Васіль (паказаў рукой на дынамік). Ваююць!
Старая паслухала.
Ганна. У-у-у, знайшоў, з чаго дзівіцца. Заўжды ваююць. Не там, дык там…
Васіль. Дурні. Як быццам рабіць больш няма чаго…
Ганна. Чаго ты разбубніўся? Сам жа ваяваў.
Васіль. То не раўняй… То трэба было… То за Радзіму…
Ганна. А мо і ім прыспічыла. Сказалі «ваяваць» — і ваююць… (Падышла, прысела каля палка.) Як табе сёння?
Васіль. А нічога… Палягчэла неяк, ды і баліць, здаецца, слабей… (Маўчыць.)
Слухаюць завею.
Ганна. Васіль, а чаго й та мы жылі?
Васіль. А што было рабіць? Нашай згоды бацькі не пыталі… Нарадзілі, і ўсё… Хочаш не хочаш, а жыць трэба… Жыць і чалавекам застацца. Цяжка…
Ганна (уздыхнула). У цябе хоць Грышка недзе ёсць… Ну хай сабе і не піша… Але ж жыве па-людску… А мой Віцёк… І ў каго толькі такі ўрадзіўся? І хто вінаваты? (Паўза.) А якім яму яшчэ радзіцца было? Вунь дактары па радзіву на жанок цяжарных сварацца: піць няможна, курыць няможна, хвалявацца няможна… А то дзіцёнак дрэнны родзіцца… А пад бомбамі ляжаць можна? А жыўцом гарэць у сваёй хаце можна? А сядзець во з такім жыватом у сцюдзёнай балотнай твані можна? А ўвесь час калаціцца ад страху, што цябе во-во схопяць і заб'юць, — можна? А галадаць можна? А самой у людзей страляць можна? (Паўза.) Ён, мой Віцёк, яшчэ там, у мяне пад сэрцам, на ўвесь свет абазліўся. Якім жа яму было яшчэ нарадзіцца? Толькі няўдачным… Бабе трэба ласкавай быць, на Сонца, як ты кажаш, часцей глядзець, тады і дзіцёнак цёплым родзіцца і ласкавым… А я… Толькі ваявала ды вайны баялася… Толькі дзетак нараджала ды хавала… Рабіла, рабіла, рабіла… а на гэтым свеце няма чаго пакінуць… І нашто нарадзілася?
Васіль. Мы з табой нарадзіліся людзей хлебам карміць…
У сенцах нешта ляпнула.
(Падняў галаву з падушкі.) Чуеш? Нехта дзверы адчыніць не можа? Чуеш?
Ганна. Гэта вецер…
Васіль. Не, Ганна, не! Прыйшоў нехта… Я крокі чуў… Ідзі, сустрэнь… Прыйшоў нехта…
Ганна пайшла да дзвярэй, але дзверы ўжо самі адчыняюцца. На парозе Гастрыт. Загорнуты ў бальнічную коўдру. З-пад коўдры бачны белыя ісподнікі. На нагах галёшы.
Гастрыт (запалым голасам). Холадна… Ой, людцы, холадна…
Ганна. О Божухна!
Гастрыт. Дзе Васіль?
Васіль. Тут…
Гастрыт. Хварэеш усё?..
Васіль. Не. Паміраю.
Гастрыт (з адчаем). А я з бальніцы ўцёк… Вазьміце мяне… Коляць, а мне ўсё цяжэй… Парашкамі кормяць, а мне ўсё страшней… Не магу больш… Цяжка… Холадна… Страшна без вас… Я, Васіль… я тваю смерць на сябе вазьму… За дваімі яна не прыйдзе… Толькі не праганяйце мяне… Пашкадуйце… Ведаю, няма за што… Проста так… Вы гэта ўмееце… Я во тут, каля печы, на падлозе прылягу… І маўчаць буду… Не праганяйце мяне… Не праганяйце толькі…
Зацямненне
Хата. Каля печы на палку галава да галавы ляжаць Васіль і Гастрыт. Два старыя чалавекі. На сконе доўгая зімовая ноч. За акном злосна і тужліва вые вецер.
Гастрыт (падняў галаву, трывожна). Ты спіш, Васіль?
Васіль. Не…
Гастрыт. Не спі, ладна?