Калі краіна на скраю кантынента, калі яна адным бокам плёскаецца ў моры, яна можа шукаць заморскія тэрыторыі, пашырацца, калі мае не толькі рыбацкія фелюгі, калі мае фрэгаты. Але калі краіна застаецца цяжкім грузам у Старым свеце без ветразяў і яе лапік мора толькі для лоўлі селядцоў, яе пачынаюць рана ці позна сціскаць з бакоў, калі яна сама перастае рабіць выправы ў суседнія землі, калі засяроджваецца на ўласных унутраных патрэбах, на самадасканаленні, нават калі гэтыя патрэбы — развіццё мануфактураў, росквіт гандлёвы, прамысловы поступ, яна звяртае менш увагі на порах і гарматы і робіцца спакваля кволай аружна, робіцца ласым кавалкам для суседніх дзяржаў, што не прывыклі эканоміць на пораху, якія не здаволілі яшчэ сваіх апетытаў. Фрэгаты каштуюць дорага.
Кароль мусіў перажываць чужую вайну нібы падзеі асабістага жыцця, ён бачыў, як з цягам перамог над Турэччынай, са змяншэннем яе паўночных уладанняў, у імператрыцы-хаўрусніцы з’яўляецца рэчаіснае жаданне пашырыцца і на поўдні, і на захадзе. Існаванне Рэчы Паспалітай напрасткі залежала ад чужых перамог і паразаў, ад хісткага становішча Турэччыны, так шмат каму здавалася (за яго спінай пра гэта шапталіся), канфедэратам карцела спадзявацца на перамогі адсталай Асманскай імперыі, але кароль стараўся мысліць у станоўчым рэчышчы: каб яму дазволілі ўдзельнічаць у гэтай вайне, пазіцыі Рэчы Паспалітай умацаваліся б, балазе Турэччына, не здабываючы поспеху, хоць і ўпарта, адчайна спрабавала адстойваць захопленыя ёю калісьці абшары, але кленчыла адна фартэцыя за другой, у няўмольнай чарзе. І, на жаль, дайшоў чарод адкройваць цэлыя ваяводствы ад яе, Яго мосці караля, дзяржавы двух народаў. Малітвы ў гэтым разе не мелі карысці, Бог яго не чуў, ён спрыяў іншым, так здараецца.
Так маглі б абмяжоўваць яго асабіста ў палацы, спачатку адхапіць левае крыло, Сенатарскую залу, авальную, капліцу, замкнуць для яго дзверы, забараніць доступ. Калі краіну апануе аружна непрыяцель, калі твае стрэлкі спынены, штандар спушчаны долу і знікла з карты назва краіны, нічога не зробіш — калі белы сцяг і зброя складзена да чужых батфортаў — гэта адна сітуацыя, старая як свет, а калі хаўруснік твой пачынае адкройваць твае землі — гэта зусім іншы прыклад, у архіўным пыле яшчэ трэба моцна парупіцца, каб адшукаць падабенства.
Яшчэ нядаўна кароль-саксонец правіў у Рэчы Паспалітай, яшчэ нядаўна збудаваў у месце Гарадзенскім палац новы, каб не цясніцца ў старых сценах у час соймаў, а цяпер немцы з усіх бакоў за яго, караля Станіслава Аўгуста схапіліся, сціснулі, не павярнуцца, так-так, каб распрануць і раздзець. Тры арлы чацвёртага задзяўблі нібы курапатку. Яны селі за стол, гаспадар пляснуў у далоні, слугі ўнеслі вялікі торт, вельмі вялікі, якія робяць з нагодаў рэдкіх і надзвычай важных падзеяў, так, але гаспадару не засталося нат лусты, адно крыхі быццам мышам, у гасцей незвычайны надарыўся апетыт, злашча павялічыўся з цягам таго, як нож уваходзіў у крэм і бісквіты. Гэта сон, гэта бадай сон, толькі ў снах здараюцца гвалтоўныя сітуацыі.
Усё прыядаецца, жыццё — руціна, да ўсяго прызвычайваешся, перастаеш адчуваць смак, мара, пра якую ўголас не гавораць, — зноўку здзівіцца, па-сапраўднаму, шчыра, нечакана, скаштаваць новы смак, адчуць бадзёрную свежасць, адчуваючы незвычайнасць усім адразу — вачыма, рукамі, вуснамі, языком, нёбам, розумам. Толькі яшчэ экзатычная садавіна некалі дастаўляла рэчаіснае задавальненне, выклікала ядомыя эмоцыі, апетыт. Але гэта таксама здаралася даволі даўно, у аранжарэях панямунскіх свае ананасы, памаранчы, свае цытрыны.
Кароль глядзеў на твары, вочы, бачыў міміку, раты, якія штось гаварылі-гаманілі, рукі, якія да ратоў падносілі келіхі або кавалкі, раты жавалі, але стараліся таксама не перапыняць гутаркі, гаманілі-гаварылі, расцягваліся дзеля ўсмешак, шчокі тады адначасова змяняліся-рухаліся, дазвалялі сабе смех, так, без нястрымнасці, каб усё прылікова. Ён не верыў, што яны сапраўды са смакам успрымаюць кожную новую страву, кожны кавалачак, яны даўно сытыя, даўно перасычаны, але ім падабаецца па-ранейшаму есці, есці безупынна, каб на талеркі ўвесь час падкладалі і кавалкі паболей, большы кавалак выглядае заўжды ўнушальна, выклікае міжволі павагу, нават зайздрасць, і каб не забываліся падліваць у келіхі, каб гучалі тосты, каб было весела. Іх па-ранейшаму цягне за шыкоўны бяседны стол, да бліскучай саксонскай парцаляны. Бо гэта — пекная частка дня, жыцця, сонечны бок жыццёвай руціны.
Не прыядаецца напэўна толькі ўлада, нават калі яна таксама ператвараецца ў жыццёвую руціну, улада засмоктвае. Гэта як з грашыма за сталом з гульцамі, азарт паляўнічага не знікае, немагчыма здаволіцца, ніяк. Зрэшты, руцінай яна можа зрабіцца толькі для таго, хто не любіць яе, уладу, па-сапраўднаму больш за жыццё. Хаця гэта толькі метафара, моцнае параўнанне. Станіславу Аўгусту было вядома, той, хто стварае ілюзію, што гэтак улады прагне, што яна даражэйшай робіцца, чым жыццё ўласнае, без якой не ўяўляе сабе яго сэнсу, той якраз ніколі не збіраецца паміраць, той уладарыць прагне да труны, улада і жыццё для яго — аднолькавыя паняцці, бакі аднаго медаля.
Кароль — не мніх, не біскуп, не кардынал, але ў пэўным сэнсе, з абавязкам напаўцэлібату. Уявіць сабе сына, які з табой у палацы, у карэце, з табой у тваёй маленькай Галандыі… Навошта? Калі ведаеш, што табе забаронена перадаць сымболі ўлады, што не маеш шанцаў перадаць краіну ў наступныя рукі не толькі свайму пераемніку-спадкаемцу, але хутчэй нікому зусім, што “ты — гэта краіна” і ёсць тваёй горкай праўдай: не будзе цябе, не стане краіны і наадварот таксама, калі толькі не спадзявацца на цуд, на Бога з машыны. О, тэатр, любімы ім тэатр…
Нібыта ніхто не перашкаджаў яўна, але часам ўзнікала міжволі адчуванне, што хтось стаіць за спінай, нейкі бязмоўны цень, так-так, і гэты хтосьці не сімпатык твой, не маці, як у маленстве, якая з любоўю назірае, як сын нешта вартае робіць, чытае кнігу, напрыклад, і не настаўнік, які павінен яго навучыць, гэты хтосьці назіраў з халодным розумам, і быў гэта зусім не Бог. Не, ён, кароль, не быў зусім ужо кузуркай пад павелічальным шкельцам мікраскопа ці лупы, але за яго дзеяннямі, за рухам на яго будоўлях, за ўсімі падзеямі пастаянна назіралі праз падзорныя трубы іншыя. Варшава бадай кішма кішэла шпіёнамі, хаця яны выглядалі як на вока падобна астатнім, не адрозніваліся, не вылучаліся, іхняе амплуа зліцца звонку з іншымі.
Я супраціўлюся, але спакваля адчуваць пачынаю, што міжволі апынаюся нібы на яго месцы, хай толькі на паперы, але ж уперад, як на ёй вывесці, запісаць свае думкі ад імя караля, трэба іх вымысліць самому, асабіста, без пабочнага ўдзелу. Не, я не кароль у думках сваіх, барані Божа, і не цень яго, не маска, пагатоў не падвойнік, я не яго голас, я — думкі з яго нагоды, з нагоды яго ўчынкаў, дзеянняў, яго жыцця, двухаблічнага лёсу, мае словы — гэта словы, якіх ён не прамовіў, але супраць якіх не пярэчыў бы асабліва, мне хочацца лічыць, каб мы пазнаёміліся ў нашым часе, хай толькі ў снах, уявах, у летуценнях. Меркаванні караля без яго самога, але дзякуючы яму.
Вось так, як бы я ні супрацівіўся, не адмаўляўся, але калі ты бярэшся за вобраз канкрэтнай асобы, за вядомае ў гісторыі імя, сам гэты крок уцягвае цябе ў гульню, хай не ў тэатры, хай сцэна толькі ўяўная, гэта гульня на паперы, але перш у думках, папера — толькі белае палатно, на якім ты пазначаеш літарамі, словамі, потым — шрыфтамі пры дапамозе тэхнікі, друкарак. Гэта перадача не вымаўленых слоў, не агучаных думак — на адлегласць, калі яны, адбіваючыся ад паперы праз вочы трапляюць невядомаму табе чытачу, робяцца ў гэты момант, на час і яго думкамі, ён бачыць тое, што перш бачыў ты сам-адзін.
Як б не адасабляўся, не адыходзіў убок, не стараўся быць адстароненым, я адчуваю яго цень за спінай, ён прысутнічае ў маіх штодзённых думках. Не, я па-ранейшаму не браў яго маскі ў рукі, але я амаль дасягнуў мэты, ажыццявіў сваё жаданне, сваё памкненне перакінуць цераз дзвесце год масткі ў часе паміж вельмі важным, спачатку досыць аптымістычным, пазней драматычным перыядам ў дзеях майго горада, паміж вельмі важнай персонай нашай мінуўшчыны і намі. Ён — наш кароль, наш, як і вялікі князь, у адной асобе! І пахаваным яму варта было быць тут, у нас. Ён быў апошнім каралём у гэтым горадзе і горад дзякуючы яму называюць сёння менавіта каралеўскім, хоць ні помнікаў, ні імя яго няма на пляцах і вуліцах і нават у вялікасных старасвецкіх касцёлах, адно ў музеі, што ў яго апартаментах былых зроблены, я заўжды запыняюся перад музейным бюстам Станіслава Аўгуста Панятоўскага і перад гербам дзяржавы, якой ён будаўніком стаў і далакопам.
Мармур, ён не смяецца, не, мармур не можа смяяцца, мармур не здатны да ўсмешкі, ён халодны, адстаронены, застыглы, каб адлюстроўваць зрухі на твары, міміку, эмоцыі, пачуцці. Значыцца, мармур, светлы, чысты мармур — ён мёртвы? Але ж смяяцца не ўмеюць таксама жывёлы, нават малпы не ўмеюць гэтага, так-так, нават яны не пасміхаюцца. Дзе б знайшоўся скульптар, які здолеў бы выразаць на каменным твары ўсмешлівы выраз, значыцца лагодны, мяккі, якім камень быць не бывае, якому яго цвёрдыя ўласцівасці не дазваляюць сентыментальнасці, летуценнасці, лёгкадумнасці? Ці прыдатныя разец, зубіла, малаток да стварэння ўсмешкі?
Мармур для любоўных сцэнаў, для алегарычных — рамёствы, навукі, мастацтва, але перш — для гераічных. Трыумфальныя брамы з нагоды перамог, прысвечаныя аружным талентам манарха, або генералам, яго арміі. Складаная навука цяперашняга дня, але для канкрэтнай асобы — Яго каралеўскай мосці Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Не сармацкай косткі ён, не ваяр, не пераможца! Салонны кароль, для танцаў, для пазіравання мастакам створаны, шабля якога — быццам веер для прыдворнай дамы, не болей! Адчуваў ён нядобразычлівыя погляды, шэпты, здзеклівыя інтанацыі, неадпаведныя паводзіны, прысмак чужой пагарды, адценне грэблівасці ў рэпліках, словах, у размовах. Але ў друках таксама — адкрыта — у карыкатурах, эпіграмах. Кароль, які не каранаваўся на Вавелі, які ж ён пераемнік уладароў, якія там спачываюць, якія славу прыдбалі зброі польскай? Так-так, якія пашырылі межы, каторыя ён, манарх сённяшні з усімі паўнамоцтвамі, не здолеў ніяк абараніць ад чужых гармат і рушніц?
Пастаяннае папіканне: як змалела Рэч Паспалітая за сто год, ад караля сармацкага, ад Яна Сабескага, ад слаўнай перамогі турэцкай, перамогі польскай зброі пад Хоцімам і пад сценамі венскімі — да цяперашняга манарха ў парыжскай вопратцы, напарфумаванага, з амаль бутафорскім войскам… І гэтае яго ўразлівае жаданне абвергнуць нейк, адказаць на закіды чынам станоўчым, важкім, сапраўды манаршым: помнік, конная статуя пераможцы над туркамі караля Яна ІІІ Сабескага.
Так, і яго ж абсмяялі: конная статуя атрымалася паркавай па месцы знаходжання і не так баявой, рыцарскай, сармацкай, як павялічанай шматразова кабінетнай. Яна выглядала больш музейнай, чымсьці статуяй з плошчы сталічнага горада. Але ж і праўда: спяшаўся ён, справядліва пісалі ў пасквілях затым — каб паддобрыцца да імператрыцы Кацярыны, якая ваявала цяпер туркаў. Помнік пераможцу на кані, які дратуе янычара, ваяру ў антычным шлеме, які кліча наперад. Але ці патрэбны быў такі празрысты рух, каб дагадзіць імператрыцы, ці не здаўся ён недарэчным, ці не выклікаў нават не рэўнасць, раздражнёнасць? І ці можна параўноўваць дзве стогадовыя перамогі з цяперашняй вайной Расейскай Імперыі, якая адваёўвала ў туркаў цэлыя абшары, далучала цэлыя народы, вызваляла хрысціянскія гарады з-пад панавання басурманскага, штурмам брала ўмацаваныя цвярдыні, праводзіла адну бітву за другой, няўмольна набліжаючы разгром Турэччыны? А злашча імператрыцы было вядома: паставіўшы помнік, Станіслаў Аўгуст меўся папрасіць дазволу, так-так, дазволу павялічыць войска Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага таксама. А навошта ёй гэта дазваляць? Навошта яму, як у Хрыста за пазухай у яе, мець сваю моцную армію? Яна не патрабуе ад яго жаўнераў, яна дае рады сама на збройным полі. Ёй патрэбна толькі тое і тады, калі яна сама захоча, кропка. Хаця дазвол дала, каб Станіслаў Аўгуст паслаў сваю кавалерыю да імператрыцыных войскаў на тэатр баявых дзеянняў…
Не існавала ў Варшаве цягам ста гадоў статуі абаронцы ўсёй Еўропы ад турэцкай навалы, а цяпер ён ёсць, усё, ён зроблены. Не смяецца мармур, з яго смяюцца, але смяецца хто? Смяецца натоўп, не смяюцца асобы. Так-так, рацыя. І міжволі, калі разважаеш над скульптурнымі творамі, міжволі стараешся не затрымліваць думку: а ці паставяць табе калі-колечы помнік, статую і якую, дзе, калі? І хто? І якімі спрэчкамі, закуліснымі дзеяннямі гэтая падзея пазначыцца ў гісторыі? Помнік у Варшаве, помнік у Горадні, дзе?
Што сёння мне да палякаў, якія спрачаліся — не маглі наспрачацца — “здрайца” кароль апошні, ці не зусім, залежала ад яго штось па-сапраўднаму, ці зусім не залежала? Можна хаваць некалькі рэштак ад яго дамавіны ў польскіх дзяржаўных межах, ці няможна? Варты ён хоць нейкай урачыстасці, ці зусім не заслужыў? У адным усе яны там былі аднадушныя: на Вавель, у Пантэон, да ўсіх папярэдніх — у ніякім разе! Толькі цераз наш труп! Так-так, менавіта так усё здарылася ў іх там, за “лініяй Керзана”, у нас тут ён не выклікаў зусім ніякай цікавасці, ён не наш, чужы, мы на яго палацы да сцяны шыльду Жалезнаму Феліксу прыбілі. Не-не, ён трапляецца ў студэнцкіх рэфератах сёння, але рэдка, постаць калі не нон грата, то нікчэмная для айцоў горада дакладна. Мне дзіўна ўсведамляць, што я хутчэй адзіны ў немалым горадзе ўспамінаю цяпер пра караля, разважаю прыхільна, з піетэтам, турбуюся пра помнік, у мяне задумы, відарысы, памеры. Так-так, я думаю, што Станіславу Аўгусту Панятоўскаму мы паставім помнік за Брамай сфінксаў на вялікім падворку на фоне калонаў Новага каралеўскага палаца, самае месца. Не згодныя? Думаю, што аргументы супраць мізэрныя. Хаця я не чую ніякіх аргументаў. Ты ўзяўся гаварыць, гавары, у нас твой кароль на апошнім месцы, яго ў спісах у гарадскіх айцоў няма зусім. Так, мне гэта добра вядома, вядома нават, што на паліцах у майстэрнях скульптараў ён таксама не прысутнічае, ніякай статуэткі няма хаця б. І не таму, што эпоха пад вялікім пытаннем, эпоха добра вядомая скульптарам, яна прываблівае, яны над ёй працуюць. Як ім удалося, аднаму Богу вядома, але нават угаварылі айцоў горада: людзі ходзяць побач з бронзавымі персанажамі несучаснага выгляду, гэта каралеўскі батанік, каралеўскі архітэктар, яны дапамагалі яму будаваць Горадню, рабіць сучаснай. Чую, не, хай сабе толькі уяўляю кепікі: статуя караля на фоне порціка з неабдымнымі калонамі, які, нібы сонцам або ўсёвідушчым вокам у трохкутніку, аздоблены вялізным гербам савецкай імперыі, якая вылупілася на турыстаў з іншага свету. Так-так, я не аспрэчваю, затое на браме вартуюць па-ранейшаму палац няўсмешлівыя каралеўскія сфінксы, нібы вялізныя каты. Сфінксы Аўгуста Саксонскага.
Ты вітаешся з імі моўчкі, але заўсёды ўзнімаеш да іх вочы, не глядзіш адно пад ногі ці толькі перад сабой, яны самі прыцягваюць позірк, яны зверху, яны ахоўваюць палац каралеўскі, даўно без караля, даўно перабудаваны, перароблены ўнутры, але па-ранейшаму Новы каралеўскі палац. Ніхто, нават дзіўна, не змяняў яго назвы і, што яшчэ больш неверагодна, пакінуў брамных сфінксаў, якія зусім не адпавядалі прынамсі паўвекавому прызначэнню былых манаршых апартаментаў і соймавых памяшканняў. Праз арку ты трапляеш быццам у абдымкі светлай птушкі-палаца, якая двума крыламі заваблівае цябе-запрашае, але ўперад статуя, дзе ты яе сам паставіў, гаспадара, ён стаіць перад табой, ён, ваш кароль, якога не палічылі вартым піетэту і пашаны. Але што табе да тых палякаў? Ён — ваш, ён твой, ты любіш яго за тое, што ён быў, і табе зусім не хочацца рабіцца пракурорам і суддзёю, бо лепей не судзіць і тэлевізійная сцэна ў варшаўскім сейме, дзе амаль з пенай спрачаюцца “Самаабарона” і заўсёды правыя аб тым, дзе дапушчальна дазволіць перазахаваць рэшткі каралеўскіх шпораў, бо ад яго самога не засталося ані косткі, выклікаюць у цябе грымасу на твары. Лёгка ім там спрачацца, калі няма больш нават падабенства фатальнага хаўрусу: Аўстрыйская імперыя даўно ператварылася ў рахманую мірную дэмакратыю, якая заваблівае турыстаў тырольскімі спевамі, шакаладнымі цукеркамі з Моцартам, горнымі лыжамі і паліцэйскім серыялам пра камісара Рэкса, калі былыя прусакі зрабіліся цудоўным чынам братамі па зброі, у Легніцы больш няма маскоўскай стаўкі, а сама руская армія, апынуўшыся ў былой Усходняй Прусіі, хоць і трымае порах сухім, не б’е ў барабаны і не разгортвае свае арліныя штандары з дзвюма дзюбамі.
Дзе б яшчэ пасавала статуя караля Станіслава Аўгуста? Напэўна, постаць яго не для паркавых прысадаў, не для хрушчовачнай забудовы. Даліпан, перад парламенцкай уладай як быццам не паставіш, перад домам культуры тэкстыльшчыкаў, якія бадай зніклі, пакінуўшы па сабе псеўдаантычную пабудову з калонамі, таксама, а вось пляцык перад нібы-палацам прафсаюзнай дзейнасці, відаць, больш прыдатны для помніка. Нездарма хацелі калісьці Каліноўскага тут паставіць, ды нейк заглушылі жаданне, быццам прадчувалі, што не затрымаюцца дзесь надоўга старыя часы, вернуцца сюды зноўку натрывала, каб дзяліць гісторыю на чорную і белую, каб зацята мазаць на ранейшы капыл яе персанажаў гэтымі ж дзвюма фарбамі. Паставіць каралеўскі помнік на пляцы, дзе Катэдральны каталіцкі сабор? Але ж казалі, без жарсці маліўся, без апантанасці кленчыў, без піетэту прымаў камунію, без вялікага жадання наведваў імшу. Аднак на вызваленае дынамітам ад гатычнага касцёла месца караля пагатоў не паставіш, хоць для некаторых гэта сталася б сымбалічным крокам ушанавання-прысуду. Як жа, вядома: у старадаўнім высокім магутным храме здарыўся пажар самы раз у год “маўклівага” сойма, і новая ўлада з гатовасцю ператварыла яго ва ўсходнюю царкву. Так-так, змрочная сымболіка як вынік заканчэння каралеўскага праўлення. Кароль — на прывакзальнай плошчы? У пэўным сэнсе эклектыка, не было тады вакзалаў. З другога боку, пасажыр цягніка ці аўтобуса меў бы перад вачыма ўрок гісторыі, яго праводзіў бы кожнага разу не абы-хто, сам кароль!
Жыццё і горадабудаўніцтва, што й казаць, рухаліся ў іншым накірунку, не ўлічваючы каралеўскія традыцыі, рыцарскія, сармацкія, не зважаючы на характар былой забудовы з кляштарамі і палацамі, Магдэбургскае права зрабіўшы нядбайна вырабленым муляжом, архаічнай цацкай з пап’е-машэ ў музейнай вітрыне. Праца архітэктара стала дапаможнай, не першаважнай, механічнай, можна сказаць. Архітэктары, стоячы над гарадскім макетам, расстаўлялі аднолькавыя кубікі, пажадана сіметрычна, пад простым вуглом. Створаная гістарычна забудова, вулічная тапаграфія мала што значылі. Ландшафт таксама не з’яўляўся самадастатковай каштоўнасцю, можна было ставіць свае кубікі зверху на старыя камяніцы, спрашчаць фасады, руйнаваць вежы, званіцы, абарончыя сцены, стаўляць гмах упоперак вуліцы, архітэктурны музей зводзіць да стандартных невыразных пабудоў. Разбурэнне гарадскога краявіду з цьмянай матывацыяй, заўзятае нявечанне абрысу вуліц, “высечка”, бязладнае, нічым не абгрунтаванае пляжанне камяніц-помнікаў не так заахвочваліся знарок, як лічыліся папросту абавязковай штодзённасцю, нармальнай справай, што ажыццяўлялася ў рэчышчы пераробкі тагачаснага, каралеўскага некалі горада, падгонкі пад сябе, пад свае звычкі, патрэбы, пад свае вочы, звыклыя да аднастайнайсці, да адной-дзвюх фарбаў. Асабліва дарэчы сталі вынікі вайны: пашкоджаны дом, храм у ніякім разе не адбудоўвалі, не рэстаўравалі, іх з гатовасцю руйнавалі, дарабляючы за артылерыю і бомбы. Калі будынак чамусь вырашалі пакінуць для сваіх патрэбаў, яго абавязкова перабудоўвалі да непазнавальнасці, мэты, дый нават думкі — аднавіць, вярнуць ранейшы выгляд, прыгажосць — проста не магло ўзнікнуць, такія думкі маглі быць небяспечнымі, асабліва калі б датычылі пабудоў, звязаных з рэлігіяй і каралямі. Дзіва што каралеўскі палац перабудавалі для кабінетаў партыйнага кіраўніцтва, насяліўшы ідэалагічнымі начальнікамі, аддзеламі і сектарамі, інструктарамі і сакратаркамі. Так што самае дзіўнае дагэтуль, што немагчыма зразумець і знайсці для чаго рацыянальнае вытлумачэнне — сфінксы, каралеўскія сфінксы дрэздэнскага ўзору, якіх кожнага дня бачыў некалі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, кароль апошні, якога яны перажылі.
Хаця гэта не павінна выглядаць эклектыкай — каралеўская статуя як аздоба гмаху ўлады, урэшце ён узначальваў менавіта дэпутацкі сход, прынамсі ён збіраўся заўжды пад яго прыглядам, з ім на чале. А ўлада сёння менавіта на плошчы, не ў палацы Новым, дзе, пасля адмены партыйнага кіраўніцтва, пасля яго скасавання і нават часовай забароны, размясціліся зборы музейныя і бібліятэчныя. Калі быць праўдзівым, парламент наш сёння толькі падымае рукі і моўчкі ўстае пад гімн, але мне помняцца тыя кароткія часы, калі зала віравала, калі дэпутаты нешта сапраўды значылі, калі яны не баяліся прамаўляць, калі гаварылі на поўны голас, калі адчулі нарэшце свае паўнамоцтвы, калі ад іх штось рэчаісна залежала, толькі што грошай вечна не хапала ў бюджэце, тады нібы вярнуўся, залунаў дух парламенцкі даўнейшы, і дэпутаты, быццам абудзіўшыся ад летаргічнай спячкі, пачалі абмяркоўваць вяртанне вуліцам іхніх назваў і будучыя помнікі былым персанажам драматычнай гісторыі, сваім папярэднікам.
Атрымалася будаванне замкаў на пяску. Яны не паспелі, ім не хапіла часу, час, ён бывае неверагодна шчодрым, радасным, шчасным, плённым, але й хуткаплынным, а бывае жорсткім, тупым, быццам сценабітная прылада-зброя. Дзе тыя нешматлікія рамантыкі, людзі новага часу, якія прагнулі змяніць краіну і горад, адбудаваць ратушу, палацы, храмы, зрабіць рэстаўрацыю запатрабаваным мастацтвам, стварыць новыя музеі, паставіць помнікі? Час паглынуў іх, скінуўшыся з часу новага ў час учорашні, быццам здзекуючыся: усё новае, спадары, — даволі грунтоўна альбо толькі зусім ненадоўга прызабытае старое. Кволае месца рамантыкаў: ім выпалі аптымістычныя, але грашова цяжкія, псіхалагічна складаныя часы, яны не пакінулі пасля сябе помнікаў, толькі сціплыя шыльды на некалькіх пераназваных вуліцах.
Паспрабую сам зараз падсумаваць тыя, колішнія спробы вярнуць гораду гістарычную памяць, але скажу толькі апошнія словы менавіта наконт статуі яго, караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага… Рука на тронку шаблі, у другой скрутак, канстытуцыя, тая, трэцетравеньская, ці ўвогуле — “гарадзенская”? Годная спакойная бронзавая постаць, яна на бруку, побач людзей. Ці, наадварот, перад гмахам улады з алегарычнымі выявамі навокал пастамента: мастацтвы, будаўніцтва, матэматыка, астраномія… Я не вельмі люблю такія перанасычаныя помнікі, калісьці яны былі звычайнай справай, распаўсюджаны ўсцяж, але тыя часы мінулі, выглядаюць такія помнікі нярэдка архаічна, празмернымі, перабольшанымі, з сумнеўным нават густам, як шчыльна застаўлены стравамі, бутэлькамі стол, як колішні шацёр турэцкага візіра…
Пасля перамогі Венскай ліст караля Яна ІІІ Сабескага да жонкі, які ягоным жа загадам выдрукаваны быў, тыражна распаўсюджваўся як газета, каб усе пачыталі, уразіліся, захапіліся! Друкаванае слова мацней перадае навіну, чымсьці прамоўленае, яно больш важкае, грунтоўнае, пераканаўчае. Яно трывалае ў часе, да яго можна вярнуцца зноў і зноў, каб яшчэ раз здзівіцца, атрымаць асалоду. Найлепшай газетай сам жа яго й назваў Ян ІІІ, гэты ліст да сваёй жонкі, але, зразумела, ліст, у якім не прыватныя справы былі зместам, дзе апавядаў пра ўласную перамогу векапомную над туркамі і цудоўнае вызваленне Вены. Міжвольнае не суперніцтва нават, а параўнанне сябе з ім, да чаго яго змушалі і абставіны, і закулісныя справункі, і палітычныя баталіі, яно час-часам прадстаўляла перад вочы Станіслава Аўгуста Панятоўскага тое славутае ці славэтнае бадай пісьмо-газету, якое за каралём набралі тлустым шрыфтам друкары і адціснулі соткі паасобнікаў густой чорнай фарбай.
“Мой ліст лепшы за газету…” Хвалько! Але хвалько, трэба сказаць, вымушаны, гэта разумеў Станіслаў Аўгуст, усе гэта разумелі: аўстрыякам хацелася прыменшыць ролю Яна ІІІ, перамогу зброі Рэчы Паспалітай, зрэшты, часткі хаўруснага антытурэцкага войска. Яну ІІІ проста давялося абвясціць на ўвесь хрысціянскі свет, распаўсюдзіць па еўрапейскіх абшарах асабістую рэляцыю пра грандыёзную вікторыю над асманскай навалай: хай Еўропа ўздыхне свабодна! Хай хрысціянскае людства падзякуе яму і Богу нашаму аб трох абліччах: небяспека мінула пакуль, яна рашуча спынена, хоць і не знішчана зусім назаўжды.
Не Яну ІІІ належыць “эўрыка”, да яго каралі Рэчы Паспалітай рабілі яшчэ такое, а слаўны ваяўнік Стэфан Баторы, які места Гарадзенскае першым зрабіў сабе за рэзідэнцыю, меў нават друкарню перасоўную, якая за войскам рухалася, у якой пра ўсе кампаніі, аблогі, бітвы памнажаліся паведамленні, каб прачытаць тэрмінова магла і даведацца з першых рук аб важных падзеях, аб удалых і няўдалых мілітарных чынах, аб усіх здарэннях аружных адукаваная публіка ў айчынных і ў іншых еўрапейскіх местах.
Аднак жа ніхто да караля Яна ІІІ не зрабіў гэта такім спосабам, не азагаловіў сваю рэляцыю пра вікторыю зваротам да “Марысенькі”, да “адзінай душы й сэрца пацехі” сваёй. Гэта быў эпатаж пераможцы, ён звяртаўся да Найяснейшай Рэчы Паспалітай, да ўсяе Еўропы, як да сужэніцы сваёй законнай, каралевы Марыі Казіміры. Пішу, маўляў, у ноч пасля знішчэння і ўцёкаў рэштак янычарскіх жаўнераў і пішу не абы-дзе, у намёце візірскім, а покатам навокал турэцкае войска ляжыць. Справіліся з ім як мае быць, пра подзвігі кароль-пераможца лішне не красамоўствуе, затое спыняецца падрабязна на трафеях. І тут Яго каралеўская мосць кажа моцна, каб уразіць, што намёты візірскія гэткія па плошчы, нібы сама Варшава ці той Ільвоў, аточаны мурамі. Засталася пасля ўцекача ў чалме і залатым халаце — найперш харугва яго магаметанская, яе Ян ІІІ хуткай поштай пераслаў Айцу Святому проста ў Рым, каб пацешыўся таксама з ухілення пагрозы ятаганскай. З прыемнасцю паведаміў і пра каня візірскага з усёй аброццю і пра залатыя шаблі турэцкія крывыя, але ўперад — пра сагайдакі, каштоўным каменнем аздобленыя, па некалькі тысяч чырвоных залатых за паасобны. А дарэчы: кароль-пераможца паведамляе пра ўсходнюю звычку да раскошы — нават у вайсковым табары меў візір турэцкі лазню, сад з фантанамі, трусоў, катоў улюбёных і таксама папугая. Пры гэтым кароль Ян ІІІ піша без ніякай сціпласці, што ў касцёле жыхары Вены цалавалі яму, пераможцу, рукі, ногі і вопратку і што проста ў храме перад алтарамі прагнулі крычэць яму “Віват!” З’еўшы абед у каменданта горада, кароль вырашыў вярнуцца ў свой табар, і месцічы яго, Найяснейшага і непераможнага манарха польскага, на руках пранеслі да самай брамы. Ведай, Марысенька-каханне маё, ведай, астатняя Еўропа! Я табе бліскучую сваю перамогу над басурманам да ног кладу ў якасці прэзента каралеўскага шчодрага…
Пра паходны гарэм візіра хрысціянскі кароль-пераможца сціпла прамаўчаў, гэта я ад сябе дадаю, зразумела. Калі візір нават лазню, фантаны, нават трусоў, катоў і папугая меў, ваюючы, душачы аблогай Венскі горад, без часткі гарэма яму не абысціся было дакладна, бо іншыя задавальненні без самых прыемных, што кава турэцкая без драбочкаў солі.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ведаў, што рэляцыю з поля бітвы выдрукавалі на ўсіх еўрапейскіх мовах, хоць і не адразу, не маланкава, але навіны ў тыя часы падоўгу не псаваліся, асабліва моцныя і гучныя. Дый у нашыя дні таксама, падумалася мне між іншым, выбралі адную перамогу з усіх і раздзімаюць штодня, пражужжалі вушы наскрозь. Перамога Яна ІІІ Сабескага ўсімі ўспрымалася вельмі значнай, як дасягнутая ў вайне, што не мела канца, цягнулася з перапынкамі, гэта было змаганне з чужароднай пагрозай, якая не знікала і выклікала жах, але нарэшце хрысціянская зброя грунтоўна перамагла зброю магаметанскую. І вось зроблены пераклады, каб не напружвалі галовы пры еўрапейскіх дварах: “Letter from the King of Poland to his Queen”, напрыклад, дагэтуль у музейнай вітрыне. Так-так, ліст адбілі вузкім гатычным, шырокім тлустым, дробным — для спрактыкаванага чытача, з аздобай гравюр, тысячы паасобнікаў, яны прадаваліся ў кнігарнях ад Кёнігсберга, Стакгольма да Лондана, Мадрыда і Балоньі, і ў Горадні, само сабой, таксама, а як жа інакш! Я міжволі спыняю сябе на думцы: ліст-газета звычайна не меў выхадных дадзеных… Якая спакуса для сённяшняй улады арыштаваць за іх адсутнасць — пратакол, суд, для ўлады, якая ведае пра каралёў, пра іхнія перамогі, але не зважае на іх, яна задаволеная сабой, яна спачывае на лаўрах даўняй перамогі над каралямі, у асаблівасці над апошнім з іх, які быў адхілены, каб не было больш каралёў, а былі цары.