– Гэта значыць, што ўсе нашчадкі нашага далёкага продка Іскандэра даўно разбрыліся па розных хрысціянскіх канфесіях, а памяць пра іслам захоўваецца як фамільнае паданне.
– Што ж ты, мой мілы, нічога мне такога не казаў?
– Мы самі таго не афішуем. Ну быў там нехта з прародзічаў магаметанскае веры, і што з таго?
– Дык вы б маглі ўнікнуць удзелу ў ганебным разборы шляхты, – заўважыла Ірэна.
– Але, што зробіш, калі той продак сам здрадзіў сваёй веры, падаўшыся ў праваслаўе, калі супляменнікі ціха-спакойна захоўвалі яе, веру, тут у Вялікім княстве Літоўскім? Гэта наканава…
– Стойце, стойце, – перабіла зноўку Галавацкая, – дык вы цвердзіце, што абсалютова не разбіраецеся ў ісламе?
Павел запнуўся, чародным разам пачырванеў і прызнаўся:
– Троху.
– Як троху? – занервавана пацікавілася я.
– Сёе-тое ведаю. Чытаю. Нават арабскія літары… – вінавата прамаўляў Павел.
– А ён, твой брат (як яго, дарэчы, зваць?), ці знаўца ў такіх рэчах?
– Ксенафонт? Бадай што знаўца.
Мы з Ірэнай пераглянуліся і скемілі, што Людвік Ляхоўскі, якога мы кагадзе зганілі, у ісце быў вельмі блізкім да разгадкі. Яму не ставала толькі аднаго нюанса. Мы спехам ўзяліся распытваць Паўла пра змест Карана і наяўнасць у ім апісанняў падобных да біблейскіх егіпецкіх караў або апакаліпсісу. Той адмоўна пахітаў галавою, дадаўшы, што толькі зрэдку ў святым пісьме магаметан прыгадваюцца пякельныя мукі грэшнікаў. Калі ж Ірэна распавяла падрабязнасці забойстваў мянчанак, мой нарачэны войкнуў і паведаміў:
– Гэта ж «Мэнкі джаханнам».
– Чаго-о?
– Ведаеце, магаметане Беларусі свае кнігі для службаў скрозь па-крывіцку пісалі, але арабскімі пісьмёнамі. «Мэнкі джаханнам» – рэдкасны вынятак з гэтай завядзёнкі. Гэты невялічкі трактат ёсць кампіляцыяй з урыўкаў Карана, дзе вядзецца пра мукі ў пекле. Створаны ён быў на пачатку ХVІІІ стагоддзя, а запісаны кірыліцай па-крывіцку, хоць і дужа спалячанай.
«Нішто сабе «троху» ён разбіраецца!», – падумалася мне, як, напэўна, і Ірэне. Нам давялося выслухаць яшчэ адну лекцыю, дзе гучалі знаёмыя ўжо факты і зусім незнаёмыя цытаты. Сёння, да жалю, я не здолею трапна перадаць тыя словы, таму раблю ўласную interpretation пад старасвецкую крывіччыну, папсутую пальшчызнай.
– Першая дзяўчына захлынулася ў жыжцы, то бок злачынец зрабіў у такі спосаб, каб яна захлынулася, – пачаў Павел. – У «Мэнках» жа гаворыцца: «Утыле яму бязодня, і бэндуць яго вадаю гнойнаю паіці. Он піець ю, а смерць цеціць ку онаму зо ўсіх строн…». У другой былі галовы жабаў – стварэнняў, якіх просты люд часцяком называе чартоўскімі.
– Да чаго тут просты люд?
– Памагае кіравацца логікай забойцы, разумець матывацыю ягонага выбару менавіта жабаў, а не рыбаў, кураў ці якіх суслікаў. Менавіта жабіны галовы ў злачынцы сталіся ўвасабленнем галоў дэманаў з «Мэнкаў»: «А яствам оным бэндуць плода дзерава заккум, ктурымі суполняць іх вентробы. Плоды дзерава онага суць гловы дыяваля».
– А дальшае?
– Зламыснік (няўжо гэта Ксэнафонт?) няслушна зразумеў крывіцкі пераклад: «Нех жа оне пакушаюць гнюсу». Бо «гнюс» тут не мушкі-мошкі ўсялякія, а гной, кал, лайно.
Камяк падкаціўся мне да горла, і я можа б і пацярпела ад млосці, каб хоць крышачку перакусіла тым днём. Падавалася, што Павел мовіць слушна. Ірэна ж глядзела з некаторым недаверам, чакаючы свайго ўлюбёнага фрагменту: тлумачэнне пра phthirus pubis.
Наўздзіў мой нарачэны пра вошай нічога не сказаў, а толькі зацытаваў:
– «Бэндзець ім саммум ліца паліці».
– Які такі «ум»? – не зразумела я.
– Саммум – гарачы вецер, – паясніў Павел.
– Дык казяўкі на **** тут не пры чым? – пацікавілася-ткі Галавацкая, ужыўшы чыста непрыстойнае слова.
«Гістарычны магаметанін» адказаў яшчэ болей непрыстойным чынам:
– Трэба было яшчэ ёй у **** зазірнуць, мо’ б там **** знайшлі. То таксама яго з забойцам звязваць сталі б?