Хрысьця ўсьміхнулася і пабегла ў карчы. Вынтэнэ рванула ў супрацьлеглы бок.
“Схаваюся, ды й годзе, - думала яна. – Хрысьця клялася, што ўсё дабраахвотна. Калі і знойдзе які маскавіт – адмоўлюся. Хаця…” Гэтае “хаця” не давала спакою. Цікава, як яно? Вось так, у лесе… зь дзікуном… “Хопіць думаць!” – спыніла сябе Вынтэнэ. – Ты – дзічына, цябе гоняць. Уся надзея на інстынкт самазахаваньня…”
***
Дзяўчына сядзела на мурогу. Бегчы далей не было моцы. Яна ўсё яшчэ цяжка дыхала.
Дзень быў цёплы. На паляне поўна красак. Маленькія і някідкія, яны злучаліся ў цудоўны дыван. А вакол – лес. Дрэвы амаль сягалі неба. “Сапраўдныя джунглі, - падумала Вынтэнэ. – Ня тое, што усурыйская тайга.” Усё тут было нейкае чароўнае. Чыстае і некранутае…
На паляну зайшоў мужчына. Дзяўчына пазнала Ўладзімера.
На этнографе была маскавіцкая вопратка: касаваротка, анучы, лапці. Мужчына выглядаў упэўнена. У кожным руху адчувалася моц. “Гаспадар лесу, “ – падумала Вынтэнэ
Уладзімер падышоў да дзяўчыны і ўзьняў яе на ногі. Не кажучы ні слова, прыцягнуў да сябе.
Мужчына пацалаваў яе ў вусны. Рукі ягоныя сарвалі з Вынтэнэ вопратку…
***
Парачкі вярталіся зь лесу. Уладзь з Вынтэнэ трымаліся за рукі. Яны нічога не казалі. Нашто гаварыць, калі ўсё добра? На ўзлеску яны дагналі Хрысьцю і Вінцука. Тыя ўсьміхаліся.
- Добра ўсё ў вас? – спытаў Вінцук.
- У нас усё цудоўна…
Далей пайшлі разам. Вакол ішлі іншыя пары. Вынтэнэ пазнала дзяўчынку, якая “карагодзіла” побач зь ёй. Маленькая маскавітка спала на рукох у хлопца. Хлопец быў з шырокімі плячыма. На вуснах грала дабрадушная усьмешка … і пяшчота.
- A ty moh by mianie padniać? - сказала Хрысьця.
Замест адказу, Вінцук падхапіў яе на рукі.
- Nu... Ja ž pažartavała!
- Pozna! – засьмяяўся літвін.
- Я ня думала, што будзе так хвайна! – прызналася Вынтэнэ.
- Народныя звычаі спадабаліся табе?
Уладзь усьміхаўся.
- Мне ўсё спадабалася! Разумееш, жыцьцё тут, нейкае… сапраўднае. Прымітыўнае, цяжкае, але сапраўднае. Тут няма кінатэатраў, няма гарачай вады. І модных клубаў таксама… І ўсё ж, яны бліжэй да праўды.
- Не яны прымітыўныя ёсьць, - сказаў Уладзь. – Гэта вы, Чукчы, усё ўскладняеце. Адасобіліся ад продкаў ведаў. Зачыніліся ў месьце з бэтону.
- А вы, літвіны?
- І мы такія самыя, ня лепш ані. Таму ездзім у гэты край – бачыць наша мінулае, на стагоддзяў шмат таму.
- Але ж маеце цалкам іншую культуру!
- Іншую. Блізкасьці, аднак, ёсьць некаторыя. Таксама славяне яны ж…
- Значыцца, і вашы продкі жылі ў “ізбах”.
- Продкі нашы ў хатах жылі. Цяпер нават сяляне многія жывуць там. Аднак іншыя падабенствы ёсьць усё ж.
- Атрымліваецца, маскавіты лепшыя за нас? Мы завязлі ў цывілізацыі, а яны захавалі першабытную прастату.