- Я не ўжываю наркотыкаў! – сказала яна.
Усе паглядзелі на яе.
- Бойся не, - сказала Хрысьціна. – Калі ты бачыш, мы п’ем усе, благога няма зусім.
- А як жа эфэкт прызвычайваньня?!
- Ад разу аднаго нічога ня будзе, - сказаў Уладзь.
Ён сядзеў насупраць. У ягоных рукох была шклянка.
- Navučy jaje pić, - сказаў Вінцук Хрысьціне. – bo apiačecca jašče.
Тая нахілілася да Вынтэнэ.
- Выдыхнуць трэба паветра ўсім ртом… Такім чынам вось. – Літвінка паказала. – Пасьля каўток робіш – адразу, усё. Рэшты няма. І дыхаць няма, не адразу. Каўтаеш – і адразу ежа есьці шмат… Зразумела?
Вынтэнэ кіўнула.
- У выпадку такім спрабаваць будзьма.
***
Harełka апякла Вынтэнэ. Вочы напоўніліся сьлязьмі. Дзяўчына праглынула ўсё адразу, як вучылі.
- Заесьці трэба, - сказаў Уладзь.
Хрысьціна падсунула талерку з грэчкай. Вынтэнэ стала есьці, мэханічна, не адчуваючы смаку.
Усё навокал паплыло перад вачыма. Проста перад ёй быў твар Уладзя. “Прыгажун ты мой!” – падумала дзяўчына. Ёй раптам захацелася ўсіх любіць. Увесь сьвет.
- Люуудзі, тут так… тттак… - яна не знаходзіла слоў. – Доб.. добра! Праўда!
Вы… вы ўсе… сябры… А я… мне…
Яна хацела сказаць, што так, яна чукча, і са сталіцы, з пыхлівай сталіцы… Але ёй за гэта сорамна. А хочацца быць дзікункай, як яны… Хочацца быць прымітыўнай, каб радавацца жыцьцю… Бо яны ведаюць сэнс жыцьця, а чукчы – не… Чукчаў згубіла цывілізацыя. Яны нежывыя…
- Не-жы-выя! – прамовіла Вынтэнэ ўголас. – Але ж вы…вы ж мяне… не разумееце… Я не рррасісткааа…
Ёй раптам зрабілася вельмі сьмешна. Яна сьмяялася з усхліпваньнем. А потым раптам заплакала. Ёй зрабілася шкада сябе. Ніхто ж яе ня любіць, ніхто не разумее…
Літвіны переглянуліся.
- Пойдзем следам са мной, разам, - сказала Хрысьціна. – спаць трэба ўжо, позна…
- Не пайду, пратэставала Вынтэнэ.
Але ногі самі несьлі яе туды, куды вяла літвінка.
Яны дайшлі да ложка.
-Распрануцца трэба табе ў дадзены момант.
Хрысьціна сьцягнула з дзяўчыны кофту, джынсы… Накрыла коўдрай… Зачыніла дзьверы і лягла побач. Вынтэнэ адчула, што яе абдымаюць. Цалуюць. Якая ж Хрысьціна пяшчотная! Якая ласкавая! Якое цёплае ў яе цела…
Вынтэнэ расплюшчыла вочы. У пакоі нікога не было. За вакном зьзяла сонца. Дзяўчына ўстала і пачала апранацца. У галаве шумела. Цела – быццам гумовае. Яна прыгадала ўчорашні дзень. Гэлікоптэр, вёска. Вячэра ў старшыні. Наркотык – “harełka”. Яго смак дагэтуль у роце…
А потым, потым… Прыгадалася ўсё да дробных дэталяў. І зрабілася сорамна. “Як я магла?!” – падумала Вынтэнэ. – А яна? Няўжо яна такая?..”