Васіль. Любіў…
Гастрыт. Як думаеш, дзеці прыедуць, калі я…