А што асабіста я думаю пра той наш каралеўскі парламент? Я міжволі параўноўваю яго з нашым, з тым, у якім былі мае знаёмыя і нават сябры. Яго задачай было ўтрымаць незалежнасць, утрымаць свой сцяг над парламенцкім гмахам, што на рагу Ажэшкі, над цэлай краінай. Хаця ўсё было не так адназначна. Так-так, вайна адбывалася ўнутры, у парламенцкай зале. Патрыёты, незалежнікі, яны былі ў меншасці, яны займалі барыкаду, на якую нападалі з усіх бакоў, нападалі тыя, хто, нават не ведаючы аб гістарычных падзеях, аб гарадзенскай каралеўскай эпапеі, не проста апраўдвалі, яны зацята змагаліся за вынікі двухсотгадовай даўніны, за паглынанне ўсходняй імперыяй наскіх земляў. На сваіх моцных прыхільнікаў абапіралася калісьці ў Сойме імператрыца, яны былі не столькі нават за яе, як супраць караля, яны яго не любілі, яны яму зайздросцілі, лічылі чужаком, не польскага як мае быць, да шпіку косці, племені, не золатам вышэйшай пробы. Але ён быў белым золатам, белым. Ці не таму так любіў рэзідэнцыю на Нёмане, ці не таму так грунтоўна разбудоўваць пачаў сам горад, ператвараючы ў квітнеючую Галандыю, як з захапленнем ад нечаканасці зацемлівалі падарожнікі? Гэта была яго нібы малая радзіма, краіна ў краіне, у Варшаве ён меў прычыны адчуваць сябе часам няўтульна. Там, я гавару ад сябе, ён хадзіў, уласна кажучы, на працу, дзе яго прагнулі падсядзець, прынамсі нашкодзіць. Тут, у Горадні, ён пачуваўся напачатку поўным гаспадаром. Сюды з’язджаліся на сойм да яго, караля, там ён прыходзіў да іх, ці яны хацелі яму хаця б даць адчуць гэта. Трэба не баяцца глядзець праўдзе у вочы.
Слова “свабода”, нават калі яно не вымаўлялася часта, яно было ў думках, глыбока ў свядомасці, было ў дзеяннях, ці спробах дзейнічаць, каб ратаваць: свабоду, гонар і Айчыну. Адносіны з Богам больш складаныя, няяўныя, часам непрадказальныя. Яны трымаліся за веру, некаторыя ледзь не кожны божы дзень стаялі ўкленчыўшы на імшы, але штось пайшло не так, у няўдалы бок. Соймы зацягваліся, спрэчкі не спыняліся, падзеленыя на варагуючыя партыі, яны маліліся кожны ў сваім касцёле. Што праўда, нават каб яны падзяліліся яшчэ на меншыя групоўкі, касцёлаў не бракавала: унушальныя, вялікія, яны стаялі купна, умацоўваючы значнасць каралеўскага места над Нёманам. Сам ён маліўся асобна, у палацавай капліцы, таксама немалой, кароль Аўгуст падбаў калісьці.
Маліліся, так-так, маліліся і ўсе паўтаралі: Бог, гонар, Айчына, але, як атрымлівалася, з крыху іншай інтанацыяй, ледзь заўважна адрознай, бо думкі іхнія былі не заўжды ў гэтую хвілю менавіта з Богам, ці шчыльна з Айчынай. Так здараецца, што зробіш, чалавека не зменіш, ён не заўжды ўмее пакінуць за касцельнай брамай свае турботы, свае інтарэсы, свае страхі.
Я не магу пахваліцца, што вешаю сваю карціну на цвік гісторыі, паўтараю, мяне цікавяць яе рух, яе катаклізмы, але мая карціна хутчэй — аўтарскае кіно з частым выкарыстаннем хранікальных кадраў, штось звонку накшталт “Гернікі”, аднак я імкнуся выбудаваць адначасова пэўную скразную лінію, свой уласны сюжэт з аскепкаў гісторыі. Я зыходжу з таго, што чалавек заўжды рэагаваў аднолькава на ваду і агонь, на вострае і калючае, на холад, на пах, смак, святло і цемру, так-так. Хіба што змяняецца стаўленне да Сонца і Месяца, іх не абагаўляюць, але ж існуем сёння не толькі мы, тубыльцы ў джунглях па-ранейшаму могуць маліцца на Сонца і баяцца, напрыклад, Месяца, адчуваць жах ад яго загадкавага начнога незвычайнага аблічча.
Перавага Станіслава Аўгуста Панятоўскага была ў тым, што ён ведаў напэўна большасць закулісных дзеянняў, ён бачыў шасцярэнькі гісторыі, колцы і стрэлкі яе часу, ліны, якімі карысталіся лялькаводы, падвагі, дзякуючы якім адкрываліся і зачыняліся шлюзы, аднак сам ён не мог быць сапраўдным лялькаводам, ён быў даволі абмежаваны ў рухах, хаця яму й не хацелася ператварацца зусім у марыянетку, але абставіны часу, карты ў вялікай чужой палітыцы яму не спрыялі, клаліся на зялёнае сукно Еўропы не на яго карысць, яны клаліся супраць яго, паступова, але няўхільна.
Мая перавага ў тым, што я адразу ведаю, як усё пачалося і чым закончылася, гэта зразумела, і ў мяне ніякіх ілюзій, я не цешуся нават спробамі: а што было б, каб хаўруснікі знянацку перасварыліся, як хацелася канфедэратам, і маўклівы сойм не адбыўся? Або — каб раптам перамог Касцюшка — з намі Бог і Айчына?! Тым жа часам я маю вольную руку, таму што Станіслаў Аўгуст Панятоўскі не мог цалкам адпавядаць сваімі паводзінамі, пагатоў жаданнямі і думкамі, марамі сённяшнім падручнікам гісторыі, пагатоў у розных краінах у падручніках свая гісторыя, нават калі мова пра адныя падзеі. Я дапускаю, што на яго дзеянні і ўчынкі маглі ўплываць таксама невядомыя нам акалічнасці — сакрэтныя, ці хай забытыя, сцёртыя з памяці, сёння неістотныя або скажоныя ў пазнейшыя часы. Нейкія закулісныя справы маглі стаць спаленымі лістамі, быць не агучанымі публічна, не замацаванымі на паперы, застацца чуткамі, пагалоскай, што, як вядома, змогуць раніць і забіваць, выклікаць на дуэлі і скасоўваць міждзяржаўныя дамовы, ці руйнаваць надзеі на іх падпісанне.
Гісторыя, якая вядомая мне, мае сучасны працяг, які датычыць яго лёсу. Былую мясціну Панятоўскую пераназвалі пры новай, апошняй уладзе, стала вёскай Пагранічнай. У каралеўскай сядзібе зрабілі кантору і мехмайстэрні, у стайні, як прыйшла разнарадка коней здаваць, наладзілі кароўнік, па малаку план давялі. У касцёліку, яго вырашылі не бурыць, захоўвалі збожжа, таксама карысць. Паводзіліся як дбайныя гаспадары, самім спадабалася. У склепы каралеўскія бульбу ссыпалі, буракі, бручку, капусту трымалі і квашаную ў бочках, моркву. А потым новая хваля пачалася змагання з рэлігіяй, паступіла разнарадка храмы разбурыць, ці хаця б пашкодзіць грунтоўна, каб нельга маліцца было зусім. У збожжасховішчы ніхто й не маліўся, але, што праўда, стаяў касцёл зусім у непашкоджаным стане, ужо недагляд. Паламалі галаву, ды вырашылі сапсаваць дах, дырэктывы і разнарадкі трэба выконваць. Збожжа давялося вывозіць абы-куды, дзіва што пагніло потым. Раней замок вісеў вялізны, калі склад быў, цяпер не стала замка, засвярбелі рукі ў паасобных, заманулася звесці канчатковыя рахункі з опіумам для народу. Тады ж і да каралеўскай дамавіны рукі нарэшце дабраліся. Палякі перавозілі яе і перахоўвалі патаемна, уначы, нібы цямрэча егіпецкая здарылася тады, як успаміналі вяскоўцы, усё пад сакрэтам зрабілі палякі, але чуткі, чуткі засталіся, цяпер яны спраўдзіліся, набылі рэчаіснае увасабленне. Калгаснікі нават крыху жахнуліся, што збожжа ляжала курганом на магіле караля апошняга, можа й добра, што яно згінула? Каму захочацца хлеб з могілак? Нябожчыка, праўда, рэальна не ўбачылі, столькі ж часу прамінула! А з трунамі аказаўся таксама сакрэт, неверагодная рэч увогуле! Труны аказаліся тры — адна ў адной, матрошка, словам, дый годзе. Але па дробязі былі знаходкі, а самая значная, увогуле не абы-якая рэч, трапілася ў рукі калгасных працаўнікоў — сапраўдная карона. Дасталася яна чалавеку досыць аўтарытэтнаму, кавалю Мартыну, які жыў скраю вёскі і знаў толк у жалезе. Пра гэта мы, я й мае сябры, даведаліся аднойчы ў Панятоўскай.
Сам ён кляпаў, ясна, зусім не кароны ў калгаснай кузні, для яго сталася культурным шокам, сутыкненнем з мастацтвам, дотыкам да рэчы, зробленай не для працы, не для побыту: не калоць дровы, не касіць траву, не гатаваць сечку для свіней, не падкоўваць капыты, штось замест кепкі, ці аблавушкі, толькі дзіравая, як вянок дзявочы на Купалле. Калі мы вярталіся назад, у мяне перад вачыма каваль у розных сітуацыях карыстаўся каронай, без якой зрабіўся як без рук. Пачутае здалося неверагодным: каваль паняў моду не трымаць карону ў куфры ці ў шафе, а з нагоды чапляць на галаву. Каваль у кароне. Нічога больш незвычайнага я не чуў. Каваль за сталом у кароне, ён жа — у труне, са складзенымі мірна моцнымі далонямі. Карона на цвіку над ложкам, у кузні — сярод падкоў, клямак, прабояў, дужак, кажан-лямпаў.
Ну што ж, не палічыце за блюзнерства, на Божае нараджэнне, ці на Тры каралі каваль у кароне за бяседным сталом не ўспрымаецца мною зусім недарэчна. Але ж напэўна ён адзначаў, як завяла новая ўлада, Першамай, Дзень перамогі, ды Кастрычніцкую рэвалюцыю, Савецкай арміі ўгодкі, жаночы дзень, гэта асноўныя святы былі, самыя-найсамыя. А ён у кароне, трасца! Антысавеччына якаясьці дый годзе! Бо дзень палучкі гэта не свята, рытуал. Думаю, што часта ён яе прылюдна на галаву не чапляў, тады маглі й схапіць, засудзіць, жартаў не пазнаўшы. Дый на вяселле асабліва не аздобіш галаву, калі маршалак толькі можна хіба.
Калі не пры аднавяскоўцах, у хаце сам-насам, ці ў сямейным коле, то чаму ж не? Але проста за стол сесці, ды насунуць яе, прыдуркаватым выглядаць бадай будзеш і не спрачайся. Газеты чытаць — іншая рэч, разумная справа, калі акулярамі карыстаешся — пагатоў, самавіты выгляд, няма спрэчкі. Але ці часта ён іх чытаў? Павінен быў! Прымушалі падпісвацца пагалоўна, каваль не самы бедны ў калгасе, не за палачкі ў сшытку рабіў, ясна.
Кабана ў кароне калоць, смаліць не будзеш, засмяюць, грыбы пасля лесу перабіраць — таксама недарэчы. Самагон гнаць у кароне, у лесе па-партызанску? Дзеля каго карону прымацоўваць? Малаверагодна, так. Іншая рэч, калі віно, яблычнае, залацістае, напрыклад, але хто тады на вёсцы гемароем такім час марнаваў? Вось з пчоламі завіхацца, калі маеш, калі не баішся лішне, у гэтым ёсць выгляд. Пчолы, яны маюць сваю каралеўну, можна сказаць. Пчолы, мёд, соты, карона, яны спалучаюцца няўлоўна, колерам таксама, злашча калі яе, карону, пясочкам нашараваць да бляску, да ззяння. Сонца і карона, галовы сланечнікаў у гародзе, таксама супярэчнасці няма. Або ўзяць паляванне ў кароне. Каралі, цары, князі напрыклад, магнаты, яны паляваць звера уга як любілі, хлебам не кармі! А рыбная лоўля? Не ведаю нават так адразу. Срабрыстая рыба, луска нібы кальчуга, карона тут да месца будзе бадай ненашмат меней, прынамсі калі ты з уловам побач, ды каб з немалым, каб уражваў. Але нерат пакінь тады і вуду адкладзі, інакш які ты кароль з вудзільнам? Усё роўна як з касой, ці з сярпом. У каралеўскіх гербах сярпоў няма і літовак не бывае, хаця зверыну, жывёліну, птушак яны на шчытах не супраць мець былі, ясна. Рыбы таксама прымацоўвалі на шчыт, але — рачныя гарады, марскіх у нас не было.
Што праўда, трэба гэта падкрэсліць, карона і крыж заўжды хаўрусавалі. Каваль крыжа сабе ніколі не павесіў бы на шыю, медаль — так, калі ласка, на вайне быў, пад заслону трапіў, як усіх навакольных забрылі, у абозах ператрываў, ацалеўшы без драпіны адзінай нават, з медалём вярнуўся. Як моцна падап’е, а яно здаралася само сабой заўжды моцна, медаль на грудзі, карону — на галаву. Як палкаводзец на парадзе перамогі не раўнуючы. Перамогі над цемрашальствам, над зданямі гісторыі, над панамі-прыгоннікамі, што трымалі народ у хамуце, стаялі над ім з бізуном.
Памятаю ўсё, як у смузе праз даўнасць часу, але таксама таму, што трымцела душа, адчуваючы паездку ў гісторыю, калі мы, некалькі чалавек, выбраліся маленькай савецкай машынай у былую вёску Панятоўскую, дзе спачывалі калісь парэшткі караля Станіслава Аўгуста, у цішыні, занядбанні, на адлегласці ад сталічных гарадоў, у апошняй канчатковай высылцы. Дакладней мы не ведалі, што парэшткі зніклі, ці спарахнелі, ці знішчаныя, раскіданыя людзьмі, мы ехалі ў няведам’е, але ў канкрэтную мясціну з выразна акрэсленай мэтай, вызначыўшы сказанае мной ужо раней: што калі пяцьдзесят гадоў таму каралеўскую дамавіну вярнулі з-пад сярпа і молата, з “краіны рабочых і сялянаў” і не павезлі у Варшаву, ці Кракаў, яе паціхеньку даставілі ў некалі фамільную вёску каралеўскай сям’і і без цырымоній схавалі ў касцёліку, што пабудавалі самі Панятоўскія.
Нас чакалі толькі занядбаны касцёл без крыжоў, без даху, без дзвярэй, зняважаны, апаганены і кінуты. Мясцовыя паказалі яміну, у якой змяшчалася некалі дамавіна Станіслава Аўгуста Панятоўскага, раскапаную шукальнікамі скарбаў яміну. Ці чакалі мы большага, ці спадзяваліся знайсці месца спачыну каралеўскай асобы цэлым і непашкоджаным? Наўрад. Але расчараванне было раптоўным і моцным. Нават слёзы я адчуў, абуранасць і нямоц не толькі да мясцовых, але да ўлады, якая не паважае храмы, магілы, гістарычныя асобы для якой — нішто, абцугі пачуццяў трымалі мяне ўвесь той час, пакуль мы археалагічна перасыпалі, перабіралі глебу ў былой магіле і вакол яе ў знішчаным храме. Дайшла чарга і да аповедаў-успамінаў тамтэйшых, як узламалі, як расчынілі дамавіну, як навыперадкі кінуліся рукамі, як расчараваліся, што не ўбачылі трупа, што знаходкі аказаліся досыць мізэрныя. Праўда, у аповедах тых было рознае: хтосьці сам бачыў, хтось пераказ чуў, нехта трапіў паглядзець, калі вецер ужо гуляў над раскіданай магілай, а іншы, нібыта, з самага пачатку быў сведкам здарэння. Расказвалі пра залатыя ці хутчэй пазлачоныя гузікі з мундзіра каралеўскага, якія ці то зрэзалі з яго, ці то яны ў парахне паблісквалі, гаварылі пра рэшткі ботаў — абцасы, шпоры, пра вышытыя залатымі ніткамі арлы на плашчы нябожчыка, што ацалелі таксама, мовілі яшчэ пра нешта і, самае дзіўнае, пра карону каралеўскую, з якой бегалі па вуліцы спачатку падшыванцы вясковыя, але якая неўзабаве апынулася ў надзейных руках, знайшла свайго пастаяннага гаспадара, удзельніка вайны каваля. Думаю, што следчым таксама давялося ўсё гэты выслухаць, нават болей напэўна, таму што жывых сведак яны маглі дапытаць болей, а затым выбудаваць версію сваю, стварыць больш-менш ясную, цалкам верагодную гісторыю рабункаў каралеўскай дамавіны.
Згадзіцеся, такая гісторыя, калі да яе дакранешся аднойчы сам асабіста, не адпусціць ніколі, хай міне час, будзеш усё роўна вяртацца ў думках, выдумляць, марыць пра іншы падрахунак, лепшы лёс каралеўскага пахавання. Не менш цікава, што будзеш вяртацца таксама да каваля, якога ніколі не бачыў, але які праз зігзагі гісторыі стаўся апошнім жывым уладальнікам каралеўскай кароны. Мне ён бачыцца, напрыклад, у школцы на ўроку мужнасці з медалём на грудзях. Так-так, пра баявы шлях апавядаць даводзілася, пра штурм Берліна, пра надпіс на рейхстагу, а як жа? Пытанні ё? А надзень, дзядзька Мартын, карону сваю царскую, га? Так, раскажыце пра карону, дзяўчынкі далучаюцца, калі ласачка, раскажыце, вы яе ў музей школьны не здасьцё? Вось і адкажы ім, падшыванцам, граматныя сталі! Што кароне рабіць на ўроке мужнасці, калі пра штурм Берліна мова, дзе ворага ў яго логвішчы дабілі? Нашто яна ў музеі школьным, дзе пра подзвіг народу расказ, дзе пра калгасную вёску і дзеля кантрасту — крэмневыя сякеркі, скрабкі, лапці, калаўрот, зрэбная кашуля з арнаментам, лыжкі драўляныя?
Даскакаўся, дафарсіў, давыхваляўся каваль пад чаркай у кароне каралеўскай, напісаў хтось на яго куды трэба, што знайшоў скарб і прыўлашчыў, не здаў дзяржаве, здзейсніў злачынства крымінальнае. Пакуль хадзіла ананімка па інстанцыях, схапіла сэрца і пагас горан у кузні, не стала каваля. Выпісалі пасведчанне ў сельсавеце аб смерці і закапалі каваля, паставіўшы абеліск драўляны з зоркай фанернай чырвонай зверху. Рукі ў нябожчыка залатыя былі, мог бы сам сабе штось адмысловае выкаваць-скляпаць на будучую магілу, каб усе пазайздросцілі, але паміраць ён не збіраўся, ва ўсякім разе не спяшаўся лішне, не задумваўся пра такую патрэбу, яму жыць было цікава, ён адчуваў сябе крыху вясковым каралём, прынамсі кавалём у кароне.
Вобраз гэты, чым далей, мацней прыцягальным робіцца, бо хочацца не так забыцца на яго, як, наадварот, растыражаваць у думках. Мне ўяўляюцца нібы чорна-белыя газетныя здымкі, як пастановачныя адбіткі колішняга неразнастайнага жыцця: каваль у кароне чытае “Правду” або “Сельскую газету”. Наступныя, зробленыя з успышкай на працоўным месцы ў кузні: ён з абцугамі ці з молатам або з меншым малатком падкоўвае калгасных коней, рамантуе механізмы, ланцугі, падпраўляе плугі, рыдлёўкі, сярпы, косы, сякеры, матыкі, граблі, патэльні. Ён адначасова і Гефест, і ратай. Застыглыя фотапаставы як на антычных барэльефах, толькі хіба менш мастацкія, але каларыт, соль працы, яны застаюцца, не зважаючы на змену эпохі і ўлады.
Шукаць карону прыехалі следчыя, не знайшлі, пачалі дапытваць вяскоўцаў. Як жа — залатая каралеўская карона! Не раўнуючы гістарычная каштоўнасць нібы са скіфскага кургана з падручніка гісторыі, з энцыклапедыі. Колькі з яе можна нарабіць пярсцёнкаў заручальных, ашчаслівіць новашлюбных, ці прадаць палякам за мяжу, калі захочуць, канечне. Справа паважная, дзяржаўнага ўзроўню, словам. Санкцыя пракурора і страшэннае, незразумелае слова “эксгумацыя” прыгаломшыла вёску. Камісія: сам пракурор, інструктар абкама плюс негаваркі чалавек ў цывільным, у якога на плячах нібы прасвечвалі зоркі, прынамсі адна — пасярэдзіне. На месцы ўзялі сведкамі ўчастковага і сельсавецкага старшыню, грабароў у калгасе. Прыехаў таксама, само сабой, следчы па асабліва важных справах.
Вёска сцялася, як людзі самі гаварылі. У каваля, успаміналі, бралі самагон не проста кавальскі, як спачатку быў, а “каралеўскі”, “каронны”, першае слова не вымаўлялася, можа толькі мелася на ўвазе, а “каронны самагон” — гэта гучала напраўду. Каму, як не кавалю, самагонны бровар вырабіць, саштукаваць, наладзіць латвей было? Яго напой усе любілі, цаніўся як наркамаўскі на фронце. І ўсе ведалі, а як не ведаць? Не ведаць немагчыма было. Ну, прыедуць часам дзеля блезіру, справаздачы, з “макарава” наробяць дзірак у ёмістасцях з думкай “не крыўдуй, Мартын, герой вайны ты наш, служба такая”. Зробіць новы, вырашалі міліцыянты, спусташаючы набойню, хто б сумняваўся?! Ніхто! Залатыя рукі чалавек быў, так, дакладна. Каб у іншых умовах, за мяжой, пры капіталізме, мог бы рабіць выдатныя гарэлачныя апараты на продаж з выявай кароны сваёй, напрыклад, патэнт атрымаў бы, ліцэнзію, хутка ўзбіўся б на грошы, а так займаўся сізіфавай працай, літуючы кулявыя прастрэліны, спрамляючы, куючы-расплясківаючы, новыя часткі робячы замест наўмысна сапсаваных участковым з саслужыўцамі.
Але ж хітрун каваль! – дзівіўся непрыемна пракурор. Залатую недзе схаваў, сабе скляпаў звычайную, на кожны дзень. І дзе яе зараз каралеўскую сапраўдную, з чыстага золата шукаць? Закапаў дзесь, ці даўно збыў з рук, каб не пякла, каб не зайздросцілі, каб не скралі, каб не здаваць дзяржаве савецкай.
У труне — каралеўскай — дубовай, як хацеў, аказваецца, з медалём і ў кароне, з насоўкай і расчоскай ў кішэні пінжака, з алавянай лыжкай для крупені і кашы ў другой, з галяком таксама, з няроўным жалезным зліткам, са здымкамі і парай манет у партманетцы, кадры: на фоне рейхстага, другі — у кароне на фоне пуні, трэці — у кузні з абцугамі з напаленай нарыхтоўкай, на фоне самагоннага апарата, у сэнсе за работай — такога здымка не было, хоць ён таксама лагічна прасіўся да іншых, каб адлюстраваць працоўную біяграфію майстра жалезнай справы. Што там яшчэ было? Партабак з тандэтнай “Прымай”, запалкі. Следчы павінен быў усё агледзець, пералічыць, зрабіць пры пакліканых сведках вопіс дакладны з подпісамі прысутных, такі парадак.
А ляжаў каваль у труне каралеўскай нібы святы ў кароне, добра захаваўся, казалі на вёсцы.
Гаварылі за вочы некалі: нарабіў цэбраў бабам з каралеўскай труны жалезнай, зграбныя рукі меў, купіў ровар. Пазней набыў нават матацыкл! Гаварылі ўсе тады: на самагонцы. Але ж якая каму розніца? Пілі бо ўсе і са смакам. Аказалася: плявузгалі, што датычыць труны, захаваў труну каваль, меў павагу прафесійную да жалезных вырабаў, тым больш з паходжаннем. А цэбры, што цэбры? Ці мала жалеззя пасля вайны доўгай, калі ваявалі не штыхом, а тэхнікай, засталося? Колькі яго яшчэ часу потым збіралі ў наваколлі, вывозілі на металургічны завод? А матацыкл чалавеку з выплатай заробку купіць — справа лагічная, заслужыў. Праехацца па вёсцы на ўласным “Нёмане” з тарахценнем, з куродымам, ды ў жалезнай кароне замест кепкі тым больш прыемна. Гэта была карціна! Кіно дый годзе!
Каваля ў вёсцы бадай нават любілі, бо ўсім патрэбны чалавек і нябрыдкі, паважалі таксама даволі, бо ваяваў, кроў праліваў за перамогу, хаця часам кпілі, злавалі і кепікі строілі з яго дзівацтва.
Не было ніколі ў Пагранічнай людзей у каронах, не бачылі такіх на вуліцы, дый у кіно зусім рэдка. Можа калісь і прыязджаў кароль у карэце, але ніхто не мог памятаць, дый ці ў кароне ён падарожнічаў насамрэч, ніхто не ведаў. Аказалася хаця, што была ў труне каралеўскай карона, але нябачная раней вяскоўцам. Пагатоў нельга было сказаць, што на галаве яна была, бо галавы ніякай не знайшлі, нават чэрапа, проста труна з рэчмі, як вялізны чамадан дарагі, ці куфар. Костак, і тых не знайшлі, калі расчынілі, улезлі, корпаючы, перабіраючы-пераціраючы, нібы археолагі, каб хоць на штосьці вартае натрапіць: залатыя манеты, прыкладам, сыгнэт, ордэн каштоўны, ці хаця б якія зубныя каронкі на скрайні выпадак.
Пра карону і самагон успамінаюць, калі знянацку імя каваля ўсплыве ў размове, і пра спрытныя рукія ягоныя. Любяць таксама прыгадаць, як участковы і сельсавецкі старшыня бралі самагон у яго, звычайнай канспірацыяй карысталіся, цераз другія рукі. Ядлаўцовы, духмяны, для начальства таксама замаўлялі, якое на паляванне прыязджала ці на рыбалку, спынялася ў лясной хаце паляўнічай і якое, ясная рэч, змагалася зацята з самагонаварэннем.
Уласна кажучы, пра карону ўсе ведалі, але не надавалі завялікай увагі, прызвычаіліся хутка і ўспрымалі спакойна, амаль як штодзённую рэч, нават як непатрэбшчыну, ад якой ніякай карысці, ці зусім крыха, як ад школьнага глобуса. У пэўным сэнсе ўспрымалі як цацку, забаву для каваля, які меў залатыя рукі і якому прабачалася такое глупства. Так-так, людзі калі пачынаюць успамінаць-разважаць, да такой высновы даходзяць.
Раней кавальства было заняткам калі не гераічным, дык бадай даволі высакародным, мужным, нават баявым. Кавалі рабілі перш мячы, латы, зброю, замкі і ключы, шасцярэньнкі для гадзіннікавых механізмаў, яны былі блізка або ператвараліся самі ў новых працаўнікоў, у збройнікаў, у людвісараў, робячы крок на прыступку вышэй, у жалезаплавільных майстэрнях дбалі пра ручніцы, гарматы, стваралі званы для храмаў. Раней кавалі лічыліся каралямі рамеснікаў. Цяпер каваль вырабляў пабытовыя рэчы, ужытковыя прылады, рабочыя інструменты, агародны інвентар. А карона? Карона — выбрык, а лёс яе — сымболь.
Калі рэжуць напалам, крояць па жывому, заўжды хтось прайграе, хтось набывае, мала таго, шмат хто спяшаецца ўсяляк апынуцца па жаданы для сябе бок новай мяжы, і не заўжды ўдала. Нямеччына — класічны прыклад, калі трапіць за Эльбу стараўся цэлы вермахт, бо ўсе разумелі які палон саладзейшы, што савецкі будзе ненашмат лепшы ад іхняга, нямецкага… Тут адрэзалі канчаткова па лініі будучай Керзана, кароль, ці тое, што па ім ацалела, апынуўся па некаралеўскі бок мяжы. Праўда, з другога боку мяжы з арла здзерлі карону, але гербам пакінулі, з часоў Пяста і Ляха што існаваў хіба. І тут яшчэ застаўся горад з каралеўскім палацам, з яго рэзідэнцыямі, які ён песціў-кунежыў, перадавую Галандыю з якога зрабіць патрапіў, і які затым саспелым плодам у чужыя рукі дастаўся. Месца ганьбы, апошняга прытулку, адмовы ад пасаду, месца скасавання краіны, хатняга арышту, здачы кароны ў гардэроб.
Горад зрываў з сябе гербы, як з мундзіра зоркі і шаўроны, зрываў крыжы і званы, ламаў статуі, здзіраў ляпніну, руйнаваў палацы, узрываў святыні. З песнямі і маршамі, з плакатамі, партрэтамі мітынговымі, з транспарантамі, з лічэбнымі дэманстрацыямі: стары свет разбурым, зруйнуем дашчэнту, а на падмурках збудуем сваё прыўкраснае заўтра, свой рай зямны — без багоў, без цароў-каралёў, без паноў і папоў! Горад змываў з аблічча грым, сціраў старанна былыя рысы, адмаўляўся ад галяка, ад мыла і ружовай вады, зрэшты, іх адразу пачало востра не хапаць. Адмаўляўся рашуча ад каляровых каснікоў у валасах, ад макіяжу, нават часамі ад пенснэ, у якіх стала з’яўляцца на вуліцах небяспечна, якія выклікалі падазронасць і раздражненне не менш ад чыстых рук, усвядомленых вачэй, далікатных твараў.