2000. Беластоцкі “Czasopis” змясціў апавяданне “Ленін на балоце” у перакладзе на польскую Міры Лукшы. Сам С.Астравец пераклаў з польскай адно з апавяданняў Вітольда Гамбровіча, якое змясціў часопіс “Калоссе”.
У кнізе “Сучасная беларуская проза. Традыцыі і наватарства” (Мінск, 2003) змешчана апавяданне С.Астраўца “Ундэрвуд”, якое ў перакладзе на рускую мову друкавалася ў часопісе “Неман”.
У зборніку “Нашай Нівы” “Паветраны шар. Беларускае мужчынскае апавяданне” змешчана апавяданне С.Астраўца “Рукі прэч ад Лукіча!”, а ў зборы нашаніўскіх эсэ “Вясна народу” іншы тэкст — “Друкарка”.
2009. На Радыё Рацыя выйшла праграма з С.Астраўцом у якасці госця, у якой ён распавёў аб сваёй творчай майстэрні.
2011. На Радыё Свабода прагучала гутарка з Уладзімірам Някляевым “Пісьменнік у турме”. У канцы 2011-га С.Астравец удзельнічаў у з’ездзе СБП, зацемкі аб якім “Проза паэзіі” з блога “Дзённік пісьменніка” перадрукавала “Літаратурная Беларусь”.
2012. Заканчвае працу над сваім першым раманам, названым аўтарам “Папяровы рыцар”.