Васіль. Ідзі.
Ганна (падышла да дзвярэй). Васіль…
Васіль. Што?
Ганна. Ты мне ўсё ж праўду скажы: ты тады пісаў радзіву, каб мне гусей праспявалі? Толькі праўду…
Васіль (злосна). Ну што ты з ёй будзеш рабіць! Паўгода я ёй — адно, яна — другое! (Замахаў рукамі.) Ну, я, я! Няхай буду я, калі табе лягчэй жыць ад гэтага! Ідзі!
Ганна. Пазней трохі сена казе падкінь…
Васіль. Ладна…
Ганна выйшла. Васіль пачынае збіраць са стала. Уключыў дынамік. Зараўла музыка. Васіль выключае дынамік. У хату ўрываецца ўзбуджана-нервовы Гастрыт. У руках газета.
Гастрыт. Прывет, жаніх!
Васіль. Здароў…
Гастрыт. А дзе маладуха?
Васіль. Печ пайшла паліць у сваю хату…
Гастрыт. Добра жыве… І дома і замужам… Ну, чаго глядзіш? Усё адно буду хадзіць да цябе… Хадзіў і буду… І што я ў цябе такі ўлюбёны? (Маладым пеўнем пахадзіў па хаце.)
Васіль назірае за ім.
(Спыніўся.) Васіль, хочаш з глузду з'ехаць?
Васіль. Хачу.
Гастрыт (радасна). Я машыну па латарэйцы выйграў! На пошту зараз зазірнуў, праверыў — во! (Паказвае газету, беражліва дастае з кішэні латарэйку.) Аўто! Аблапошыў гасударства!
Васіль. Ну й што?
Гастрыт. Ты рубель выйграваў хоць раз?
Васіль. Не.
Гастрыт. А я — машыну!
Васіль. Ну й што?
Гастрыт. Што ты завёўся: ну й што, ну й што?! Скажы, што зайздросна! Га? Ну, скажы?
Васіль глядзіць на яго. Спакойна і стомлена.
Ладна, стаў яешню — замочым… Машына ўсё-ткі… (Дастаў з кішэні бутэльку віна.) Ну й што, ну й што…
Васіль. Сядай… (Дастаў шклянкі, паставіў закуску.)
Гастрыт адкаркаваў віно, наліў чаркі, задумаўся.
Гастрыт. Васіль…
Васіль. Оў!
Гастрыт. А Бог ёсць?