Васіль. Прыедуць…
Гастрыт. Ой, як цяжка…
Васіль. Прыедуць…
Гастрыт. Памажы мне, Васіль…
Васіль. Чым?
Гастрыт. Памаліся… Бога няма, каб быў… ён бы нас не давёў да гэтага… Памаліся свайму Сонцу, каб хоць на магілку маю свяціла…
Васіль. Яно будзе свяціць… Спі…
Гастрыт. Дай вады…
Васіль падае ваду. Гастрыт прагна п'е, ставіць кружку, адварочваецца і заціхае. Увайшла Ганна з вядром у адной руцэ і з дрывамі ў другой. Тупае ля печы.
Ганна. Ці спіце вы там?
Васіль. Не…
Ганна. Што на сняданак рабіць?
Васіль. Што зробіш — тое і ладна…
Ганна. Старшыню ж сустрэла… Перадай, кажа, свайму неўміручаму дзеду, гэта табе значыць, што калі пішуць ананімкі, дык не падпісваюцца і адрас не пакідаюць…
Васіль. А я ведаў?! Першы раз у жыцці ананімку пісаў…
Ганна. А каня, кажа, мы яму і так дадзім… Бясплатна… Аформім як ветэрану. Варта было, кажа, з-за такога глупства шум на ўсю краіну падымаць…
Васіль. Так і сказаў?
Ганна. Ну…
Васіль. Дапякло! (Уздыхнуў.) Што ж рабіць? Я паміраць настроіўся…
Ганна. Кінь такое гаварыць! Не дражні яе!
Васіль. А чаго? Нараджацца ж ні ты, ні я не баяліся… А яе чаго баяцца? Што на дварэ?
Ганна. Развязло… Вецер сыры, са страхі цячэ…
Васіль (зусім іншым голасам). Адліга… Першая…
Ганна. Яшчэ прымарозіць…
Васіль (сам сабе). Усё! (Марудна-марудна пачынае падымацца, трымаючыся рукой за сэрца. Абапёрся на локаць. Паляжаў так, аддыхаўся. Потым яшчэ трохі. Яшчэ! Рука саслізнула — упаў на падушку. Ляжыць нерухома. І зноўку гэтак жа цяжка і марудна падымаецца. Сеў. Дрыжачай рукой узяў кружку, напіўся. Звесіў худыя босыя ногі ў белым.)
Ганна выходзіць з-за печы.
Ганна (уражана). Ці й та ты ашалеў?! Чаго ўскруціўся?!
Васіль. Пайду на вуліцу, ветрам падыхаю…
Ганна. Вядро прынясу — тут дыхай…
Васіль не адказаў. Толькі глядзіць. Па-мужчынску. Як гаспадар.