— У 1917-м, на Румынскім фронце.
— Ты сказаў — ён падбаў тады…
— Ну, я чытаў, што ён паслаў да румынаў, каб набылі воз віна і ў кожны эскадрон выдалі па барылцы, каб узняць настрой гусараў, нашых, беларускіх. Добра, забудзем. Хаця, вось яшчэ: наш Ермачэнка быў ад’ютантам у генерала. Праўда, брахлівыя газеткі абзываюць яго вельмі дрэнным чалавекам, але ў іх усё выклікае нянавісць…
На суседнім пагорку, зусім побач са “Шчытом і мячом” музей савецкага пісьменніка: дом сярод дрэў і хмызоў з вокнамі кабінета на поўдзень, на бязмежную марскую прастору, нават балконік ёсць. Фабіяну крыху зайздросна: у такім месцы, у такіх умовах жыць і пісаць кнігі… Ці задумваўся той, ці ўзнікалі ў галаве яго карціны вялікага зыходу Белай арміі? Не маглі не ўзнікаць. Да слова, порт, месца адпраўкі апошняга Белага каўчэгу, ён справа, крыху далей, але таксама бачны адсюль.
Тэма, аднак, была хісткай, небяспечнай, навошта чапаць тое, што можа выбухнуць, апаліць, моцна параніўшы ці нават заб’е да смерці? Пісьменніцкія шэрагі й так прарэджвалі з дбайнасцю стараннага гаспадара. Вышукваючы, прасвечваючы, спрабуючы літаральна на зуб: ці не фальшывая манета, ці дакладна адмерана чырвонага золата, ці няма хібных нотаў, ці не праглядаецца скажонай перспектывы, ці не бляклыя фарбы або, наадварот, занадта змрочныя, чорныя, брунатныя, ці не чутно дысанансу, ці няма, не праглядаецца скрыўленне галоўнай лініі? Як з чужынскімі ўплывамі, з варожымі настроямі, папутніцкімі поглядамі? Ці няма неадпаведнага прысмаку, непрыемных пахаў, заморскіх пернасцяў, шкодных поглядаў? Падазроных, здзеклівых, іранічных інтанацый?
Няпэўны шлях немалой грамады, насельніцтва даволі вялікага горада, якое апынулася на вадзе нібы ў чаканні біблейскага патопу. Ды што там казаць: насельніцтва крымскай дзяржавы. З усіх партоў адыходзілі ў мора перагружаныя судны, дзесяткі і дзесяткі, не касякі птушак у небе, а караваны з людзьмі па хвалях кіравалі ў вырай, каб не вярнуцца. Шлях такі ж няпэўны, як хісткай была цяпер палуба ў час абавязковых восеньскіх штормаў. Вагаўся абмежаваны свінцова-шэры краявід у вачах, безупынна вагалася само мора, хвалявалася, гушкаючы, змагаючы.
Фабіян у галаве, перад унутраным зрокам, пракручваў туды-назад кінастужку, з кожным разам атрымлівалася крыху інакш, з узмацненнем, выяўляючы першым разам някідкія, менш заўважныя моманты, на якія не звяртаеш увагі, бачачы на экране перш усё буйное, больш агульнае. Уласцівасць зроку, яго ўзаемадзеяння з мозгам, якому дасылае сігналы пра фіксаваныя візуальна аб’екты, дзеянні, рух.
Другі мясцовы пісьменнік жыў пад гарой, на якой пісаў свае творы той, першы, пра якога Фабіян узгадваў папярэдне. У гэтага быў дом больш шыкоўны, нагадваў хутчэй вілу на набярэжнай, на самым праменадзе, з шэрагам унушальных пальмаў перад фасадам. Таксама цяпер музей: грувасткі стол, грувасткая пісьмовая прылада з чарніліцамі, грувасткі драўляны гадзіннік на падлозе, накшталт трафейных, што з Нямеччыны прывозілі. Пішучай машынкай ён не карыстаўся, меў машыністку. А потым выдавецтва, рэдактура-карэктура, цэнзура і гэтак далей. І можа быць нават сталінская прэмія пры канцы адпрацаванага ланцужка. Зрэшты, ён і быў лаўрэатам.
Адзін пісаў пра тое, як конная чырвоная армія ачысціла Крым ад белагвардзейцаў, пра стварэнне калгасаў, барацьбу з засухай, ірыгацыю і ўраджай бахчавых. Другі, які жыў зверху і бачыў мора значна шырэй і на большую адлегласць, стараўся быць хоць крыху нейтральным, наколькі магчыма ў тыя часы, пісаў пра рыбаловаў, тутэйшых вінаробаў, у яго атрымліваліся някепска марскія аповесці і нават антычныя сюжэты на мясцовым матэрыяле. Той, які жыў у кідкім месцы, на шыкоўны дом якога заўжды зважалі адпачыннікі, зрабіў бяспройгрышны крок — напісаў эпапею “Чарназём”: як гераічныя савецкія людзі эшалонамі возяць чарназём у цэнтральны засушлівы Крым, каб ператварыць яго ў квітнеючы пладародны сад, у сапраўдны, а не выдуманы зялёны рай, возяць адтуль, дзе тлустую глебу не ведаюць куды падзець.
Фабіян спрабуе думаць у рэчышчы, як яму хочацца патрапіць, у якім маглі разважаць уцекачы, спрабуе рэканструяваць чужыя думкі, настроі, пачуцці, але разумее, што гэта вельмі прыблізна атрымліваецца. Не можа ён, які ў другім пакаленні нарадзіўшыся ў новай краіне пераможцаў з сярпом і молатам, пражыўшы цалкам ва ўмовах, створаных імі, у гісторыі, якую яны прыдумалі, вартаваўшы тут, на скраі былой райскай зямлі іхні лад, іхнюю рацыю, іхнія погляды, заваёвы, іхнія ваяўнічыя паводзіны нарэшце, іхняе месіянства… Яму не надта прыемна, але ён разумее, што ў яго, аднак, лепей атрымліваецца мысліць у рэчышчы, уласцівым для тагачасных пераможцаў, а не ў рэчышчы думак вымушаных ўцекачоў.
Разбураны былы гарманічны парадак, дзе яны пачуваліся дома, у сваёй талерцы, гаспадарамі, знішчана мінулае суладдзе, зніклі лагічныя сувязі, адбыўся зрух у часе і прасторы. Ранейшы сусвет зруйнаваны да падмуркаў, люстэрка раструшчана, талерка разбіта. Ці магчыма склеіць хаця б разарваныя на шматкі старыя фотакарткі? Не, Фабіян не цешыць сябе вялікім спадзяваннем. Апынуцца ў шкуры адрынутых задача вялікацяжкая. Памежны стан паміж жыццём і смерцю, рэчаіснасцю і вар’яцтвам, надзеяй і роспаччу. Новая, нявывучаная роля, няма ніякіх тэкстаў, ніякіх падказак: адгэтуль і назаўжды — ні госць, ні гаспадар.
Міжволі ў галаве Фабіяна пачынае выбудоўвацца план: як варта было дзейнічаць Урангелю, як найлепей бараніць ідэальна абкружаны морам паўвостраў, злучаны з мацерыком вузкай пупавінай, ён быў нібы створаны Богам для абароны. Фабіян спрабуе адхінуцца ад думак: глупства гэта, недарэчна ўсё, гісторыю не перапішаш, старыя штабныя карты не перакроіш. Ён разумее, што Урангель бадай не мог замкнуцца ў Крыме, трымаць кавалерыю ў стойле, чакаць зімы. Яму трэ было даводзіць, перш Антанце, і сабе не ў апошнюю чаргу, што армія на нешта здатная, не толькі да абарончага хавання ў крымскім мяшку. Арміі патрэбны рух, перамогі. Асабліва пасля паразаў, уцёкаў, фатальнай эвакуацыі ў Крым. Хаця, як на цвярозую галаву, ён не мог не разумець, што бадай трэба ўмацоўваць свой амаль востраў з усіх бакоў, на самых небяспечных напрамках. Менавіта кругавая абарона найбольш можа працягнуць існаванне, як ён сам называў — апошняга берага свабоднай зямлі.
Крымская армія, выступіўшы вонкі, вымкнуўшыся часова на стэпавую прастору, не была здатнай, ніяк не магла доўга развіваць наступ, бясконца пашыраць фронт, бо ў любы час плеўка расцягнулася б і лопнула. Нельга бясконца дзьмуць у шарык. Гэта не кажучы пра бясспрэчны, няўмольны факт: яе напружаныя высілкі з поўначы гнялі адной толькі ўжо сваёй вагой, цяжарам, масай значна большыя чырвоныя арміі. І яна, крымская армія, неўзабаве сама, без ніякай каманды, адчула, што далейшы рух наперад самагубчы. Яна расцягнула лукавіну фронту да небяспечнай мяжы, калі ён неўзабаве пачне свіціцца нібы старое радно і стане зусім некантралявана ў самых нечаканых месцах лопацца, дзерціся і вызваленую часова тэрыторыю заліе як атрамантам чырвоная конніца.
Так-так, крымская армія ў рэшце рэшт адхінулася, адхапіла руку, як ад напаленага жалеза, як ад полымя, стала выдыхацца як адкаркаванае нават не віно, а хутчэй піва, самаадвольна адрэагавала, як рэагуе жывая губка ў небяспечнай сітуацыі. І пачала сціскацца чыгрыннай скураю, змяншаючы імкліва заняты раней абшар, грамадзячыся на ўваходзе, загушчаючыся, каб закаркаваць, запячатаць нібы сургучом бутлю. Але не выйшла, яна працягвала залівацца назад праз рыльца, як у пушчанай адваротна кінастужцы, у судзіну паўвострава. Атрымлівалася старая амфара з цяперашняй марачнай мадэрай. Яе разлілі па келіхах, але вярталі назад, не выпіўшы, не адсвяткаваўшы перамогі. Злівалі, каб захаваць да заўтра, проста каб не змарнаваць, пра новы прыдатны выпадак ніхто ўжо не думаў, спадзяванняў не заставалася нават у самых крамнёвых.
Сабіна з Фабіянам з цікаўнасцю разглядаюць вінныя вітрыны, чытаюць назвы і звесткі. Яны ўпершыню апынуліся перад крымскімі шэрагамі віна, якія нечакана вельмі разнастайныя. Так, бывае, апынаешся ў іншай краіне ў кнігарні, дзе ўсё табе цікава. Але як немагчыма набыць, прачытаць тым больш, столькі кніжак, так няма сэнсу марыць пакаштаваць вялікую лічбу вінных гатункаў. Адкаркоўваючы над морам бутэльку з бурштынным віном, Фабіян задумваецца ўголас:
— А цікава: якое віно пілі яны тады, шмат пілі ці не? Ці былі нейкія абмежаванні? Лёгка яго было набыць, атрымаць?
— А можа ім у пайку выдавалі, такое немагчыма? — прапаноўвае Сабіна свой варыянт.
— А нявыключана. Можа, хіба не ўсім. А ў бронецягніках, у бронеатрадах, лётчыкам, канечне. На караблях, само сабой.
— Але такое, як мы з табой на вуліцы пакаштавалі, з бочачкі, як ты хацеў.
— Таннага, напаўдэсертнага? Вельмі верагодна. Хаця штабісты, контрразведка, яны мелі лепшае, напэўна ж.
— А ўжо матросы потым хапалі пад руку што трапіцца, што кепска ляжыць, ці не?
— Матросы — вядома ж. А вось да іх у розных палках, у розных частках магло быць сваё віно нумар адзін, свой гатунак. Мелі ж яны ўсе адметныя колерам фуражкі, шэўроны свае, штандары. Быў выразны падзел, захаваўся нават у эміграцыі: авіятары, кавалерыя, бронебатальён, карны, артылерысты, юнкеры і на палкі таксама паасобныя.
— Марскія афіцэры аддавалі перавагу рому, а медбраты — спірытусу, як ты думаеш?
— А мне думаецца, адным больш падабалася масандра, іншым магарыч, а некаму “Слёзы Учан-Су”, вось і ўсё, на што мне фантазіі хапае рэальна, хаця гэта ўсё цікава. Нам толькі застаецца ўспомніць пра іх за шкляначкай сёння.
Фабіян падсумаваў: які цуд — віно! Сонца, хмель, сокі вінаграднай лазы, але й здароўе таксама… Усхапіліся з-за стала, не паспеўшы дагаманіць, дапіць. За іх дапілі іншыя, не пагрэбавалі, паклаўшы побач на стале наганы. Каб тых, хто не паспеў эвакуявацца, не здолеў ці не пажадаў, як звяроў зацкаваць, выгнаць з нораў і абмыць удалае паляванне на тых, хто не аказваў супраціву, на бяззбройных і, захмялеўшы ад лёгкасці крыві, адсвяткаваць расстрэлы, учыніць баляванне пераможцаў, якім у рукі трапілі трафейныя гарматы, браневікі, бочкі з порахам і віном і ўчорашнія ворагі…
Прафесар антычнасці, які чакаў судна, трымаў у галаве выбітыя ў крымскім камені сентэнцыі, парады, эпітафіі, не зважаючы на ўсе навалы — захаваныя праз вякі, каб ён змог напісаць нечаканую дысертацыю, выступіць з бліскучым дакладам у імператарскім таварыстве аматараў старажытных тэкстаў, выдаць іх пад саф’янавай вокладкай, зрабіць фурор у вучоным свеце. Ён адчуваў сваю непатрэбнасць, чужацельнасць у іншым жыцці, часе, свеце, які гіганцкай хваляй насоўваўся з поўначы, з-за гор. Прафесар не дадумаўся сабраць калекцыю, проста занатаваць хуткай рукой сяк-так запісы папярэдняй царскай эпохі і самыя апошнія, якія адлюстроўвалі змену ўладаў, запісы, што згінуць пасля іхніх уцёкаў. Ён не мог таксама падазраваць, які своеасаблівы росквіт новых надпісаў чакае Крым заўтра. Будучая ўлада жыць не магла без транспарантаў, плакатаў, заклікаў і пагрозаў. Сцены, вуліцы і плошчы павінны былі крычаць новай моваю, лаяцца, рагатаць, здзеквацца, у ніякім разе не маўчаць.
Фабіяну сёння вядома тое, чаго не маглі ведаць тагачасныя ўцекачы: дзясяткі газет, якія размножыліся пры Ўрангеле, будуць знішчаны, каб следу не засталося ад таго, няіхняга жыцця, ад страхаў, турботаў тых, хто не жадаў здавацца, не жадаў падпарадкавацца, хто ўсё што мага рабіў, каб не трапіць у жалезныя рукі, не апынуцца ў пад’ярэмным стане, каб вымкнуцца на волю, хай гэта абернецца беспрытульным лёсам, хай яны стануць бяздомкамі, але свабоднымі, што праўда стануць вымушана, гвалтоўна, бо — выгнаныя, сапхнутыя з берага пясчанай бурай, смерчам.
З жалезных абцугоў махіны, якая падрыхтавалася няўмольна-дбайна разлічыцца з кожным, хто не паспеў эвакуявацца, не трапіў на борт уцякацкага каравана з караблёў: для яго не хапіла месца ці ў апошні момант у яго апусціліся рукі. Для махіны няважныя матывы, акалічнасці, яна — прылада помшчання тым, хто апынуўся паміж молатам і кавадлам. Так, рухаліся жорны гісторыі, пра якія пажадана максімум толькі пачуць часам, чымсьці трапіць у іх.
На думку Фабіяну міжволі прыходзяць згадкі пра хімію, фізіку. Вадкасці, судзіны, шчыльнасць адрозная, агрэсіўнасць. Карозія, іржа, кіслотнасць, растварае нібы скуры дубіць. Змешваюцца вадкасці, якія маюць супрацьлеглае паходжанне, не спалучаюцца, у прыродзе не існуюць разам. Якія магчымы вынікі? Алхімічная рэторта. Штучнае золата? Уяўны філасофскі камень? У рэчаіснасці чаго дасягнулі? Біблейскага міра, хіба, але без ладану й золата, дакладна.
Існуе мноства рэчываў, якія ніяк не рэагуюць паміж сабой, якія бяспечныя адносна сябе, каталізатар нічога не змяняе, ці хай акселератар, калі ўспомніць механіку. На справе існуюць таксама такія, якія не змешваюцца, не ўступаюць у рэакцыю, ператвараючыся ў нешта новае, але яны ўзаемна выцясняюцца. Агрэсія: хто каго?! Вынішчыць, масай выцясніць, выдушыць, перакрэсліць. Як жалеза выплаўляюць, ліюць у пясок.