Васіль. Сонца ёсць…
Гастрыт. Падла! (Рашуча паставіў шклянку.)
Васіль (злосна). Выганю зараз!
Гастрыт. Ды не на Сонца я тваё, супакойся… На Бога, на лёс свой, на жыццё! Усё да мяне бокам, бокам, бокам! Усё жыццё прайшло на пяцьдзесят працэнтаў… Усё напалавіну… Ты во мне скажы: справядлівае жыццё на гэтай зямлі? Га? Хаця што пытацца — ты ж Сонцу молішся… А ці меў ты хоць раз у жыцці тое, чаго вельмі хацелася?
Васіль. Заўсёды…
Гастрыт. А я ні разу… Толькі напалавінку. Во, памятаю, у маленстве… Хадзіў неяк па грыбы… Цалюткі дзень па хмызняку поўзалі… Усе там сыраежак, лісічак збольшага накалупалі, а я во такенны во баравік. Белы, крэпенькі, шапка — дзвюма рукамі не накрыць. Лета тады сухое было. Яшчэ ніхто баравікоў не знаходзіў… Усе ахаюць, зайздросцяць, у кошык зазіраюць. Шчасце! Памятаю, на ўсіх глядзеў як… на мурашак… Дадому прыйшоў, ножычкам чык гэты баравік…
Васіль…а ён чарвівы.
Гастрыт (пасля паўзы). Ага… Ушчэнт сточаны! Во табе і шчасце! Гадоў шэсць мне тады было… І з таго часу… усё напалавіну… (Падняў чарку.) Давай, Васіль…
Васіль. Будзь здароў!
Гастрыт. Ай!
Выпілі.
Ці хаця б жонку маю, нябожчыцу, узяць… Я ж так па ёй сох! Ад кахання плакаў па начах. Ніхто яе так не любіў… А яна… За братам тваім, за Андрэем, бегала…
Васіль. Нядоўга, праўда…
Гастрыт. Што, зноў я вінаваты?! Час быў такі, разумееш, час!!!
Васіль. Я нічога не кажу…
Гастрыт. Ну, забралі Андрэя… Паплакала мая Алёна, паплакала дый пайшла за мяне. Забылася, здаецца, пра ўсё. І вяселле было добрае. І яна вясёлая. Усё добра! Шчасце! Дачакаўся свайго! (Паказаў кукіш.) Во! З маслам, як кажуць! Зноў у мяне гэта палавінка, каб яе агонь спёк! Не, яна ніводнага разу не ўспомніла пра Андрэя. А толькі душой я адчуваў, душой, што клалася яна са мной спаць, як у труну кладуцца. Засне, дык ужо потым абдымае мяне, цалуе, шэпча нешта… Не разумеў, што з бабай робіцца. А яна, аказваецца, яго, Андрэя, у сне бачыла, у сне лашчыла… Перад смерцю прызналася… Сорак гадоў жыла са мной, а па начах яго абдымала! Ведаеш, дзеці, здаецца, на Андрэя падобныя…
Васіль. Што ты пляцеш?
Гастрыт. У старэйшага і нос, і вочы, і чупрына, як у яго… Чарнявы ж… У нашым родзе спакон веку такіх не было…
Васіль. У Алёны бацька цыган быў. Хіба не ведаеш? А Андрэй… Ён жа памёр праз паўгода ў Сібіры…
Гастрыт (нервова). Ды мае гэта дзеці! Мае! Хіба я не ведаю. Толькі мае і як быццам не мае… Напалову. Зноў на праклятую палову! Зубамі, рукамі вырываў шчасце… Што толькі не рабіў… Усё дарэмна!
Васіль. А што рабіў?
Гастрыт (не адразу). Усё… рабіў… І вайна гэтак жа прайшла. Людзі галовы клалі, кроў лілі, калекамі вярталіся, а я ў палоне ўсе гады… І во, як бачыш, не ваяваў, а перажыць такое давялося — успомніць страшна!
Васіль. Сам здаўся?
Гастрыт. Што?
Васіль. Я кажу, у палон…
Гастрыт. Сам і не сам… Напалову. Нас пад Віцебскам раскалашмацілі, усю дывізію… Чалавек пяць сабраліся — выйсця шукаем… Вінтоўкі былі, а патронаў — у мяне адзін. І ўсё. Начамі да сваіх выбіраліся… На трэці, здаецца, дзень на немцаў напароліся… Я бабахнуў са сваёй вінтовачкі — і ўсё: няма чым больш ваяваць. І трэба ж было гэтай праклятай кулі ў немца трапіць… Паставілі яны нас — пытаюцца: хто? Маўчым. Яшчэ раз: хто? Маўчым. Афіцэр аўтамат хапае, замком клац-клац… Ну, думаю, капцы! І раптам адзін маленькі, худзенькі заморак з Полацка, што ад кожнага шораху бялеў і заікаўся, выходзіць. Я, кажа, я страляў… Немец яму чаргу ў жывот. А нас у лагер. (Наліў віна, выпіў, паглядзеў на пустую бутэльку.) Мо яшчэ збегаць?
Васіль. Не трэба…
Гастрыт. Чаго тады вылупіўся?
Васіль. Нічога… Тут ужо не напалову атрымліваецца…
Гастрыт. Я не ўсё расказаў. Той бедны хлопец яшчэ варушыўся на крывавым пяску, калі я апрытомнеў. Кінуўся да гэтага афіцэрыка: пан, крычу, пан, не ён гэта… не ён… Што, не верыш?