У канцы дня, калі з рэпарцёрствам закончана, Акінчыц выходзіць адчуць адзнакі жалобы, абвешчанай у горадзе. Зіма зіхатлівая, мінакі цешацца. Але напачатку не ўсе ведалі, цяпер вядома бадай усім. Даволі кантрасна. Цытадэль страху і смутку — гмах улады. Свінцова-сляпыя, калі было светла, вокны цяпер хвора-жоўтыя. Аднак, якая прыгожая вечаровая зіма! Сапраўдней не бывае. Мяцеліца, гайдае парасонікі ліхтароў, іхняе смачна-лімоннае сьвятло, ляціць снег, святочны па-навагодняму, тралейбусы, светлафоры, мінакі. Марознае надвор’е бадзёрыць. Такую зіму немагчыма не любіць, думаў Акінчыц, вяртаючыся дахаты.
Капцы са святам губерні бадай. А як Мурашка марыў! Штосьці яму заманулася, далёкаму ад гісторыі, ад букляў, парыкоў, ларнетаў, ад штуцараў, багінэтаў, ад шабляў, ладунак і можджараў. На што замахнуўся... Тут была жыўцом раскроена краіна... Адбылася трагедыя, а ён — баляваць, карнавалізаваць, маскарад учыніць. Здагацца няцяжка. Жаданне застацца ў гісторыі. Першым губернатарам быў Мурашоў, апошнім ён — Мурашка! Якое супадзенне! Партрэтная галерэя: ад Мурашова да Мурашкі. Карціны замоўлены мастаку-партрэтысту. Будуць развешаны ў былым каралеўскім палацы. Там менавіта, дзе на кавалкі разрэзалі і знішчылі тую далёкую прыгожую краіну з уніяцкімі цэрквамі, касцёламі, з замкамі, з соймамі і соймікамі, нават са славэтным “ліберум вета”, з канстытуцыяй і магдэбургскім правам, з каралеўскімі прывілеямі з пячаткай... Гэх! Усё было растаптана жаўнерскімі ботамі. Бліскучую сталіцу ператварылі ў горад-губернск. І яму заманулася гэта святкаваць!
Так, закарцела нават! Перш, супадзенне з прозвішчам. Па-другое, прыязджаў абвесціць свой губернскі ўказ сам цар! Мурашку захацелася зрабіць урачыстасць на ўзор царскай. Гісторыкі рушылі ў пыльныя архівы, іх прыспешвалі. Усяго знайсці не ўдалося, поўнай справаздачы аб падзеі. Мусілі дадумаць. Падрыхтавалі, выдрукавалі, якраз з ёю знаёміўся Мурашка ў дзень смерці, у свае апошнія гадзіны. Рабіў заўвагі ў тэксце.
У сцэнары: чыноўнікі, афіцэры і салдаты гарнізона, акторы, усе — у тэатральных шатах, у парыках, буклях. Вядома, што падзея адбылася менавіта ў тэатры, насупраць якога жыў Акінчыц. Будынак захаваўся, праўда, са змененым сілуэтам. Рабіць урачыстасць у самым лепшым памяшканні — у каралеўскім палацы цару хапіла густу і далікатнасці, каб адмовіцца. Надаваць урачыстасці рэлігійна-царкоўны лад не выпадала зусім. У горадзе не было цэркваў. Вялікі гатычны касцёл, у якім чамусьці здарыўся пажар, толькі пачалі перабудоўваць у царкву. І таму падзея мела адбыцца ў свецкім тэатралізаваным стылі. Зрэшты, у цара быў не рэлігійны настрой, нядаўна ён задушыў уласнага бацьку падушкай, не важна, што чужымі рукамі.
Аздобленая, асветленая, святочная зала. Паветра прарэзваюць гукі горнаў. Трубачы шыхтуюцца абапал сцэны. Урачыста абвяшчаецца: самадзержац розных унутраных, далучаных і захопленых земляў! На кані выязджае Яго імператарская вялікасць, ролю павінен быў выканаць вядомы актор Квачэнка. Каня трымаюць за аброць два парадныя генералы. Цар зачытвае ўказ, які прысутныя слухаюць, стаіўшы подых: “Загадваю — дзеля найхутчэйшага і найзручнейшага ўсім новападданым правасудства, а таксама заможнасці, росквіту і шчаслівага жыцця пад нашай абаронай — утварыць ад сённяшняга дня заходнюю губерню. (Шумныя апладысменты ў зале). А для ўнутранага мясцовых абываталяў кіравання і іхняга паміж сабою судоўніцтва і дзеля большай спакойнасці і бяспекі тут мною зацвярджаецца галоўная кватэра і дзейнае вышняе кіраўніцтва, якое злучае ў сабе чатыры аддзяленні, а менавіта — скарбнае, крымінальнае, цывільнае і эканаміцкае. І з нашага імператарскага загаду прызначаецца на пасаду губернатарскую тайны саветнік Мурашоў, кавалер святой Ганны”.
З вуліцы гучаць гарматныя залпы, публіка апантана пляскае ў ладкі, граюць фанфары. Патрыярхі шчодра хрысцяць праз паветра ўдзельнікаў урачыстасці, кадзяць кадзілы. Хор выконвае штосьці накшталт “Рука айцечаства ўсявышняга ўратавала” або “Пераможны раздавайся гром”, прыдуманую, дарэчы, беларусам, аб чым паведамляе энцыклапедыя. Паказ алегарычнай сцэнкі “двухгаловы арол перамагае аднагаловага” у выкананні балетнай трупы. Вайсковы аркестр. Пранос пераможных і пераможаных сцягоў. Наступная сцэнка: касцюшкаўскія касінеры здаюцца сувораўцам. Апошнія лагодна прымушаюць іх перарабіць косы назад — для прыгатавання сена. Над сцэнай запальваецца круглая лічба. Дзея ператвараецца ў святкаванне ўгодкаў губерні, якім яно магло ўяўляцца першаму губернатару з паплечнікамі ў царскія часы. Удзячныя сяляне, карагоды, піва ў бочках, снапы — накшталт дажынак. Трыумфаванне рамёстваў: молаты і сярпы, плугі, бароны, а таксама навук — мікраскопы, цыркулі, кельні.
Заслона. Канферансье віншуе публіку, на сцэну на біс выходзяць удзельнікі тэатралізаванай урачыстасці і кланяюцца. Шампанскага! Гронкамі гараць на сценах электрасвечкі. Вялізны кандэлябр ззяе, робячы падзею надзвычай святочнай, папросту бліскучай. Слугі ў ліўрэях і парыках, у белых пальчатках разносяць падносы, прапануючы публіцы разлітае ў келіхі бурболістае віно. Ля дзвярэй пруцянее варта з музейнымі стрэльбамі, з пазументамі, аксельбантамі, шаўронамі. У бутафорскіх ківерах. Цьмяна блішчаць металёвыя часткі — бляхі, спражкі, ладункі, у якіх гарачым агнём адбіваюцца лямпачкі. Халодныя іскры бенгальскіх агнёў, канфеці, петарды. Спажыўшы дармовае шампанскае, публіка выплёсківаецца у фае, калідоры, на лесвіцы. Грае прыдворны аркестр, музыка праз дынамікі ўзмацняецца і чуецца ва ўсіх закутках. У кулуарах і ў закуліссі адбываюцца святочныя танцы. Мазуркі, галопы, кракавякі, паланэзы, венскія вальсы, танга, полькі і кадрылі.
Мурашка мысліў унесці ў празмерна тэатралізаваны, перасалоджаны сцэнарый прадметна-канструктыўны лад. Урачыстасць будзе адбывацца ў новым, значна большым тэатры, трагедыйна-камедыйным. У старым цяпер выступаюць марыянеткі, месца мала. Яму хацелася, каб уручаліся граматы на сцэне, каб быў міні-парад пантанёраў, якія адзначылі гадавіну інжынерных войскаў Пятра Першага. Хацелася спалучыць са святкаваннем выязную сесію аб’яднанага веча з удзелам славутых дзеячаў — Зінданава, Слімакова, Шнуроўскага. Не давала спакою таксама думка пра тое, што кароль, калі яму давялося адмовіцца ад пасада, падпісаць адмову, вельмі плакаў. Пра гэта расказалі гісторыкі. Мурашка не любіў каралёў, але звестка гэтая яго нейк бянтэжыла. Збіраўся ў музей паглядзець на муляжы ў строях — каралеўскім і губернатарскім. “Нічога, Масква слязам не верыць. Паплачуць і перастануць. Слёзы кракадзілавыя”, — думалася яму блытана, калі ў нядзелю гартаў сцэнарый.
Дзень пахавання. Акінчыц размясціўся на сваім назіральным пункце, ля акна. Працуе радыё, ён слухае, што адбываецца каля труны. А перад вачыма: пляц, статуя, бтр з гарматным лафетам, гмах, да якога цягнецца чарга з вянкамі. У Акінчыца на сцяне гравюра: на тым жа пляцы пад яго вокнамі стаяць шыхты паўстанцкіх аддзелаў. Сцягі, сцяжкі, косы, пікі, багнэты. У цэнтры Касцюшка. Ён зачытвае паўстанцкі “Універсал”, пасля чаго жаўнеры і касінеры прымуць прысягу на вернасць Айчыне і паўстанню.
Агульнавядома: касінераў выбілі з горада сувораўскія жаўнеры. Акінчыц назірае, як пад непрыемны роспачны жалобны марш нясуць труну вышкаленыя, як алавяныя жаўнерыкі, сувораўцы ў чорнай форме, следам — узнагароды на падушках і вянкі, цэлая калона з вянкамі. Труну стаўляюць на лафет, быццам нябожчык быў генерал-губернатарам. На засланым дыванамі пастаменце гаворацца прамовы. Зноў аркестр. Бтр з труной разварочваецца, за ім маркотна выцягваюцца цугам венцаносцы.
Мурашку завезлі на могілкі і закапалі. Сувораўцы апусцілі труну ў яму, як чорная гвардыя. На магіле пакінулі бутэльку гарэлкі, шклянку. Гарэлка была “сувораўскай”, мясцовага разліву. Мурашка хацеў да свята выпусціць дзве новыя — “імператарскую” і “губернатарскую”, у шыкоўных крышталёвых бутэльках, але не дажыў. Пабудаваў адно дом, каб памерці. Дарэчы, падумалася Акінчыцу, Мурашка быў усё ж нядрэнным чалавекам. Быў… Тэлестудыя пачала рыхтаваць фільм пра дом Астроўскага, выкрываўчы. Да прэзідэнцкіх выбараў… Калі труну апускалі ў магілу, Акінчыц, седзячы ля тэлевізара, звярнуў увагу на адметны, даволі знаёмы знак.
Праз дзень ці два ён успомніў. Разгарнуў энцыклапедыю і ўбачыў: дзве абцятыя рукі ў поціску. Эмблема масонскай ложы, якая існавала некалі ў горадзе, першы губернатар таксама трымаў кельню і цыркуль.
ФЛОТ КАЎЧЭГАЎ
Аповед пра пакінуты рай
“Чаму ж гэткае спусцелае мора?! Гэткае ціхае і спусцелае! Дзе параходы цудоўных, багатых краінаў?”
І. Шмялёў, “Канец канцоў” з “Сонца мёртвых”
Рай за кармой. Светлая краіна, дзе лепей памерці ўжо, чымсьці жыць. Дзе жудасна застацца. І якую страшна пакінуць. Але яны наважыліся. Зрэшты, не засталося іншага выйсця. Гэта былі роспачныя ўцёкі з жахлівага сну. Жыццё аднойчы ператвараецца ў сон, і такі сон заўжды вусцішны. З імі здарылася найгоршае. Уцякаць з уласнага дому. Ратавацца…
Фабіян з Сабінай выскачылі з недалужнай старой таксовачкі. Пабеглі з рэчмі скрозь сцяну дажджу. Суцэльна мокрыя апынуліся на ганку, перад якім экзатычна спатыкала выносістая пальма. Пансіянат “Шчыт і меч” аказаўся міліцэйскім. О, святая наіўнасць, беспадстаўныя спадзевы! Праўда, каляровы плакат паведамляў пра рыцарскі турнір. Аднак меў ён адбыцца ў генуэзскай крэпасці, далёка. Але яны выбралі гэтае мястэчка, разважыўшы, што ўмовы каля крэпасці будуць горшыя.
Абяцаныя кандыцыянер, які музычна рэагуе на пажаданні, тэлевізар і лядоўня, якая вісела над ложкам Фабіяна. Рассунуўшы жалюзі, Сабіна выйшла на тэрасу і не стрымала захаплення. “У нас ніколі не было такога пакоя!” Краявідзела мора. Разлеглае, попельна-блакітнае. Паміж морам ды імі схілы густа зелянелі кіпарысамі, паўднёвымі кедрамі, ядлоўцавымі і лаўровымі дрэвамі. Паветра здавалася гаючым узварам з іх водару.
Стравы ў сталоўцы расчаравалі. Абяцаныя чатырыста метраў да пляжа ператварыліся ў прыступкі бясконцых лесвіц. Мора сустрэла лагодна-бадзёрымі хвалямі. Не зважаючы на часовую адсутнасць сонца. Пасля першага купання пайшлі шукаць паштамт, вывучаючы тапаграфію набярэжнай.
Першай бутэлькай стала чырвонае з горнага заводзіка. Колерам і смакам вельмі падобнае да к’янці. Насычаны смак. Цёмнае, густое. У вінаробаў толькі з мастацкім густам, мабыць, не дужа. Наступная весяліла этыкеткай. З назвай гарэмнай прыгажуні. З партрэтам гараджанкі пэндзля фламадскага майстра. З прысвячэннем угодкам паэта з бакенбардамі. З яго аскомным насатым профілем. З чатырох-радкоўем. З сентыментальнымі жоўтай і чырвонай ружамі. З трэцяй бутэлькі яны толькі пасмяяліся. Называлася “Мысліцель”, пераконваючы недалужна радэнаўскай скульптурай. Збіраць уражанні ад вінных шэрагаў таксама цікавы занятак.
У рэшце рэшт яны разам спыняюць свае вочы на бутэльках двух заводаў. Першыя — моцныя, вытрыманыя, з гадамі. І салодкія. “Стары нектар”, напрыклад. Ад якога вечаровы краявід робіцца цяплейшым, прахалодная ноч — утульнейшай. Сабіне, праўда, не заўсёды хочацца салодкага віна, яна ніколі не салодзіць каву. І гарбату таксама. Фабіяну, наадварот, даспадобы часам атрымаць асалоду ад густога моцнага прыгожага напою, які мае вінаградна-дубовы настоены пах і пакідае алейныя сляды на шклянцы. Але ўрэшце і ён адчуў сябе перасычаным салодкім бурштынным віном. Каб не прахалодныя дзянькі, больш за пару шклянак яго было увогуле б не агораць. Гэта віно для мокрай восені, для халоднай зімы. Наліваць яго ў келіх, адчуваючы радасць, пяшчоту захаванага сонечнага прамення. Маючы перад вачыма мокрае ад дажджу або сцятае марозам акно.
Яшчэ цікавей пакаштаваць чым болей гатункаў з доўгага шэрагу з антычнымі назвамі і малюнкамі. “Перліна Арыстэя”. Восем год у дубовай барылцы. З самарэкламай на задняй налепцы — “Віно высокага майстэрства і традыцый мясцовых вінаробаў, выдатнай якасці, сапраўдная асалода для гурманаў”. Іх крыху смешыць, хутчэй бянтэжыць. Гэты старажытны грэцкі бог навучыў людзей вінаробству, а таксама вырошчваць аліўкі. Імя Эўрыдыкі, тым часам, вядомае лепей значна за імя Арыстэя. А менавіта ўцякаючы ад яго, яна наступіла на змяю і загінула: джала.
Фабіян калісьці вывучаў антычных аўтараў. Зрэшты, “у галопах па Эўропах”. Хаця старажытнае пісьменства вельмі прывабіла яго. Пакінула, прынамсі, жаданне некалі па-сапраўднаму пачытаць тэксты. Глыбока пераканала, што карані ўсяе літаратуры ў тых далёкіх часах, у пергаментах і папірусах, у гліняных таблічках. Што берасцяныя граматы — папросту мясцовая асаблівасць, каларыт.
Вывучаць недавучанае такім чынам — прыемнасць. Параіўшыся, спыняюцца на “Мускаце Арыстыя”. Сваіх ведаў недастаткова. На набярэжнай яны заходзяць у кнігарню ля высокіх кіпарысаў. У антычным слоўніку знаходзіцца патрэбнае імя: належала старагрэцкаму пісьменніку. Ён напісаў паэму пра міфічны скіфскі народ, пра арымаспаў. Яны мелі толькі адное вока. А-ля цыклопы. Абставіна гэтая крыху бянтэжыць Сабіну і Фабіяна. Хаця, прычым тут цыклопы? Віно прысвечана аднаму з самых першых літаратараў. Мець такую пляшку на стале — гонар, прыемнасць. Фабіян падлівае Сабіне. Паварочвае бутэльку і летуценна зачытвае: “Віно пераносіць чалавека ў свет мрояў і кахання”.
Раніцай пахне цёплымі букаткамі. Суседзі за сталом — сужэнцы з вялікага прамысловага горада, дзе кепская экалогія. Праз некалькі дзён пры нагодзе яны прызнаюцца, што абодва — “супрацоўнікі”. Напачатку Фабіян з Сабінай адносна яго так і падумалі. Потым ён прыйшоў на сняданне ў расшпіленай кашулі, з праваслаўным крыжам на ланцужку. І яны крыху завагаліся. Напачатку ніякай размовы — “дабрыдзень”, “смачна есці”. Адно абмяняліся звесткамі хто адкуль. У яго напэўна язва ці гастрыт, бярэ дыетычныя стравы, аўсянку. У кухараў нестабільны настрой. То смажаная чырвоная рыба, прысмакі, то абы-што.
Кандыцыянер, якім сюды завабілі Сабіну і Фабіяна, нечакана не вельмі патрэбны. Надвор’е негарачае. Зусім неспадзявана яны прыехалі са сваёй паўночнай спёкі ў паўднёвую прахалоду. Ім сказалі, што прывезлі з сабой дождж і палёгку. На дарозе іх заспела гвалтоўная залева, сапраўдная пляга. Міні-аўтобус, які спачатку спяшаўся, парушаючы дарожныя правілы, пачаў рухацца амаль вобмацкам, каб не быць змытым воднымі плынямі з гор. Другім разам дождж заспеў іх на пляжы…
Каўчэг, адплываў каўчэг. Фабіян спрабуе уявіць сябе на борце. Адчуванне на мяжы вусцішы. Стрыманая радасць, што адарваўся ад берага. А таксама, што пакінуты бераг хутка знікае ў хвалях. Як падчас бедства: цунамі, вывяржэння падводнага вулкана. Як знікае арда ў адмысловых шапках з чырвонымі зоркамі. Захлынаецца салёнай вадою. Вобмегам траціць сваю пагрозу, небяспеку, ваяўнічасць, бясследна трацячыся. Пекла, у якім нягорача. Фабіян ляжыць на пляжы з заплюшчанымі вачыма і бачыць, як вада ўзнімаецца, робячы горы каменнымі айсбергамі.
Радасць насельнікаў каўчэга і жах. Жах не дачакацца змяншэння вады, канчатку сусветнага патопу. Не дачакацца берага. Памерці з голаду. Са смагі, калі скончыцца або сапсуецца вада. У бочку пакласці срэбны сыгнэт, не забыцца. Святая вада, яна на срэбры, яна гаючая. Урыўкі думак. Як кідаецца конь у ваду, плыве за гаспадаром, які, скочыўшы з сядла, узбег па трапу парахода. І стаіць ля борта, здранцвеўшы. Зрэшты, Фабіян гэта сабе толькі уяўляе пад уплывам кіно. Нічога заганнага мысліць крыху шаблонна. Хаця няма ніякага шаблону, адзін кінапрыклад толькі вядомы, іншых папросту не існавала. Іх выгналі, яны ўцяклі. Панічныя ўцёкі, казалі пра іх.